Закон Республики Беларусь
"О внесении изменений и дополнений
в некоторые законы Республики Беларусь
по вопросам рассмотрения обращений граждан"

Тэкст Закона ў кантрольным стане. Дата апошняй актуалізацыі: 15.03.2005.

Закон Рэспублiкi Беларусь
Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя законы
Рэспублiкi Беларусь па пытаннях разгляду зваротаў грамадзян

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 4 кастрычнiка 2004 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 15 кастрычнiка 2004 года

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года «Аб зваротах грамадзян» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1996 г., № 21, ст. 376) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб зваротах грамадзян

Гэты Закон накiраваны на прававое рэгуляванне зваротаў грамадзян з iндывiдуальнымi i калектыўнымi прапановамi, заявамi i скаргамi ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (да службовых асоб), а таксама разгляду прапаноў, заяў i скаргаў грамадзян.

РАЗДЗЕЛ 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя паняццi, якiя прымяняюцца ў гэтым Законе, i iх азначэннi

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя паняццi i iх азначэннi:

зварот — iндывiдуальная або калектыўная прапанова, заява, скарга грамадзянiна (грамадзян) у дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (службовай асобе), выкладзеныя ў вуснай або пiсьмовай форме;

прапанова — рэкамендацыi па паляпшэнню дзейнасцi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый (службовых асоб), удасканаленню прававога рэгулявання адносiнаў у дзяржаўным i грамадскiм жыццi, вырашэнню пытанняў эканамiчнай, палiтычнай, сацыяльнай i iншых сфер дзейнасцi дзяржавы i грамадства;

заява — хадайнiцтва аб рэалiзацыi правоў, свабод i (або) законных iнтарэсаў грамадзянiна (грамадзян), не звязаных з iх парушэннем;

скарга — патрабаванне аб аднаўленнi правоў, свабод i (або) законных iнтарэсаў грамадзянiна (грамадзян), парушаных дзеяннямi (бяздзейнасцю) службовых асоб дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый або грамадзян;

iндывiдуальны зварот — зварот аднаго грамадзянiна ў дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы);

калектыўны зварот — зварот двух i больш грамадзян у дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы);

пiсьмовы зварот — зварот грамадзянiна (грамадзян) у дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы), выкладзены ў пiсьмовай форме;

вусны зварот — зварот грамадзянiна (грамадзян), выказаны iм (iмi) на асабiстым прыёме службовай асобе дзяржаўнага органа, iншай арганiзацыi;

паўторны зварот — зварот грамадзянiна (грамадзян) па аднаму i таму ж пытанню ў адзiн i той жа дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы);

ананiмны зварот — зварот грамадзянiна (грамадзян) у дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы), у якiм не ўказаны яго (iх) прозвiшча, iмя, iмя па бацьку або даныя аб месцы жыхарства i (або) работы (вучобы) цi адсутнiчае асабiсты подпiс грамадзянiна (грамадзян).

Артыкул 2. Сфера дзеяння гэтага Закона

Дзеянне гэтага Закона пашыраецца на прапановы, заявы i скаргi грамадзян (далей, калi не вызначана iншае, — зварота), за выключэннем зваротаў:

якiя разглядаюцца ў парадку канстытуцыйнага, крымiнальнага, грамадзянскага, гаспадарчага судаводства, а таксама вядзення па справах аб адмiнiстрацыйных парушэннях;

для якiх заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншы парадак накiравання i разгляду ў дзяржаўных органах, iншых арганiзацыях (службовымi асобамi).

Артыкул 3. Заканадаўства аб зваротах грамадзян

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян складаецца з Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, гэтага Закона, iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 4. Права грамадзян на зварот

Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права на зварот у дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (да службовых асоб). Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, карыстаюцца правам на зварот нароўнi з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь у межах iх правоў i свабод, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Грамадзяне маюць права звярнуцца ў дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы) асабiста або праз свайго прадстаўнiка. Звароты ад iмя недзеяздольных грамадзян накiроўваюцца iх законнымi прадстаўнiкамi.

