Аб газазабеспячэннi

Закон Рэспублiкi Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 17 снежня 2002 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 20 снежня 2002 года

Гэты Закон вызначае прававыя, эканамiчныя i арганiзацыйныя асновы рэгулявання адносiнаў у галiне газазабеспячэння i накiраваны на стварэнне ўмоў для забеспячэння спажыўцоў газам, а таксама для эфектыўнай, надзейнай i бяспечнай эксплуатацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрмiны, выкарыстоўваемыя ў гэтым Законе, i iх азначэннi

Для мэтаў гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрмiны i iх азначэннi:

газ — прыродны газ, нафтавы (спадарожны) газ, адбензiнены сухi газ, звадкаваны нафтавы газ, здабываемы i збiраемы газанафтаздабыўнымi арганiзацыямi цi выпрацоўваемы газанафтаперапрацоўчымi арганiзацыямi;

газазабеспячэнне — адна з формаў энергазабеспячэння, якая ўяўляе сабой дзейнасць па забеспячэнню спажыўцоў газам;

сiстэма газазабеспячэння — вытворчы комплекс, якi складаецца з тэхналагiчна, арганiзацыйна i эканамiчна ўзаемазвязаных i цэнтралiзавана кiруемых вытворчых i iншых аб’ектаў, прызначаных для транспарцiроўкi, захоўвання газу i забеспячэння газам;

газаразмеркавальная сiстэма — вытворчы комплекс, якi ўваходзiць у сiстэму газазабеспячэння i складаецца з арганiзацыйна i эканамiчна ўзаемазвязаных аб’ектаў, прызначаных для арганiзацыi забеспячэння газам непасрэдна спажыўцоў газу;

уласнiк аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння — Рэспублiка Беларусь, iншая дзяржава, iх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя адзiнкi, юрыдычныя i фiзiчныя асобы, якiя набылi права ўласнасцi на аб’екты сiстэмы газазабеспячэння на падставах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

ахоўныя зоны аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы — тэрыторыi з асаблiвымi ўмовамi землекарыстання, якiя прылягаюць да газаправодаў i iншых аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы i неабходныя для забеспячэння iх бяспечнай эксплуатацыi;

газазабеспячэнская арганiзацыя — уласнiк аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы i (цi) упаўнаважаная iм асоба, якiя ажыццяўляюць забеспячэнне газам спажыўцоў газу i аказанне паслуг па транспарцiроўцы газу спажыўцам газу;

пастаўшчык газу — арганiзацыя i (цi) iндывiдуальны прадпрымальнiк, якiя з’яўляюцца ўласнiкамi газу, цi ўпаўнаважаныя iмi асобы, што пастаўляюць газ пакупнiкам газу па дагавору пастаўкi па магiстральных трубаправодах;

спажывец газу — юрыдычная цi фiзiчная асоба, якая набывае газ у газазабеспячэнскай арганiзацыi i выкарыстоўвае яго для сваiх мэтаў у якасцi палiва (у тым лiку маторнага для транспартных сродкаў) цi сыравiны;

газiфiкацыя — дзейнасць па рэалiзацыi навукова-тэхнiчных i праектных рашэнняў, ажыццяўленню будаўнiчых i арганiзацыйных мерапрыемстваў, накiраваных на перавод аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркi, прамысловых, сельскагаспадарчых i iншых аб’ектаў на выкарыстанне газу ў якасцi палiўнага i энергетычнага рэсурсу.

Артыкул 2. Сфера дзеяння гэтага Закона

Гэты Закон рэгулюе адносiны ў галiне газазабеспячэння, якiя ўзнiкаюць пры забеспячэннi патрэбнасцяў дзяржавы i спажыўцоў газу ў газе, а таксама пры праектаваннi, будаўнiцтве, рамонце i рэканструкцыi, уводзе ў эксплуатацыю i эксплуатацыi, вывадзе з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння.

Дзеянне гэтага Закона не распаўсюджваецца на адносiны, што ўзнiкаюць пры функцыянаваннi, стварэннi, эксплуатацыi, кансервацыi i лiквiдацыi магiстральных трубаправодаў.

Артыкул 3. Заканадаўства аб газазабеспячэннi

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб газазабеспячэннi грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 4. Мiжнародныя дагаворы

Калi дзеючым для Рэспублiкi Беларусь мiжнародным дагаворам устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правiлы мiжнароднага дагавора.

