Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь»
Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 29 кастрычнiка 1991 года «Аб адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1991 г., № 33, ст. 598; 1995 г., № 18, ст. 200; 1996 г., № 21, ст. 380; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 89, 2/82) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб адукацыi

Глава 1

Агульныя палажэннi

Артыкул 1. Дзяржаўная палiтыка ў сферы адукацыi

Дзяржаўная палiтыка ў сферы адукацыi грунтуецца на наступных прынцыпах:

прыярытэтнасцi адукацыi;

абавязковасцi агульнай базавай адукацыi;

ажыццяўлення пераходу да абавязковай агульнай сярэдняй адукацыi;

даступнасцi дашкольнай, прафесiйна-тэхнiчнай i на конкурснай аснове сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi; пераемнасцi i бесперапыннасцi ўзроўняў i ступеняў адукацыi;

нацыянальна-культурнай асновы адукацыi;

прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцяў, правоў чалавека, гуманiстычнага характару адукацыi;

навуковасцi;

экалагiчнай накiраванасцi адукацыi;

дэмакратычнага характару кiравання адукацыяй;

свецкага характару адукацыi.

У арганiзацыях сiстэмы адукацыi (далей — установы адукацыi) не дапускаюцца стварэнне i дзейнасць палiтычных партый, iншых грамадскiх аб’яднанняў, якiя праследуюць палiтычныя мэты, а таксама стварэнне i ананiмная або iншая дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый, якая супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыi ў пытаннях выхаваўчай дзейнасцi на падставе пiсьмовых заяў законных прадстаўнiкоў дзяцей (самiх паўналетнiх навучэнцаў) у пазавучэбны час могуць узаемадзейнiчаць з зарэгiстраванымi рэлiгiйнымi арганiзацыямi з улiкам iх уплыву на фармiраванне духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест i формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 2. Паняцце адукацыi

Адукацыя — працэс навучання i выхавання ў iнтарэсах чалавека, грамадства, дзяржавы, накiраваны на захаванне, памнажэнне i перадачу ведаў новым пакаленням, задавальненне патрэбнасцяў асобы ў iнтэлектуальным, культурным, маральным, фiзiчным развiццi, на падрыхтоўку квалiфiкаваных кадраў для галiн эканомiкi.

Адукацыя падзяляецца на асноўную i дадатковую, уключае ў сябе ўсе вiды i формы адукацыйнай дзейнасцi, ажыццяўляемай дзяржаўнымi i прыватнымi ўстановамi адукацыi.

Артыкул 3. Права на адукацыю

Кожны грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь мае права на атрыманне адукацыi. Абмежаваннi правоў на атрыманне адукацыi могуць устанаўлiвацца толькi законам.

Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне бясплатнай агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнiчнай i на конкурснай аснове бясплатнай сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi ва ўстановах адукацыi.

Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, маюць роўныя з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь правы на адукацыю, калi iншае не вызначана законамi i мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Права на вучобу i парадак навучання некаторых замежных грамадзян устанаўлiваюцца актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Права грамадзян на адукацыю забяспечваецца:

развiццём сеткi ўстаноў адукацыi сiстэмы адукацыi;

стварэннем сацыяльна-эканамiчных умоў для атрымання бясплатнай адукацыi ў дзяржаўных установах адукацыi;

прыватным або поўным фiнансаваннем з рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў расходаў на ўтрыманне грамадзян, якiя маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе, у перыяд вучобы. Катэгорыi грамадзян, памеры i формы аказваемай дапамогi ўстанаўлiваюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь;

забаронай скарачэння ў дзяржаўных установах адукацыi колькасцi месцаў, прызначаных для атрымання бясплатнай адукацыi грамадзянамi, за кошт павелiчэння прыёму асоб на платную форму навучання;

стварэннем умоў для атрымання адукацыi з улiкам нацыянальных традыцый, а таксама iндывiдуальных патрэбнасцяў, здольнасцяў i запатрабаванняў навучэнцаў (выхаванцаў);

наяўнасцю разнастайных формаў атрымання адукацыi, тыпаў устаноў адукацыi;

стварэннем неабходных умоў для атрымання адукацыi i сацыяльнай адаптацыi асобам з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця;

прадастаўленнем магчымасцi атрымання адукацыi за плату;

стварэннем сiстэмы крэдытавання грамадзян, якiя атрымлiваюць адукацыю за плату.

Артыкул 4. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб адукацыi i сфера яго прымянення

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб адукацыi прымяняецца да адносiнаў, якiя ўзнiкаюць у сферы адукацыi, з удзелам фiзiчных i юрыдычных асоб Рэспублiкi Беларусь, а таксама замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, замежных i мiжнародных арганiзацый, замежных дзяржаў, калi гэтыя адносiны ўзнiклi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь або iснуе пагадненне бакоў аб выбары прававых нормаў Рэспублiкi Беларусь для рэгулявання адносiнаў у сферы адукацыi.

Артыкул 5. Мовы навучання i выхавання

Асноўнымi мовамi навучання i выхавання ва ўстановах адукацыi Рэспублiкi Беларусь з’яўляюцца беларуская i руская. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання i выхавання i стварае адпаведныя ўмовы для рэалiзацыi гэтага права. Навучанню на беларускай мове, выданню лiтаратуры, падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.

Вывучэнне беларускай, рускай i адной з замежных моў у агульнаадукацыйных школах з’яўляецца абавязковым, за выключэннем асобных катэгорый асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця.

У адпаведнасцi з заявамi законных прадстаўнiкоў дзяцей i па рашэнню мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў могуць стварацца групы ў дашкольных установах i класы ў агульнаадукацыйных школах, у якiх навучанне i выхаванне поўнасцю або часткова ажыццяўляюцца на мове нацыянальнай супольнасцi або вывучаецца мова нацыянальнай супольнасцi. Па рашэнню мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, узгодненаму з Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, могуць стварацца дзiцячыя дашкольныя ўстановы або агульнаадукацыйныя школы, у якiх навучанне i выхаванне вядуцца на мове нацыянальнай супольнасцi.

Глава 2

Нацыянальная сiстэма адукацыi

Артыкул 6. Структура нацыянальнай сiстэмы адукацыi

Нацыянальная сiстэма адукацыi ўключае:

удзельнiкаў адукацыйнага працэсу;

адукацыйныя стандарты, распрацаваныя на iх аснове вучэбныя планы i вучэбныя праграмы;

установы адукацыi i iншыя арганiзацыi, якiя забяспечваюць эфектыўнае функцыянаванне сiстэмы адукацыi;

дзяржаўныя органы кiравання адукацыяй, якiя ўключаюць Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, упраўленнi i аддзелы адукацыi мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў.

Артыкул 7. Асноўная адукацыя

Асноўная адукацыя ў Рэспублiцы Беларусь уключае наступныя ўзроўнi:

дашкольная адукацыя;

агульная базавая адукацыя;

агульная сярэдняя адукацыя;

прафесiйна-тэхнiчная адукацыя;

сярэдняя спецыяльная адукацыя;

вышэйшая адукацыя;

паслявузаўская адукацыя.

Адзiнства i бесперапыннасць асноўнай адукацыi забяспечваюцца пераемнасцю ўзроўняў адукацыi, узгадненнем адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў i вучэбных праграм, наяўнасцю ўстаноў адукацыi, якiя забяспечваюць магчымасць атрымання адукацыi на некалькiх узроўнях.

Дасягненне кожнага ўзроўню пацвярджаецца адпаведным дакументам i (або) дае права на працяг адукацыi на наступным узроўнi, а ў выпадках, прадугледжаных гэтым Законам, — права на ажыццяўленне прафесiйнай дзейнасцi.

Спецыяльная адукацыя можа ажыццяўляцца на ўсiх узроўнях асноўнай адукацыi.

Артыкул 8. Дадатковая адукацыя

Дадатковая адукацыя накiравана на пашырэнне магчымасцяў у iнтэлектуальным, эстэтычным, маральным i фiзiчным развiццi асобы пры атрыманнi асноўнай адукацыi, паглыбленнi прафесiйнай кампетэнтнасцi, а таксама на вырашэнне задач кадравага забеспячэння ўсiх сфер сацыяльна-эканамiчнай дзейнасцi.

Дадатковая адукацыя можа ажыццяўляцца на ўсiх узроўнях асноўнай адукацыi, а таксама ўключае:

пазашкольнае выхаванне i навучанне;

павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў.

Артыкул 9. Формы атрымання адукацыi

З улiкам патрэбнасцяў i магчымасцяў асобы адукацыя можа ажыццяўляцца:

ва ўстановах адукацыi — у вочнай (дзённай i вячэрняй) i завочнай формах;

самастойна.

Дапускаецца спалучэнне розных формаў атрымання адукацыi, а таксама навучанне па iндывiдуальных навучальных планах.

Для ўсiх формаў атрымання адукацыi ў межах адукацыйнага ўзроўню дзейнiчаюць адзiныя адукацыйныя стандарты.

Пералiк прафесiй i спецыяльнасцяў, навучанне якiм не дапускаецца ў вячэрняй i завочнай формах, зацвярджаецца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 10. Агульныя патрабаваннi да парадку прыёму, размеркавання навучэнцаў ва ўстановах адукацыi

У Рэспублiцы Беларусь кожны мае права звяртацца для атрымання адукацыi ў любую ўстанову адукацыi, якая абавязана разгледзець усе кандыдатуры ў адпаведнасцi з устаноўленай працэдурай прыёму.

