Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове здароўя»

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 года «Аб ахове здароўя» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1993 г., № 24, ст. 290; 1996 г., № 21, ст. 380; Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1997 г., № 9, ст. 195) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«Закон Рэспублiкi Беларусь Аб ахове здароўя

Гэты Закон вызначае дзяржаўную палiтыку ў галiне аховы здароўя насельнiцтва, прававыя i эканамiчныя асновы дзейнасцi сiстэмы аховы здароўя, рэгулюе грамадскiя адносiны ў галiне аховы здароўя насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь.

Глава 1

Агульныя палажэннi

Артыкул 1. Асноўныя тэрмiны i iх азначэннi, якiя прымяняюцца ў гэтым Законе

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрмiны i iх азначэннi:

здароўе — стан поўнага фiзiчнага, духоўнага i сацыяльнага дабрабыту людзей, а не толькi адсутнасць хвароб i фiзiчных дэфектаў;

ахова здароўя насельнiцтва — сукупнасць палiтычных, эканамiчных, прававых, сацыяльных, культурных, навуковых, экалагiчных, медыцынскiх, санiтарна-гiгiенiчных i процiэпiдэмiчных мераў, накiраваных на захаванне i ўмацаванне здароўя цяперашняга i будучых пакаленняў людзей;

ахова здароўя — сiстэма дзяржаўных, грамадскiх i медыцынскiх мерапрыемстваў, накiраваных на захаванне i ўмацаванне здароўя людзей, прафiлактыку i лячэнне захворванняў;

медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi — асобы, якiя займаюць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку пасады урачоў, правiзараў, сярэдняга медыцынскага, фармацэўтычнага i малодшага медыцынскага персаналу;

медыцынская дапамога — комплекс медыцынскiх мерапрыемстваў па захаванню i ўмацаванню здароўя людзей, якi ўключае прафiлактыку, дыягностыку, лячэнне, рэабiлiтацыю, пратэзаванне;

пацыент — асоба, якая звярнулася па медыцынскую дапамогу, або якая атрымлiвае медыцынскую дапамогу цi знаходзiцца пад медыцынскiм наглядам;

хворы — асоба, у якой устаноўлена наяўнасць захворвання;

медыцынская дзейнасць — прафесiйная дзейнасць па аказанню медыцынскай дапамогi, правядзенню медыцынскай экспертызы i iх арганiзацыi, якая ажыццяўляецца юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi ў парадку, што вызначаецца заканадаўствам; фармацэўтычная дзейнасць — прафесiйная дзейнасць у сферы абарачэння лекавых сродкаў, якая ажыццяўляецца юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi ў парадку, што вызначаецца заканадаўствам;

стажыроўка — абавязковая паслядыпломная першасная спецыялiзацыя асоб, якiя атрымалi спецыяльную падрыхтоўку ў вышэйшай медыцынскай (фармацэўтычнай) установе адукацыi, маюць дыплом урача (правiзара), што дае права займацца медыцынскай (фармацэўтычнай) дзейнасцю;

медыцынская этыка i дэанталогiя — сукупнасць прынцыпаў, нормаў i правiлаў паводзiнаў медыцынскiх работнiкаў пры выкананнi iмi прафесiйных абавязкаў.

Змест iншых тэрмiнаў вызначаецца асобнымi артыкуламi гэтага Закона.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове здароўя

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове здароўя грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Нормы, якiя рэгулююць адносiны ў галiне аховы здароўя i змешчаныя ў мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь, што ўступiлi ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь заканадаўства i падлягаюць непасрэднаму прымяненню, за выключэннем выпадкаў, калi з мiжнароднага дагавора вынiкае, што для прымянення такiх нормаў патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага нарматыўнага прававога акта.

Артыкул 3. Дзяржаўная палiтыка ў галiне аховы здароўя насельнiцтва

Дзяржаўная палiтыка ў галiне аховы здароўя насельнiцтва прадугледжвае:

стварэнне ўмоў для захавання i ўмацавання здароўя насельнiцтва;

адказнасць грамадзян за захаванне i ўмацаванне свайго здароўя i здароўя iншых людзей;

прафiлактычную накiраванасць аховы здароўя;

даступнасць медыцынскай дапамогi i лекавага забеспячэння насельнiцтва;

прыярытэтнае медыцынскае абслугоўванне i забеспячэнне лекамi дзяцей i мацi;

каардынацыю i кантроль Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь дзейнасцi ў галiне аховы здароўя iншых органаў дзяржаўнага кiравання, якiя ведаюць пытаннямi аховы здароўя, i суб’ектаў, што ажыццяўляюць дзейнасць у галiне аховы здароўя;

эканамiчную зацiкаўленасць юрыдычных i фiзiчных асоб у ахове здароўя насельнiцтва;

адказнасць дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб, iндывiдуальных прадпрымальнiкаў за стан здароўя насельнiцтва;

удзел грамадскасцi i грамадзян у ахове здароўя насельнiцтва.

Артыкул 4. Удзел грамадскiх аб’яднанняў у ахове здароўя насельнiцтва

Медыцынскiя i фармацэўтычныя грамадскiя аб’яднаннi, Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, прафесiйныя саюзы i iншыя грамадскiя аб’яднаннi ў адпаведнасцi з iх статутамi прымаюць удзел у вырашэннi пытанняў па ахове здароўя насельнiцтва ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 5. Права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя

Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь незалежна ад полу, расы, мовы, нацыянальнасцi, службовага i сацыяльнага становiшча, месца пражывання, адносiнаў да рэлiгii, перакананняў, iншых акалiчнасцяў маюць права на ахову здароўя

Гэта права забяспечваецца аховай навакольнага асяроддзя, стварэннем спрыяльных умоў працы, быту, адпачынку, гiгiенiчным выхаваннем i навучаннем грамадзян, вытворчасцю i рэалiзацыяй дабраякасных прадуктаў харчавання, стварэннем умоў для заняткаў фiзiчнай культурай i спортам, а таксама прадастаўленнем насельнiцтву даступнай медыцынскай дапамогi, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя.

Дзяржаўныя арганiзацыi аховы здароўя могуць аказваць платныя медыцынскiя паслугi ў адпаведнасцi з пералiкам i парадкам, якiя вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя часова выязджаюць за яе межы, падлягаюць абавязковаму медыцынскаму страхаванню. Парадак i ўмовы абавязковага медыцынскага страхавання грамадзян Рэспублiкi Беларусь пры выездзе за яе межы вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 6. Правы замежных грамадзян i асоб без грамадзянства на ахову здароўя

Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, карыстаюцца правамi ў галiне аховы здароўя нароўнi з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не вызначана законамi i мiжнароднымi дагаворамi.

Парадак i ўмовы абавязковага медыцынскага страхавання замежных грамадзян i асоб без грамадзянства пры ўездзе на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь вызначаюцца заканадаўчымi актамi.

Артыкул 7. Медыцынская навука

Прафесiйная дзейнасць медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў грунтуецца на дасягненнях сусветнай i айчыннай медыцынскай навукi i практыкi.

Навуковая дзейнасць у галiне аховы здароўя ажыццяўляецца навукова-даследчымi арганiзацыямi (навукова-даследчымi iнстытутамi, навукова-практычнымi цэнтрамi i iншымi навуковымi арганiзацыямi), вышэйшымi медыцынскiмi (фармацэўтычнымi) установамi адукацыi, арганiзацыямi павышэння квалiфiкацыi медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў.

Кiраўнiцтва падведамнымi медыцынскiмi навукова-даследчымi арганiзацыямi, вышэйшымi медыцынскiмi (фармацэўтычнымi) установамi адукацыi, арганiзацыямi павышэння квалiфiкацыi медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў, каардынацыя навукова-даследчай работы ў галiне аховы здароўя, арганiзацыя падрыхтоўкi навуковых кадраў вышэйшай квалiфiкацыi для сiстэмы аховы здароўя ажыццяўляюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 8. Мiжнароднае супрацоўнiцтва ў галiне аховы здароўя

Мiжнароднае супрацоўнiцтва Рэспублiкi Беларусь у галiне аховы здароўя грунтуецца на нормах мiжнароднага права i заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Глава 2

Сiстэма аховы здароўя i кiраванне аховай здароўя

Артыкул 9. Сiстэма аховы здароўя

Сiстэму аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь складаюць дзяржаўная ахова здароўя i прыватная ахова здароўя.

