Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб дэмаграфiчнай бяспецы Рэспублiкi Беларусь

Гэты Закон устанаўлiвае прававыя i арганiзацыйныя асновы забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi.

Артыкул 1. Асноўныя паняццi i iх азначэннi

У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя паняццi i iх азначэннi:

дэмаграфiчная бяспека — стан абароненасцi сацыяльна-эканамiчнага развiцця дзяржавы i грамадства ад дэмаграфiчных пагроз, пры якiм забяспечваецца развiццё Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з яе нацыянальнымi дэмаграфiчнымi iнтарэсамi;

дэмаграфiчныя пагрозы — дэмаграфiчныя з’явы i тэндэнцыi, сацыяльна-эканамiчныя наступствы якiх аказваюць адмоўны ўплыў на ўстойлiвае развiццё Рэспублiкi Беларусь;

нацыянальныя дэмаграфiчныя iнтарэсы — сукупнасць збалансаваных дэмаграфiчных iнтарэсаў дзяржавы, грамадства i асобы на аснове канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублiкi Беларусь;

дэмаграфiчныя iнтарэсы дзяржавы i грамадства — фармiраванне тыпу ўзнаўлення насельнiцтва, асноўнымi характэрнымi рысамi якога з’яўляюцца адсутнасць дэпапуляцыi, свядома рэгулюемая нараджальнасць, накiраваная на поўнае замяшчэнне бацькоўскiх пакаленняў, смяротнасць, якая ўстойлiва знiжаецца, i павелiчэнне працягласцi жыцця, прагрэсiўная ўзростава-полавая структура насельнiцтва, аптымальныя ўнутраныя i знешнiя мiграцыйныя працэсы, умацаванне сям’i як сацыяльнага iнстытута, найбольш спрыяльнага для рэалiзацыi склаўшайся патрэбнасцi ў дзецях, iх выхавання;

дэмаграфiчныя iнтарэсы асобы — фармiраванне ўмоў, якiя забяспечваюць здаровае i працяглае жыццё, поўную рэалiзацыю iснуючай iндывiдуальнай патрэбнасцi ў дзецях, свабоду тэрытарыяльных перамяшчэнняў;

дэмаграфiчная палiтыка — дзейнасць рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання i сацыяльных iнстытутаў, накiраваная на стварэнне ўстойлiвых колькасных i якасных параметраў узнаўлення насельнiцтва;

рэпрадуктыўныя правы — магчымасць для ўсiх сямейных пар i некаторых асоб свабодна прымаць рашэнне адносна колькасцi сваiх дзяцей, iнтэрвалаў памiж iх нараджэннем, часу iх нараджэння i мець для гэтага неабходную iнфармацыю i сродкi.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дэмаграфiчнай бяспецы

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дэмаграфiчнай бяспецы грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 3. Дэмаграфiчныя пагрозы i iх паказчыкi

Дэмаграфiчнымi пагрозамi з’яўляюцца:

дэпапуляцыя;

старэнне насельнiцтва;

нерэгулюемыя мiграцыйныя працэсы;

дэградацыя iнстытута сям’i.

Дэмаграфiчныя пагрозы вызначаюцца наступнымi паказчыкамi:

нета-каэфiцыентам узнаўлення насельнiцтва;

каэфiцыентам дэпапуляцыi;

сумарным каэфiцыентам нараджальнасцi;

каэфiцыентамi смяротнасцi насельнiцтва працаздольнага ўзросту, у тым лiку каэфiцыентамi смяротнасцi мужчын i жанчын працаздольнага ўзросту;

чаканай працягласцю будучага жыцця;

каэфiцыентам старэння насельнiцтва;

сальда мiграцыйнага абмену памiж гарадской i сельскай мясцовасцю, у тым лiку па полу, узросту, узроўню адукацыi;

колькасцю нелегальных мiгрантаў;

каэфiцыентамi шлюбнасцi i разводнасцi.

Пералiк i паказчыкi дэмаграфiчных пагроз пераглядаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь у сувязi са змяненнямi дэмаграфiчнай сiтуацыi.

