Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб барацьбе з тэрарызмам

Глава 1

Агульныя палажэннi

Артыкул 1. Прававая аснова барацьбы з тэрарызмам

Прававую аснову барацьбы з тэрарызмам складаюць Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь, Крымiнальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь, гэты Закон, iншыя акты заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, мiжнародныя дагаворы Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 2. Асноўныя прынцыпы барацьбы з тэрарызмам

Барацьба з тэрарызмам у Рэспублiцы Беларусь грунтуецца на прынцыпах:

законнасцi;

прыярытэту мераў па папярэджанню тэрарызму;

непазбежнасцi пакарання за ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасцi;

спалучэння публiчных i непублiчных метадаў барацьбы з тэрарызмам;

комплекснага выкарыстання прафiлактычных, прававых, палiтычных, сацыяльна-эканамiчных i прапагандысцкiх мераў;

прыярытэту абароны правоў асоб, якiя падвяргаюцца небяспецы ў вынiку тэрарыстычнай акцыi;

мiнiмальных уступак тэрарысту;

адзiнаначалля ў кiраўнiцтве сiламi i сродкамi, якiя прыцягваюцца для правядзення контртэрарыстычных аперацый;

iнфармавання грамадскасцi аб тэрарыстычнай акцыi i правядзення контртэрарыстычных аперацый.

Артыкул 3. Асноўныя тэрмiны i iх вызначэннi

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя тэрмiны i iх вызначэннi:

барацьба з тэрарызмам — дзейнасць па папярэджанню, выяўленню, спыненню i мiнiмiзацыi вынiкаў тэрарыстычнай дзейнасцi;

грамадзянiн — грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь, замежны грамадзянiн або асоба без грамадзянства, калi iншае не агаворана ў гэтым Законе;

заложнiк — фiзiчная асоба, захопленая i (або) утрымлiваемая ў мэтах прымусу дзяржавы, арганiзацыi або асобных грамадзян учынiць якое-небудзь дзеянне або ўстрымацца ад учынення якога-небудзь дзеяння як умова вызвалення ўказанай асобы;

зона правядзення контртэрарыстычнай аперацыi — асобныя ўчасткi мясцовасцi або акваторыi, транспартны сродак, будынак, збудаванне, памяшканне i прылеглыя да iх тэрыторыi або акваторыi, у межах якiх праводзiцца ўказаная аперацыя;

контртэрарыстычная аперацыя — спецыяльныя мерапрыемствы, накiраваныя на спыненне тэрарыстычнай акцыi, што праводзяцца ў мэтах забеспячэння iнтарэсаў дзяржавы, бяспекi грамадзян, абясшкоджвання тэрарыстаў, а таксама мiнiмiзацыi вынiкаў тэрарыстычнай акцыi;

мiжнародная тэрарыстычная дзейнасць — тэрарыстычная дзейнасць, якая ажыццяўляецца тэрарыстам або тэрарыстычнай арганiзацыяй на тэрыторыi больш чым адной дзяржавы або наносiць урон iнтарэсам чым больш адной дзяржавы, грамадзянамi адной дзяржавы ў адносiнах да грамадзян iншай дзяржавы або на тэрыторыi iншай дзяржавы, у выпадку, калi тэрарыст i ахвяра тэрарызму з’яўляюцца грамадзянамi адной i той жа дзяржавы або розных дзяржаў, але злачынства ўчынена за межамi тэрыторый гэтых дзяржаў;

тэрарызм — учыненне выбуху, падпалу або iншых дзеянняў, што ствараюць небяспеку гiбелi людзей, нанясення iм цялесных пашкоджанняў, нанясення ўрону ў буйным памеры цi наступлення iншых цяжкiх вынiкаў, у мэтах запужвання насельнiцтва, або аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымi органамi, або перашкоды палiтычнай цi iншай грамадскай дзейнасцi, а таксама пагроза ўчынення ўказаных дзеянняў у гэтых жа мэтах; замах на жыццё дзяржаўнага або грамадскага дзеяча, учыненае ў сувязi з яго дзяржаўнай або грамадскай дзейнасцю з мэтай дэстабiлiзацыi грамадскага парадку, або ўздзеяння на прыняцце рашэнняў дзяржаўнымi органамi, або перашкоды палiтычнай цi iншай грамадскай дзейнасцi, або з помсты за такую дзейнасць; арганiзацыя ўчынення або ўчыненне на тэрыторыi замежнай дзяржавы выбуху, падпалу або iншых дзеянняў, накiраваных на знiшчэнне людзей цi нанясенне iм цялесных пашкоджанняў, разбурэнне цi пашкоджанне будынкаў, збудаванняў, шляхоў i сродкаў зносiнаў, сродкаў сувязi цi iншай маёмасцi з мэтай правакацыi мiжнародных ускладненняў, вайны цi дэстабiлiзацыi ўнутранага становiшча гэтых дзяржаў, або забойства цi нанясенне цялесных пашкоджанняў дзяржаўным цi грамадскiм дзеячам замежных дзяржаў, або нанясенне шкоды iх маёмасцi з той жа мэтай;