Асновай сiстэмы аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца дзяржаўная ахова здароўя.

Дзяржаўная сiстэма аховы здароўя ўключае Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, упраўленнi (камiтэты) i аддзелы аховы здароўя мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, галiновыя органы кiравання мiнiстэрстваў, а таксама падведамныя iм арганiзацыi аховы здароўя, медыцынскiя ўстановы адукацыi i навукова-даследчыя арганiзацыi.

Прыватная сiстэма аховы здароўя ўключае арганiзацыi аховы здароўя, медыцынскiя ўстановы адукацыi i навукова-даследчыя арганiзацыi, ствараемыя фiзiчнымi i недзяржаўнымi юрыдычнымi асобамi.

Артыкул 10. Кiраванне аховай здароўя

Кiраванне аховай здароўя ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца на прынцыпах галоснасцi, калегiяльнасцi i ўдзелу грамадскасцi.

Дзяржаўнае кiраванне аховай здароўя ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, якiя маюць ведамасную сiстэму аховы здароўя, упраўленнi (камiтэты) i аддзелы аховы здароўя мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў.

З мэтай абароны правоў грамадзян пры органах дзяржаўнага кiравання аховай здароўя могуць стварацца камiтэты (камiсii) па пытаннях медыцынскай этыкi для ўдзелу ў распрацоўцы нормаў медыцынскай этыкi i дэанталогii i разгляду пытанняў, звязаных з парушэннем гэтых нормаў, а таксама для вырашэння iншых пытанняў, якiя датычаць аховы здароўя насельнiцтва.

Артыкул 11. Стварэнне i дзейнасць арганiзацый аховы здароўя

Фiзiчныя i юрыдычныя асобы маюць права ствараць арганiзацыi аховы здароўя ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам, i ў адпаведнасцi з наменклатурай арганiзацый аховы здароўя, зацверджанай Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Арганiзацыi аховы здароўя ў медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi падкантрольныя Мiнiстэрству аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь i органам аховы здароўя мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў на адпаведнай тэрыторыi.

Арганiзацыi аховы здароўя вядуць зацверджаную ва ўстаноўленым парадку дакументацыю, прадстаўляюць адпаведным дзяржаўным органам справаздачы па формах i вiдах, у аб’ёмах i тэрмiны, устаноўленыя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Лiцэнзаванне медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi

Медыцынская i фармацэўтычная дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца фiзiчнымi i юрыдычнымi асобамi толькi пры наяўнасцi спецыяльнага дазволу (лiцэнзii).

Парадак i ўмовы выдачы спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) на ажыццяўленне медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi рэгулююцца актамi заканадаўства.

Пералiк вiдаў медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi, якiя могуць ажыццяўляцца толькi дзяржаўнымi арганiзацыямi аховы здароўя, вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Глава 3

Паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у галiне аховы здароўя насельнiцтва

Артыкул 13. Паўнамоцтвы дзяржаўных органаў у галiне аховы здароўя насельнiцтва

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь вызначае асноўныя напрамкi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне аховы здароўя насельнiцтва, стратэгiю яе развiцця, зацвярджае Нацыянальную канцэпцыю аховы здароўя насельнiцтва i нацыянальныя медыцынскiя праграмы, ажыццяўляе кантроль за захаваннем заканадаўства ў галiне аховы здароўя насельнiцтва.

Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь прымае законы па пытаннях аховы здароўя насельнiцтва i закон аб зацвярджэннi рэспублiканскага бюджэту на чарговы фiнансавы (бюджэтны) год, у якiм вызначаюцца расходы на ахову здароўя насельнiцтва.

Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляе дзяржаўную палiтыку ў галiне аховы здароўя насельнiцтва, рэалiзуе нацыянальныя медыцынскiя праграмы, распрацоўвае, зацвярджае i рэалiзуе дзяржаўныя праграмы па ахове здароўя насельнiцтва ў межах, якiя прадугледжаны заканадаўствам, каардынуе дзейнасць органаў дзяржаўнага кiравання, юрыдычных i фiзiчных асоб у галiне аховы здароўя насельнiцтва.

Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь не радзей чым адзiн раз у год дае справаздачу перад Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь аб ажыццяўленнi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне аховы здароўя насельнiцтва i аб стане здароўя насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Паўнамоцтвы органаў мясцовага кiравання i самакiравання ў галiне аховы здароўя насельнiцтва

Органы мясцовага кiравання i самакiравання забяспечваюць фiнансаванне дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый аховы здароўя, якiя знаходзяцца ў iх веданнi, рэалiзуюць нацыянальныя i дзяржаўныя праграмы па ахове здароўя насельнiцтва, распрацоўваюць, зацвярджаюць i рэалiзуюць рэгiянальныя медыцынскiя праграмы па развiццю аховы здароўя, каардынуюць дзейнасць падведамных органаў кiравання i самакiравання, юрыдычных i фiзiчных асоб у галiне аховы здароўя насельнiцтва, нясуць адказнасць за стан здароўя насельнiцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыi згодна з адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльным падзелам.

Глава 4

Кадравае i фiнансавае забеспячэнне аховы здароўя

Артыкул 15. Права на занятак медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцю

Права займацца медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцю маюць асобы, якiя атрымалi спецыяльную адукацыю i пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь. Пры допуску да медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi ў якасцi ўрача цi правiзара акрамя спецыяльнай адукацыi неабходны стажыроўка i наяўнасць сертыфiкату (пасведчання) па адпаведнай спецыяльнасцi, а ў прыватнай ахове здароўя — таксама стаж работы па лiнцэнзуемаму вiду дзейнасцi не менш як тры гады.

Пералiк устаноў адукацыi, заканчэнне якiх дае права займацца медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцю, парадак i ўмовы праходжання стажыроўкi, адпаведнасць медыцынскiх i фармацэўтычных спецыяльнасцяў займаемым пасадам, парадак допуску да медыцынскай дзейнасцi асоб, якiя не маюць медыцынскай адукацыi, вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi ў перыяд павышэння iх квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi, клiнiчныя ардынатары, аспiранты, студэнты i навучэнцы медыцынскiх устаноў адукацыi дапускаюцца да ўдзелу ў аказаннi медыцынскай дапамогi насельнiцтву ў адпаведнасцi з праграмамi навучання пад кантролем медыцынскага i фармацэўтычнага персаналу, якi нясе адказнасць за iх прафесiйную падрыхтоўку.

Асобы, якiя атрымалi вышэйшую медыцынскую адукацыю ў вышэйшых медыцынскіх установах адукацыі, прымаюць клятву ўрача Рэспублiкi Беларусь (клятву Гiпакрата). Тэкст клятвы ўрача Рэспублiкi Беларусь i парадак яе прыняцця вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з рэспублiканскiмi медыцынскiмi i фармацэўтычнымi грамадскiмi аб’яднаннямi.

Артыкул 16. Допуск замежных спецыялiстаў да медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь

Замежныя спецыялiсты, якiя маюць медыцынскую або фармацэўтычную адукацыю, дапускаюцца да медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у парадку, якi вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 17. Падрыхтоўка, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў

Падрыхтоўка, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў ажыццяўляюцца за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, фiзiчных i юрыдычных асоб.

Органы аховы здароўя абавязаны ствараць умовы медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам для павышэння iх прафесiйных ведаў.

Урачы, правiзары, сярэднi медыцынскi i фармацэўтычны персанал, якiя не працавалi па сваёй прафесii больш як тры гады, дапускаюцца да медыцынскай i фармацэўтычнай дзейнасцi толькi пасля праходжання перападрыхтоўкi.