Урад Рэспублiкi Беларусь забяспечвае штогадовы разлiк паказчыкаў дэмаграфiчных пагроз у Рэспублiцы Беларусь i распрацоўку навукова абгрунтаваных велiчынь паказчыкаў дэмаграфiчных пагроз, якiя вызначаюць iх гранiчна дапушчальны ўзровень для захавання дэмаграфiчнай бяспекi.

Артыкул 4. Прынцыпы забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi

Асноўнымi прынцыпамi забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi з’яўляюцца:

самастойнасць Рэспублiкi Беларусь у выбары формаў i метадаў уздзеяння на развiццё дэмаграфiчных працэсаў;

прыярытэт нацыянальных дэмаграфiчных iнтарэсаў пры захаваннi агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, правоў чалавека i павазе рэлiгiйных, этнiчных каштоўнасцяў i культурных устояў насельнiцтва;

iнфармаванасць грамадства аб дэмаграфiчных пагрозах, iх наступствах i мерах, прымаемых для забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi.

Артыкул 5. Мэта i задачы дэмаграфiчнай бяспекi

Мэтай дэмаграфiчнай бяспекi з’яўляецца стварэнне ўмоў, дастатковых для папярэджання i нейтралiзацыi дэмаграфiчных пагроз.

Асноўнымi задачамi забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi з’яўляюцца:

паляпшэнне сацыяльна-эканамiчных умоў жыццядзейнасцi насельнiцтва;

паэтапнае забеспячэнне i ўдасканаленне дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у галiне аплаты працы, пенсiйнага забеспячэння, адукацыi, аховы здароўя, культуры, жыллёва-камунальнага абслугоўвання, сацыяльнай падтрымкi i сацыяльнага абслугоўвання;

аптымiзацыя знешнiх i ўнутраных мiграцыйных патокаў насельнiцтва;

процiдзеянне нелегальнай мiграцыi;

садзейнiчанне добраахвотнаму вяртанню беларусаў на этнiчную радзiму (па месцы нараджэння);

стымуляванне прыцягнення i замацавання спецыялiстаў у сельскай мясцовасцi;

фармiраванне высокiх духоўна-маральных стандартаў грамадзян у галiне сямейных адносiнаў, павышэнне прэстыжу сям’i ў грамадстве;

забеспячэнне рэпрадуктыўных правоў грамадзян i садзейнiчанне фармiраванню высокiх рэпрадуктыўных патрэб насельнiцтва.

Артыкул 6. Дзяржаўнае кiраванне ў галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi

Дзяржаўнае кiраванне ў галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Урадам Рэспублiкi Беларусь, рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання i iх тэрытарыяльнымi органамi, мясцовымi Саветамi дэпутатаў, выканаўчымi i распарадчымi органамi i iншымi спецыяльна ўпаўнаважанымi рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання ў межах iх кампетэнцыi ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 7. Паўнамоцтвы Урада Рэспублiкi Беларусь у галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi

Урад Рэспублiкi Беларусь у галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi:

вызначае дзяржаўную палiтыку ў дадзенай галiне;

зацвярджае Нацыянальную праграму дэмаграфiчнай бяспекi i забяспечвае яе фiнансаванне;

ажыццяўляе кантроль за дзейнасцю рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання ў гэтай галiне;

забяспечвае ўдасканаленне заканадаўства ў галiне народанасельнiцтва i дэмаграфiчнай бяспекi;

развiвае мiжурадавае супрацоўнiцтва ў дадзенай галiне;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 8. Паўнамоцтвы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь у галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi

Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь у галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi ў межах сваёй кампетэнцыi:

ажыццяўляе манiторынг дэмаграфiчнай бяспекi ў Рэспублiцы Беларусь i вызначае ступень дэмаграфiчных пагроз;

распрацоўвае прапановы аб асноўных накiрунках дзяржаўнай палiтыкi ў дадзенай галiне;

забяспечвае каардынацыю распрацоўкi i кантроль за рэалiзацыяй Нацыянальнай праграмы дэмаграфiчнай бяспекi;