тэрарыст — асоба, якая ўдзельнiчае ў тэрарыстычнай дзейнасцi ў любой форме;

тэрарыстычная акцыя — непасрэднае ўчыненне ў мэтах тэрарызму выбуху, падпалу, прымянення цi пагрозы прымянення ядзерных выбуховых прыстасаванняў, радыеактыўных, хiмiчных, бiялагiчных, выбуховых, таксiчных, атрутных, моцнадзеючых, ядавiтых рэчываў; знiшчэнне, пашкоджанне цi захоп транспартных сродкаў або iншых аб’ектаў; пашкоджанне iнфармацыйных сiстэм, сiстэм кiравання; замах на жыццё дзяржаўнага цi грамадскага дзеяча, прадстаўнiка нацыянальных, этнiчных, рэлiгiйных або iншых груп насельнiцтва; захоп i (або) утрыманне заложнiкаў, выкраданне чалавека; стварэнне небяспекi нанясення шкоды жыццю, здароўю цi маёмасцi няпэўнага кола асоб шляхам стварэння ўмоў для аварый i катастроф тэхнагеннага характару або рэальнай пагрозы стварэння такой небяспекi; распаўсюджванне пагроз у любой форме i любымi сродкамi; учыненне iншых дзеянняў, што ствараюць небяспеку для жыцця i здароўя людзей, нанясення ўрону ў буйным памеры цi наступлення iншых грамадска небяспечных вынiкаў;

тэрарыстычная група — група колькасцю дзве i больш асоб, якiя аб’ядналiся ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасцi;

тэрарыстычная дзейнасць — дзейнасць, якая ўключае ў сябе арганiзацыю, планаванне, падрыхтоўку i правядзенне тэрарыстычнай акцыi, падбухторванне да тэрарыстычнай акцыi, насiлля над грамадзянамi цi арганiзацыямi, да знiшчэння матэрыяльных аб’ектаў у тэрарыстычных мэтах, арганiзацыю незаконнага ўзброенага фармiравання, стварэнне злачыннай арганiзацыi, арганiзаванай групы для ўчынення тэрарыстычнай акцыi, а таксама ўдзел у такой акцыi, вярбоўку, узбраенне, навучанне i выкарыстанне тэрарыстаў, фiнансаванне заведама тэрарыстычнай арганiзацыi цi тэрарыстычнай групы або iншае садзейнiчанне iм;

тэрарыстычная арганiзацыя — злачынная арганiзацыя, якая створана ў мэтах ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасцi або прызнае магчымасць выкарыстання ў сваёй дзейнасцi тэрарызму.

Артыкул 4. Мiжнароднае супрацоўнiцтва Рэспублiкi Беларусь у галiне барацьбы з тэрарызмам

Рэспублiка Беларусь у адпаведнасцi з мiжнароднымi дагаворамi супрацоўнiчае ў галiне барацьбы з тэрарызмам з замежнымi дзяржавамi, iх праваахоўнымi органамi i спецыяльнымi службамi, а таксама з мiжнароднымi арганiзацыямi, якiя ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам.