Парадак падрыхтоўкi, павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў, прысваення iм квалiфiкацыйных катэгорый вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Фiнансаванне дзяржаўнай аховы здароўя

Фiнансаванне дзяржаўнай аховы здароўя ажыццяўляецца са сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў з разлiку патрэбнасцi расходаў на аказанне медыцынскай дапамогi на аднаго жыхара.

Крынiцамi фiнансавання дзяржаўных арганiзацый аховы здароўя з’яўляюцца:

сродкi рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў Рэспублiкi Беларусь;

даходы ад iх камерцыйнай дзейнасцi;

сродкi ад медыцынскiх вiдаў страхавання;

крэдыты банкаў;

добраахвотныя ахвяраваннi фiзiчных i юрыдычных асоб;

iншыя крынiцы, не забароненыя заканадаўствам.

Глава 5

Медыцынская дапамога

Артыкул 19. Арганiзацыя аказання медыцынскай дапамогi насельнiцтву

У мэтах прафiлактыкi захворванняў, няспыннасцi медыцынскага нагляду i лячэння грамадзяне Рэспублiкi Беларусь замацоўваюцца за арганiзацыямi аховы здароўя па месцы жыхарства, а пры наяўнасцi ведамасных арганiзацый аховы здароўя — таксама i па месцы работы, службы, вучобы.

Арганiзацыi аховы здароўя забяспечваюць насельнiцтва неабходнай медыцынскай дапамогай, накiроўваюць хворых па медыцынскiх паказаннях на абследаванне i лячэнне ў iншыя арганiзацыi аховы здароўя ў парадку, якi вызначаецца органамi аховы здароўя.

Парадак аказання медыцынскай дапамогi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь па-за месцам iх жыхарства вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Падставы i парадак накiравання грамадзян Рэспублiкi Беларусь на кансультацыю i лячэнне за межы Рэспублiкi Беларусь за кошт бюджэтных сродкаў вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Медыцынская дапамога i лекавае забеспячэнне ваеннаслужачых, асоб начальнiцкага i радавога складу органаў унутраных спраў, а таксама членаў iх сем’яў ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Асобам, якiя знаходзяцца пад следствам i ў месцах пазбаўлення волi, гарантуецца аказанне неабходнай медыцынскай дапамогi.

Кожны асуджаны падлягае медыцынскаму агляду пры накiраваннi ў месцы пазбаўлення волi.

Арганiзацыя медыцынскай дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца на падставе дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў, што ўстанаўлiваюцца заканадаўствам у галiне аховы здароўя.

Кожны грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь таксама мае права атрымаць медыцынскую дапамогу ў любой арганiзацыi аховы здароўя i ў любога медыцынскага работнiка прыватнай аховы здароўя па свайму выбару за кошт уласных сродкаў або сродкаў фiзiчных цi юрыдычных асоб.

Медыцынская дапамога аказваецца ананiмна ў парадку i на ўмовах, якiя вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 20. Вiды медыцынскай дапамогi

Медыцынская дапамога насельнiцтву ўключае першасную медыка-санiтарную дапамогу (у тым лiку хуткую медыцынскую дапамогу) i спецыялiзаваную медыцынскую дапамогу.

Першасная медыка-санiтарная дапамога з’яўляецца асноўным i даступным для кожнага чалавека вiдам медыцынскай дапамогi i ўключае лячэнне найбольш распаўсюджаных хвароб, траўмаў, атручэнняў i iншых неадкладных станаў, родадапамогу, правядзенне санiтарна-гiгiенiчных i процiэпiдэмiчных мерапрыемстваў, медыцынскую прафiлактыку захворванняў, гiгiенiчнае навучанне, правядзенне мераў па планаванню сям’i, ахове мацярынства, бацькоўства i дзяцiнства, правядзенне iншых мерапрыемстваў.

Спецыялiзаваная медыцынская дапамога аказваецца ўрачамi-спецыялiстамi пры захворваннях, якiя патрабуюць спецыяльных метадаў дыягностыкi, лячэння i выкарыстання складаных медыцынскiх тэхналогiй.

Артыкул 21. Хуткая медыцынская дапамога

Хуткая медыцынская дапамога — вiд медыцынскай дапамогi, якая аказваецца пацыентам па жыццёвых паказаннях

Хуткая медыцынская дапамога аказваецца пацыентам пры стане, якi патрабуе тэрмiновага медыцынскага ўмяшання (няшчасны выпадак, траўма, атручэнне, iншы стан i захворваннi), i ажыццяўляецца неадкладна дзяржаўнай службай хуткай медыцынскай дапамогi.

За беспадстаўны выклiк хуткай дапамогi вiнаватыя асобы нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 22. Санаторна-курортнае лячэнне

Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права атрымлiваць лячэнне ў санаторыях i санаторыях-прафiлакторыях за кошт уласных сродкаў, сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, сродкаў фiзiчных i юрыдычных асоб.

Лячэнне дзяцей у дзiцячых санаторыях i санаторыях для бацькоў з дзецьмi ажыццяўляецца бясплатна.

Паказаннi i процiпаказаннi для санаторна-курортнага лячэння, а таксама парадак адбору i накiравання грамадзян на санаторна-курортнае лячэнне вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 23. Абавязак садзейнiчання медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам

Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы, службовыя асобы i грамадзяне абавязаны садзейнiчаць медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам у аказаннi медыцынскай дапамогi.

Пры пагрозе жыццю чалавека медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi маюць права выкарыстоўваць любы вiд транспарту, якi ёсць у дадзенай абстаноўцы, для праезду да месца знаходжання хворага або для яго транспарцiроўкi ў блiжэйшую арганiзацыю аховы здароўя. У выпадку адмовы выканаць законнае патрабаванне медыцынскага або фармацэўтычнага работнiка аб прадастаўленнi транспарту службовая асоба або ўладальнiк транспартнага сродку нясуць адказнасць, устаноўленую заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Парадак кампенсацыi расходаў, звязаных з аказаннем медыцынскай дапамогi пры пагрозе жыццю чалавека, вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 24. Правiлы ўнутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя для пацыентаў

У мэтах бесперашкоднай рэалiзацыi права грамадзян на ахову здароўя арганiзацыi аховы здароўя, якiя аказваюць медыцынскую дапамогу, зацвярджаюць правiлы ўнутранага распарадку для пацыентаў. З правiламi ўнутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя пацыенты знаёмяцца вусна, а пры знаходжаннi на стацыянарным лячэннi — пiсьмова.

Тыпавыя правiлы ўнутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя для пацыентаў зацвярджаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

У правiлах унутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя для пацыентаў павiнны быць указаны:

парадак звароту пацыента ў арганiзацыю аховы здароўя;

парадак шпiталiзацыi i выпiскi пацыента;

правы i абавязкi пацыента;

парадак вырашэння канфлiктных сiтуацый памiж арганiзацыяй аховы здароўя i пацыентам;

парадак прадастаўлення iнфармацыi аб стане здароўя пацыента;

парадак выдачы даведак, выпiсак з медыцынскай дакументацыi пацыенту або iншым асобам;

час работы арганiзацыi аховы здароўя i яе службовых асоб;

iнфармацыя аб пералiку платных медыцынскiх паслуг i парадку iх аказання;

iншыя звесткi, якiя маюць iстотнае значэнне для рэалiзацыi правоў пацыента.

Артыкул 25. Лечачы ўрач

Лечачым урачом з’яўляецца ўрач, якi аказвае медыцынскую дапамогу пацыенту ў перыяд яго назiрання i лячэння ў арганiзацыi аховы здароўя. Кiраўнiкi арганiзацый аховы здароўя замацоўваюць пацыентаў з iх згоды за лечачымi ўрачамi.

