Закон Республики Беларусь
от 14 июля 2000 года
"О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь
"О государственной экологической экспертизе"

Тэкст Закона ў кантрольным стане. Дата апошняй актуалізацыі: 15.03.2005.

Закон Рэспублiкi Беларусь
Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў
у Закон Рэспублiкi Беларусь
«Аб дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе»

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 9 чэрвеня 2000 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 30 чэрвеня 2000 года

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 18 чэрвеня 1993 года «Аб дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1993 г., № 24, арт. 294) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«Закон Рэспублiкi Беларусь
"Аб дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе"

Гэты Закон рэгулюе адносiны ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы i накiраваны на прадухiленне негатыўнага ўздзеяння плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi на навакольнае асяроддзе.

ГЛАВА 1.

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1. Асноўныя паняццi i iх азначэннi

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя паняццi:

уздзеянне на навакольнае асяроддзе — аднаразовы, перыядычны або пастаянны працэс, вынiкамi якога з’яўляюцца адмоўныя змяненнi ў навакольным асяроддзi;

заключэнне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы — дакумент, якi змяшчае iнфармацыю аб вынiках правядзення экспертызы, уключаючы вывады аб адпаведнасцi праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя, а таксама вывады аб мэтазгоднасцi (нямэтазгоднасцi) iх рэалiзацыi;

змяненнi ў навакольным асяроддзi — абарачальныя або неабарачальныя змены ў стане прыродных аб’ектаў i комплексаў у вынiку ўздзеяння на iх;

ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi — дзейнасць, якая ажыццяўляецца на стадыi правядзення перадпраектных i праектных работ i накiравана на вызначэнне вiдаў уздзеяння на навакольнае асяроддзе ў вынiку ажыццяўлення плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, а таксама на вызначэнне адпаведных змяненняў у навакольным асяроддзi i прагназiраванне яго стану;

справаздача аб вынiках правядзення ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi — састаўная частка праектнай дакументацыi, якая змяшчае iнфармацыю аб мэтах рэалiзацыi намячаемага праекта, аб альтэрнатыўных варыянтах гэтага праекта, звесткi аб стане навакольнага асяроддзя на тэрыторыi, дзе будзе рэалiзаваны праект, аб магчымых неспрыяльных вынiках рэалiзацыi праекта для жыцця або здароўя грамадзян i навакольнага асяроддзя i мерах па iх прадухiленню;

плануемая гаспадарчая i iншая дзейнасць — будаўнiцтва, рэканструкцыя, пашырэнне, тэхнiчнае пераўзбраенне, мадэрнiзацыя, змяненне профiлю вытворчасцi, яго лiквiдацыя i да т.п., якiя могуць аказаць уздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўнай экалагiчнай
экспертызе

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе складаецца з гэтага Закона i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 3. Дзяржаўная экалагiчная экспертыза i яе мэты

Дзяржаўная экалагiчная экспертыза — праверка адпаведнасцi праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя.

Дзяржаўная экалагiчная экспертыза праводзiцца ў мэтах:

вызначэння дастатковасцi i абгрунтаванасцi мер па ахове навакольнага асяроддзя, якiя прадугледжваюцца праектным рашэннем плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi;

вызначэння ўзроўню экалагiчнай небяспекi, якая можа ўзнiкнуць у працэсе ажыццяўлення плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi i прама або ўскосна аказаць уздзеянне на навакольнае асяроддзе;

папярэджання магчымых неспрыяльных уздзеянняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi на навакольнае асяроддзе i звязаных з iмi негатыўных вынiкаў.

Артыкул 4. Асноўныя прынцыпы дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Дзяржаўная экалагiчная экспертыза праводзiцца ў адпаведнасцi з наступнымi асноўнымi прынцыпамi:

аховы жыцця i здароўя чалавека;

законнасцi, навуковай абгрунтаванасцi i галоснасцi;

комплекснай ацэнкi сацыяльных, прыродаахоўных, эканамiчных i iншых аспектаў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi;

улiку сумарнага ўздзеяння шкодных рэчываў, якiя выкiдваюцца (скiдваюцца) у навакольнае асяроддзе, i iншых уздзеянняў на яго ў вынiку ажыццяўляемай i плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi;

незалежнасцi экспертаў пры ажыццяўленнi iмi сваiх паўнамоцтваў.

Артыкул 5. Суб’екты дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Суб’ектамi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы з’яўляюцца заказчыкi (iнiцыятары плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) i эксперты (экспертныя камiсii).

Заказчыкамi (iнiцыятарамi плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) выступаюць фiзiчныя i юрыдычныя асобы, уключаючы замежныя, якiя ажыццяўляюць гаспадарчую i iншую дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.

Экспертамi, якiя ажыццяўляюць дзяржаўную экалагiчную экспертызу, выступаюць службовыя асобы Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь i яго тэрытарыяльных органаў.

Для правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы найбольш складаных праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь i яго тэрытарыяльнымi органамi могуць стварацца экспертныя камiсii з прыцягненнем высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў.

Артыкул 6. Аб’екты дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Аб’ектамi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы з’яўляюцца:

канцэпцыi, праграмы (у тым лiку iнвестыцыйныя) i схемы галiновага i тэрытарыяльнага сацыяльна-эканамiчнага развiцця;

схемы комплекснага выкарыстання i аховы прыродных рэсурсаў;

горадабудаўнiчая дакументацыя (генеральныя планы гарадоў i населеных пунктаў, праекты i схемы дэталёвай планiроўкi);

абгрунтаваннi iнвестыцый у будаўнiцтва, праектная дакументацыя (архiтэктурны, будаўнiчы праекты i iнш.) на будаўнiцтва, рэканструкцыю, пашырэнне, тэхнiчнае пераўзбраенне, мадэрнiзацыю, змяненне профiлю вытворчасцi, лiквiдацыю аб’ектаў i комплексаў незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасцi i форм уласнасцi.