Рэспублiка Беларусь, кiруючыся iнтарэсамi забеспячэння бяспекi асобы, грамадства i дзяржавы, ажыццяўляе крымiнальнае праследаванне на сваёй тэрыторыi асоб, якiя маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасцi, у тым лiку ў выпадках, калi тэрарыстычныя акцыi планавалiся або праводзiлiся па-за межамi Рэспублiкi Беларусь, аднак накiраваны супраць iнтарэсаў Рэспублiкi Беларусь, i ў iншых выпадках, прадугледжаных мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Глава 2

Асновы арганiзацыi барацьбы з тэрарызмам

Артыкул 5. Мэты барацьбы з тэрарызмам

Барацьба з тэрарызмам у Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца ў мэтах:

абароны асобы, грамадства i дзяржавы ад тэрарызму;

папярэджання, выяўлення, спынення тэрарыстычнай дзейнасцi i мiнiмiзацыi яе вынiкаў;

выяўлення i лiквiдацыi прычын i ўмоў, якiя садзейнiчаюць ажыццяўленню тэрарыстычнай дзейнасцi.

Артыкул 6. Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам

Агульнае кiраўнiцтва барацьбой з тэрарызмам i яе забеспячэнне ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь i Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Суб’ектамi, якiя непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам у межах сваёй кампетэнцыi, з’яўляюцца:

органы дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь;

органы ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь;

Служба бяспекi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь;

Дзяржаўны камiтэт пагранiчных войскаў Рэспублiкi Беларусь.

Суб’ектамi, якiя ўдзельнiчаюць у папярэджаннi, выяўленнi i спыненнi тэрарыстычнай дзейнасцi ў межах сваёй кампетэнцыi, з’яўляюцца i iншыя дзяржаўныя органы, пералiк якiх вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Каардынацыя дзейнасцi суб’ектаў, што ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам, праводзiцца мiжведамаснай камiсiяй, якую стварае Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь i якая вырашае наступныя асноўныя задачы:

па даручэнню Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь распрацоўвае асновы дзяржаўнай палiтыкi ў галiне барацьбы з тэрарызмам у Рэспублiцы Беларусь i рэкамендацыi, накiраваныя на павышэнне эфектыўнасцi работы па выяўленню i лiквiдацыi прычын i ўмоў, што садзейнiчаюць узнiкненню тэрарызму i ажыццяўленню тэрарыстычнай дзейнасцi;

ажыццяўляе збор i аналiз iнфармацыi аб стане i тэндэнцыях тэрарыстычнай дзейнасцi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў, што ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам, у мэтах дасягнення ўзгаднення iх дзеянняў па папярэджанню, выяўленню i спыненню тэрарыстычных акцый, а таксама выяўленню i лiквiдацыi прычын i ўмоў, што садзейнiчаюць падрыхтоўцы i рэалiзацыi тэрарыстычных акцый;

распрацоўвае прапановы аб удасканаленнi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у галiне барацьбы з тэрарызмам;

прымае ўдзел у падрыхтоўцы мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь у галiне барацьбы з тэрарызмам.

Артыкул 7. Кампетэнцыя суб’ектаў, якiя непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам

Органы дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь:

ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам пры дапамозе папярэджання, выяўлення, спынення i раскрыцця тэрарыстычных акцый, папярэджання, выяўлення i спынення мiжнароднай тэрарыстычнай дзейнасцi;

ажыццяўляюць збор iнфармацыi аб дзейнасцi замежных i мiжнародных тэрарыстычных арганiзацый;

праводзяць папярэдняе расследаванне па крымiнальных справах аб злачынствах, накiраваных на дасягненне мэтаў тэрарызму, аднесеных крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам да iх ведання.

Органы ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам пры дапамозе папярэджання, выяўлення i спынення тэрарыстычных акцый у адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй, устаноўленай заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Служба бяспекi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляе барацьбу з тэрарызмам пры дапамозе забеспячэння бяспекi ахоўваемых асоб i абароны ахоўваемых аб’ектаў.

Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь забяспечвае ахову i абарону ўзбраення i ваеннай тэхнiкi Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, ваенных аб’ектаў, а таксама прымае ўдзел у правядзеннi контртэрарыстычных аперацый i забеспячэннi бяспекi паветранай прасторы Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўны камiтэт пагранiчных войскаў Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляе барацьбу з тэрарызмам пры дапамозе папярэджання, выяўлення i спынення спроб пераходу тэрарыстамi Дзяржаўнай гранiцы Рэспублiкi Беларусь, а таксама незаконнага перамяшчэння праз Дзяржаўную гранiцу Рэспублiкi Беларусь зброi, боепрыпасаў, выбуховых, атрутных, радыеактыўных рэчываў i iншых прадметаў, якiя могуць быць выкарыстаны ў якасцi сродкаў учынення тэрарыстычных акцый, удзельнiчае ў правядзеннi контртэрарыстычных аперацый.