Лечачы ўрач арганiзуе своечасовае i квалiфiкаванае абследаванне i лячэнне пацыентаў, прадастаўляе iнфармацыю аб стане iх здароўя, у выпадку неабходнасцi ставiць пытанне перад кiраўнiцтвам арганiзацыi аховы здароўя аб правядзеннi кансультацый (кансiлiумаў).

Парадак правядзення кансультацый (кансiлiумаў) вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Рашэнне аб прымяненнi метадаў дыягностыкi i лячэння, якiя змешчаны ў заключэннях кансультанта (кансiлiуму), прымае лечачы ўрач, а ў перыяд яго адсутнасцi — дзяжурны ўрач. У выпадку нязгоды лечачага ўрача з заключэннем кансультанта (кансiлiуму) такое рашэнне прымае кiраўнiцтва арганiзацыi аховы здароўя.

Кансультанты i члены кансiлiумаў нясуць адказнасць за правiльнасць устаноўленага iмi дыягназу i адэкватнасць назначанага лячэння.

У выпадку незахавання пацыентам без уважлiвай прычыны ўрачэбных прадпiсанняў або правiлаў унутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя для пацыентаў лечачы ўрач з дазволу кiраўнiцтва арганiзацыi аховы здароўя можа адмовiцца ад назiрання i лячэння пацыента, калi гэта не пагражае жыццю пацыента або здароўю навакольных.

Артыкул 26. Метады i сродкi прафiлактыкi, дыягностыкi, лячэння, рэабiлiтацыi i пратэзавання i парадак iх прымянення

У медыцынскай практыцы прымяняюцца метады i сродкi прафiлактыкi, дыягностыкi, лячэння, рэабiлiтацыi i пратэзавання, дазволеныя Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

У выключных выпадках у iнтарэсах пацыента дапусцiма прымяненне навукова абгрунтаваных, але яшчэ не дазволеных ва ўстаноўленым парадку да прымянення метадаў i сродкаў прафiлактыкi, дыягностыкi, лячэння, рэабiлiтацыi i пратэзавання. Рашэнне аб iх прымяненнi прымаецца з пiсьмовай згоды пацыента, а ў адносiнах да:

асоб, якiя не дасягнулi васемнаццацiгадовага ўзросту, калi па закону яны раней не набылi грамадзянскую дзеяздольнасць у поўным аб’ёме (далей — непаўналетнiя), — з пiсьмовай згоды аднаго з бацькоў, усынавiцеляў, апекуноў, папячыцеляў (далей — законныя прадстаўнiкi);

асоб, якiя прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымi, — з пiсьмовай згоды iх законных прадстаўнiкоў;

пацыентаў, якiя не здольныя па стану здароўя да прыняцця ўсвядомленага рашэння, — з пiсьмовай згоды мужа цi жонкi, а пры iх адсутнасцi — блiзкiх сваякоў.

Пры адсутнасцi або немагчымасцi ўстанавiць месцазнаходжанне асоб, указаных у частцы другой гэтага артыкула, рашэнне прымаецца кансiлiумам урачоў.

Парадак прымянення метадаў i сродкаў прафiлактыкi, дыягностыкi лячэння, рэабiлiтацыi i пратэзавання вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 27. Згода на медыцынскае ўмяшанне

Неабходнай папярэдняй умовай медыцынскага ўмяшання з’яўляецца добраахвотная згода iнфармаванага пацыента.

Складаныя медыцынскiя ўмяшаннi (хiрургiчныя аперацыi, пералiванне крывi, складаныя метады дыягностыкi) праводзяцца з пiсьмовай згоды пацыента, азнаёмленага з iх мэтай i магчымымi вынiкамi.

У адносiнах да непаўналетнiх i асоб, якiя прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымi, згоду даюць iх законныя прадстаўнiкi, а ў адносiнах да пацыентаў, якiя не здольныя па стану здароўя да прыняцця ўсвядомланага рашэння, — муж, а пры яго адсутнасцi — блiзкiя сваякi.

Згода на медыцынскае ўмяшанне афармляецца запiсам у медыцынскай дакументацыi i падпiсваецца пацыентам або асобамi, указанымi ў частцы трэцяй гэтага артыкула.

У выпадку, калi медыцынскае ўмяшанне неадкладнае, а ўказаныя асобы адсутнiчаюць або ўстанавiць iх месцазнаходжанне немагчыма, рашэнне прымаецца кансiлiумам урачоў, пры немагчымасцi сабраць яго — урачом, якi аказвае медыцынскую дапамогу, з афармленнем запiсу ў медыцынскай дакументацыi з наступным паведамленнем службовым асобам арганiзацыi аховы здароўя i iншым асобам, указаным у гэтым артыкуле.

Згода на медыцынскае ўмяшанне можа быць у любы момант адклiкана, за выключэннем выпадкаў, калi ўрачы ўжо пачалi медыцынскае ўмяшанне i яго спыненне або вяртанне да першапачатковага стану немагчымыя або звязаны з пагрозай для жыцця цi здароўя пацыента. Адклiканне згоды афармляецца запiсам у медыцынскай дакументацыi i падпiсваецца пацыентам або асобамi, указанымi ў частцы трэцяй гэтага артыкула.

Артыкул 28. Адмова ад медыцынскага ўмяшання, шпiталiзацыi

Пацыент або асобы, указаныя ў частцы трэцяй артыкула 27 гэтага Закона, маюць права адмовiцца ад шпiталiзацыi, медыцынскага ўмяшання, або патрабаваць іх спынення, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай шостай артыкула 27 i артыкуламi 45 i 46 гэтага Закона.

Пры адмове пацыента ад медыцынскага ўмяшання, шпiталiзацыi яму або асобам, указаным у частцы трэцяй артыкула 27 гэтага Закона, у даступнай форме павiнны быць растлумачаны магчымыя вынiкi адмовы.

Адмова ад медыцынскага ўмяшання, а таксама ад шпiталiзацыi з указаннем магчымых вынiкаў афармляецца запiсам у медыцынскай дакументацыi i падпiсваецца пацыентам або асобамi, указанымi ў частцы трэцяй артыкула 27 гэтага Закона, а таксама медыцынскiм работнiкам.

Артыкул 29. Правы i абавязкi пацыента

Пры звароце па медыцынскую дапамогу i яе атрыманнi пацыент мае права на:

паважлiвыя i гуманныя адносiны з боку медыцынскiх работнiкаў i iншых асоб, якiя ўдзельнiчаюць у аказаннi медыцынскай дапамогi;

iнфармацыю аб iменi, прозвiшчы, пасадзе i квалiфiкацыi ўрача, якi яго лечыць, i iншых асоб, што непасрэдна ўдзельнiчаюць у аказаннi яму медыцынскай дапамогi;

абследаванне, лячэнне i знаходжанне ў арганiзацыi аховы здароўя ва ўмовах, якiя адпавядаюць санiтарна-гiгiенiчным i процiэпiдэмiчным патрабаванням;

палягчэнне болю, звязанага з захворваннем i (або) медыцынскiм умяшаннем, даступнымi спосабамi i сродкамi;

перавод да iншага лечачага ўрача з дазволу кiраўнiка арганiзацыi аховы здароўя (яе структурнага падраздзялення);

адмову ад аказання (спыненне) медыцынскай дапамогi, ад шпiталiзацыi, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных гэтым Законам;

абскарджанне пастаўленага дыягназу, прымяняемых метадаў абследавання i лячэння, арганiзацыi аказання медыцынскай дапамогi;

захаванне медыцынскiмi работнiкамi ў тайне iнфармацыi аб факце яго звароту па медыцынскую дапамогу, стане здароўя, дыягназе i iншых звестках, атрыманых пры яго абследаваннi i лячэннi, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымi актамi;

атрыманне ў даступнай для яго форме iнфармацыi аб стане свайго здароўя, прымяняемых метадах дыягностыкi i лячэння, а таксама на выбар асоб, якiм можа быць перададзена iнфармацыя аб стане яго здароўя.