ажыццяўляе метадычнае кiраўнiцтва па распрацоўцы праграм дэмаграфiчнай бяспекi для адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак;

арганiзоўвае iнфармацыйнае забеспячэнне Урада Рэспублiкi Беларусь, рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання i мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, насельнiцтва ў дадзенай галiне;

развiвае мiжнароднае супрацоўнiцтва ў дадзенай галiне;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 9. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў у галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi

Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы ў галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi ў межах сваёй кампетэнцыi:

ажыццяўляюць манiторынг дэмаграфiчнай бяспекi ў адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках;

забяспечваюць рэалiзацыю патрабаванняў нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць адносiны ў дадзенай галiне;

забяспечваюць рэалiзацыю праграм дэмаграфiчнай бяспекi для адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак i кантроль за iх рэалiзацыяй;

iнфармуюць насельнiцтва i грамадскiя арганiзацыi (аб’яднаннi) аб дэмаграфiчнай бяспецы ў адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках;

ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы ў галiне забеспячэння демаграфiчнай бяспекi ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 10. Паўнамоцтвы Нацыянальнага камiтэта па народанасельнiцтву ў галiне забеспячэння дэмаграфiчнай бяспекi

Нацыянальны камiтэт па народанасельнiцтву, якi з’яўляецца пастаянна дзеючым органам пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па праблемах дзяржаўнай палiтыкi ў сферы народанасельнiцтва, ажыццяўляе каардынацыю палiтыкi ў галiне дэмаграфiчнай бяспекi i выпрацоўку ўзгодненых дзеянняў, накiраваных на забеспячэнне выканання палажэнняў гэтага Закона.

Палажэнне аб Нацыянальным камiтэце па народанасельнiцтву i яго склад зацвярджаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Праграмы дэмаграфiчнай бяспекi

Асноўнай формай рэалiзацыi гэтага Закона з’яўляюцца Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi i праграмы дэмаграфiчнай бяспекi для адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак.

Праграмы дэмаграфiчнай бяспекi распрацоўваюцца за год да пачатку прагназiруемага перыяду на пяцiгадовы тэрмiн.

У праграмах дэмаграфiчнай бяспекi павiнны быць адлюстраваны:

1. Ацэнка дэмаграфiчнага развiцця i дэмаграфiчнай палiтыкi за папярэднi перыяд i характарыстыка дэмаграфiчнай сiтуацыi.

2. Рэальныя i патэнцыяльныя дэмаграфiчныя пагрозы.

3. Асноўныя накiрункi праграм дэмаграфiчнай бяспекi на пяцiгадовы перыяд.

4. Дзяржаўная палiтыка ў галiне абароны i забеспячэння рэпрадуктыўных правоў грамадзян i фармiравання iх рэпрадуктыўных патрэб, у тым лiку:

забеспячэнне ўмоў, што садзейнiчаюць рэалiзацыi iснуючых рэпрадуктыўных установак сямейных пар i асоб;

аказанне прафесiйная медыцынскай i сацыяльнай дапамогi ў пытаннях планавання сям’i;

выхаванне ў бацькоў адказнасцi за нараджэнне i выхаванне здаровага дзiцяцi;

фармiраванне перадумоў, якiя садзейнiчаюць павышэнню асноўных паказчыкаў рэпрадуктыўных установак жанчын у доўгатэрмiновай дэмаграфiчнай перспектыве;

павышэнне якасцi, пашырэнне формаў i вiдаў медыцынскага абслугоўвання для сям’i рэпрадуктыўнага ўзросту.