Прыём грамадзян у дзяржаўныя ўстановы, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай i паслявузаўскай адукацыi, ажыццяўляецца па конкурсу, якi гарантуе захаванне правоў грамадзян на атрыманне адукацыi i забяспечвае залiчэнне ва ўстановы адукацыi асоб, якiя найбольш здольныя i падрыхтаваныя да асваення вучэбных праграм.

Патрабаваннi да прыёму ў дзяржаўныя ўстановы адукацыi ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Пры прыёме ва ўстановы, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, праграмы ўступных iспытаў распрацоўваюцца на аснове адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыi.

Правiлы прыёму ва ўстановы, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай i паслявузаўскай адукацыi, зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь i публiкуюцца ў афiцыйных выданнях Рэспублiкi Беларусь не пазней чым за тры месяцы да пачатку прыёму дакументаў.

На падставе зацверджаных Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь правiлаў прыёму ва ўстановы, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, указаныя ўстановы распрацоўваюць правiлы прыёму, якiя для дзяржаўных устаноў узгадняюцца з заснавальнiкам i зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, для прыватных устаноў адукацыi зацвярджаюцца самiмi ўстановамi адукацыi.

Iльготы асобным катэгорыям грамадзян пры прыёме ва ўстановы адукацыi прадастаўляюцца ў адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Ва ўстановы, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, фiнансуемыя са сродкаў рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў, звыш даведзеных кантрольных лiчбаў прыёму можа ажыццяўляцца прыём асоб на навучанне за плату фiзiчнымi i юрыдычнымi асобамi пры ўмове захавання ва ўказаных установах нормаў i правiлаў, якiя прад’яўляюцца да арганiзацыi навучальнага працэсу.

Парадак пераводу, адлiчэння, аднаўлення навучэнцаў ва ўстановах адукацыi ўстанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Установы адукацыi не маюць права перашкаджаць пераводу навучэнцаў, якiя выконваюць устаноўленыя патрабаваннi, выказаўшых жаданне перайсцi на вучобу ў iншую ўстанову адукацыi i атрымаўшых згоду гэтай установы.

У парадку i выпадках, якiя ўстанаўлiваюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь, у дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, ажыццяўляецца мэтавая падрыхтоўка квалiфiкаваных рабочых i спецыялiстаў на падставе дагавораў.

Выпускнiкi, якiя навучаюцца за кошт сродкаў рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, размяркоўваюцца ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Стандарты ў сферы адукацыi

У Рэспублiцы Беларусь устанаўлiваецца сiстэма адукацыйных стандартаў.

Дзяржаўныя адукацыйныя стандарты Рэспублiкi Беларусь утрымлiваюць агульныя патрабаваннi да ўзроўняў i тэрмiнаў навучання, тыпаў устаноў адукацыi, класiфiкацыi спецыяльнасцяў, квалiфiкацый i прафесiй, дакументаў аб адукацыi.

Галiновыя адукацыйныя стандарты ўтрымлiваюць нармiраванне структуры, абавязковы мiнiмум зместу адукацыi, максiмальны аб’ём вучэбнай нагрузкi навучэнцаў, узровень падрыхтоўкi выпускнiкоў, крытэрыi ацэнкi якасцi адукацыi.

Распрацоўка, прыняцце, змяненне i адмена адукацыйных стандартаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Патрабаваннi да арганiзацыi адукацыйнага працэсу

Адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыi будуецца на падставе прынцыпаў дзяржаўнай палiтыкi ў сферы адукацыi i на педагагiчна абгрунтаваным выбары формаў, метадаў i сродкаў навучання i выхавання, якiя ўлiчваюць культурныя традыцыi i каштоўнасцi беларускага народа, iншых нацыянальных супольнасцяў краiны, дасягненнi сусветнай культуры.

Арганiзацыя адукацыйнага працэсу, змест адукацыi, тэрмiны i формы атэстацыi навучэнцаў (кантроль за якасцю асваення вучэбных праграм), пачатак, заканчэнне навучальнага года i працягласць канiкулаў ва ўстановах адукацыi рэгламентуюцца тыпавымi навучальнымi планамi i вучэбнымi праграмамi, а таксама распрацоўваемымi ўстановамi адукацыi на iх падставе вучэбнымi планамi i вучэбнымi праграмамi i праграмамi выхавання.

Ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў, пачатак навучальнага года можа вызначацца тэрмiнамi камплектавання груп навучэнцаў у парадку, якi ўстанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Тыпавыя вучэбныя планы i вучэбныя праграмы зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь пры наяўнасцi заключэнняў органаў або iншых арганiзацый, якiя ажыццяўляюць дзяржаўны санiтарны нагляд, аб iх адпаведнасцi заканадаўству.

Пабудова i змест вучэбных планаў, вучэбных праграм, падручнiкаў i вучэбных дапаможнiкаў, вучэбна-метадычных комплексаў павiнны ўлiчваць магчымасцi, запатрабаваннi i iнтарэсы навучэнцаў (выхаванцаў) i забяспечваць пераемнасць зместу адукацыi.

Авалоданне мiнiмумам экалагiчных ведаў забяспечваецца ва ўсiх навучальных установах.

Пералiк прафесiй, спецыяльнасцяў i квалiфiкацый, па якiх ажыццяўляецца падрыхтоўка, а таксама парадак адкрыцця новых прафесiй, спецыяльнасцяў i спецыялiзацый зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь сумесна з Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь, абласнымi, Мiнскiм гарадскiм выканаўчымi камiтэтамi.

Пры арганiзацыi адукацыйнага працэсу кiраўнiкi ўстаноў адукацыi, педагагiчныя работнiкi абавязаны прымаць меры па забеспячэнню аховы здароўя i бяспекi жыцця навучэнцаў, захавання нормаў санiтарнага заканадаўства.

Метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ажыццяўляюць рэспублiканскiя, абласныя, раённыя навукова-метадычныя (вучэбна-метадычныя) установы (службы) i метадычныя службы ўстаноў адукацыi.

Артыкул 13. Атэстацыя навучэнцаў ва ўстановах адукацыi

Атрыманне адукацыi ва ўстановах адукацыi, як правiла, суправаджаецца бягучай атэстацыяй i завяршаецца падагульняючай атэстацыяй навучэнцаў з адзiным парадкам для вочнай i завочнай формаў атрымання адукацыi (за выключэннем асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця).

Патрабаваннi да бягучай атэстацыi i парадак яе правядзення ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь. Пры атрыманнi грамадзянамi адукацыi самастойна парадак праходжання бягучай атэстацыi ўстанаўлiваецца палажэннем аб экстэрнаце, якое зацвярджаецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь. Пералiк прафесiй i спецыяльнасцяў, па якiх не дапускаецца атэстацыя ў парадку экстэрна, зацвярджаецца Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаным iм дзяржаўным органам.

Патрабаваннi да падагульняючай атэстацыi вызначаюцца адукацыйнымi стандартамi, тыпавымi вучэбнымi планамi i вучэбнымi праграмамi.

Парадак правядзення атэстацыi, у тым лiку для асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, якiя асвоiлi вучэбныя праграмы ва ўстановах адукацыi агульнага тыпу, а таксама асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, якiя асвоiлi спецыяльныя вучэбныя праграмы, устанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Дакументы аб адукацыi

Асобам, якiя паспяхова прайшлi падагульняючую атэстацыю па пэўнаму ўзроўню (ступенi) асноўнай адукацыi (за выключэннем дашкольнай), павышэнню квалiфiкацыi або перападрыхтоўцы, установы адукацыi выдаюць дакументы (у тым лiку i з адзнакай) аб адпаведнай адукацыi i (або) квалiфiкацыi, прысваеннi акадэмiчнай ступенi. Дакумент аб адукацыi завяраецца пячаткай установы адукацыi.

Узоры дакументаў аб адукацыi i парадак iх вырабу зацвярджаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Асобы, якiя атрымалi дакумент аб адукацыi з прысваеннем квалiфiкацыi, маюць права займацца адпаведнай прафесiйнай дзейнасцю i займаць пасады, для якiх ва ўстаноўленым парадку вызначаны абавязковыя патрабаваннi да ўзроўню адукацыi i квалiфiкацыi.

Асобам, якiя не завяршылi асноўнай адукацыi дадзенага ўзроўню (ступенi) або не прайшлi падагульняючай атэстацыi, а таксама прайшлi поўны курс навучання ў неакрэдытаванай установе адукацыi, выдаецца даведка ўстаноўленага Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь узору.

Прызнанне дакументаў аб адукацыi навучальных устаноў замежных дзяржаў i ўстанаўленне iх адпаведнасцi дакументам аб адукацыi Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь. Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь забяспечвае адпаведнасць мiжнародным нормам дакументаў аб адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Глава 3

Установы адукацыi сiстэмы адукацыi

Артыкул 15. Установы адукацыi сiстэмы адукацыi

У сiстэме адукацыi функцыянуюць установы адукацыi, якiя ажыццяўляюць дзейнасць, накiраваную на атрыманне грамадзянамi асноўнай i (або) дадатковай адукацыi, а таксама арганiзацыi, дзейнасць якiх накiравана на забеспячэнне эфектыўнага функцыянавання сiстэмы адукацыi (бiблiятэкi, музеi, навуковыя i iншыя арганiзацыi).

Да ўстаноў адукацыi адносяцца:

дашкольныя ўстановы;

установы, якiя забяспечваюць атрыманне пачатковай, базавай, агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай i паслявузаўскай адукацыi, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў, а таксама атрыманне спецыяльнай адукацыi для асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця (навучальныя ўстановы);

установы пазашкольнага выхавання i навучання;

сацыяльна-педагагiчныя ўстановы;

спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы.