Прадстаўнiцтва iнтарэсаў грамадзян пры звароце ў дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы) у выпадку, указаным у частцы другой гэтага артыкула, ажыццяўляецца на падставе акта заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, або акта ўпаўнаважанага на тое дзяржаўнага органа цi органа мясцовага самакiравання, або даверанасцi, аформленай у парадку, устаноўленым грамадзянскiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 5. Гарантыi правоў грамадзян пры разглядзе зваротаў

Права на зварот рэалiзуецца грамадзянамi добраахвотна.

Ажыццяўленне грамадзянамi iх права на зварот не павiнна парушаць правы, свабоды i (або) законныя iнтарэсы iншых асоб.

Абмежаванне правоў грамадзян або атрыманне якiх-небудзь пераваг у залежнасцi ад полу, расы, нацыянальнасцi, мовы, рэлiгii, перакананняў, сацыяльнага паходжання, маёмаснага цi iншага становiшча пры звароце ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (да службовых асоб) забараняецца.

Службовыя асобы i iншыя работнiкi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый не маюць права выдаваць звесткi пра асабiстае жыццё грамадзян без iх згоды, а таксама звесткi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную i (або) iншую тайну, якая ахоўваецца законам, што сталi iм вядомы ў сувязi з разглядам зваротаў.

Не з’яўляюцца выдаваннем звестак, указаных у частцы чацвёртай гэтага артыкула, накiраванне пiсьмовых зваротаў, якiя паступiлi ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (да службовых асоб), да кампетэнцыi якiх не адносiцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у гэтых зваротах, адпаведным дзяржаўным органам, iншым арганiзацыям (службовым асобам) у адпаведнасцi з часткай другой артыкула 9 гэтага Закона, а таксама запатрабаванне i прадастаўленне iнфармацыi, якая неабходна для вырашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах.

Не дапускаецца ўшчамленне правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян i членаў iх сем’яў у сувязi з iх зваротамi ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (да службовых асоб).

Артыкул 6. Арганiзацыя работы па разгляду зваротаў

Кiраўнiкi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый абавязаны арганiзоўваць работу па разгляду зваротаў у адпаведнасцi з патрабаваннямi гэтага Закона, iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян i прымаць у межах сваёй кампетэнцыi неабходныя меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага i своечасовага разгляду зваротаў.

Адказнасць за арганiзацыю работы са зваротамi нясуць кiраўнiкi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый.

Вядзенне справаводства па зваротах ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

РАЗДЗЕЛ 2

ПАРАДАК ЗВАРОТУ ГРАМАДЗЯН У ДЗЯРЖАЎНЫЯ ОРГАНЫ, IНШЫЯ АРГАНIЗАЦЫI (ДА СЛУЖБОВЫХ АСОБ). ПАРАДАК РАЗГЛЯДУ ЗВАРОТАЎ

Артыкул 7. Патрабаваннi, якiя прад’яўляюцца да пiсьмовых зваротаў

Пiсьмовы зварот павiнен змяшчаць:

назву i (або) адрас дзяржаўнага органа, iншай арганiзацыi (пасаду, прозвiшча, iмя, iмя па бацьку службовай асобы), у якiя накiроўваецца зварот;

прозвiшча, iмя, iмя па бацьку грамадзянiна, даныя аб яго месцы жыхарства i (або) работы (вучобы);

выкладанне сутнасцi звароту (прапановы, заявы, скаргi);

асабiсты подпiс грамадзянiна.

Да пiсьмовых зваротаў прыкладаюцца дакументы, якiя пацвярджаюць паўнамоцтвы асоб, што звяртаюцца ад iмя iншых грамадзян у выпадках, якiя прадугледжаны часткай другой артыкула 4 гэтага Закона (копii даверанасцi, рашэння суда, пасведчання аб нараджэннi, акта дзяржаўнага органа, iншых дакументаў).

Да пiсьмовых зваротаў могуць прыкладацца копii рашэнняў (адказаў), прынятых (дадзеных) раней па зваротах службовымi асобамi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, а таксама iншыя дакументы, неабходныя для разгляду зваротаў.