5. Пераўтварэннi ў галiне аховы здароўя, у тым лiку:

удасканаленне аховы здароўя для дасягнення якаснага медыцынскага абслугоўвання насельнiцтва;

павелiчэнне працягласцi жыцця насельнiцтва за кошт рэалiзацыi рэзерваў заўчаснай i папераджальнай смяротнасцi, асаблiва ў працаздольным узросце;

папярэджанне i выкараненне шкодных для здароўя звычак, прафiлактыка, у першую чаргу сярод груп павышанай рызыкi, псiхiчных расстройстваў, алкагалiзму i наркаманii, знiжэнне распаўсюджання захворванняў, якiя перадаюцца палавым шляхам;

удасканаленне асветнiцкай i адукацыйнай дзейнасцi па фармiраванню i распаўсюджванню ведаў аб прафiлактыцы захворванняў i па ўмацаванню здароўя.

6. Дзяржаўная палiтыка ў адносiнах да сям’i, пажылых людзей, у тым лiку:

усебаковае ўмацаванне iнстытута сям’i i захаванне яе правоў;

стварэнне ўмоў бацькам для спалучэння працоўнай дзейнасцi з выкананнем сямейных абавязкаў, паляпшэнне становiшча жанчын на рынку працы;

забеспячэнне роўнасцi правоў i адказнасцi мужчын i жанчын у выхаваннi дзяцей;

пераарыентацыя сiстэмы грамадскiх i асобасных каштоўнасцяў на сям’ю з некалькiмi дзецьмi i абодвума бацькамi, якiя знаходзяцца ў першым шлюбе, узмацненне прыярытэтнасцi яе iнтарэсаў у сацыяльнай палiтыцы;

забеспячэнне прыярытэтнага права дзiцяцi на пражыванне ў сям’i;

распрацоўка i рэалiзацыя стратэгii дэiнстытуалiзацыi дзяцей-сiрот, развiццё формаў iх сямейнага ўладкавання;

палавое выхаванне падлеткаў i моладзi; падрыхтоўка iх да ўступлення ў шлюб i сямейнага жыцця;

удасканаленне i забеспячэнне сацыяльна-прававой абароны i стварэнне дастойных умоў iснавання для найбольш сацыяльна слабых катэгорый насельнiцтва (састарэлыя, дзецi, iнвалiды);

забеспячэнне ўмоў, якiя садзейнiчаюць прадаўжэнню актыўнай жыццядзейнасцi пажылых людзей.

7. Дзяржаўная палiтыка ў галiне ўзроўню i якасцi жыцця, у тым лiку:

стварэнне ўмоў для самазабеспячэння дастойнага ўзроўню жыцця працаздольнага насельнiцтва;

сацыяльнае забеспячэнне грамадзян у старасцi, пры страце працаздольнасцi, хваробе, беспрацоўi i ў iншых крытычных сiтуацыях;

забеспячэнне адраснай сацыяльнай падтрымкi малазабяспечаных грамадзян;

стварэнне ўмоў, якiя забяспечваюць здаровае асяроддзе пражывання;

фармiраванне ўмоў задавальнення патрэбнасцi грамадзян у жыллi;

забеспячэнне ўсiм грамадзянам даступнасцi паслуг адукацыi, аховы здароўя, культуры, мастацтва, спорту.

8. Мiграцыйная палiтыка, у тым лiку:

рэгуляванне мiграцыйных патокаў з улiкам сацыяльна-эканамiчных умоў, дэмаграфiчнай структуры рэгiёнаў рэспублiкi;

абароны нацыянальнага рынку працы ад некантралюемага прытоку замежнай працоўнай сiлы;

стымуляванне скарачэння эмiграцыйнага адтоку навукова-тэхнiчнага, iнтэлектуальнага i творчага патэнцыялу з Рэспублiкi Беларусь;

выкарыстанне мiграцыйнага патэнцыялу замежных краiн у iнтарэсах дэмаграфiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь;

спалучэнне правоў iмiгрантаў, якiя прыбываюць у Рэспублiку Беларусь i атрымлiваюць адпаведны прававы статус, з iнтарэсамi дзяржавы ў частцы iх рэгiянальнага рассялення i ўладкавання;

забеспячэнне балансу правоў i законных iнтарэсаў мясцовага насельнiцтва i мiгрантаў.