Установа адукацыi — юрыдычная асоба, якая мае выключнае права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць.

Права на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасцi ўзнiкае:

ва ўстаноў адукацыi, створаных Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважанымi iмi дзяржаўнымi органамi, Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi, — з моманту iх дзяржаўнай рэгiстрацыi;

ва ўстаноў адукацыi i iх фiлiялаў, створаных iншымi рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, iншымi ўстановамi, — з моманту выдачы гэтым установам адукацыi спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй).

Пералiк вiдаў адукацыйнай дзейнасцi, на ажыццяўленне якiх патрабуюцца спецыяльныя дазволы (лiцэнзii), парадак iх выдачы i анулявання (адмены), а таксама дзяржаўныя органы, што выдаюць спецыяльныя дазволы (лiцэнзii) на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасцi, устанаўлiваюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Пералiк устаноў адукацыi, якiя атрымалi спецыяльныя дазволы (лiцэнзii) на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасцi, публiкуецца ў афiцыйных выданнях дзяржаўных органаў, што выдаюць спецыяльныя дазволы (лiцэнзii), або ў афiцыйных выданнях Рэспублiкi Беларусь.

Установы адукацыi могуць мець доследныя ўчасткi i станцыi, вучэбна-доследныя ўчасткi (гаспадаркi), вытворчыя (вучэбна-вытворчыя) майстэрнi i камбiнаты, палiгоны, iншыя вучэбна-вытворчыя аб’екты, клiнiчныя базы, навуковыя i iншыя падраздзяленнi, якiя забяспечваюць рэалiзацыю задач установы адукацыi, палажэннi аб якiх зацвярджаюцца ў парадку, што ўстанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Дзейнасць устаноў адукацыi рэгулюецца тыпавымi палажэннямi аб адпаведных установах адукацыi, якiя зацвярджаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаным iм дзяржаўным органам, статутамi, што распрацоўваюцца на iх аснове, iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Установы адукацыi могуць ствараць фiлiялы i прадстаўнiцтвы, якiя дзейнiчаюць на падставе палажэнняў, што зацвярджаюцца стварыўшымi iх юрыдычнымi асобамi, i павiнны быць указаны ў статуце ўстановы адукацыi. Тыпавое палажэнне аб фiлiяле, прадстаўнiцтве зацвярджаецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Установы адукацыi могуць быць дзяржаўнымi i прыватнымi.

Установы адукацыi, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасцях ваеннага профiлю, для органаў унутраных спраў i дзяржаўнай бяспекi, спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы для асоб з грамадска небяспечнымi паводзiнамi могуць быць толькi дзяржаўнымi.

Артыкул 16. Асаблiвасцi стварэння, рэарганiзацыi i лiквiдацыi асобных вiдаў дзяржаўных устаноў адукацыi

Установы адукацыi, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў па спецыяльнасцях ваеннага профiлю, для органаў унутраных спраў i дзяржаўнай бяспекi, дзяржаўныя ўстановы адукацыi са статусам унiверсiтэта або акадэмii ствараюцца, рэарганiзуюцца i лiквiдуюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважанымi iмi дзяржаўнымi органамi.

Спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы для асоб з грамадска небяспечнымi паводзiнамi ствараюцца, рэарганiзуюцца i лiквiдуюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 17. Перавод навучэнцаў i выхаванцаў у выпадку спынення дзейнасцi ўстаноў адукацыi

У выпадку спынення дзейнасцi ўстановы адукацыi заснавальнiк прымае меры па забеспячэнню пераводу навучэнцаў i выхаванцаў у iншыя ўстановы адукацыi адпаведнага ўзроўню са згоды навучэнца або выхаванца i ўстановы адукацыi ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Дзяржаўная акрэдытацыя ўстаноў адукацыi

Дзяржаўная акрэдытацыя — працэдура, якая пацвярджае адпаведнасць зместу i якасцi адукацыйнай дзейнасцi, праводзiцца ўстановай адукацыi i яе фiлiяламi, узроўню падрыхтоўкi iх выпускнiкоў патрабаванням адукацыйных стандартаў i ўстанаўлiвае права ўстановы адукацыi на выдачу выпускнiкам дакументаў устаноўленага адзiнага ўзору аб адукацыi адпаведнага ўзроўню. Для ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыi i перападрыхтоўку кадраў, акрэдытацыя праводзiцца па кожнай спецыяльнасцi.

Дзяржаўная акрэдытацыя ўстанаўлiвае таксама права ўстановы адукацыi на пераўтварэнне ва ўстанову адукацыi iншага тыпу.

Падставай для правядзення дзяржаўнай акрэдытацыi з’яўляецца заява ўстановы адукацыi.

Пералiк акрэдытаваных устаноў адукацыi публiкуецца дзяржаўнымi органамi (арганiзацыямi), якiя ажыццяўляюць акрэдытацыю, у афiцыйных выданнях Рэспублiкi Беларусь.

Рашэнне аб пацвярджэннi (пазбаўленнi) дзяржаўнай акрэдытацыi прымаецца па вынiках атэстацыi акрэдытаваных устаноў адукацыi, якая праводзiцца не радзей чым адзiн раз у пяць гадоў.

Планавая дзяржаўная акрэдытацыя, а таксама атэстацыя дзяржаўных устаноў адукацыi праводзяцца за кошт сродкаў бюджэту, у iншых выпадках — за кошт сродкаў установы адукацыi.

Парадак правядзення дзяржаўнай акрэдытацыi i дзяржаўныя органы (арганiзацыi), якiя яе ажыццяўляюць, устанаўлiваюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 19. Статут установы адукацыi

У статуце ўстановы адукацыi ў абавязковым парадку ўказваюцца:

назва (з указаннем формы ўласнасцi);

прававы статус;

месца знаходжання;

прадмет, мэты i задачы дзейнасцi;

калi, кiм (заснавальнiк) створана, падпарадкаванасць;

асноўныя характарыстыкi арганiзацыi адукацыйнага працэсу, у тым лiку мова (мовы) навучання i выхавання, узровень адукацыi, формы атрымання адукацыi, спецыяльнасцi, прафесii, па якiх ажыццяўляецца падрыхтоўка, а таксама квалiфiкацыi, якiя прысвойваюцца;

рэжым заняткаў навучэнцаў (выхаванцаў);

парадак ажыццяўлення фiнансавай i гаспадарчай дзейнасцi, у тым лiку крынiцы i парадак фармiравання i выкарыстання маёмасцi, замацаванай за ўстановай адукацыi, парадак фiнансавання i матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння ўстановы адукацыi, наяўнасць права на ажыццяўленне дзейнасцi, якая прыносiць даходы;

парадак спагнання платы за навучанне;

парадак кiравання дзейнасцю ўстановы адукацыi, у тым лiку кампетэнцыя заснавальнiка, структура i парадак фармiравання органаў кiравання i самакiравання, парадак назначэння кiраўнiка, iх кампетэнцыя i арганiзацыя дзейнасцi, парадак кантролю за дзейнасцю ўстановы адукацыi;

парадак прадстаўлення заснавальнiку справаздач аб паступленнi i расходаваннi фiнансавых i матэрыяльных сродкаў;

парадак фармiравання штатаў i аплаты працы работнiкаў;

правы i абавязкi ўдзельнiкаў адукацыйнага працэсу;

парадак рэарганiзацыi i лiквiдацыi ўстановы адукацыi;

парадак унясення змяненняў i дапаўненняў у статут.

Статут установы адукацыi зацвярджаецца яго заснавальнiкам.

Глава 4

Дашкольная адукацыя

Артыкул 20. Мэты i структура дашкольнай адукацыi

Дашкольная адукацыя заклiкана забяспечыць паўнацэннае развiццё дзiцяцi з улiкам яго ўзроставых i iндывiдуальных асаблiвасцяў, падрыхтоўку да атрымання асноўнай адукацыi на наступных узроўнях.

Дашкольная адукацыя ўключае наступныя ступенi:

першая ранняга ўзросту (да аднаго года);

другая ранняга ўзросту (ад аднаго да двух гадоў);

першая малодшая (ад двух да трох гадоў);

другая малодшая (ад трох да чатырох гадоў);

сярэдняя (ад чатырох да пяцi гадоў);

старэйшая (ад пяцi да шасцi гадоў).

Артыкул 21. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыi. Iх камплектаванне, патрабаваннi да арганiзацыi адукацыйнага працэсу

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыi, адносяцца яслi, яслi-сад, дзiцячы сад, дашкольны цэнтр развiцця дзiцяцi (дашкольныя ўстановы), а таксама дзiцячы сад-школа.

Камплектаванне ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыi, ажыццяўляецца iх заснавальнiкамi. Парадак камплектавання, пераводу i адлiчэння выхаванцаў устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыi, стварэння ў iх рознаўзроставых груп, нормы напаўняльнасцi груп вызначаюцца тыпавымi палажэннямi аб гэтых установах.

Установы, якiя забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыi, могуць праводзiць паглыбленую работу па аднаму з напрамкаў адукацыйна-аздараўленчай работы. Напрамкi i формы гэтай работы вызначае педагагiчны калектыў па ўзгадненню з заснавальнiкам.