Пры знаходжаннi на стацыянарным лячэннi пацыент мае права на допуск да яго свяшчэннаслужыцеля, а таксама на прадастаўленне ўмоў для адпраўлення рэлiгiйных абрадаў, калi гэта не парушае правiлаў унутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя для пацыентаў, санiтарна-гiгiенiчных i процiэпiдэмiчных патрабаванняў.

У выпадку парушэння правоў пацыента ён можа звяртацца са скаргай да службовых асоб арганiзацыi аховы здароўя, у якой яму аказваецца медыцынская дапамога, а таксама да службовых асоб дзяржаўных органаў або ў суд.

Пацыент абавязаны:

прымаць меры да захавання i ўмацавання свайго здароўя;

паважлiва адносiцца да медыцынскiх работнiкаў i iншых асоб, якiя ўдзельнiчаюць у аказаннi медыцынскай дапамогi;

прадастаўляць асобе, якая аказвае медыцынскую дапамогу, вядомую яму iнфармацыю аб стане свайго здароўя, у тым лiку аб процiпаказаннях да прымянення лекавых сродкаў, раней перанесеных i спадчынных захворваннях;

выконваць медыцынскiя прадпiсаннi;

захоўваць правiлы ўнутранага распарадку арганiзацыi аховы здароўя для пацыентаў i беражлiва адносiцца да маёмасцi арганiзацыi аховы здароўя.

Артыкул 30. Прадастаўленне iнфармацыi аб стане здароўя пацыента

Лечачы ўрач, загадчык аддзялення, iншыя службовыя асобы арганiзацыi аховы здароўя прадастаўляюць у даступнай для пацыента форме iнфармацыю аб стане яго здароўя, уключаючы звесткi аб вынiках абследавання, наяўнасцi захворвання, дыягназе i прагнозе, метадах абследавання i лячэння, звязаных з iмi рызыкай, магчымых варыянтах медыцынскага ўмяшання, аб iх вынiках, аб вынiках праведзенага лячэння i магчымых ускладненнях.

Iнфармацыя аб стане здароўя пацыента паведамляецца членам яго сям’i, калi пацыент не забаранiў паведамляць iм аб гэтым або не назначыў асобу, якой павiнна быць перададзена такая iнфармацыя.

У адносiнах да непаўналетнiх i асоб, прызнаных ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымi, iнфармацыя аб стане здароўя пацыента прадастаўляецца iх законнаму прадстаўнiку, а ў адносiнах да пацыентаў, якiя па стану здароўя не здольны прыняць ўсвядомленае рашэнне, — мужу, а пры яго адсутнасцi — блiзкiм сваякам.

У выпадку адмовы пацыента ад атрымання iнфармацыi аб стане свайго здароўя робiцца адпаведны запiс у медыцынскай дакументацыi.

Iнфармацыя павiнна паведамляцца ў форме, якая адпавядае патрабаванням медыцынскай этыкi i дэанталогii.

Iнфармацыя, змешчаная ў медыцынскай дакументацыi, складае ўрачэбную тайну i можа прадастаўляцца без згоды пацыента толькi на падставах, прадугледжаных заканадаўчымi актамi.

Артыкул 31. Правядзенне клiнiчных i медыка-бiялагiчных даследаванняў на чалавеку

Клiнiчныя i медыка-бiялагiчныя даследаваннi на чалавеку могуць праводзiцца з лячэбнай мэтай у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя. Клiнiчныя i медыка-бiялагiчныя даследаваннi могуць праводзiцца на чалавеку пры пацвярджэннi iх навуковай абгрунтаванасцi толькi з пiсьмовай згоды асобы, якая падвяргаецца даследаванню, азнаёмлена з мэтамi, працягласцю, чаканымi вынiкамi i магчымымi вынiкамi для яго здароўя. Згода афармляецца запiсам у медыцынскай дакументацыi.

Клiнiчныя i медыка-бiялагiчныя даследаваннi на чалавеку павiнны быць спынены па патрабаванню асобы, якая падвяргаецца даследаванню (у адносiнах да непаўналетнiх — па патрабаванню аднаго з бацькоў), а таксама ў выпадку ўзнiкнення пагрозы яго жыццю або здароўю.

Не дапускаецца правядзенне клiнiчных i медыка-бiялагiчных даследаванняў на цяжарных жанчынах i непаўналетнiх, за выключэннем выпадкаў, калi даследаванне праводзiцца для дыягностыкi i лячэння выключна гэтай катэгорыi асоб. Даследаваннi ў адносiнах да непаўналетнiх праводзяцца з пiсьмовай згоды аднаго з бацькоў.

Забараняецца правядзенне клiнiчных i медыка-бiялагiчных даследаванняў на:

непаўналетнiх, якiя засталiся без апекi бацькоў;

ваеннаслужачых;

асуджаных, а таксама на асобах, якiя знаходзяцца пад вартай;

асобах, якiя прызнаны ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымi, а таксама пакутуюць псiхiчнымi расстройствамi (захворваннямi), прымусова шпiталiзаваных i якiя знаходзяцца на прымусовым лячэннi ў псiхiятрычным стацыянары.

Парадак правядзення клiнiчных i медыка-бiялагiчных даследаванняў на чалавеку i парадак допуску спецыялiстаў да iх правядзення вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Дазвол на правядзенне клiнiчных i медыка-бiялагiчных даследаванняў на чалавеку выдаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 32. Забеспячэнне сродкамi рэабiлiтацыi

Асобы, якiя маюць патрэбу ў пратэзных, артапедычных i карыгiруючых вырабах, транспартных i спецыяльных сродках перамяшчэння i iншых тэхнiчных сродках рэабiлiтацыi, забяспечваюцца iмi на ўмовах i ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 33. Штучнае апладненне

Штучнае апладненне (экстракарпаральнае апладненне, падсадка эмбрыёна, штучная iнсемiнацыя) праводзiцца ў арганiзацыях аховы здароўя па пiсьмовай заяве жанчыны, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту (для жанчыны, якая знаходзiцца ў шлюбе, — са згоды мужа), у парадку, якi вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Жанчыне папярэдне прадастаўляецца iнфармацыя аб працэдуры штучнага апладнення, яе медыцынскiх i прававых вынiках, даных медыка-генетычнага абследавання, знешнiх даных i нацыянальнасцi донара.

Звесткi аб праведзеным штучным апладненнi, а таксама аб асобе донара складаюць урачэбную тайну.

Артыкул 34. Прымяненне метадаў стэрылiзацыi

Медыцынская стэрылiзацыя як медыцынскае ўмяшанне ў мэтах пазбаўлення здольнасцi да ўзнаўлення патомства або як метад кантрацэпцыi праводзiцца ў арганiзацыях аховы здароўя толькi па пiсьмовай заяве паўналетняга пацыента.

Парадак правядзення стэрылiзацыi вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 35. Штучнае спыненне цяжарнасцi

Аперацыя штучнага спынення цяжарнасцi (аборт) тэрмiнам не больш за 12 тыдняў праводзiцца ў арганiзацыях аховы здароўя па жаданню жанчыны. Пры наяўнасцi сацыяльных паказанняў i жадання жанчыны дапускаецца штучнае спыненне цяжарнасцi тэрмiнам не больш за 22 тыднi ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя.

Пры наяўнасцi медыцынскiх паказанняў i згоды жанчыны штучнае спыненне цяжарнасцi праводзiцца ў арганiзацыях аховы здароўя незалежна ад тэрмiну цяжарнасцi.

Пералiк сацыяльных паказанняў для штучнага спынення цяжарнасцi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Пералік медыцынскіх паказанняў для штучнага спынення цяжарнасці вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 36. Змяненне, карэкцыя палавой прыналежнасцi

Змяненне, карэкцыя палавой прыналежнасцi праводзяцца ў арганiзацыях аховы здароўя шляхам медыцынскага ўмяшання па жаданню паўналетняга пацыента ў адпаведнасцi з медыка-бiялагiчнымi i сацыяльна-псiхалагiчнымi паказаннямi ў парадку, якi вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 37. Аказанне медыцынскай дапамогi пацыенту ў крытычным для жыцця стане

Пацыенту, якi знаходзiцца ў крытычным для жыцця стане, медыцынская дапамога павiнна аказвацца ў аб’ёме лячэбна-дыягнастычных магчымасцяў арганiзацыi аховы здароўя, што аказвае медыцынскую дапамогу, з правядзеннем неабходных арганiзацыйных i кансультатыўных мерапрыемстваў.