Артыкул 5. Аб’екты адносiнаў у галiне газазабеспячэння

Аб’ектамi адносiнаў у галiне газазабеспячэння з’яўляюцца газ, сiстэма газазабеспячэння, аб’екты сiстэмы газазабеспячэння, правы карыстання сiстэмай газазабеспячэння i правы карыстання, валодання i распараджэння аб’ектамi сiстэмы газазабеспячэння, а таксама правы прыродакарыстання пры праектаваннi, будаўнiцтве, рамонце i рэканструкцыi, уводзе ў эксплуатацыю i эксплуатацыi, вывадзе з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння.

У склад аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння ўваходзяць аб’екты магiстральнага трубаправода, прызначаныя для пастаўкi газу, i аб’екты газаразмеркавальнай сiстэмы, прызначаныя для забеспячэння газам спажыўцоў газу.

У склад аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы ўваходзяць тэхналагiчна, арганiзацыйна, эканамiчна ўзаемазвязаныя i цэнтралiзавана абслугоўваемыя i кiруемыя падземныя, падводныя, наземныя i надземныя газаправоды i збудаваннi на iх, газарэгулятарныя пункты i iншыя аб’екты.

Для забеспячэння надзейнага газазабеспячэння, бяспечнага i ўстойлiвага функцыянавання аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння, звязаных агульным тэхналагiчным рэжымам забеспячэння газам спажыўцоў газу, раздзяленне сiстэмы газазабеспячэння не дапускаецца.

Артыкул 6. Суб’екты адносiнаў у галiне газазабеспячэння

Суб’ектамi адносiнаў у галiне газазабеспячэння з’яўляюцца Рэспублiка Беларусь, iншая дзяржава, iх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя адзiнкi, юрыдычныя i фiзiчныя асобы.

Ад iмя Рэспублiкi Беларусь у адносiнах у галiне газазабеспячэння выступаюць упаўнаважаныя дзяржаўныя органы.

Ад iмя адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак Рэспублiкi Беларусь у адносiнах у галiне газазабеспячэння выступаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы.

Артыкул 7. Права ўласнасцi на сiстэму газазабеспячэння цi аб’екты сiстэмы газазабеспячэння i iншыя звязаныя з iм правы

Сiстэма газазабеспячэння цi аб’екты сiстэмы газазабеспячэння могуць знаходзiцца ў дзяржаўнай цi прыватнай уласнасцi.

Законам могуць быць вызначаны аб’екты сiстэмы газазабеспячэння, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы.

ГЛАВА 2

ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ I КIРАВАННЕ Ў ГАЛIНЕ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭННЯ

Артыкул 8. Дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне газазабеспячэння

Дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне газазабеспячэння ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання ў межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь i ўключае:

вызначэнне i рэалiзацыю дзяржаўнай палiтыкi ў галiне газазабеспячэння;

распрацоўку, зацвярджэнне i забеспячэнне рэалiзацыi праграм газiфiкацыi;

устанаўленне цэн i тарыфаў на газ, памеру пакрыцця расходаў, звязаных з прадастаўленнем iльгот асобным катэгорыям грамадзян, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

тэхнiчнае нармiраванне, стандартызацыю, сертыфiкацыю, метралагiчнае забеспячэнне i лiцэнзаванне ў галiне газазабеспячэння;

стымуляванне выкарыстання газу ў якасцi маторнага палiва для транспартных сродкаў у мэтах змяншэння выкiдаў забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе i павышэння эканамiчнай эфектыўнасцi выкарыстання палiўных рэсурсаў;

устанаўленне патрабаванняў па забеспячэнню прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi пры транспарцiроўцы, захоўваннi, пастаўцы, забеспячэннi i спажываннi газу i забеспячэнне кантролю за iх выкананнем;

iншыя формы i метады дзяржаўнага рэгулявання ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 9. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у галiне газазабеспячэння

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне газазабеспячэння ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь i вызначае дзяржаўную палiтыку ў галiне газазабеспячэння.

Артыкул 10. Дзяржаўнае кiраванне ў галiне газазабеспячэння

Дзяржаўнае кiраванне ў галiне газазабеспячэння ажыццяўляецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь непасрэдна цi праз упаўнаважаныя рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання.