Адукацыйны працэс ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыi, з’яўляецца бесперапынным i круглагадовым. Рэжым штодзённай работы такiх устаноў, працягласць знаходжання ў iх дзяцей устанаўлiваюцца iх заснавальнiкамi з улiкам iнтарэсаў бацькоў. Пералiк рэжымаў работы груп устанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Вызначэнне функцыянальнай гатоўнасцi дзiцяцi да навучання ў агульнаадукацыйнай вучэбна-выхаваўчай установе з рэкамендацыяй аб залiчэннi яго ў дадзеную ўстанову або прыняццем iншага рашэння праводзiцца медыка-псiхолага-педагагiчнымi камiсiямi, якiя ствараюцца выканаўчымi i распарадчымi органамi.

Глава 5

Агульная сярэдняя адукацыя

Артыкул 22. Мэты i структура агульнай сярэдняй адукацыi

Агульная сярэдняя адукацыя заклiкана забяспечыць духоўнае i фiзiчнае станаўленне асобы, падрыхтоўку маладога пакалення да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, выхаванне грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь, авалоданне iм асновамi навук, дзяржаўнымi мовамi Рэспублiкi Беларусь, навыкамi разумовай i фiзiчнай працы, фармiраванне ў яго маральных перакананняў, культуры паводзiнаў, эстэтычнага густу i здаровага ладу жыцця.

Агульная сярэдняя адукацыя ўключае ўзровень агульнай базавай адукацыi.

Агульная базавая адукацыя (тэрмiн навучання — дзесяць гадоў) уключае ступень агульнай пачатковай адукацыi i з’яўляецца абавязковай ступенню. Атрыманне агульнай базавай адукацыi з’яўляецца ўмовай для завяршэння агульнай сярэдняй адукацыi ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесiйна-тэхнiчнай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

Агульная пачатковая адукацыя (тэрмiн навучання — чатыры гады) з’яўляецца абавязковай ступенню i ўмовай для навучання ў агульнаадукацыйнай базавай вучэбна-выхаваўчай установе.

Працягласць атрымання агульнай сярэдняй адукацыi — дванаццаць гадоў, у асобных тыпах агульнаадукацыйных вучэбна-выхаваўчых устаноў (вячэрнiх (зменных); для асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця; вучэбных комплексах i iнш.) — трынаццаць i больш гадоў.

Артыкул 23. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыi

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыi, адносяцца пачатковая школа, базавая школа, сярэдняя школа, вячэрняя (зменная) школа (агульнаадукацыйная школа), гiмназiя, лiцэй, школа-iнтэрнат, санаторная школа-iнтэрнат (агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы), а таксама вучэбна-педагагiчны комплекс, у тым лiку дзiцячы сад-школа i iнш. У агульнаадукацыйных школах могуць стварацца гiмназiчныя i лiцэйскiя класы, класы з паглыбленым (профiльным) вывучэннем асобных прадметаў, палажэннi аб якiх зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама ўводзiцца курсы па выбару, факультатывы, праводзiцца пазакласныя заняткi.

Атрыманне агульнай сярэдняй адукацыi на базе агульнай базавай адукацыi ажыццяўляецца таксама ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

Для забеспячэння працоўнай i дапрызыўнай падрыхтоўкi могуць стварацца мiжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбiнаты працоўнага навучання i прафесiйнай арыентацыi навучэнцаў, цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкi юнакоў.

Прыём у агульнаадукацыйную пачатковую школу ажыццяўляецца без правядзення ўступных iспытаў з шасцi гадоў або больш позняга ўзросту на падставе заключэння медыка-псiхолага-педагагiчнай камiсii i са згоды бацькоў. Забараняецца адлiчэнне навучэнцаў з пачатковай i базавай школы па прычыне непаспяховасцi.

Парадак прыёму, пераводу, адлiчэння i выпуску навучэнцаў агульнаадукацыйных вучэбна-выхаваўчых устаноў устанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 24. Атэстацыя навучэнцаў устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне агульнай базавай i агульнай сярэдняй адукацыi

Агульная базавая i агульная сярэдняя адукацыя завяршаюцца падагульняючай атэстацыяй у форме выпускных экзаменаў.

Паспяховае праходжанне падагульняючай атэстацыi дае выпускнiкам агульнаадукацыйных базавых вучэбна-выхаваўчых устаноў права на атрыманне пасведчання аб агульнай базавай адукацыi, выпускнiкам агульнаадукацыйных сярэднiх вучэбна-выхаваўчых устаноў — атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыi.

Выпускнiкi агульнаадукацыйных сярэднiх навучальна-выхаваўчых устаноў за выдатныя поспехi ў вучобе i прыкладныя паводзiны ўзнагароджваюцца залатымi, сярэбранымi медалямi з уручэннем атэстата асаблiвага ўзору, а за асаблiвыя поспехi ў вывучэннi асобных прадметаў — пахвальнымi лiстамi.

Палажэнне аб залатым, сярэбраным медалях i пахвальных лiстах зацвярджаецца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 6

Прафесiйна-тэхнiчная адукацыя

Артыкул 25. Мэты i структура прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi

Прафесiйна-тэхнiчная адукацыя заклiкана ажыццяўляць падрыхтоўку асоб да прафесiйнай дзейнасцi ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, з улiкам грамадскiх патрэбнасцяў i забяспечвае набыццё iмi прафесiйных ведаў, уменняў i навыкаў, неабходных для прысваення квалiфiкацый рабочых i служачых.

Прафесiйна-тэхнiчная адукацыя ажыццяўляецца на падставе агульнай базавай i агульнай сярэдняй адукацыi. У асобных выпадках i ў парадку, устаноўленых Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, дапускаецца атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi асобамi, якiя не маюць агульнай базавай адукацыi. Атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi на аснове агульнай базавай адукацыi можа сумяшчацца з вывучэннем асобных агульнаадукацыйных прадметаў, а таксама атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыi.

Дадаткова ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, ажыццяўляецца прафесiйная падрыхтоўка навучэнцаў, неабходная для прысваення iм рабочай квалiфiкацыi, якая не суправаджаецца павышэннем адукацыйнага ўзроўню. Прафесiйная падрыхтоўка можа быць таксама атрымана ў вучэбных цэнтрах, мiжшкольных вучэбна-вытворчых камбiнатах працоўнага навучання i прафесiйнай арыентацыi навучэнцаў, вучэбна-курсавых камбiнатах i iншых арганiзацыях.

Артыкул 26. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, адносяцца прафесiйна-тэхнiчныя вучылiшчы, цэнтры прафесiйнай адукацыi, прафесiйныя лiцэi (прафесiйна-тэхнiчныя навучальныя ўстановы), а таксама вышэйшыя прафесiйныя вучылiшчы, прафесiйна-тэхнiчныя каледжы.

Вышэйшыя прафесiйныя вучылiшчы i прафесiйна-тэхнiчныя каледжы забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, агульнай сярэдняй i iнтэгрыраванай з прафесiйна-тэхнiчнай сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

Ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, могуць стварацца лiцэйскiя групы, палажэнне аб якiх зацвярджаецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 27. Формы атрымання прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi i патрабаваннi да арганiзацыi вытворчага навучання i вытворчай практыкi ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi

Прафесiйна-тэхнiчная адукацыя можа быць атрымана ў вочнай (дзённай i вячэрняй) форме.

Ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, дапускаецца атрыманне агульнай сярэдняй адукацыi ў парадку экстэрнату.

Вытворчае навучанне навучэнцаў, у тым лiку i вытворчая практыка, ажыццяўляецца на вучэбна-вытворчых аб’ектах устаноў адукацыi, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, а таксама на рабочых месцах арганiзацый, на вучэбных участках, палях, фермах, будаўнiчых i iншых аб’ектах вытворчасцi.

Парадак арганiзацыi вытворчага навучання, у тым лiку i вытворчай практыкi, устанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 28. Атэстацыя навучэнцаў i дакументы аб прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi

Падагульняючая атэстацыя навучэнцаў ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, праводзiцца ў форме выпускных i (або) выпускных квалiфiкацыйных экзаменаў i можа ажыццяўляцца паэтапна (штогод або па паўгоддзях) з прысваеннем квалiфiкацыi (разраду, класа, катэгорыi), якая адпавядае дасягнутаму на дадзеным этапе ўзроўню падрыхтоўкi.

Асобам, якiя навучаюцца на аснове агульнай базавай адукацыi з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыi i на аснове агульнай сярэдняй адукацыi i якiя паспяхова прайшлi падагульняючую атэстацыю, выдаецца дыплом аб прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi з прысваеннем адпаведнай квалiфiкацыi. Асобам, якiя навучаюцца на аснове агульнай базавай адукацыi без атрымання агульнай сярэдняй адукацыi i якiя паспяхова прайшлi падагульняючую атэстацыю, выдаецца атэстат аб прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi з прысваеннем адпаведнай квалiфiкацыi.

Выпускнiкам лiцэйскiх груп за выдатныя поспехi ў вучобе i прыкладныя паводзiны разам з дыпломам аб прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi ўручаюцца залатыя, сярэбраныя медалi, а за поспехi ў вывучэннi асобных прадметаў — пахвальныя лiсты ў парадку, устаноўленым для агульнаадукацыйных сярэднiх вучэбна-выхаваўчых устаноў.

Парадак выпуску асоб, якiя не закончылi поўны курс навучання, з устаноў, што забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, устанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Глава 7

Сярэдняя спецыяльная адукацыя

Артыкул 29. Мэты i структура сярэдняй спецыяльнай адукацыi

Сярэдняя спецыяльная адукацыя забяспечвае развiццё творчага патэнцыялу асобы, атрыманне спецыяльнай тэарэтычнай i практычнай падрыхтоўкi, вырашае задачы забеспячэння галiн гаспадаркi рэспублiкi квалiфiкаванымi спецыялiстамi.

