Закон Республики Беларусь
от 5 января 2004 года
"О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь
"О национальных меньшинствах в Республике Беларусь"

Тэкст Закона ў кантрольным стане. Дата апошняй актуалізацыі: 15.03.2005.

Закон Рэспублiкi Беларусь
Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў
у Закон Рэспублiкi Беларусь
«Аб нацыянальных меншасцях у Рэспублiцы Беларусь»

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 4 снежня 2003 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 18 снежня 2003 года

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 11 лiстапада 1992 года «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспублiцы Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 35, ст. 550) наступныя змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго у новай рэдакцыi:

«Закон Рэспублiкi Беларусь
Аб нацыянальных меншасцях у Рэспублiцы Беларусь

Гэты Закон грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, прынцыпах мiжнароднага права ў галiне правоў чалавека i нацыянальных меншасцяў i накiраваны на стварэнне ўмоў для свабоднага развiцця нацыянальных меншасцяў, а таксама на абарону правоў i законных iнтарэсаў асоб, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў.

Артыкул 1. Для мэтаў гэтага Закона пад асобамi, якiя належаць да нацыянальных меншасцяў, разумеюцца асобы, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i маюць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, якiя па свайму паходжанню, мове, культуры цi традыцыях адрознiваюцца ад асноўнага насельнiцтва рэспублiкi.

Артыкул 2. Прыналежнасць да нацыянальнай меншасцi з’яўляецца пытаннем iндывiдуальнага выбару грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь.

Выбар грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь прыналежнасцi да нацыянальнай меншасцi не цягне за сабой якiх бы там нi было неспрыяльных наступстваў.

Артыкул 3. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, павiнны выконваць Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь i iншыя акты заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, садзейнiчаць захаванню суверэнiтэту i тэрытарыяльнай цэласнасцi Рэспублiкi Беларусь, паважаць традыцыi грамадзян усiх нацыянальнасцяў, якiя насяляюць рэспублiку, iх мову i культуру.

Артыкул 4. Не дапускаюцца якое б там нi было прамое або ўскоснае абмежаванне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь за iх прыналежнасць да нацыянальных меншасцяў, а таксама спробы асiмiляцыi супраць iх волi.

Артыкул 5. Нiхто не можа быць прымушаны да вызначэння i ўказання сваёй нацыянальнай прыналежнасцi, а таксама да доказу нацыянальнай прыналежнасцi цi адмовы ад яе.

Артыкул 6. Дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, роўныя палiтычныя, эканамiчныя i сацыяльныя правы i свабоды, ажыццяўляемыя ва ўстаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь парадку, у тым лiку:

права на атрыманне дапамогi з боку дзяржавы ў справе развiцця нацыянальнай культуры i адукацыi;

права карыстацца роднай мовай, права выбару мовы стасункаў, а таксама права на свабоду выбару мовы выхавання i навучання;

права на заснаванне сродкаў масавай iнфармацыi, выдавецкую дзейнасць, а таксама на атрыманне, захаванне i распаўсюджанне iнфармацыi на роднай мове;

права на ўстанаўленне культурных сувязяў з суайчыннiкамi за межамi Рэспублiкi Беларусь;

права вызнаваць любую рэлiгiю цi не вызнаваць нiякай, удзельнiчаць у выкананнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў на роднай мове;

права на захаванне сваёй гiсторыка-культурнай i духоўнай спадчыны, свабоднае развiццё культуры, у тым лiку прафесiянальнага i самадзейнага мастацтва;

права на стварэнне грамадскiх аб’яднанняў i ўступленне ў дзеючыя грамадскiя аб’яднаннi;

права свабодна выбiраць i быць абранымi ў дзяржаўныя органы Рэспублiкi Беларусь на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога цi ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаваннi;

права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 7. Пры мясцовых Саветах дэпутатаў могуць стварацца i дзейнiчаць на грамадскiх пачатках дарадчыя органы з прадстаўнiкоў нацыянальных меншасцяў. Парадак стварэння гэтых органаў вызначаецца адпаведнымi мясцовымi Саветамi дэпутатаў.

Артыкул 8. Дзяржава ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, садзейнiчае стварэнню ўмоў для развiцця адукацыi i культуры нацыянальных меншасцяў шляхам выдзялення з рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў неабходных для гэтага грашовых сродкаў.

Артыкул 9. Грамадскiя аб’яднаннi грамадзян, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, маюць права ажыццяўляць прадпрымальнiцкую дзейнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 10. Грамадскiя аб’яднаннi грамадзян, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, могуць ствараць культурна-асветныя ўстановы.

Падрыхтоўка спецыялiстаў для забеспячэння iнтарэсаў нацыянальных меншасцяў у галiне адукацыi i культуры ажыццяўляецца ўстановамi адукацыi Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку на аснове дагавораў, заключаных з грамадскiмi аб’яднаннямi грамадзян, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў.

Артыкул 11. Помнiкi гiсторыi i культуры нацыянальных меншасцяў, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца часткай культуры Рэспублiкi Беларусь i захоўваюцца дзяржавай у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Забараняюцца стварэнне i дзейнасць грамадскiх аб’яднанняў грамадзян, якiя адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў, калi гэта супярэчыць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь аб грамадскiх аб’яднаннях, а таксама калi ўказаныя грамадскiя аб’яднаннi арганiзацыйна звязаныя цi з’яўляюцца часткай палiтычнай арганiзацыi замежнай дзяржавы.

Артыкул 13. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь незалежна ад нацыянальнай прыналежнасцi карыстаюцца абаронай дзяржавы на роўных падставах.

Любыя дзеяннi, накiраваныя на дыскрымiнацыю па нацыянальных прыметах, стварэнне перашкод у рэалiзацыi нацыянальнымi меншасцямi сваiх правоў, распальванне мiжнацыянальнай варожасцi, цягнуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу праз дзесяць дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

5 студзеня 2004 года, г. Мiнск.

№ 261-З
<<< вярнуцца да каталогу <<< вярнуцца да пачатку Закона паглядзець каментарый>>>


Rambler's Top100 Rating All.BY
Hosted by uCoz