Актыўныя меры па падтрыманню жыцця пацыента спыняюцца пасля канстатацыi бiялагiчнай смерцi. Парадак канстатацыi бiялагiчнай смерцi i спынення прымянення мераў па штучнаму падтрыманню жыцця пацыента вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 38. Эўтаназiя

Эўтаназiя — добраахвотная, узгодненая з урачом смерць невылечнага хворага з дапамогай спецыяльных абязбольваючых сродкаў.

Медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам забараняецца ажыццяўленне эўтаназii. Асоба, якая свядома штурхае пацыента да эўтаназii i (або) ажыццяўляе эўтаназiю, нясе крымiнальную адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 39. Анатамiчны дар

Анатамiчным дарам лiчыцца дабраахвотная, зробленая пры дапамозе пiсьмовага распараджэння перадача дзеяздольнай асобай свайго цела (яго частак, органаў i тканак) у арганiзацыю аховы здароўя або вышэйшую медыцынскую ўстанову адукацыi для выкарыстання ў навучальным працэсе i навуковых даследаваннях.

Грамадзянiн мае права аформiць у натарыяльным парадку распараджэнне аб анатамiчным дары i адмянiць сваё распараджэнне.

Права на выкарыстанне анатамiчнага дара ўзнiкае пасля канстатацыi бiялагiчнай смерцi грамадзянiна, якi распарадзiўся аб анатамiчным дары.

Парадак i ўмовы перадачы анатамiчнага дара вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 40. Кампенсацыя арганiзацыям аховы здароўя расходаў на аказанне медыцынскай дапамогi

Фiзiчныя i юрыдычныя асобы, якiя нанеслi шкоду здароўю грамадзян, кампенсуюць арганiзацыям аховы здароўя расходы на дыягностыку, лячэнне, рэабiлiтацыю, пратэзаванне гэтых асоб у выпадках:

аварый або парушэнняў тэхналагiчных працэсаў, якiя пацягнулi за сабой пагаршэнне або страту здароўя грамадзян;

атрымання работнiкам працоўнага калецтва або iншага пашкоджання здароўя, звязанага з выкананнем працоўных абавязкаў;

атрымання грамадзянiнам калецтва або iншага пашкоджання здароўя ад процiпраўных дзеянняў.

Парадак кампенсацыi арганiзацыям аховы здароўя расходаў на аказанне медыцынскай дапамогi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 6

Ахова здароўя мацi i дзiцяцi

Артыкул 41. Правы грамадзян па папярэджанню спадчынных захворванняў

Кожны грамадзянiн мае права па медыцынскiх паказаннях на бясплатныя кансультацыi па пытаннях планавання сям’i, па медыка-псiхалагiчных аспектах сямейна-шлюбных адносiнаў, а таксама на медыка-генетычныя i iншыя абследаваннi ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя з мэтай папярэджання магчымых спадчынных захворванняў у нашчадкаў.

Артыкул 42. Гарантыi аховы здароўя мацi i дзiцяцi

У Рэспублiцы Беларусь мацярынства ахоўваецца i заахвочваецца дзяржавай.

Жанчынам ствараюцца ўмовы, якiя даюць магчымасць спалучаць працу з мацярынствам, забяспечваюцца прававая ахова, матэрыяльная i маральная падтрымка мацярынства i дзяцiнства.

Цяжарнай жанчыне гарантуецца медыцынскi нагляд у дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя, стацыянарная медыцынская дапамога ў час i пасля родаў, а таксама лячэбна-прафiлактычная дапамога i медыцынскi нагляд за нованароджаным.

Дзяржава гарантуе цяжарным жанчынам, кормячым мацi, а таксама дзецям ва ўзросце да трох гадоў паўнацэннае харчаванне, у тым лiку ў выпадку неабходнасцi забяспечвае iх прадуктамi харчавання праз спецыялiзаваныя пункты харчавання i магазiны па медыцынскаму заключэнню ў парадку, якi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 43. Арганiзацыя аказання медыцынскай дапамогi дзецям i падлеткам

Дзяржаўныя арганiзацыi аховы здароўя ажыццяўляюць нагляд дзяцей i падлеткаў ва ўзросце да васемнаццацi гадоў.

Пры стацыянарным лячэннi дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, а таксама дзяцей ва ўзросце да чатырнаццацi гадоў (дзiцяцi-iнвалiда — да васемнаццацi гадоў), якiя патрабуюць, па заключэнню ўрача, дадатковага догляду, аднаму з бацькоў або асобе, якая фактычна ажыццяўляе догляд за дзiцем, прадастаўляецца магчымасць знаходзiцца з iм у арганiзацыi аховы здароўя.

Мацi з дзецьмi ва ўзросце да трох гадоў пры стацыянарным лячэннi дзiцяцi ў дзяржаўнай арганiзацыi аховы здароўя забяспечваюцца ўмовамi для дадатковага догляду за iм i харчаваннем за кошт сродкаў рэспублiканскага або мясцовых бюджэтаў.

Непаўналетнiя з недахопамi фiзiчнага або псiхiчнага развiцця ўтрымлiваюцца ў арганiзацыях аховы здароўя, сiстэмы сацыяльнай абароны за кошт сродкаў рэспублiканскага або мясцовых бюджэтаў, дабрачынных сродкаў, а таксама сродкаў бацькоў або iншых асоб.

Дзецi ва ўзросце да трох гадоў i дзецi-iнвалiды ва ўзросце да васемнаццацi гадоў забяспечваюцца лекавымi сродкамi бясплатна па рэцэптах лечачага ўрача ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 7

Медыцынскае забеспячэнне асоб, якiя пакутуюць ад захворванняў, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва

Артыкул 44. Спецыяльныя меры прафiлактыкi захворванняў, лячэнне асоб, якiя маюць захворваннi, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва

Дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi аховы здароўя арганiзуюць i ажыццяўляюць спецыяльныя меры прафiлактыкi захворванняў i лячэнне асоб, якiя пакутуюць ад хвароб, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва.

Пералiк захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Медыцынскi агляд асоб на наяўнасць у iх захворванняў, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, ажыццяўляецца ў добраахвотным або прымусовым парадку.

Артыкул 45. Медыцынскi агляд асоб на наяўнасць у iх захворванняў, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва

Асобы, у адносiнах да якiх ёсць дастатковыя падставы лiчыць, што яны маюць захворваннi, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, i ўхiляюцца ад медыцынскага агляду, могуць быць падвергнуты прымусоваму агляду ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя па рашэнню арганiзацыi аховы здароўя з санкцыi пракурора.

Медыцынскi агляд замежных грамадзян i асоб без грамадзянства на наяўнасць або адсутнасць захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, праводзiцца на агульных падставах.

Дыпламатычныя супрацоўнiкi замежных дыпламатычных прадстаўнiцтваў i консульскiх устаноў, iншыя асобы, якiя карыстаюцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь дыпламатычнымi прывiлеямi i iмунiтэтам, могуць быць агледжаны на наяўнасць захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, толькi з iх згоды. Прапанова такiм асобам прайсцi агляд Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь папярэдне ўзгадняе з Мiнiстэрствам замежных спраў Рэспублiкi Беларусь.

Асобы, якiя жадаюць прайсцi добраахвотны медыцынскi агляд для вызначэння наяўнасцi або адсутнасцi ў iх захворванняў, якiя ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, маюць права на ананiмны медыцынскi агляд.