Сярэдняя спецыяльная адукацыя ажыццяўляецца па двух накiрунках:

сярэдняя спецыяльная адукацыя, якая забяспечвае атрыманне спецыяльнай тэарэтычнай i практычнай падрыхтоўкi;

сярэдняя спецыяльная адукацыя, якая iнтэгравана з вышэйшай адукацыяй i забяспечвае атрыманне паглыбленай спецыяльнай тэарэтычнай i практычнай падрыхтоўкi.

Сярэдняя спецыяльная адукацыя можа ажыццяўляцца на аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай базавай адукацыi забяспечвае адначасовае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыi.

Навучанне асоб, якiя маюць прафесiйна-тэхнiчную з агульнай сярэдняй адукацыю, ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi, можа ажыццяўляцца ў скарочаныя тэрмiны пры ўмове навучання па адпаведнай спецыяльнасцi i выканання патрабаванняў адукацыйных стандартаў сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

Разам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй можа ажыццяўляцца прафесiйная падрыхтоўка, а па спецыяльнасцях, вызначаемых Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, — прафесiйна-тэхнiчная адукацыя.

Артыкул 30. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi, адносяцца тэхнiкумы (вучылiшчы), каледжы (сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы), а таксама вышэйшыя прафесiйныя вучылiшчы, прафесiйна-тэхнiчныя каледжы, вышэйшыя каледжы.

Тэхнiкумы (вучылiшчы) забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

Каледжы забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi, iнтэграванай з вышэйшай адукацыяй.

Вышэйшыя каледжы забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi, iнтэграванай з вышэйшай адукацыяй, i па асобных спецыяльнасцях — вышэйшай адукацыi першай ступенi.

Вышэйшыя прафесiйныя вучылiшчы i прафесiйна-тэхнiчныя каледжы забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi па спецыяльнасцях, iнтэграваных са спецыяльнасцямi (прафесiямi) прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Навучанне ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi, ажыццяўляецца ў вочнай (дзённай i вячэрняй) i завочнай формах.

Артыкул 31. Атэстацыя навучэнцаў i дакументы аб сярэдняй спецыяльнай адукацыi

Падагульняючая атэстацыя навучэнцаў ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай адукацыi, праводзiцца ў форме дзяржаўнага экзамена i (цi) абароны дыпломнай работы (праекта).

Асобам, якiя паспяхова прайшлi падагульняючую атэстацыю, выдаецца дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыi з прысваеннем адпаведнай квалiфiкацыi.

Глава 8

Вышэйшая адукацыя

Артыкул 32. Мэты i структура вышэйшай адукацыi

Вышэйшая адукацыя заклiкана забяспечыць найбольш поўнае развiццё здольнасцяў i iнтэлектуальна-творчага патэнцыялу асобы, магчымасць яе актыўнага, свабоднага i канструктыўнага ўдзелу ў развiццi грамадства з мэтай задавальнення патрэбнасцяў грамадства i дзяржавы ў спецыялiстах высокай квалiфiкацыi.

Сiстэма вышэйшай адукацыi забяспечвае грамадзянам магчымасць навучання на адной з дзяржаўных моў Рэспублiкi Беларусь шляхам стварэння ў вышэйшых навучальных установах беларускамоўных i рускамоўных груп (патокаў).

Структура вышэйшай адукацыi ўключае дзве ступенi, у тым лiку бакалаўрыят, магiстратуру.

Палажэннi аб ступенях вышэйшай адукацыi, бакалаўрыяце, магiстратуры зацвярджаюцца ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 33. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, адносяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы: класiчны унiверсiтэт, профiльны унiверсiтэт (акадэмiя), iнстытут, вышэйшы каледж.

Класiчны унiверсiтэт, профiльны унiверсiтэт (акадэмiя), iнстытут забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi на дзвюх ступенях.

Вышэйшыя каледжы забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi першай ступенi па спецыяльнасцях, iнтэграваных са спецыяльнасцямi сярэдняй спецыяльнай адукацыi.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы павiнны адпавядаць крытэрыям, устаноўленым Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь. У парадку, якi ўстанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь, вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць быць прызнаны вядучымi (галаўнымi) у сiстэме адукацыi, галiны.

Права на навучанне ва ўстановах, што забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, маюць асобы, якiя атрымалi агульную сярэднюю цi сярэднюю спецыяльную адукацыю. Асобы з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй таксама маюць права на атрыманне вышэйшай адукацыi ў скарочаныя тэрмiны пры ўмове выканання патрабаванняў адукацыйных стандартаў вышэйшай адукацыi.

Навучанне ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi, ажыццяўляецца на аснове iнтэграцыi навучальнага працэсу з навуковай i (цi) творчай, даследчай дзейнасцю выкладчыкаў i студэнтаў.

Разам з падрыхтоўкай спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй вышэйшыя навучальныя ўстановы ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй па дадатковай спецыяльнасцi, падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай квалiфiкацыi, арганiзуюць перападрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi спецыялiстаў з вышэйшай адукацыяй. У вышэйшых навучальных установах можа ажыццяўляцца прафесiйная падрыхтоўка, а таксама падрыхтоўка па асобных сертыфiкаваных курсах вышэйшай адукацыi.

Артыкул 34. Акадэмiчныя свабоды i аўтаномiя кiравання ва ўстановах, якiя забяспечваюць атрыманне вышэйшай адукацыi

У вышэйшых навучальных установах гарантуюцца свабода педагагiчнай i навуковай дзейнасцi, свабода выбару формаў i метадаў навучання, аўтаномiя кiравання, якiя ўстанаўлiваюцца i рэалiзуюцца на аснове павагi ўсiмi ўдзельнiкамi адукацыйнага працэсу заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, яе мiжнародных абавязацельстваў, улiчваюцца iнтарэсы асобы, патрэбнасцi грамадства, адказнасць перад грамадствам ва ўмовах адкрытасцi для грамадскага кантролю.

Аўтаномiя кiравання ва ўстанове, якая забяспечвае атрыманне вышэйшай адукацыi, заключаецца ў яе праве фармiраваць органы самакiравання, назначаць службовых асоб, ажыццяўляць кантроль за iх дзейнасцю, устанаўлiваць прыярытэты ў навуковай, вучэбнай i гаспадарчай дзейнасцi.

Артыкул 35. Атэстацыя студэнтаў i дакументы аб вышэйшай адукацыi

Атрыманне вышэйшай адукацыi завяршаецца абавязковай падагульняючай атэстацыяй студэнтаў.

Форма правядзення падагульняючай атэстацыi залежыць ад ступенi вышэйшай адукацыi.

Паспяховае праходжанне падагульняючай атэстацыi дае права на атрыманне адпаведнага дыплома.

Глава 9

Паслявузаўская адукацыя

Артыкул 36. Мэты, структура i формы атрымання паслявузаўскай адукацыi

Паслявузаўская адукацыя заклiкана забяспечыць максiмальную рэалiзацыю здольнасцяў i iнтэлектуальна-творчага патэнцыялу асобы i ставiць сваёй мэтай падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай квалiфiкацыi, атрыманне новых ведаў аб прыродзе, чалавеку, грамадстве, а таксама распрацоўку новых тэхналагiчных iдэй i асноў тэхналогiй.

Структура паслявузаўскай адукацыi ўключае наступныя ступенi:

падрыхтоўку навуковых работнiкаў вышэйшай квалiфiкацыi з прысуджэннем вучонай ступенi кандыдата навук (аспiрантура, ад’юнктура, асiстэнтура-стажыроўка);

падрыхтоўку навуковых работнiкаў вышэйшай квалiфiкацыi з прысуджэннем вучонай ступенi доктара навук (дактарантура).

Атрыманне паслявузаўскай адукацыi ажыццяўляецца ў вочнай i завочнай формах, а таксама ў форме саiскальнiцтва.

Артыкул 37. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне паслявузаўскай адукацыi

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне паслявузаўскай адукацыi, адносяцца вышэйшыя навучальныя ўстановы (незалежна ад формаў уласнасцi), навуковыя i iншыя арганiзацыi, якiя ва ўстаноўленым Урадам Рэспублiкi Беларусь парадку атрымалi права займацца паслявузаўскай адукацыяй.

Падрыхтоўка i атэстацыя навуковых кадраў вышэйшай квалiфiкацыi ажыццяўляюцца ў парадку, якi ўстанаўлiваецца актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Глава 10

Спецыяльная адукацыя

Артыкул 38. Мэты i структура спецыяльнай адукацыi

Спецыяльная адукацыя заклiкана забяспечыць даступнасць адукацыi асобам з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, карэкцыйныя паслугi, сацыяльную адаптацыю i iнтэграцыю iх у грамадства.

Структура спецыяльнай адукацыi вызначаецца структурай асноўнай адукацыi i ўключае наступныя ўзроўнi:

дашкольная адукацыя:

агульная базавая i агульная сярэдняя адукацыя;

прафесiйна-тэхнiчная адукацыя;

сярэдняя спецыяльная, вышэйшая i паслявузаўская адукацыя.

Артыкул 39. Установы, якiя забяспечваюць спецыяльную адукацыю. Асноўныя патрабаваннi да арганiзацыi адукацыйнага працэсу

Асобы з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця могуць атрымлiваць адукацыю ва ўстановах адукацыi, дома, ва ўмовах стацыянарных лячэбных устаноў i устаноў сацыяльнай абароны.