Пiсьмовыя звароты, якiя не адпавядаюць патрабаванням, указаным у частках першай i другой гэтага артыкула, могуць быць пакiнуты без разгляду з паведамленнем грамадзянам у пяцiдзённы тэрмiн аб прычынах пакiдання зваротаў без разгляду. Пасля ўстаранення парушэнняў грамадзяне маюць права зноў звярнуцца ў дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да службовай асобы) у парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Ананiмныя звароты разгляду не падлягаюць, за выключэннем зваротаў, якiя змяшчаюць звесткi аб рыхтуемым, учыняемым або ўчыненым злачынстве.

Артыкул 8. Тэрмiны накiравання зваротаў

Накiраванне грамадзянамi прапаноў i заяў у дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам) тэрмiнамi не абмежаванае.

Скаргi могуць быць накiраваны грамадзянамi ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам) не пазней чым праз тры гады з дня парушэння правоў, свабод i (або) законных iнтарэсаў грамадзян або з дня, калi iм стала вядома аб iх парушэннi.

Службовыя асобы дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый маюць права адмовiць у разглядзе скаргi ў выпадку пропуску тэрмiну, устаноўленага часткай другой гэтага артыкула. Адмова ў разглядзе скаргi павiнна быць пiсьмова матывавана i накiравана грамадзянiну ў пяцiдзённы тэрмiн.

У выпадку, калi тэрмiн, указаны ў частцы другой гэтага артыкула, прапушчаны па ўважлiвых прычынах (цяжкая хвароба, iнвалiднасць, працяглая камандзiроўка i iншыя прычыны), наяўнасць якiх пацвярджаецца адпаведнымi дакументамi, прадстаўленымi грамадзянiнам, дадзены тэрмiн падлягае аднаўленню па рашэнню кiраўнiка дзяржаўнага органа, iншай арганiзацыi або ўпаўнаважанай iм службовай асобы, i скаргi разглядаюцца ў парадку, якi ўстаноўлены гэтым Законам.

Артыкул 9. Парадак разгляду пiсьмовых зваротаў

Пiсьмовыя звароты, накiраваныя ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам) з захаваннем патрабаванняў гэтага Закона, iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян, падлягаюць абавязковаму разгляду службовымi асобамi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, да кампетэнцыi якiх адносiцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у звароце.

Пiсьмовыя звароты, якiя паступiлi ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам), да кампетэнцыi якiх не адносiцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у зваротах, у пяцiдзённы тэрмiн накiроўваюцца ў адпаведныя дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам) з паведамленнем аб гэтым грамадзянам або паводле дадзеных зваротаў грамадзян у пятнаццацiдзённы тэрмiн даецца адказ з растлумачэннем, у якi дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да якой службовай асобы) iм неабходна звярнуцца.

Забараняецца перадаваць скаргi грамадзян у дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам), дзеяннi (бяздзейнасць) якiх абскарджваюцца, за выключэннем выпадкаў, калi разгляд дадзенай катэгорыi зваротаў адносiцца да выключнай кампетэнцыi гэтых дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый (службовых асоб).

Пiсьмовыя звароты лiчацца вырашанымi, калi пастаўленыя ў iх пытаннi разгледжаны, прыняты неабходныя меры i грамадзянам пiсьмова дадзены адказы ў тэрмiны, указаныя ў частцы першай i другой артыкула 10 гэтага Закона.

У выпадку адмовы грамадзянiна ад свайго пiсьмовага звароту ў адпаведнасцi з абзацам трэцiм артыкула 14 гэтага Закона службовая асоба дзяржаўнага органа, iншай арганiзацыi, якая разглядае такi зварот, прымае рашэнне аб спыненнi па iм вядзення, за выключэннем выпадкаў, калi ў звароце змяшчаюцца звесткi аб парушэннi правоў, свабод i (або) законных iнтарэсаў грамадзян.

Артыкул 10. Тэрмiны разгляду зваротаў

Звароты павiнны быць разгледжаны не пазней чым за адзiн месяц з дня iх рэгiстрацыi ў дзяржаўных органах, iншых арганiзацыях, да кампетэнцыi якiх адносiцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у зваротах, а звароты, якiя не патрабуюць дадатковага вывучэння i праверкi, — не пазней чым за пятнаццаць дзён, калi iншы тэрмiн не ўстаноўлены заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь. Пры неабходнасцi правядзення спецыяльнай праверкi, запытаў неабходнай iнфармацыi кiраўнiкi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, у якiя паступiлi звароты, могуць падоўжыць указаны тэрмiн, але не больш чым на адзiн месяц з адначасовым паведамленнем аб гэтым грамадзянам.