Артыкул 8. Асноўныя функцыi суб’ектаў, якiя ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам

Дзяржаўныя органы, пералiчаныя ў артыкуле 6 гэтага Закона, для барацьбы з тэрарызмам у межах сваёй кампетэнцыi распрацоўваюць i рэалiзуюць прафiлактычныя, рэжымныя, арганiзацыйныя i iншыя меры папярэджання, выяўлення i спынення тэрарыстычнай дзейнасцi, ствараюць i падтрымлiваюць у гатоўнасцi ведамасныя сiстэмы процiдзеяння ўчыненню тэрарыстычных акцый.

Суб’екты, якiя ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам, узаемадзейнiчаюць шляхам прадастаўлення матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых сродкаў, iнфармацыi, транспартных сродкаў i сродкаў сувязi, медыцынскага абсталявання i медыкаментаў для правядзення контртэрарыстычнай аперацыi, а таксама ў iншых формах зыходзячы з патрэбнасцяў у галiне барацьбы з тэрарызмам. Парадак прадастаўлення матэрыяльна-тэхнiчных i фiнансавых сродкаў, iнфармацыi, транспартных сродкаў i сродкаў сувязi, медыцынскага абсталявання i медыкаментаў вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 9. Садзейнiчанне органам, якiя ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам

Дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi i грамадзяне павiнны аказваць садзейнiчанне суб’ектам, якiя ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам, выконваць iх патрабаваннi i захоўваць прававы рэжым у зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыi.

Паведамленне грамадзянамi дзяржаўным органам аб стаўшых вядомымi iм звестках аб тэрарыстычнай дзейнасцi з’яўляецца абавязкам кожнага i заахвочваецца дзяржавай.

Глава 3

Правядзенне контртэрарыстычных аперацый

Артыкул 10. Кiраванне контртэрарыстычнай аперацыяй

Органам, якi адказвае за арганiзацыю контртэрарыстычнай аперацыi, з’яўляецца Камiтэт дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не ўстаноўлена Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

З улiкам маштабаў i ступенi грамадскай небяспекi, чаканых негатыўных вынiкаў i характару тэрарыстычнай акцыi для непасрэднага кiравання контртэрарыстычнай аперацыяй Камiтэтам дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь можа стварацца аператыўны штаб, якi ўзначальвае прадстаўнiк Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь або Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь у залежнасцi ад таго, кампетэнцыя якога органа будзе пераважаць у правядзеннi канкрэтнай контртэрарыстычнай аперацыi.

Парадак дзеяння аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй вызначаецца палажэннем, якое зацвярджае Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Камiтэт дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь можа, не ствараючы аператыўнага штаба, даручыць правядзенне контртэрарыстычнай аперацыi суб’ектам, якiя непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам i якiя назначаюць кiраўнiка контртэрарыстычнай аперацыi.

Рашэннi Камiтэта дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь па арганiзацыi контртэрарыстычнай аперацыi з’яўляюцца абавязковымi для суб’ектаў, якiя непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам.

Кiраўнiк аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiк контртэрарыстычнай аперацыi) можа быць назначаны Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Служба бяспекi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi са сваёй кампетэнцыяй можа ствараць узначальваемы яе прадстаўнiком аператыўны штаб, парадак дзейнасцi якога вызначаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Сiлы i сродкi, якiя прыцягваюцца для правядзення контртэрарыстычнай аперацыi

Для правядзення контртэрарыстычнай аперацыi аператыўны штаб па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiк контртэрарыстычнай аперацыi) мае права прыцягваць неабходныя сiлы i сродкi дзяржаўных органаў, якiя ў адпаведнасцi з артыкулам 6 гэтага Закона ўдзельнiчаюць у папярэджаннi, выяўленнi i спыненнi тэрарыстычнай дзейнасцi.

Артыкул 12. Кiраўнiцтва контртэрарыстычнай аперацыяй

Дзяржаўныя органы, арганiзацыi i грамадзяне, якiя прыцягваюцца для правядзення контртэрарыстычнай аперацыi, з моманту пачатку ўказанай аперацыi падпарадкоўваюцца кiраўнiку аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiку контртэрарыстычнай аперацыi), i яго рашэннi для iх з’яўляюцца абавязковымi.