Да ўстаноў, якiя забяспечваюць спецыяльную адукацыю, адносяцца ўстановы:

для асоб з iнтэлектуальнай недастатковасцю;

для асоб з парушэннем мовы;

для асоб з парушэннем слыху;

для асоб з парушэннем зроку;

для асоб з парушэннем псiхiчнага развiцця;

для асоб з парушэннем апорна-рухальнага апарата;

для асоб з цяжкiмi шматлiкiмi (камбiнаванымi) парушэннямi;

установы адукацыi агульнага тыпу, якiя стварылi ўмовы для навучання такiх асоб (iнтэграванае навучанне).

Арганiзацыя адукацыйнага працэсу i змест адукацыi для асоб з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, якiя атрымлiваюць адукацыю ва ўстановах адукацыi як спецыяльнага, так i агульнага тыпу, будуюцца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй i спецыяльнай адукацыi i забяспечваюць дадатковую карэкцыйна-адукацыйную дапамогу, папярэджанне i пераадоленне парушэнняў у развiццi, што вызначаецца праграмамi агульнаадукацыйных прадметаў i карэкцыйных заняткаў.

Глава 11

Пазашкольнае выхаванне i навучанне

Артыкул 40. Мэты пазашкольнага выхавання i адукацыi

Пазашкольнае выхаванне i навучанне заклiкана забяспечыць дзецям i моладзi роўны доступ да розных галiн творчай дзейнасцi, магчымасць рэалiзацыi патрэбнасцяў у маральным, iнтэлектуальным i фiзiчным развiццi, прафесiйным самавызначэннi, фармiраванне здаровага ладу жыцця.

Артыкул 41. Установы, якiя забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання i навучання. Асноўныя патрабаваннi да арганiзацыi вучэбна-выхаваўчага працэсу

Пералiк устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання i навучання, зацвярджаецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з Мiнiстэрствам эканомiкi Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь.

Пазашкольнае выхаванне i навучанне ў дзяржаўных установах адукацыi бясплатнае.

Установы, якiя забяспечваюць атрыманне пазашкольнага выхавання i навучання, зыходзячы з iнтарэсаў i схiльнасцяў навучэнцаў, патрэбнасцяў сям’i, вызначаюць накiрункi, вiды, формы i профiлi сваёй дзейнасцi, арганiзуюць работу з навучэнцамi на працягу ўсяго каляндарнага года.

Асноўная дзейнасць навучэнцаў ва ўказаных установах ажыццяўляецца ў адна- i рознаўзроставых аб’яднаннях па iнтарэсах (гурток, секцыя, студыя, клуб, ансамбль, тэатр i iнш.). Кожны навучэнец мае права займацца ў некалькiх названых аб’яднаннях. З асобамi, якiя маюць асаблiвасцi псiхафiзiчнага развiцця, праводзiцца iндывiдуальная работа па месцы жыхарства (лячэння).

глава12

Павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка кадраў

Артыкул 42. Агульныя патрабаваннi да павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў

Павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка кадраў заклiканы забяспечыць грамадзянам прафесiйнае ўдасканаленне, падрыхтоўку iх да працоўнай дзейнасцi ў сацыяльна-эканамiчных умовах, якiя мяняюцца, i на гэтай аснове — эфектыўнае развiццё грамадства.

Павышэнне квалiфiкацыi кадраў забяспечвае паглыбленне прафесiйных ведаў i навыкаў грамадзян па адпаведных узроўнях атрыманай раней асноўнай адукацыi.

Патрабаваннi да вучэбных праграм павышэння квалiфiкацыi кадраў устанаўлiваюцца ў адпаведнасцi з адукацыйнымi стандартамi павышэння квалiфiкацыi.

Перападрыхтоўка кадраў забяспечвае атрыманне новай квалiфiкацыi адпаведнага профiлю на ўзроўнях вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Патрабаваннi да перападрыхтоўкi кадраў устанаўлiваюцца ў адпаведнасцi з адукацыйнымi стандартамi асноўнай адукацыi адпаведнага ўзроўню.

Умовай павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў з’яўляецца наяўнасць у слухачоў дакументаў аб адукацыi адпаведнага ўзроўню. На павышэнне квалiфiкацыi па праграмах прафесiйнай падрыхтоўкi могуць прымацца i асобы, якiя не маюць прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.

Артыкул 43. Установы (iх падраздзяленнi), якiя забяспечваюць павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў. Атэстацыя слухачоў

Да ўстаноў (iх падраздзяленняў), якiя забяспечваюць павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў, адносяцца акадэмiя, iнстытут, вучэбны цэнтр, вучэбны камбiнат, вучэбна-курсавы камбiнат, факультэт i спецыяльны факультэт вышэйшай навучальнай установы, аддзяленне ўстановы, якое забяспечвае атрыманне сярэдняй спецыяльнай i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi, курсы, вучэбны пункт.

Падраздзяленнi ўстаноў, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, могуць ажыццяўляць павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўку кадраў па прафесiях i спецыяльнасцях, якiя адпавядаюць профiлю асноўнай адукацыйнай дзейнасцi.

Установы (iх падраздзяленнi) павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў павiнны адпавядаць крытэрыям, якiя ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка кадраў завяршаюцца падагульняючай атэстацыяй слухачоў.

Падагульняючая атэстацыя слухачоў, якiя прайшлi павышэнне квалiфiкацыi, можа праводзiцца ў формах абароны выпускной работы, рэферата, экзамена, залiку, гутаркi.

Падагульняючая атэстацыя слухачоў, якiя прайшлi перападрыхтоўку, праводзiцца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi i ў формах, устаноўленых адукацыйнымi стандартамi i тыпавымi вучэбнымi планамi i праграмамi адпаведнага ўзроўню асноўнай адукацыi.

Паспяховае праходжанне падагульняючай атэстацыi пасля завяршэння павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў дае слухачу права на атрыманне дакумента ўстаноўленага ўзору.

Глава 13

Кiраванне i кантроль у сферы адукацыi

Артыкул 44. Кiраванне ў сферы адукацыi

Кiраванне ў сферы адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь носiць дзяржаўна-грамадскi характар i ажыццяўляецца на аснове прынцыпаў галоснасцi i дэмакратыi.

Дзяржаўнае кiраванне ў сферы адукацыi ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Урад Рэспублiкi Беларусь, рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы ў адпаведнасцi з паўнамоцтвамi, прадугледжанымi Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законам i iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Ва ўстановах адукацыi ствараюцца органы самакiравання (саветы, папячыцельскiя саветы). Палажэнне аб органах самакiравання зацвярджае Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 45. Кампетэнцыя i адказнасць установы адукацыi

Установа адукацыi самастойная ў вырашэннi пытанняў арганiзацыi адукацыйнага працэсу, ажыццяўленнi фiнансава-гаспадарчай i iншай дзейнасцi ў межах, устаноўленых заканадаўствам, тыпавым палажэннем аб установе адукацыi адпаведнага тыпу i статутам гэтай установы адукацыi.

Да кампетэнцыi ўстановы адукацыi адносяцца:

падбор, прыём i расстаноўка кадраў, павышэнне ўзроўню iх квалiфiкацыi;

ажыццяўленне кантролю за выкананнем педагагiчнымi работнiкамi i навучэнцамi сваiх абавязкаў;

матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу ў адпаведнасцi з дзяржаўнымi нарматывамi;

прыцягненне для ажыццяўлення дзейнасцi, прадугледжанай статутам гэтай установы адукацыi, дадатковых крынiц фiнансавых i матэрыяльных сродкаў у парадку, устаноўленым заканадаўствам;

арганiзацыя i ўдасканаленне метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу;

распрацоўка i арганiзацыя зацвярджэння вучэбных планаў i вучэбных праграм;

ажыццяўленне бягучага кантролю за паспяховасцю i прамежкавай атэстацыi навучэнцаў (выхаванцаў) установы адукацыi, а таксама аналiзу вынiкаў адукацыйнага працэсу;

ажыццяўленне iншай дзейнасцi, якая не забаронена заканадаўствам i прадугледжана статутам гэтай установы адукацыi.

Установа адукацыi незалежна ад яе падпарадкаванасцi i формаў уласнасцi абавязана:

ажыццяўляць сваю дзейнасць у адпаведнасцi з нормамi гэтага Закона, нарматыўнымi прававымi актамi дзяржаўных органаў, якiя рэгулююць адносiны ў сферы адукацыi;

ажыццяўляць адукацыйны працэс у адпаведнасцi з патрабаваннямi адукацыйных стандартаў, тыпавых вучэбных планаў i вучэбных праграм;

садзейнiчаць дзейнасцi педагагiчных i метадычных аб’яднанняў;

садзейнiчаць стварэнню ва ўстанове адукацыi неабходных умоў для работы падраздзяленняў устаноў грамадскага харчавання i аховы здароўя.

Установа адукацыi нясе ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку адказнасць за:

невыкананне функцый, аднесеных да яе кампетэнцыi;

неадпаведнасць якасцi прадастаўляемай адукацыi ўстаноўленым патрабаванням;

дзеяннi, якiя пацягнулi парушэнне нормаў па ахове здароўя i бяспецы жыцця навучэнцаў (выхаванцаў) i работнiкаў установы адукацыi, нормаў i правiлаў аховы навакольнага асяроддзя ў час адукацыйнага працэсу;

невыкананне нормаў санiтарнага заканадаўства;

парушэнне правоў i свабод навучэнцаў (выхаванцаў) i работнiкаў установы адукацыi.

Артыкул 46. Кiраванне ўстановай адукацыi

Кiраванне дзяржаўнай установай адукацыi ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам, статутам гэтай установы адукацыi i будуецца на спалучэннi прынцыпаў адзiнаначалля i самакiравання.