Тэрмiн разгляду зваротаў, указаных у частцы першай гэтага артыкула, пры неабходнасцi накiравання запытаў у замежныя дзяржавы i (або) мiжнародныя арганiзацыi можа быць падоўжаны да шасцi месяцаў кiраўнiкамi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, у якiя паступiлi звароты, з адначасовым паведамленнем аб гэтым грамадзянам.

Тэрмiны разгляду зваротаў, указаныя ў частцы чацвёртай артыкула 7, частцы трэцяй артыкула 8 i частцы другой артыкула 9 гэтага Закона, вылiчваюцца з дня рэгiстрацыi зваротаў у дзяржаўных органах, iншых арганiзацыях.

Артыкул 11. Асабiсты прыём грамадзян

У дзяржаўных органах, iншых арганiзацыях арганiзуецца асабiсты прыём грамадзян. Кiраўнiкi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый i ўпаўнаважаныя iмi службовыя асобы абавязаны праводзiць асабiсты прыём грамадзян не радзей чым адзiн раз у месяц ва ўстаноўленыя днi i гадзiны.

Пры вусным звароце грамадзянiн павiнен прад’явiць дакумент, якi сведчыць яго асобу.

У выпадку, калi пытанне, выкладзенае ў вусным звароце, не можа быць вырашана ў час асабiстага прыёму, зварот можа выкладацца грамадзянiнам у пiсьмовай форме i падлягае разгляду ў парадку, устаноўленым артыкулам 9 гэтага Закона.

Службовыя асобы дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый не маюць права адмовiць грамадзянам у асабiстым прыёме пры iх звароце па пытаннях, якiя адносяцца да кампетэнцыi дадзеных службовых асоб дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, у парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Калi вырашэнне пытанняў, з якiмi грамадзяне звярнулiся на асабiстым прыёме, не адносiцца да кампетэнцыi гэтых дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый (службовых асоб), адпаведныя службовыя асобы не разглядаюць звароты па сутнасцi, але растлумачваюць грамадзянам, у якi дзяржаўны орган, iншую арганiзацыю (да якой службовай асобы) iм трэба звярнуцца для вырашэння пытанняў, выкладзеных у зваротах.

Артыкул 12. Паўторныя звароты

Паўторныя звароты (вусныя i пiсьмовыя), у якiх не прыводзяцца прычыны i абставiны, якiя толькi што адкрылiся, разгляду не падлягаюць, калi па iх ёсць вынiкi вычарпальных праверак i грамадзянам дадзены адказы ў парадку, устаноўленым гэтым Законам. Пры гэтым грамадзянам пiсьмова паведамляецца, што паўторныя звароты неабгрунтаваныя, i перапiска з iмi па дадзенаму пытанню спыняецца.

Рашэнне аб спыненнi вядзення па паўторных зваротах прымаюць кiраўнiкi дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый або ўпаўнаважаныя iмi службовыя асобы.

Артыкул 13. Звароты, накiраваныя ў сродкi масавай iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь

Звароты, накiраваныя ў сродкi масавай iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, падлягаюць разгляду ў адпаведнасцi з гэтым Законам i заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб сродках масавай iнфармацыi.

Артыкул 14. Правы грамадзян пры разглядзе зваротаў

Пры разглядзе зваротаў грамадзяне маюць права:

знаёмiцца з матэрыяламi, звязанымi з разглядам зваротаў, у той меры, у якой гэта не закранае правы iншых грамадзян i не супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай i (або) iншай тайны, якая ахоўваецца законам;

адмовiцца ад накiраваных iмi пiсьмовых зваротаў да прыняцця па iх рашэнняў дзяржаўнымi органамi, iншымi арганiзацыямi (службовымi асобамi), накiраваўшы адпаведную пiсьмовую заяву ў дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовым асобам);

абскарджваць рашэннi, прынятыя па iх зваротах, у вышэйстаячыя дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (вышэйшым службовым асобам) i (або) у суд.