Кiраўнiк аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiк контртэрарыстычнай аперацыi) вызначае межы зоны правядзення контртэрарыстычнай аперацыi, прымае рашэннi аб выкарыстаннi сiл i сродкаў, што прыцягваюцца для правядзення ўказанай аперацыi, аб вядзеннi перагавораў з тэрарыстамi, аб iнфармаваннi грамадскасцi, а таксама па iншых пытаннях, звязаных з правядзеннем контртэрарыстычнай аперацыi.

Умяшанне любой iншай асобы незалежна ад займаемай пасады ў аператыўнае кiраванне контртэрарыстычнай аперацыяй не дапускаецца.

Артыкул 13. Прававы рэжым у зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыi

У зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыi асобы, якiя праводзяць указаную аперацыю, маюць права:

прымаць пры неабходнасцi меры па часоваму абмежаванню або забароне руху транспартных сродкаў i пешаходаў на вулiцах i дарогах, па недапушчэнню грамадзян i транспартных сродкаў, у тым лiку транспартных сродкаў дыпламатычных прадстаўнiцтваў i консульскiх устаноў, на асобныя ўчасткi мясцовасцi i аб’екты або па выдаленню грамадзян з асобных участкаў мясцовасцi i аб’ектаў, а таксама па адбуксiроўцы транспартных сродкаў;

затрымлiваць на тэрмiн да трох гадзiн грамадзян у выпадку несанкцыянiраванага пранiкнення або спробы пранiкнення iх у зону правядзення контртэрарыстычнай аперацыi для ўстанаўлення мэтаў гэтых дзеянняў, а таксама затрымлiваць грамадзян пры адсутнасцi ў iх дакументаў, што сведчаць iх асобу, для ўстанаўлення асобы;

уваходзiць бесперашкодна, пры неабходнасцi з пашкоджаннем запiраючых прыстасаванняў, у любы час сутак у жылыя i iншыя памяшканнi грамадзян, на належачыя iм зямельныя ўчасткi, у памяшканнi i на тэрыторыю арганiзацый незалежна ад формаў уласнасцi i аглядаць iх пры праследаваннi асоб, якiя падазраюцца ва ўчыненнi тэрарыстычнай акцыi, а таксама пры наяўнасцi дастатковых падстаў меркаваць, што там учыняецца або ўчынена злачынства, якое ставiць пад пагрозу жыццё або здароўе грамадзян, з наступным паведамленнем аб гэтым пракурору на працягу 24 гадзiн;

праводзiць пры праходзе (праездзе) у зону правядзення контртэрарыстычнай аперацыi i пры выхадзе (выездзе) з указанай зоны асабiсты надгляд грамадзян, надгляд рэчаў, што знаходзяцца пры iх, надгляд транспартных сродкаў i рэчаў, што правозяцца на iх, у тым лiку i з прымяненнем тэхнiчных сродкаў;

выкарыстоўваць у службовых мэтах сродкi сувязi, якiя належаць грамадзянам, дзяржаўным органам i iншым арганiзацыям незалежна ад формаў уласнасцi;

выкарыстоўваць у выпадках, якiя не церпяць адкладання, транспартныя сродкi, што належаць дзяржаўным органам, арганiзацыям незалежна ад формаў уласнасцi i грамадзянам (за выключэннем транспартных сродкаў, якiя заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь або мiжнароднымi дагаворамi вызвалены ад такога выкарыстання), для прадухiлення тэрарыстычнай акцыi, для праследавання i затрымання асоб, якiя ўчынiлi тэрарыстычную акцыю, або для дастаўкi асоб, якiя патрабуюць тэрмiновай медыцынскай дапамогi, у лячэбныя ўстановы, а таксама для праезду да месца здарэння.

У зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыi дзейнасць работнiкаў сродкаў масавай iнфармацыi рэгулюецца кiраўнiком аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiком контртэрарыстычнай аперацыi).

Артыкул 14. Вядзенне перагавораў з тэрарыстамi

Пры правядзеннi контртэрарыстычнай аперацыi ў мэтах захавання жыцця i здароўя людзей, матэрыяльных каштоўнасцяў, а таксама вывучэння магчымасцi спынення тэрарыстычнай акцыi без прымянення сiлы дапускаецца вядзенне перагавораў з тэрарыстамi.