Кiраўнiцтва дзяржаўнай установай адукацыi ажыццяўляе кiраўнiк, назначаны заснавальнiкам у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Кiраванне прыватнай установай адукацыi ажыццяўляе непасрэдна яго заснавальнiк цi па яго даручэнню папячыцельскi савет, фармiруемы заснавальнiкам.

Артыкул 47. Дзяржаўны кантроль за забеспячэннем якасцi адукацыi. Вiды кантролю

Дзяржаўны кантроль за забеспячэннем якасцi адукацыi — сiстэматычная дзейнасць па ўстанаўленню адпаведнасцi зместу i якасцi адукацыi, прадастаўляемай установамi адукацыi, патрабаванням гэтага Закона, iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь у сферы адукацыi, адукацыйных стандартаў.

Дзяржаўны кантроль за забеспячэннем якасцi адукацыi ажыццяўляецца пры дапамозе самакантролю, iнспектавання i атэстацыi.

Самакантроль — вiд кантролю, якi ўключае самаправерку, самааналiз i самаацэнку дзейнасцi i праводзiцца ўстановай адукацыi ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Iнспектаванне — кантроль за асобнымi накiрункамi дзейнасцi ўстановы адукацыi.

Атэстацыя — вiд кантролю, якi ўключае комплексную праверку i ацэнку дзейнасцi ўстановы адукацыi на адпаведнасць патрабаванням заканадаўчых i iншых нарматыўных прававых актаў, у тым лiку на адпаведнасць зместу, узроўню i якасцi падрыхтоўкi яго выпускнiкоў патрабаванням адукацыйных стандартаў.

Дзяржаўнаму кантролю падлягаюць усе ўстановы адукацыi сiстэмы адукацыi Рэспублiкi Беларусь.

Парадак i перыядычнасць дзяржаўнага кантролю за забеспячэннем якасцi адукацыi ўстанаўлiваюцца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь, а дзяржаўныя органы (арганiзацыi), якiя яго ажыццяўляюць, — Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Установы адукацыi абавязаны садзейнiчаць упаўнаважаным органам (арганiзацыям) у правядзеннi дзяржаўнага кантролю за забеспячэннем якасцi адукацыi.

Глава 14

Удзельнiкi адукацыйнага працэсу

Артыкул 48. Правы i абавязкi навучэнцаў i выхаванцаў

Навучэнцамi i выхаванцамi з’яўляюцца асобы, прынятыя ва ўстанову адукацыi з мэтай атрымання адукацыi.

Навучэнцы i выхаванцы маюць права на:

атрыманне адукацыi ў адпаведнасцi з адукацыйнымi стандартамi;

перавод на навучанне iншай спецыяльнасцi, iншую форму атрымання адукацыi ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь;

навучанне па iндывiдуальных вучэбных планах у межах адукацыйных стандартаў;

удзел у кiраваннi ўстановай адукацыi праз дзейнасць у органах самакiравання;

свабоднае наведванне мерапрыемстваў, якiя праводзяцца ўстановамi адукацыi для навучэнцаў i выхаванцаў па-за вучэбным планам;

адтэрмiноўку ад прызыву на ваенную службу ў адпаведнасцi з заканадаўствам.

Навучэнцы i выхаванцы, атрыманне адукацыi якiмi фiнансуецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i (цi) мясцовага бюджэтаў, маюць права на:

атрыманне бясплатнай адукацыi ў аб’ёме, якi вызначаецца патрабаваннямi адукацыйных стандартаў;

бясплатнае карыстанне iнфармацыйнымi рэсурсамi бiблiятэк, вучэбнай, вытворчай, навуковай i культурна-спартыўнай базай устаноў адукацыi;

карыстанне ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь, падручнiкамi, вучэбнымi дапаможнiкамi, iншай лiтаратурай, неабходнай для атрымання адукацыi.

Забараняецца прыцягненне навучэнцаў i выхаванцаў грамадзянскiх устаноў адукацыi без iх згоды i (цi) без згоды iх законных прадстаўнiкоў да працы, не прадугледжанай вучэбнымi планамi, вучэбнымi i выхаваўчымi праграмамi.

Навучэнцы i выхаванцы абавязаны выконваць патрабаваннi, прадугледжаныя заканадаўствам i статутам установы адукацыi.

Iншыя правы i абавязкi навучэнцаў i выхаванцаў вызначаюцца статутам установы адукацыi.

Артыкул 49. Сацыяльная абарона навучэнцаў i выхаванцаў

Дзяржава ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб працы гарантуе прадастаўленне першага працоўнага месца выпускнiкам дзяржаўных устаноў, якiя забяспечваюць атрыманне прафесiйна-тэхнiчнай, сярэдняй спецыяльнай i вышэйшай адукацыi, асобам з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, якiя асвоiлi вучэбныя праграмы ў агульнаадукацыйных установах агульнага тыпу, а таксама асобам з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, якiя асвоiлi спецыяльныя вучэбныя праграмы.

Навучэнцам i выхаванцам, якiя сумяшчаюць вытворчую дзейнасць з атрыманнем адукацыi ў вячэрняй цi завочнай форме ва ўстановах адукацыi, прадастаўляюцца гарантыi, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб працы.

Iншагароднiя навучэнцы i выхаванцы забяспечваюцца месцамi ў iнтэрнатах у парадку, якi ўстанаўлiваецца рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, а таксама часовай прапiскай.

Iльготы на праезд у пасажырскiм транспарце прадастаўляюцца навучэнцам i выхаванцам у адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Навучэнцы сельскiх агульнаадукацыйных вучэбна-выхаваўчых устаноў забяспечваюцца бясплатнымi iнтэрнатамi, бясплатным падвозам да месца вучобы i назад у парадку, які вызначаецца мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi.

Навучэнцам i выхаванцам, якiя праявiлi ў працэсе навучання выдатныя здольнасцi, могуць прадастаўляцца спецыяльныя стыпендыi, уключаючы стыпендыi для навучання за мяжой. Крытэрыi i парадак прадастаўлення такiх стыпендый устанаўлiваюцца заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Навучэнцы i выхаванцы, адукацыя якiх фiнансуецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i (цi) мясцовага бюджэтаў, маюць права на:

дзяржаўную датацыю пры найме жылля ў выпадку незабеспячэння месцамi ў iнтэрнатах;

iльготныя ўмовы харчавання, медыцынскага абслугоўвання ў парадку, якi ўстанаўлiваецца актамi заканадаўства;

забеспячэнне стыпендыяй у парадку, якi ўстанаўлiваецца Мiнiстэрствам адукацыi Рэспублiкi Беларусь;

iншыя льготы i матэрыяльную дапамогу, прадугледжаныя заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Ва ўстановах адукацыi ўтрыманне дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, ажыццяўляецца на аснове дзяржаўнага забеспячэння па нормах, што вызначаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Для асоб з грамадска небяспечнымi паводзiнамi, якiя маюць патрэбу ў спецыяльных умовах выхавання, ствараюцца спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ўстановы, што забяспечваюць атрыманне iмi адукацыi (агульнай базавай, прафесiйна-тэхнiчнай), прафесiйную падрыхтоўку, умовы для самаадукацыi, а таксама iх медыка-сацыяльную рэабiлiтацыю.

З мэтай забеспячэння сацыяльнай адаптацыi, аказання сацыяльна-педагагiчнай, псiхалагiчнай i iншай дапамогi дзецям, якiя апынулiся ў экстрэмальных жыццёвых сiтуацыях, ствараюцца сацыяльна-педагагiчныя ўстановы (сацыяльна-педагагiчныя цэнтры, дзiцячыя сацыяльныя прытулкi i iнш.) i iх падраздзяленнi.

Артыкул 50. Абарона i ўмацаванне здароўя навучэнцаў i выхаванцаў

Вучэбная нагрузка, рэжым заняткаў ва ўстановах адукацыi вызначаюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Медыцынскае абслугоўванне навучэнцаў i выхаванцаў устаноў адукацыi сiстэмы адукацыi, акрамя ўстаноў дашкольнай адукацыi i iнтэрнатнага тыпу, забяспечваецца тэрытарыяльнымi ўстановамi аховы здароўя.

Для дзяцей, якiя праходзяць аздараўленне (лячэнне) у адпаведных установах, а таксама дома, ствараюцца ўмовы для атрымання адукацыi.

Артыкул 51. Правы i абавязкi законных прадстаўнiкоў дзяцей

Законныя прадстаўнiкi дзяцей маюць права:

выбiраць установу адукацыi i формы атрымання адукацыi дзiцем;

прымаць удзел у рабоце органаў самакiравання ўстановы адукацыi, у якой навучаецца iх дзiця;

даць дзiцяцi агульную пачатковую, агульную базавую, агульную сярэднюю адукацыю ў сям’i пры наяўнасцi ў ёй адпаведных умоў i па ўзгадненню з упраўленнямi i аддзеламi адукацыi мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, захоўваючы магчымасць на любым этапе навучання прадоўжыць яго адукацыю ва ўстанове адукацыi ў адпаведнасцi з вынiкамi атэстацыi;

прадстаўляць iнтарэсы дзяцей ва ўстановах адукацыi;

атрымлiваць iнфармацыю аб усiх вiдах абследаванняў (медыцынскiх, псiхалагiчных, педагагiчных i iнш.) дзiцяцi, якiя праводзяцца ва ўстановах адукацыi;

патрабаваць выключэння з вучэбна-выхаваўчага працэсу прадметаў (факультатываў, курсаў па выбару, гурткоў, секцый i iнш.) цi асобных тэм, вывучэнне якiх негатыўна ўплывае на фiзiчнае i маральнае здароўе дзiцяцi.