Да асноўных паўнамоцтваў Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у галiне газазабеспячэння адносяцца:

вызначэнне парадку кампенсацыi страт, панесеных арганiзацыямi, якiя забяспечваюць газам, пры забеспячэннi газам спажыўцоў газу;

вызначэнне парадку абмежавання забеспячэння газам спажыўцоў газу i чарговасцi iх адключэння ад сiстэмы газазабеспячэння ў выпадку парушэння тэхналагiчнага рэжыму работы сiстэмы газазабеспячэння з прычыны аварый i змяненняў рэжымаў газаспажывання;

арганiзацыя дзяржаўнага нагляду i кантролю за выкарыстаннем газу;

ажыццяўленне iншых паўнамоцтваў у галiне газазабеспячэння ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Паўнамоцтвы рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання ў галiне газазабеспячэння

Рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання ў межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў у галiне газазабеспячэння:

забяспечваюць рэалiзацыю дзяржаўнай палiтыкi ў галiне газазабеспячэння;

рэгулююць цэны i тарыфы на газ;

распрацоўваюць перспектыўны баланс спажывання газу;

ажыццяўляюць дзяржаўны нагляд i кантроль за забеспячэннем прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння;

ажыццяўляюць мерапрыемствы па стандартызацыi, метралагiчнаму забеспячэнню i сертыфiкацыi ў галiне газазабеспячэння;

ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы ў галiне газазабеспячэння ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Асноўныя паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў у галiне газазабеспячэння

Да асноўных паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў у галiне газазабеспячэння адносяцца:

удзел у рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне газазабеспячэння;

перадача ў пастаяннае цi часовае карыстанне ўласнiкам аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння зямельных участкаў ва ўстаноўленым парадку;

удзел у прыёмцы зямельных участкаў пасля завяршэння будаўнiцтва цi лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння;

арганiзацыя кантролю за забеспячэннем прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi пры праектаваннi, будаўнiцтве, рамонце i рэканструкцыi, уводзе ў эксплуатацыю i эксплуатацыi, вывадзе з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння;

садзейнiчанне ў лiквiдацыi аварый i транспарцiроўцы грузаў да месца аварый;

iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 13. Асноўныя функцыi газазабеспячэнскай арганiзацыi

Газазабеспячэнская арганiзацыя:

забяспечвае праектаванне, будаўнiцтва, рамонт i рэканструкцыю, увод у эксплуатацыю i эксплуатацыю, вывад з эксплуатацыi, кансервацыю i (цi) лiквiдацыю аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы;

ажыццяўляе кiраванне функцыянаваннем газаразмеркавальнай сiстэмы;

забяспечвае выкарыстанне на аб’ектах газаразмеркавальнай сiстэмы энергазберагальных абсталявання i найноўшых тэхналогiй, а таксама абсталявання, якое знiжае шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе;

ажыццяўляе мерапрыемствы, накiраваныя на забеспячэнне пажарнай, прамысловай i экалагiчнай бяспекi аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, аховы навакольнага асяроддзя;

ажыццяўляе мерапрыемствы, накiраваныя на папярэджанне аварый i катастроф, лiквiдацыю iх наступстваў на аб’ектах газаразмеркавальнай сiстэмы;

ажыццяўляе забеспячэнне газам спажыўцоў газу;

ажыццяўляе цэнтралiзавана дыспетчарскае кiраванне аб’ектамi, далучанымi да газаразмеркавальнай сiстэмы, незалежна ад таго, у чыёй уласнасцi яны знаходзяцца;

ажыццяўляе iншыя функцыi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Лiцэнзаванне дзейнасцi ў галiне газазабеспячэння

Асобныя вiды дзейнасцi ў галiне газазабеспячэння ажыццяўляюцца толькi на аснове спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй).

Парадак выдачы спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй) i пералiк вiдаў дзейнасцi ў галiне газазабеспячэння, якiя падлягаюць лiцэнзаванню, вызначаюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб лiцэнзаваннi.

Артыкул 15. Тэхнiчнае нармiраванне, стандартызацыя i сертыфiкацыя ў галiне газазабеспячэння

У мэтах забеспячэння бяспекi жыцця, здароўя, маёмасцi грамадзян i аховы навакольнага асяроддзя ў галiне газазабеспячэння ажыццяўляюцца тэхнiчнае нармiраванне, стандартызацыя i сертыфiкацыя ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Тэхналагiчнае абсталяванне, якое прымяняецца ў галiне газазабеспячэння, падлягае сертыфiкацыi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Пералiк тэхналагiчнага абсталявання, якое падлягае абавязковай сертыфiкацыi, устанаўлiваецца Камiтэтам па стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па прадстаўленню дэпартамента па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасцi i атамнай энергетыцы Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях Рэспублiкi Беларусь.