Да вядзення перагавораў з тэрарыстамi дапускаюцца толькi асобы, якiя спецыяльна ўпаўнаважаны на тое кiраўнiком аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiком контртэрарыстычнай аперацыi).

Пры вядзеннi перагавораў з тэрарыстамi ў якасцi ўмовы спынення iм тэрарыстычнай акцыi не павiнны разглядацца пытаннi аб выдачы тэрарыстам якiх бы там нi было асоб, перадачы iм зброi, боепрыпасаў i iншых сродкаў i прадметаў, прымяненне якiх можа стварыць пагрозу жыццю i здароўю людзей, а таксама пытанне аб выкананнi палiтычных патрабаванняў тэрарыстаў.

Вядзенне перагавораў з тэрарыстамi не можа служыць падставай або ўмовай iх вызвалення ад адказнасцi за ўчыненыя дзеяннi.

Артыкул 15. Iнфармаванне грамадскасцi аб тэрарыстычнай акцыi

Пры правядзеннi контртэрарыстычнай аперацыi iнфармаванне грамадскасцi аб тэрарыстычнай акцыi ажыццяўляецца ў формах i аб’ёме, якiя вызначаюцца кiраўнiком аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiком контртэрарыстычнай аперацыi) або прадстаўнiком указанага штаба, адказным за падтрыманне сувязi з грамадскасцю.

Пры правядзеннi контртэрарыстычнай аперацыi не дапускаецца распаўсюджванне iнфармацыi:

якая раскрывае спецыяльныя прыёмы i тактыку правядзення контртэрарыстычнай аперацыi;

якая ўскладняе правядзенне контртэрарыстычнай аперацыi i стварае пагрозу жыццю i здароўю людзей, што аказалiся ў зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыi або знаходзяцца за межамi ўказанай зоны;

якая служыць прапагандзе або апраўданню тэрарызму;

якая змяшчае звесткi аб супрацоўнiках спецыяльных падраздзяленняў, членах аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй, а таксама аб асобах, якiя аказваюць садзейнiчанне ў правядзеннi ўказанай аперацыi.

Артыкул 16. Заканчэнне контртэрарыстычнай аперацыi

Контртэрарыстычная аперацыя лiчыцца закончанай, калi тэрарыстычная акцыя спынена i лiквiдавана пагроза жыццю i здароўю людзей, якiя знаходзяцца ў зоне правядзення контртэрарыстычнай аперацыi.

Рашэнне аб аб’яўленнi контртэрарыстычнай аперацыi закончанай прымае кiраўнiк аператыўнага штаба па кiраванню контртэрарыстычнай аперацыяй (кiраўнiк контртэрарыстычнай аперацыi).

Глава 4

Кампенсацыя шкоды, нанесенай у вынiку тэрарыстычнай акцыi, i сацыяльная рэабiлiтацыя асоб, якiя пацярпелi ў вынiку тэрарыстычнай акцыi

Артыкул 17. Кампенсацыя шкоды, нанесенай у вынiку тэрарыстычнай акцыi або правядзення контртэрарыстычнай аперацыi

Кампенсацыя шкоды, нанесенай грамадзянам i арганiзацыям у вынiку тэрарыстычнай акцыi або правядзення контртэрарыстычнай аперацыi, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту з наступным спагнаннем сум гэтай кампенсацыi з таго, хто нанёс шкоду ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Сацыяльная рэабiлiтацыя асоб, пацярпеўшых у вынiку тэрарыстычнай акцыi

Сацыяльная рэабiлiтацыя асоб, пацярпеўшых у вынiку тэрарыстычнай акцыi, уключае ў сябе прававую дапамогу, iх псiхалагiчную, медыцынскую, прафесiйную рэабiлiтацыю, працаўладкаванне i забеспячэнне жылымi памяшканнямi.

Сацыяльная рэабiлiтацыя асоб, пацярпеўшых у вынiку тэрарыстычнай акцыi, а таксама асоб, пералiчаных у артыкуле 19 гэтага Закона, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту.