Законныя прадстаўнiкi дзяцей абавязаны:

забяспечыць атрыманне дзiцем агульнай базавай адукацыi;

стварыць неабходныя ўмовы для паўнацэннага развiцця дзiцяцi;

паважаць годнасць дзiцяцi.

Законныя прадстаўнiкi дзяцей нясуць адказнасць за выхаванне дзiцяцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 52. Педагагiчныя работнiкi, iх правы i абавязкi

Педагагiчную дзейнасць ва ўстановах адукацыi ажыццяўляюць педагагiчныя работнiкi. Квалiфiкацыйныя патрабаваннi да педагагiчных работнiкаў вызначаюцца тарыфна-квалiфiкацыйнымi характарыстыкамi, зацверджанымi ва ўстаноўленым парадку.

Педагагiчныя работнiкi ўстаноў адукацыi маюць права на:

абарону свайго прафесiйнага гонару i годнасцi;

забеспячэнне ўмоў для ажыццяўлення прафесiйнай дзейнасцi;

творчую iнiцыятыву, свабоду выбару методык навучання, выхавання, вучэбных дапаможнiкаў i сродкаў навучання;

удзел у кiраваннi ўстановай адукацыi;

штомесячную кампенсацыю расходаў на набыццё вучэбнай i метадычнай лiтаратуры (частка тэксту абзаца не прыводзiцца як не ўступiўшая ў сiлу)*;

iншыя сацыяльныя гарантыi, прадугледжаныя заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўная палiтыка накiравана на дасягненне ўзроўню сярэднямесячнай заработнай платы педагагiчных работнiкаў не нiжэй за ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы работнiкаў у прамысловасцi, а прафесарска-выкладчыцкага складу — не менш чым у 1,5 раза вышэй за гэты ўзровень.

Урад Рэспублiкi Беларусь у мэтах зблiжэння ўзроўняў сярэдняй заработнай платы работнiкаў устаноў адукацыi, фiнансуемых з рэспублiканскага i (цi) мясцовых бюджэтаў, i работнiкаў прамысловасцi штогод пры распрацоўцы прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця i бюджэту Рэспублiкi Беларусь устанаўлiвае суадносiны памiж узроўнямi заработнай платы работнiкаў названых галiн.

Абавязкi педагагiчных работнiкаў вызначаюцца актамi заканадаўства, статутам установы адукацыi, службовымi iнструкцыямi.

Забараняецца выкарыстоўваць вучэбны працэс у палiтычных мэтах цi для прымушэння навучэнцаў (выхаванцаў) да дзеянняў, якiя супярэчаць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i заканадаўчым актам Рэспублiкi Беларусь.

Педагагiчныя работнiкi нясуць адказнасць за арганiзацыю вучэбнага працэсу ва ўстановах адукацыi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэсублiкi Беларусь.

Глава 15

Фiнансаванне i матэрыяльна- тэхнiчная база сiстэмы адукацыi

Артыкул 53. Фiнансаванне дзяржаўных устаноў адукацыi

Дзяржаўныя ўстановы адукацыi фiнансуюцца з рэспублiканскага i (цi) мясцовых бюджэтаў. Аб’ём бюджэтнага фiнансавання на ўтрыманне i развiццё нацыянальнай сiстэмы адукацыi зацвярджаецца законам Рэспублiкi Беларусь аб бюджэце на чарговы фiнансавы (бюджэтны) год i ўстанаўлiваецца ў памеры не менш як 10 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту.

Дадатковае фiнансаванне можа ажыццяўляцца за кошт iншых сродкаў, выдзяляемых базавымi прадпрыемствамi, якiя шэфствуюць, папячыцельскiмi саветамi, спонсарамi.

Iншымi сродкамi дзяржаўных устаноў адукацыi з’яўляюцца атрыманыя ў адпаведнасцi з заканадаўствам даходы ад платных адукацыйных паслуг, вытворчай i навуковай дзейнасцi, гуманiтарная дапамога, маёмасць i грашовыя сродкi, атрыманыя ад дабрачынцаў i мецэнатаў, а таксама з iншых крынiц, не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

У адпаведнасцi з заканадаўствам дапускаецца спагнанне платы з навучэнцаў у дзяржаўных установах адукацыi за дадатковыя вiды навучання, якiя не аплачваюцца з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, а таксама з асоб, прынятых на навучанне звыш кантрольных лiчбаў прыёму.

Плата ўстанаўлiваецца кiраўнiком установы адукацыi ў памеры эканамiчна абгрунтаваных затрат, неабходных для падрыхтоўкi спецыялiстаў па дадзенай спецыяльнасцi (спецыялiзацыi) у гэтай установе.

Даследаваннi ў галiне адукацыi i выхавання, гуманiтарных i сацыяльных навук, а таксама важнейшыя распрацоўкi ў iнтарэсах навукова-тэхнiчнага i эканамiчнага прагрэсу рэспублiкi, ажыццяўляемыя арганiзацыямi сiстэмы адукацыi, фiнансуюцца на конкурснай аснове з рэспублiканскага бюджэту.

Артыкул 54. Матэрыяльна-тэхнiчная база ўстаноў адукацыi

Матэрыяльна-тэхнiчную базу ўстаноў адукацыi складаюць зямля, будынкi, машыны i абсталяванне, транспартныя сродкi i iншая маёмасць, якая выкарыстоўваецца для навучання, выхавання, аздараўлення навучэнцаў (выхаванцаў) i для вырашэння iншых задач у сферы адукацыi.

Дзяржава падтрымлiвае i развiвае выдавецкую, палiграфiчную i вучэбна-вытворчую базу, якая забяспечвае дзейнасць сферы адукацыi.

Дзяржаўныя органы, установы адукацыi, iншыя арганiзацыi забяспечваюць абнаўленне i развiццё матэрыяльна-тэхнiчнай базы ў адпаведнасцi з iснуючымi нарматывамi i з улiкам узрастаючых патрабаванняў да якасцi адукацыi.

Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, iншыя рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы, фiзiчныя i юрыдычныя асобы ў парадку, устаноўленым актамi заканадаўства, могуць перадаваць установам адукацыi абсталяванне, апаратуру, транспартныя сродкi, зямельныя ўчасткi i iншую маёмасць.

Установы адукацыi ў адносiнах да замацаванай за iмi маёмасцi ажыццяўляюць правы валодання, карыстання i распараджэння ў межах, устаноўленых уласнiкам, у адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Забараняюцца дзеяннi, якiя прыводзяць да скарачэння цi пагаршэння матэрыяльна-тэхнiчнай базы ўстаноў адукацыi.

Глава 16

Мiжнародная дзейнасць у сферы адукацыi

Артыкул 55. Мiжнароднае супрацоўнiцтва i знешнеэканамiчная дзейнасць

Мiжнароднае супрацоўнiцтва ў сферы адукацыi ажыццяўляецца на прынцыпах незалежнасцi, роўнасцi, узаемнай выгады, узаемнай павагi i не павiнна наносiць урон нацыянальнаму суверэнiтэту, бяспецы i грамадскiм iнтарэсам Рэспублiкi Беларусь.

Рэспублiка Беларусь забяспечвае выкананне прынятых абавязацельстваў па мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь у сферы адукацыi.

Навучанне, падрыхтоўка, перападрыхтоўка i павышэнне квалiфiкацыi грамадзян Рэспублiкi Беларусь ва ўстановах адукацыi iншых дзяржаў, роўна як i замежных грамадзян ва ўстановах адукацыi Рэспублiкi Беларусь, ажыццяўляюцца па прамых дагаворах, якiя заключаюцца дзяржаўнымi органамi, установамi адукацыi, iншымi арганiзацыямi сiстэмы адукацыi, калi гэта не супярэчыць заканадаўству.

Нормы права, якiя ўтрымлiваюцца ў мiжнародных дагаворах у галiне адукацыi i ўступiлi ў сiлу на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь заканадаўства, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калi з мiжнароднага дагавора вынiкае, што для прымянення такiх нормаў патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта, i маюць сiлу таго прававога акта, якiм выказана згода Рэспублiкi Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага мiжнароднага дагавора.

Дзяржаўныя органы, установы адукацыi, iншыя арганiзацыi сiстэмы адукацыi маюць права ажыццяўляць знешнеэканамiчную дзейнасць, заключаць дагаворы з замежнымi партнёрамi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.

Частку першую артыкула 53 у частцы ўстанаўлення расходаў на адукацыю ў памеры не менш як 10 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту ўвесцi ў дзеянне з 1 студзеня 2006 года, прадугледзеўшы з 1 студзеня 2002 года паэтапнае павелiчэнне ў адпаведнасцi з законам Рэспублiкi Беларусь аб бюджэце на чарговы фiнансавы (бюджэтны) год расходаў на адукацыю ў памеры 0,3 працэнта ад валавога ўнутранага прадукту i вышэй з улiкам фiнансава-эканамiчнага становiшча ў рэспублiцы, якое складваецца.

Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Ураду Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць нарматыўныя прававыя акты, якiя забяспечваюць рэалiзацыю гэтага Закона;

прыняць меры па правядзенню рэгiстрацыi ўстаноў адукацыi.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

19 сакавiка 2002 г., г. Мiнск.

№ 95-З

* Частка тэксту абзаца шостага часткi другой артыкула 52 не ўступiла ў сiлу ў адпаведнасцi з часткай восьмай артыкула 100 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг
Hosted by uCoz