Сертыфiкат адпаведнасцi дзяржаўным стандартам на абсталяванне, якое прымяняецца ў галiне газазабеспячэння, выдаецца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi, устаноўленымi Нацыянальнай сiстэмай сертыфiкацыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 16. Дзяржаўны нагляд i кантроль у галiне газазабеспячэння

Дзяржаўны нагляд i кантроль у галiне газазабеспячэння ажыццяўляюцца дзяржаўнымi органамi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўны нагляд i кантроль у галiне газазабеспячэння ўключае:

правядзенне дзяржаўных экспертыз праектнай дакументацыi на будаўнiцтва, рамонт i рэканструкцыю аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння;

манiторынг навакольнага асяроддзя, кантроль у галiне аховы навакольнага асяроддзя i кантроль за забеспячэннем прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi пры праектаваннi, будаўнiцтве, рамонце i рэканструкцыi, уводзе ў эксплуатацыю i эксплуатацыi, вывадзе з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння;

нагляд за выкананнем абавязковых тэхнiчных патрабаванняў да якасцi газу i газаваму абсталяванню, а таксама да метадаў кантролю, што выкарыстоўваюцца ў галiне газазабеспячэння;

нагляд за эфектыўным і рацыя-нальным выкарыстаннем газу;

нагляд за бяспечным выкарыстаннем грамадзянамi газу;

метралагiчны кантроль за забеспячэннем адзiнства вымярэнняў;

iншыя вiды дзяржаўнага нагляду i кантролю.

ГЛАВА 3

ПРАВАВЫЯ АСНОВЫ I ЭКАНАМIЧНЫЯ АДНОСIНЫ Ў ГАЛIНЕ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭННЯ

Артыкул 17. Прававыя асновы газазабеспячэння

Пастаўка газу газазабеспячэнскiм арганiзацыям ажыццяўляецца пастаўшчыкамi газу на падставе дагавораў пастаўкi газу памiж пастаўшчыкамi газу i газазабеспячэнскiмi арганiзацыямi.

Забеспячэнне газам спажыўцоў газу ажыццяўляецца газазабеспячэнскiмi арганiзацыямi на падставе дагавораў газазабеспячэння памiж газазабеспячэнскiмi арганiзацыямi i спажыўцамi газу.

Беспадстаўная адмова газазабеспячэнскiх арганiзацый у заключэннi са спажыўцамi газу дагавораў газазабеспячэння пры наяўнасцi рэсурсаў газу, магчымасцi забеспячэння iм спажыўцоў газу i забеспячэння бяспекi газазабеспячэння не дапускаецца.

Газазабеспячэнскiя арганiзацыi абавязаны забяспечваць газам спажыўцоў газу ў тэрмiны i парадку, устаноўленыя дагаворамi газазабеспячэння.

Газазабеспячэнскiм арганiзацыям забараняецца ажыццяўляць дзеяннi, якiя парушаюць антыманапольнае заканадаўства, у тым лiку:

навязванне спажыўцам газу ўмоў дагавора, у тым лiку тыя, якiя не адносяцца да прадмета дагавора;

уключэнне ў дагаворы ўмоў, якiя ставяць аднаго спажыўца газу ў няроўнае становiшча ў параўнаннi з iншымi спажыўцамi газу;

парушэнне ўстаноўленага парадку цэнаўтварэння.

Газазабеспячэнскiя арганiзацыi i спажыўцы газу нясуць адказнасць за выкананне абавязацельстваў, устаноўленых дагаворамi газазабеспячэння ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Якасць газу

Забеспячэнне газам спажыўцоў газу ажыццяўляецца толькi пры адпаведнасцi якасцi газу дзяржаўным стандартам.

Артыкул 19. Улiк расходу газу

Улiк расходу газу ажыццяўляецца пры дапамозе прыбораў улiку расходу газу, а таксама шляхам прымянення нармiравання расходу газу.