Парадак ажыццяўлення сацыяльнай рэабiлiтацыi асоб, пацярпеўшых у вынiку тэрарыстычнай акцыi, вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Глава 5

Прававая i сацыяльная абарона асоб, якiя ўдзельнiчаюць у барацьбе з тэрарызмам

Артыкул 19. Асобы, якiя ўдзельнiчаюць у барацьбе з тэрарызмам i падлягаюць прававой i сацыяльнай абароне

Прававой i сацыяльнай абароне падлягаюць:

асобы, якiя ўдзельнiчаюць (удзельнiчалi) у барацьбе з тэрарызмам;

асобы, якiя садзейнiчаюць на пастаяннай або часовай аснове дзяржаўным органам, што ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам, у папярэджаннi, выяўленнi, спыненнi тэрарыстычнай дзейнасцi i мiнiмiзацыi яе вынiкаў.

Члены сем’яў асоб, пералiчаных у абзацах другiм i трэцiм часткi першай гэтага артыкула, падлягаюць прававой i сацыяльнай абароне, калi неабходнасць у забеспячэннi iх абароны выклiкана ўдзелам такiх асоб у барацьбе з тэрарызмам.

Сацыяльная абарона асоб, указаных у частках першай i другой гэтага артыкула, ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь або па яго даручэнню Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 20. Кампенсацыя шкоды асобам, якiя ўдзельнiчаюць у барацьбе з тэрарызмам

Шкода, нанесеная здароўю або маёмасцi асоб, пералiчаных у артыкуле 19 гэтага Закона, у сувязi з iх удзелам у барацьбе з тэрарызмам, кампенсуецца ў парадку, якi вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 21. Вызваленне ад адказнасцi за нанясенне шкоды пры правядзеннi контртэрарыстычнай аперацыi

Пры правядзеннi контртэрарыстычнай аперацыi на падставе i ў межах, устаноўленых заканадаўствам, дапускаецца нанясенне шкоды жыццю, здароўю i маёмасцi тэрарыстаў, а таксама iншым праваахоўным iнтарэсам.

Асобы, якiя ўдзельнiчаюць у барацьбе з тэрарызмам, у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь вызваляюцца ад адказнасцi за шкоду, нанесеную пры правядзеннi контртэрарыстычнай аперацыi.

Глава 6

Адказнасць за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасцi

Артыкул 22. Адказнасць за ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасцi

Асобы, якiя прымалi ўдзел у тэрарыстычнай дзейнасцi, нясуць адказнасць, прадугледжаную заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 23. Адказнасць арганiзацыi за тэрарыстычную дзейнасць

Арганiзацыя, якая зарэгiстравана ў Рэспублiцы Беларусь, прызнаецца тэрарыстычнай на падставе рашэння суда i лiквiдуецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку. Пры лiквiдацыi арганiзацыi, прызнанай тэрарыстычнай, маёмасць, што належыць ёй, канфiскуецца.

У выпадку прызнання судом Рэспублiкi Беларусь мiжнароднай арганiзацыi (яе аддзялення, фiлiяла, прадстаўнiцтва), зарэгiстраванай за межамi Рэспублiкi Беларусь, тэрарыстычнай яе дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь забараняецца, аддзяленне (фiлiял, прадстаўнiцтва) лiквiдуецца, а маёмасць, што належыць яму i маёмасць указанай мiжнароднай арганiзацыi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, канфiскуюцца.

Глава 7

Кантроль i нагляд за дзейнасцю па барацьбе з тэрарызмам

Артыкул 24. Кантроль за дзейнасцю па барацьбе з тэрарызмам

Кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў, якiя вядуць барацьбу з тэрарызмам, ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь i Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 25. Нагляд за дзейнасцю па барацьбе з тэрарызмам

Нагляд за выкананнем заканадаўства па барацьбе з тэрарызмам ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь i падначаленыя яму пракуроры ў межах iх кампетэнцыi.

Глава 8

Заключныя палажэннi

Артыкул 26. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 27. Прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь на працягу трох месяцаў з дня афiцыйнага апублiкавання гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы аб прывядзеннi заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi дзяржаўнымi органамi, падпарадкаванымi Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць нарматыўныя прававыя акты, якiя забяспечваюць рэалiзацыю палажэнняў гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

3 студзеня 2002 г., г. Мiнск, № 77-З.

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Белорусский каталог BelRus
Hosted by uCoz