9. Мiжнароднае супрацоўнiцтва, у тым лiку:

абмен вопытам у распрацоўцы, рэалiзацыi i ацэнцы эфектыўнасцi мераў дэмаграфiчнай палiтыкi, мэтавых праектаў i садзейнiчанне ў iх рэалiзацыi;

прыцягненне мiжнародных арганiзацый i краiн-донараў да ўдзелу ў рэалiзацыi нацыянальных праграм i планаў у галiне дэмаграфii.

Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi распрацоўваецца i зацвярджаецца Урадам Рэспублiкi Беларусь, праграмы дэмаграфiчнай бяспекi для адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак — абласнымi (Мiнскiм гарадскiм) выканаўчымi камiтэтамi.

Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi выкарыстоўваецца пры распрацоўцы:

нацыянальнай стратэгii ўстойлiвага сацыяльна-эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь;

асноўных накiрункаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь на доўгатэрмiновую перспектыву.

Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi з’яўляецца састаўной часткай праграм сацыяльна-эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь на сярэднетэрмiновую перспектыву, прагнозу сацыяльна-эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь на кароткатэрмiновую перспектыву.

Праграмы дэмаграфiчнай бяспекi падлягаюць апублiкаванню ў сродках масавай iнфармацыi.

Артыкул 12. Фiнансаванне праграм дэмаграфiчнай бяспекi

Фiнансаванне праграм дэмаграфiчнай бяспекi ажыццяўляецца за кошт сродкаў:

рэспублiканскага бюджэту;

мясцовых бюджэтаў;

мэтавых бюджэтных i пазабюджэтных фондаў;

унесеных у выглядзе добраахвотных узносаў ад юрыдычных i фiзiчных асоб, у тым лiку замежных;

iншых крынiц, якiя не забаронены заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 13. Удзел юрыдычных асоб i грамадзян у вырашэннi пытанняў дэмаграфiчнай бяспекi

Юрыдычныя асобы i грамадзяне маюць права ўносiць прапановы ў дзяржаўныя органы i аказваць iм садзейнiчанне ў ажыццяўленнi мерапрыемстваў па забеспячэнню дэмаграфiчнай бяспекi.

Дзяржаўныя органы павiнны разглядаць прапановы юрыдычных асоб i грамадзян пры прыняццi рашэнняў у галiне дэмаграфiчнай бяспекi.

Юрыдычныя асобы i грамадзяне маюць права запытваць ва ўстаноўленым парадку ў адпаведных дзяржаўных органаў поўную, дакладную, своечасовую i агульнадаступную iнфармацыю, што датычыцца пытанняў дэмаграфiчный бяспекi.

Артыкул 14. Мiжнароднае супрацоўнiцтва Рэспублiкi Беларусь у галiне дэмаграфiчнай бяспекi

Мiжнароднае супрацоўнiцтва Рэспублiкi Беларусь у галiне дэмаграфiчнай бяспекi ажыццяўляецца ў мэтах каардынацыi намаганняў дзяржавы i мiжнародных арганiзацый для стабiлiзацыi i паляпшэння дэмаграфiчнай сiтуацыi.

Мiжнароднае супрацоўнiцтва ў галiне дэмаграфiчнай бяспекi ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 15. Дзяржаўны кантроль у галiне дэмаграфiчнай бяспекi

Дзяржаўны кантроль у галiне дэмаграфiчнай бяспекi ажыццяўляецца з мэтай забеспячэння выканання рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дэмаграфiчнай бяспецы.

Дзяржаўны кантроль у галiне дэмаграфiчнай бяспекi ажыццяўляецца рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання i iх тэрытарыяльнымi органамi, мясцовымi Саветамi дэпутатаў, выканаўчымi i распарадчымi органамi i iншымi спецыяльна ўпаўнаважанымi органамi ў межах iх кампетэнцыi ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 16. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дэмаграфiчнай бяспецы

Асобы, вiнаватыя ў парушэннi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дэмаграфiчнай бяспецы, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 17. Заключныя палажэннi

Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi нарматыўныя прававыя акты Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падначаленымi Ураду Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

4 студзеня 2002 г., г. Мiнск.

№ 80-З

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Belorussian directory BelRus
Hosted by uCoz