Расход газу, спажываемага фiзiчнымi асобамi, улiчваецца з дапамогай прыбораў улiку расходу газу, а пры iх адсутнасцi — з выкарыстаннем нормаў расходу газу, устанаўлiваемых у парадку, вызначаемым Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Спажыванне газу юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi без выкарыстання прыбораў улiку расходу газу не дапускаецца.

Прыёмка ў эксплуатацыю завершаных будаўнiцтвам, рэканструяваных i капiтальна адрамантаваных жылых дамоў, не абсталяваных прыборамi ўлiку расходу газу, забараняецца.

Артыкул 20. Гарантыi аплаты газу i забеспячэння газам

На падставе дагавора газазабеспячэння спажыўцы газу абавязаны аплацiць забеспячэнне газам.

Газазабеспячэнскiя арганiзацыi маюць права зменшыць цi спынiць забеспячэнне газам спажыўцоў газу, калi гэта прадугледжана дагаворамi газазабеспячэння, пры невыкананнi спажыўцамi газу ўмоў гэтых дагавораў, а таксама ў выпадках, прадугледжаных пунктамi 2 i 3 артыкула 517 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 7—9, ст. 101).

Артыкул 21. Прававыя асновы развiцця газiфiкацыi

Развiццё газiфiкацыi ажыццяўляецца на падставе перспектыўнага балансу спажывання газу i праграмы газiфiкацыi ў Рэспублiцы Беларусь, прынятых ва ўстаноўленым парадку.

Парадак распрацоўкi, фiнансавання i рэалiзацыi праграмы газiфiкацыi ў Рэспублiцы Беларусь i парадак распрацоўкi перспектыўнага балансу спажывання газу вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 22. Крынiцы фiнансавання газiфiкацыi

Фiнансаванне газiфiкацыi ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на гэтыя мэты, а таксама iнвестыцый i iншых не забароненых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь крынiц.

Газазабеспячэнскiя арганiзацыi могуць прыцягваць сродкi юрыдычных i фiзiчных асоб для пераводу аб’ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркi i iншых аб’ектаў на выкарыстанне газу ў якасцi палiва. Парадак iх прыцягнення i мэтавага выкарыстання ўстанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 23. Iльготы i кампенсацыя пры забеспячэннi газам спажыўцоў газу

Iльготы па аплаце газу асобным катэгорыям спажыўцоў газу прадастаўляюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

У мэтах эканамiчнай падтрымкi маламаёмных грамадзян можа ўстанаўлiвацца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь кампенсацыя панесеных гэтай часткай насельнiцтва затрат на набыццё газу.

ГЛАВА 4

АРГАНIЗАЦЫЯ I ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДЗЕЙНАСЦI Ў ГАЛIНЕ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭННЯ

Артыкул 24. Праектаванне, будаўнiцтва, рамонт i рэканструкцыя аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння

Праектаванне, будаўнiцтва, рамонт i рэканструкцыя аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi заканадаўства ў галiне газазабеспячэння.

Праектная дакументацыя на аб’екты сiстэмы газазабеспячэння падлягае дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе i iншым дзяржаўным экспертызам у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Заказчыкам на праектаванне i будаўнiцтва аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы выступае газазабеспячэнская арганiзацыя.

Артыкул 25. Увод у эксплуатацыю i эксплуатацыя аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння

Увод у эксплуатацыю аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Уласнiк уведзенага ў эксплуатацыю аб’екта сiстэмы газазабеспячэння i (цi) упаўнаважаная iм асоба павiнны забяспечыць яго бяспечную эксплуатацыю.

Эксплуатацыя аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння ажыццяўляецца iх уласнiкам i (цi) упаўнаважанай iм асобай у адпаведнасцi з зацверджанымi ва ўстаноўленым парадку правiламi эксплуатацыi i правiламi прамысловай, пажарнай, экалагiчнай бяспекi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння.

Артыкул 26. Вывад з эксплуатацыi, кансервацыя i (цi) лiквiдацыя аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння

Вывад з эксплуатацыі, кансервацыя i (цi) лiквiдацыя аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння ажыццяўляюцца iх уласнiкам i (цi) упаўнаважанай iм асобай у парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Вывад з эксплуатацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння для капiтальнага рамонту i аварыйна-аднаўленчых работ, а таксама вывад з эксплуатацыi газаправодаў, якiя не адпавядаюць патрабаванням прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi, ажыццяўляюцца iх уласнiкам i (цi) упаўнаважанай iм асобай у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Мерапрыемствы па аздараўленню навакольнага асяроддзя пры вывадзе з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння праводзяцца за кошт сродкаў iх уласнiка i (цi) упаўнаважанай iм асобы ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Вывад з эксплуатацыi аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, а таксама газавыкарыстальнага абсталявання спажыўцоў газу ажыццяўляецца пад кантролем газазабеспячэнскай арганiзацыi.