Артыкул 15. Абавязкi службовых асоб дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый
пры разглядзе зваротаў

Службовыя асобы дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый пры разглядзе звароту абавязаны:

захоўваць патрабаваннi, устаноўленыя гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян;

прымаць меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага i своечасовага разгляду зваротаў;

прымаць законныя i абгрунтаваныя рашэннi;

пiсьмова iнфармаваць грамадзян аб рашэннях, прынятых па вынiках разгляду пiсьмовых зваротаў, аргументаваўшы iх прыняцце;

растлумачваць парадак абскарджання рашэнняў, прынятых па зваротах;

забяспечваць кантроль за выкананнем рашэнняў, прынятых па зваротах;

прымаць у межах сваёй кампетэнцыi меры па аднаўленню парушаных правоў, свабод i (або) законных iнтарэсаў грамадзян;

вырашаць ва ўстаноўленым парадку пытаннi аб прыцягненнi да адказнасцi асоб, па вiне якiх дапушчаны парушэннi правоў, свабод i (або) законных iнтарэсаў грамадзян.

РАЗДЗЕЛ 3

АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА АБ ЗВАРОТАХ ГРАМАДЗЯН

Артыкул 16. Адаказнасць за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян

За парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян службовыя асобы дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 17. Расходы, звязаныя з разглядам зваротаў

Дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi (службовыя асобы) разглядаюць звароты без спагнання платы.

Расходы, панесеныя дзяржаўным органам, iншай арганiзацыяй у сувязi з разглядам зваротаў, якiя змяшчаюць заведама непраўдзiвыя звесткi, могуць быць спагнаны з грамадзян у судовым парадку.».

Артыкул 2. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 20 лютага 1991 года «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь» у рэдакцыi Закона Рэспублiкi Беларусь ад 10 студзеня 2000 года (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, 1991 г., № 11, ст. 122; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2000 г., № 8, 2/137) наступныя дапаўненнi i змяненнi:

1. Частку шостую артыкула 10 дапоўнiць пунктам 111 наступнага зместу:

«111) забяспечвае разгляд зваротаў грамадзян у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян i ў межах сваёй кампетэнцыi прымае меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага i своечасовага iх разгляду;».

2. У артыкуле 11:

пункт 9 часткi сёмай выкласцi ў наступнай рэдакцыi:

«9) забяспечвае разгляд зваротаў грамадзян у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян i ў межах сваёй кампетэнцыi прымае меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага i своечасовага iх разгляду;»;

частку восьмую дапоўнiць пунктам 31 наступнага зместу:

«31) забяспечвае разгляд зваротаў грамадзян у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян i ў межах сваёй кампетэнцыi прымае меры для поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага i своечасовага iх разгляду;».

3. Пункт 12 часткi пятай артыкула 19 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:

«12) забяспечвае разгляд зваротаў грамадзян, якiя адрасаваны Савету, у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян i пры неабходнасцi ўносiць п рапановы па зваротах грамадзян на разгляд сесii Савета;».

4. Пункт 9 часткi сёмай артыкула 20 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:

«9) забяспечвае разгляд зваротаў грамадзян, якiя адрасаваны Савету, у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб зваротах грамадзян i пры неабходнасцi ўносiць прапановы па зваротах грамадзян на разгляд сесii Савета;».

Артыкул 3. У частцы чацвёртай артыкула 6 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 9 лютага 2000 года «Аб Камiтэце дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2000 г., № 18, 2/144) словы «выдаваць звесткi, якiя могуць пашкодзiць правам i законным iнтарэсам грамадзянiна» замянiць словамi «выдаваць звесткi аб асабiстым жыццi грамадзян без iх згоды, а таксама звесткi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, камерцыйную i (або) iншую тайну, якая ахоўваецца законам».

Артыкул 4. Гэты Закон уступае ў сiлу праз дзесяць дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 5. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам i прыняць iншыя меры, накiраваныя на яго рэалiзацыю.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

1 лiстапада 2004 года, г. Мiнск.

№ 340—3.
<<< вярнуцца да каталогу <<< вярнуцца да пачатку Закона паглядзець каментарый >>>

Rambler's Top100 Rating All.BY
Hosted by uCoz