Парадак i ўмовы прымусовага медыцынскага агляду, шпiталiзацыi i лячэння асоб, якiя маюць хваробы, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, вызначаюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 46. Прымусовая шпiталiзацыя i лячэнне асоб, якiя маюць хваробы, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва

Асобы, якiя маюць захворваннi, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, у выпадку ўхiлення ад лячэння могуць быць падвергнуты прымусовай шпiталiзацыi i лячэнню ў дзяржаўных арганiзацыях аховы здароўя па рашэнню суда ў парадку i на ўмовах, якiя вызначаюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя маюць захворваннi, што ўяўляюць небяспеку для здароўя насельнiцтва, i адмаўляюцца ад лячэння, могуць быць выдвараны за межы Рэспублiкi Беларусь у парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 47. Папярэджанне асоб аб наяўнасцi ў iх венерычных захворванняў або вiруса iмунадэфiцыту чалавека

Асобы, у адносiнах да якiх атрыманы даныя аб наяўнасцi венерычных захворванняў або заражэннi вiрусам iмунадэфiцыту чалавека, папярэджваюцца арганiзацыямi аховы здароўя ў пiсьмовай форме аб наяўнасцi ў iх такiх захворванняў, аб неабходнасцi захавання мераў перасцярогi па нераспаўсюджанню гэтых захворванняў i аб крымiнальнай адказнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам за заведамае пастаўленне ў небяспеку заражэння або заражэнне iншай асобы.

Артыкул 48. Парадак арганiзацыi медыцынскай дапамогi асобам, якiя пакутуюць ад хранiчнага алкагалiзму, наркаманii i таксiкаманii

Дзяржава забяспечвае сiстэму мераў па папярэджанню i лячэнню алкагалiзму, наркаманii i таксiкаманii.

Парадак прызнання асобы хворай на хранiчны алкагалiзм, наркаманiю i таксiкаманiю вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Прымусовае абследаванне ў мэтах устанаўлення дыягназу хранiчнага алкагалiзму, наркаманii i таксiкаманii ажццяўляецца на падставе пастановы органаў унутраных спраў, а прымусовае лячэнне — па рашэнню суда ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 8

Медыцынская экспертыза

Артыкул 49. Медыка-сацыяльная экспертыза

Экспертыза часовай непрацаздольнасцi грамадзян праводзiцца ў арганiзацыях аховы здароўя лечачым урачом або ўрачэбна-кансультацыйнай камiсiяй, якая назначаецца кiраўнiком арганiзацыi аховы здароўя ў парадку, што вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Часовая непрацаздольнасць пацвярджаецца дакументам, якi з’яўляецца падставай для вызвалення грамадзянiна ад работы i вучобы.

Экспертыза парушэння жыццядзейнасцi грамадзян ажыццяўляецца медыка-рэабiлiтацыйнымi экспертнымi камiсiямi.

Заключэннi медыка-рэабiлiтацыйных экспертных камiсiй аб умовах i характары працы iнвалiдаў з’яўляюцца абавязковымi для наймальнiкаў. Наймальнiкi, якiя не выконваюць заключэннi медыка-рэабiлiтацыйных экспертных камiсiй, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Парадак правядзення экспертызы парушэння жыццядзейнасцi грамадзян вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 50. Судова-медыцынская i судова-псiхiятрычная экспертызы

Судова-медыцынская i судова-псiхiятрычная экспертызы праводзяцца па пастанове асобы, якая праводзiць дазнанне, следчага, пракурора, а таксама па вызначэнню суда.

Парадак правядзення судова-медыцынскай i судова-псiхiятрычнай экспертыз вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 51. Ваенна-ўрачэбная экспертыза

Ваенна-урачэбная экспертыза вызначае годнасць грамадзян па стану здароўя да ваеннай службы, службы ў органах унутраных спраў, устанаўлiвае прычынную сувязь калецтва (ранення, траўмы, кантузii), захворвання з ваеннай службай, службай у органах унутраных спраў.

Арганiзацыя i парадак правядзення ваенна-ўрачэбнай экспертызы, медыцынскага агляду грамадзян, звязаных з ваеннай службай, службай у органах унутраных спраў, ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 52. Патолагаанатамiчнае даследаванне

Патолагаанатамiчнае даследаванне (аутапсiя) праводзiцца арганiзацыямi дзяржаўнай патолагаанатамiчнай службы ў мэтах высвятлення характару паталагiчных змяненняў у органах i тканках чалавека i ўстанаўлення прычыны смерцi.

Патолагаанатамiчнае даследаванне праводзiцца, як правiла, са згоды хоць бы аднаго паўналетняга члена сям’i памёршага, а пры адсутнасцi такiх членаў сям’i — са згоды яго блiзкiх сваякоў або законнага прадстаўнiка. Парадак правядзення патолагаанатамiчнага даследавання i пералiк выпадкаў, пры якiх праводзiцца абавязковае патолагаанатамiчнае даследаванне, вызначаюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 53. Незалежная медыцынская экспертыза

Пры нязгодзе грамадзян з заключэннем медыка-рэабiлiтацыйнай экспертнай камiсii, ваенна-ўрачэбнай экспертызы па iх заяве праводзiцца незалежная медыцынская экспертыза адпаведнага вiду.

Экспертыза прызнаецца незалежнай, калi эксперт або члены камiсii, якiя праводзяць яе, не знаходзяцца ў службовай або iншай залежнасцi ад арганiзацыi цi камiсii, якiя праводзяць медыцынскую экспертызу, а таксама ад дзяржаўных органаў, арганiзацый, службовых асоб i грамадзян, зацiкаўленых у вынiках незалежнай экспертызы.

Пры правядзеннi незалежнай медыцынскай экспертызы грамадзянам прадастаўляецца права выбару экспертнай установы i экспертаў.

Пры нязгодзе грамадзян з заключэннем канчатковае рашэнне па вынiках медыцынскай экспертызы выносiцца судом.

Палажэнне аб незалежнай медыцынскай экспертызе зацвярджаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Глава 9

Забеспячэнне лекавымi сродкамi, вырабамi медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкай

Артыкул 54. Парадак забеспячэння лекавымi сродкамi, вырабамi медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкай

Вытворчасць, рэалiзацыя i прымяненне лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi дазваляюцца толькi пасля праходжання дзяржаўнай рэгiстрацыi i сертыфiкацыi ў парадку, якi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Для правядзення навукова-даследчых работ i клiнiчных выпрабаванняў дапускаецца прымяненне, а для выставачнай дзейнасцi — увоз лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi, не зарэгiстраваных у Рэспублiцы Беларусь, з дазволу Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Пры абмулаторным лячэннi забеспячэнне лекавымi сродкамi i вырабамi медыцынскага прызначэння ажыццяўляецца за кошт сродкаў грамадзян, юрыдычных асоб, а таксама за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў у выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Парадак iльготнага забеспячэння грамадзян лекавымi сродкамi ў межах пералiку асноўных лекавых сродкаў, а таксама вырабамi медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкай вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Пералiк лекавых сродкаў, якiя адпускаюцца па рэцэптах або без рэцэпта ўрача, парадак выпiскi рэцэптаў i водпуску грамадзянам лекавых сродкаў устанаўлiваюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Пры стацыянарным лячэннi ў дзяржаўных установах аховы здароўя грамадзяне забяспечваюцца лекавымi сродкамi ў межах пералiку асноўных лекавых сродкаў за кошт сродкаў рэспублiканскага або мясцовых бюджэтаў. Пералiк асноўных лекавых сродкаў вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 55. Парадак увозу, вывазу, захоўвання i знiшчэння лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi.