ГЛАВА 5

ПРАВАВОЕ РЭГУЛЯВАННЕ ЗЕМЛЕКАРЫСТАННЯ ПРЫ БУДАЎНIЦТВЕ I ЭКСПЛУАТАЦЫI АБ’ЕКТАЎ ГАЗАРАЗМЕРКАВАЛЬНАЙ СIСТЭМЫ

Артыкул 27. Прававое рэгуляванне землекарыстання пры будаўнiцтве i эксплуатацыi аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы

Зямельныя ўчасткi, неабходныя для будаўнiцтва i эксплуатацыi аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, забеспячэння iх бяспекi, прадастаўляюцца ўласнiку гэтых аб’ектаў i (цi) упаўнаважанай iм асобе ў парадку, устаноўленым зямельным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Памеры зямельных участкаў, прадастаўляемых для гэтых мэтаў, вызначаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Пры ўзнiкненнi на аб’ектах газаразмеркавальнай сiстэмы аварыi цi катастрофы газазабеспячэнская арганiзацыя мае права на бесперашкодную дастаўку неабходных сiл i сродкаў да месца аварыi цi катастрофы i абавязана ў поўным аб’ёме пакрыць нанесены ёю ўрон уласнiку зямельнага ўчастка, землеўладальнiку i землекарыстальнiку, на тэрыторыю якога ажыццяўлялася дастаўка неабходных сiл i сродкаў.

Артыкул 28. Ахоўныя зоны аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы

У мэтах забеспячэння прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы ўстанаўлiваюцца ахоўныя зоны аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы.

Парадак устанаўлення ахоўных зон, памеры i рэжым iх выкарыстання вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Уласнiкi зямельных участкаў, землеўладальнiкi i землекарыстальнiкi не маюць права ажыццяўляць будаўнiцтва будынкаў, рамонтныя работы, складзiраванне матэрыялаў i абсталявання ў межах ахоўных зон аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы без выканання ўстаноўленых будаўнiчымi нормамi Рэспублiкi Беларусь i iншымi правiламi мiнiмальных адлегласцяў да аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы i ўзгаднення з уласнiкам аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы i (цi) упаўнаважанай iм асобай.

Уласнiкi зямельных участкаў, землеўладальнiкi i землекарыстальнiкi абавязаны забяспечваць бесперашкодны доступ да аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы ўпаўнаважаным асобам для выканання работ па абслугоўванню i рамонту гэтых аб’ектаў, а таксама для лакалiзацыi i лiквiдацыi наступстваў аварыi.

Будынкi, пабудаваныя блiжэй, чым гэта ўстаноўлена будаўнiчымi нормамi Рэспублiкi Беларусь i iншымi правiламi мiнiмальных адлегласцяў да аб’ектаў газаразмеркавальнай сiстэмы, падлягаюць зносу за кошт сродкаў юрыдычных i фiзiчных асоб, якiя дапусцiлi названае парушэнне.

ГЛАВА 6

ЗАБЕСПЯЧЭННЕ БЯСПЕКI Ў ГАЛIНЕ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭННЯ

Артыкул 29. Забеспячэнне прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi ў галiне газазабеспячэння

Пры забеспячэннi газам спажыўцоў газу суб’ектамi адносiнаў у галiне газазабеспячэння павiнны выконвацца патрабаваннi па забеспячэнню прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi ў галiне газазабеспячэння, устаноўленыя гэтым Законам i iншым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Газазабеспячэнская арганiзацыя мае права спынiць забеспячэнне газам спажыўца газу ў выпадку парушэння iм устаноўленых патрабаванняў па забеспячэнню прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi, прад’яўляемых да аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння, а таксама ў выпадках парушэння правiлаў карыстання газам у быту i (цi) нездавальняючага стану газавыкарыстальнага абсталявання спажыўцоў газу, якое ўяўляе пагрозу для жыцця i бяспекi грамадзян.

У мэтах забеспячэння прамысловай, пажарнай i экалагiчнай бяспекi ў галiне газазабеспячэння ўласнiк аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння i (цi) упаўнаважаная iм асоба абавязаны:

праводзiць кантроль за тэхнiчным станам аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння;

праводзiць вытворчы кантроль у галiне аховы навакольнага асяроддзя, пажарна-прафiлактычныя работы на аб’ектах сiстэмы газазабеспячэння;

распрацоўваць мерапрыемствы па папярэджанню, лакалiзацыi i лiквiдацыi магчымых аварый, пажараў i iншых надзвычайных сiтуацый, а таксама планы дзеянняў у надзвычайных сiтуацыях;

ажыццяўляць падрыхтоўку работнiкаў сiстэмы газазабеспячэння да дзеянняў пры ўзнiкненнi аварый, пажараў i iншых надзвычайных сiтуацый;

ствараць сiстэмы выяўлення i апавяшчэння пры ўзнiкненнi аварый, пажараў i iншых надзвычайных сiтуацый, утрымлiваць iх у стане гатоўнасцi;

ствараць рэзервы фiнансавых i матэрыяльных рэсурсаў для выкарыстання пры ўзнiкненнi надзвычайных сiтуацый i лiквiдацыi iх наступстваў, а таксама аварыйныя службы;

выконваць iншыя патрабаваннi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 7

АДКАЗНАСЦЬ I ВЫРАШЭННЕ СПРЭЧАК У ГАЛIНЕ ГАЗАЗАБЕСПЯЧЭННЯ

Артыкул 30. Адказнасць за парушэнне заканадаўства ў галiне газазабеспячэння

Асобы, вiнаватыя ў парушэннi заканадаўства ў галiне газазабеспячэння, прыцягваюцца да адказнасцi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Юрыдычныя i фiзiчныя асобы, у тым лiку замежныя, i асобы без грамадзянства, вiнаватыя ва ўзнiкненнi аварый на аб’ектах сiстэмы газазабеспячэння, уключаючы аварыi, што ўзнiклi ў вынiку скрытых дэфектаў, няякаснага выканання праектных, будаўнiча-мантажных i рамонтных работ, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Суб’екты адносiнаў у галiне газазабеспячэння нясуць маёмасную адказнасць за шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, юрыдычным i фiзiчным асобам у вынiку праектавання, будаўнiцтва, рамонту i рэканструкцыi, уводу ў эксплуатацыю i эксплуатацыi, вываду з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння, у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 31. Кампенсаванне шкоды, нанесенай у вынiку дзейнасцi ў галiне газазабеспячэння

Уласнiк аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння i (цi) упаўнаважаная iм асоба:

абавязаны кампенсаваць шкоду, нанесеную жыццю i здароўю грамадзян, iх маёмасцi, навакольнаму асяроддзю, а таксама маёмасцi юрыдычных асоб у вынiку неналежнага праектавання, а таксама ў працэсе будаўнiцтва, рамонту, рэканструкцыi, уводу ў эксплуатацыю, эксплуатацыi, вываду з эксплуатацыi, кансервацыi i (цi) лiквiдацыi аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння, калi не дакажуць, што шкода ўзнiкла па прычыне непераадольнай сiлы цi намеру пацярпеўшага;

могуць быць вызвалены ад адказнасцi за нанясенне шкоды цалкам цi часткова ў судовым парадку толькi па падставах, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Матэрыяльны ўрон, нанесены ўласнiку аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння i (цi) упаўнаважанай iм асобе з прычыны непераадольнай сiлы, можа быць пакрыты ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Шкода, нанесеная ўласнiку i (цi) упаўнаважанай iм асобе ў вынiку пашкоджання аб’ектаў сiстэмы газазабеспячэння цi здзяйснення iншых вiнаватых дзеянняў, якiя парушаюць iх бесперабойную i бяспечную работу, пакрываецца вiнаватай асобай (асобамi) у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 32. Парадак вырашэння спрэчак у галiне газазабеспячэння

Спрэчкi памiж суб’ектамi адносiнаў у галiне газазабеспячэння вырашаюцца ў судовым парадку ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 8

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 33. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.

Да прывядзення заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам яно прымяняецца ў той частцы, у якой не супярэчыць гэтаму Закону, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 34. Прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на працягу шасцi месяцаў з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

4 студзеня 2003 г., г. Мiнск.

№ 176-З

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Belorussian directory BelRus
Hosted by uCoz