Увоз, вываз, захоўванне i знiшчэнне лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi ажыццяўляюцца ў парадку, якi вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 56. Дзяржаўны кантроль за вытворчасцю, захоўваннем, рэалiзацыяй i якасцю лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi

Дзяржаўны кантроль за вытворчасцю, захоўваннем, рэалiзацыяй i якасцю лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння i медыцынскай тэхнiкi ажыццяўляецца ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Глава 10

Правы, абавязкi i сацыяльная абарона медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў

Артыкул 57. Правы медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi пры ажыццяўленнi префесiйнай дзейнасцi маюць права на:

забеспячэнне ўмоў iх дзейнасцi ў адпаведнасцi з патрабаваннямi аховы працы;

работу па працоўнаму дагавору (кантракту);

абарону свайго прафесiйнага гонару i годнасцi;

атрыманне квалiфкацыйных катэгорый у адпаведнасцi з дасягнутым узроўнем тэарэтычнай i практычнай падрыхтоўкi;

удасканаленне прафесiйных ведаў;

перападрыхтоўку за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў пры немагчымасцi выконваць прафесiйныя абавязкi па стану здароўя, а таксама ў выпадках вызвалення работнiкаў у сувязi са скарачэннем колькасцi або штату, лiквiдацыi арганiзацый;

страхаванне прафесiйнай памылкi, у вынiку якой нанесена шкода жыццю або здароўю грамадзянiна, не звязаная з нядбайным або халатным выкананнем iмi прафесiйных абавязкаў.

Умяшанне ў прафесiйную дзейнасць медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў з боку дзяржаўных органаў i службовых асоб, а таксама грамадзян забараняецца, за выключэннем выпадкаў невыканання або неналежнага выканання медыцынскiмi i фармацэўтычнымi работнiкамi сваiх прафесiйных абавязкаў.

Артыкул 58. Медыцынскiя i фармацэўтычныя грамадскiя аб’яднаннi

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi маюць права на стварэнне медыцынскiх i фармацэўтычных грамадскiх аб’яднанняў, якiя фармiруюцца на добраахвотнай аснове для абароны сваiх правоў, развiцця медыцынскай i фармацэўтычнай практыкi, садзейнiчання навуковым даследаванням i вырашэння iншых пытанняў, звязаных з прафесiйнай дзейнасцю, у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Медыцынскiя i фармацэўтычныя грамадскiя аб’яднаннi ў адпаведнасцi з iх статутнымi задачамi прымаюць удзел у:

распрацоўцы нормаў медыцынскай этыкi i дэанталогii, а таксама ў вырашэннi пытанняў, звязаных з парушэннем гэтых нормаў;

фармiраваннi камiтэтаў (камiсiй) па пытаннях медыцынскай этыкi, ствараемых пры органах дзяржаўнага кiравання ў галiне аховы здароўя;

распрацоўцы стандартаў якасцi медыцынскай дапамогi, праграм павышэння квалiфiкацыi i прафесiйнай падрыхтоўкi медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў;

сертыфiкацыi i прысваеннi медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам квалiфiкацыйных катэгорый;

падрыхтоўцы пагадненняў па тарыфах на медыцынскiя паслугi;

экспертызе прафесiйных дзеянняў сваiх членаў. Па даручэнню органаў дзяржаўнага кiравання ў галiне аховы здароўя медыцынскiя i фармацэўтычныя грамадскiя аб’яднаннi могуць прымаць удзел у праверцы пра-фесійных ведаў і практычных навыкаў медыцынскіх і фармацэўтычных работнiкаў па тэорыi i практыцы выбранай спецыяльнасцi, пытаннях заканадаўства ў галiне аховы здароўя.

Медыцынскiя i фармацэўтычныя грамадскiя аб’яднаннi ў межах сваiх статутных задач маюць права ўносiць у дзяржаўныя органы прапановы па пытаннях аховы здароўя насельнiцтва.

Артыкул 59. Абавязкi i адказнасць медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi, якiя ажыццяўляюць прафесiйную дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, павiнны кiравацца нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь, прынцыпамi медыцынскай этыкi i дэанталогii.

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi абавязаны:

належным чынам выконваць свае прафесiйныя абавязкi;

захоўваць урачэбную тайну;

паважлiва i гуманна адносiцца да пацыентаў;

пастаянна павышаць узровень прафесiйных ведаў;

выконваць iншыя абавязкi, вызначаныя наймальнiкам.

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi за невыкананне або неналежнае выкананне сваiх прафесiйных абавязкаў нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 60. Абавязак медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў захоўваць урачэбную тайну

Iнфармацыя аб факце звароту грамадзянiна па медыцынскую дапамогу, стане яго здароўя, дыягназе захворвання, вынiках дыягнастычных даследаванняў i лячэння, iншыя звесткi, у тым лiку асабiстага характару, атрыманыя пры яго абследаваннi, лячэннi, а ў выпадку смерцi — аб вынiках патолагаанатамiчнага разразання складаюць урачэбную тайну.

Выкарыстанне звестак, што складаюць урачэбную тайну, у навучальным працэсе, навуковай лiтаратуры дапускаецца толькi са згоды пацыента.

Прадастаўленне звестак, якiя складаюць урачэбную тайну, без згоды пацыента або яго законнага прадстаўнiка дапускаецца:

па запыту дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый аховы здароўя ў мэтах абследавання i лячэння пацыента;

пры пагрозе распаўсюджання iнфекцыйных захворванняў, масавых атручэнняў i паражэнняў;

па пiсьмоваму запыту органаў дазнання i следства, пракурора i суда ў сувязi з правядзеннем расследавання або судовым разборам пры абгрунтаваннi неабходнасцi i аб’ёму запытваемых звестак;

у выпадку аказання медыцынскай дапамогi непаўналетняму, асобе, якая прызнана ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнай, асобе, якая не здольна па стану здароўя да прыняцця ўсвядомленага рашэння, для iнфармавання яго законных прадстаўнiкоў, мужа, блiзкiх сваякоў;

пры наяўнасцi падстаў, якiя даюць магчымасць меркаваць, што шкода здароўю нанесена ў вынiку насiльных дзеянняў, для паведамлення ў праваахоўныя органы.

Абавязак захоўваць урачэбную тайну нароўнi з медыцынскiмi i фармацэўтычнымi работнiкамi распаўсюджваецца таксама на асоб, якiм ва ўстаноўленым гэтым Законам парадку сталi вядомыя звесткi, якiя складаюць урачэбную тайну.

Арганiзацыi аховы здароўя забяспечваюць захоўванне медыцынскай дакументацыi ў адпаведнасцi з патрабаваннямi захоўвання ўрачэбнай тайны.

За раскрыццё ўрачэбнай тайны медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 61. Прафесiйны абавязак медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў аказваць першую медыцынскую дапамогу не ў арганiзацыi аховы здароўя

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi абавязаны аказваць першую медыцынскую дапамогу ў межах сваiх магчымасцяў асобам, якiя маюць патрэбу ў ёй, не ў арганiзацыi аховы здароўя.

Медыцынскiя i фармацэўтычныя работнiкi, якiя не аказалi першай медыцынскай дапамогi, якая яўна не церпiць адкладу, без уважлiвых прычын, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 62. Заработная плата медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў

Заработная плата медыцынскiх i фармацэўтычных работнiкаў дзяржаўных арганiзацый аховы здароўя ўстанаўлiваецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 63. Прадастаўленне службовага жылля медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам

Медыцынскiм i фармацэўтычным работнiкам, якiя працуюць у сельскай мясцовасцi, можа прадастаўляцца службовае жыллё ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 64. Забеспячэнне медыцынскiх работнiкаў сродкамi сувязi

Медыцынскiя работнiкi, якiя прыцягваюцца да аказання медыцынскай дапамогi ў экстранных выпадках, маюць права на ўстаноўку кватэрных тэлефонаў без чаргi ва ўстаноўленым парадку. Пералiк медыцынскiх работнiкаў, якiя прыцягваюцца да аказання медыцынскай дапамогi ў экстранных выпадках, вызначаецца Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 65. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб ахове здароўя

За парушэнне заканадаўства аб ахове здароўя вiнаватыя асобы прыцягваюцца да адказнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу праз 15 дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на працягу шасцi месяцаў з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў, што супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

11 студзеня 2002 г., г. Мiнск., № 91-3.


<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг
Hosted by uCoz