Аб’ектамi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы могуць быць i iншыя праектныя рашэннi плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, рэалiзацыя якiх можа аказаць уздзеянне на навакольнае асяроддзе.

ГЛАВА 2.

ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ Ў ГАЛІНЕ ПРАВЯДЗЕННЯ
ДЗЯРЖАЎНАЙ ЭКАЛАГІЧНАЙ ЭКСПЕРТЫЗЫ

Артыкул 7. Органы, якiя ажыццяўляюць дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне
правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Дзяржаўнае рэгуляванне ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Урад Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь i яго тэрытарыяльныя органы, мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы, а таксама iншыя спецыяльна ўпаўнаважаныя на тое дзяржаўныя органы ў межах сваёй кампетэнцыi ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 8. Паўнамоцтвы Урада Рэспублiкi Беларусь у галiне
правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Урад Рэспублiкi Беларусь у галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы:

вызначае дзяржаўную палiтыку ў дадзенай галiне;

ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за дзейнасцю дзяржаўных органаў у галiне правядзення ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

ажыццяўляе мiжурадавае супрацоўнiцтва ў дадзенай галiне;

устанаўлiвае парадак аплаты працы пазаштатных экспертаў, якiя прыцягваюцца для правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 9. Паўнамоцтвы Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы
навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь у галiне
правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь у галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў межах сваёй кампетэнцыi:

распрацоўвае прапановы аб асноўных напрамках дзяржаўнай палiтыкi ў дадзенай галiне;

забяспечвае правядзенне адзiнай дзяржаўнай палiтыкi ў дадзенай галiне;

зацвярджае iнструкцыю аб парадку правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы i iнструкцыю аб парадку правядзення ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi; пералiк вiдаў i аб’ектаў гаспадарчай i iншай дзейнасцi, для якiх ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi праводзiцца ў абавязковым парадку, а таксама распрацоўвае i зацвярджае ва ўстаноўленым парадку iншыя нарматыўныя прававыя акты Рэспублiкi Беларусь у галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

ажыццяўляе метадычнае кiраўнiцтва эколага-экспертнай дзейнасцю ў Рэспублiцы Беларусь;

арганiзуе i праводзiць сумесна з падведамнымi яму тэрытарыяльнымi органамi дзяржаўную экалагiчную экспертызу;

вызначае персанальны склад экспертных камiсiй, прыцягвае для работы ў iх пазаштатных экспертаў;

ажыццяўляе кантроль за выкананнем юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi патрабаванняў гэтага Закона i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць адносiны ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

ажыццяўляе мiжнароднае супрацоўнiцтва ў дадзенай галiне;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь i яго тэрытарыяльныя органы валодаюць выключным правам на правядзенне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы.

Артыкул 10. Паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых
i распарадчых органаў у галiне правядзення дзяржаўнай
экалагiчнай экспертызы

Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў межах сваёй кампетэнцыi:

ажыццяўляюць кантроль за выкананнем юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi патрабаванняў нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць адносiны ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

iнфармуюць грамадзян i грамадскiя арганiзацыi (аб’яднаннi) аб магчымым уздзеяннi плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi на навакольнае асяроддзе;

ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 3.

УМОВЫ І ПАРАДАК ПРАВЯДЗЕННЯ ДЗЯРЖАЎНАЙ ЭКАЛАГІЧНАЙ ЭКСПЕРТЫЗЫ

Артыкул 11. Правядзенне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Дзяржаўная экалагiчная экспертыза з’яўляецца абавязковым элементам працэсу планавання, праектавання i прыняцця рашэнняў аб сацыяльна-эканамiчным развiццi, ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.

Да прыняцця рашэння аб рэалiзацыi праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi заказчык (iнiцыятар плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) прадстаўляе ў Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь або яго тэрытарыяльныя органы дакументы (уключаючы справаздачу аб вынiках правядзення ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi), якiя характарызуюць узровень экалагiчнай бяспекi плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi i змяшчаюць пералiк мерапрыемстваў па прадухiленню негатыўных уздзеянняў на навакольнае асяроддзе, а таксама матэрыялы ўзгаднення з органамi мясцовага кiравання i самакiравання.

Пры правядзеннi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы разглядаецца заключэнне грамадскай экалагiчнай экспертызы.

Правядзенне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы на аснове дагавора з заказчыкам (iнiцыятарам плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) не дапускаецца.

Парадак прадстаўлення, аб’ём i склад дакументацыi, накiроўваемай на дзяржаўную экалагiчную экспертызу, устанаўлiваюцца Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Асноўныя патрабаваннi да правядзення ацэнкi ўздзеяння на
навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi

Пералiк вiдаў i аб’ектаў гаспадарчай i iншай дзейнасцi, для якiх ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi праводзiцца ў абавязковым парадку, зацвярджаецца Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь.

Па аб’ектах, якiя ўваходзяць у пералiк вiдаў i аб’ектаў гаспадарчай i iншай дзейнасцi, для якiх ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi праводзiцца ў абавязковым парадку, у складзе дакументаў, што прадстаўляюцца ў Мiнiстэрства прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь або яго тэрытарыяльныя органы для правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы, прадстаўляецца справаздача аб вынiках правядзення ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, падрыхтаваная ў адпаведнасцi з патрабаваннямi iнструкцыi аб парадку правядзення ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi.

Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi арганiзуецца заказчыкам (iнiцыятарам плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) i праводзiцца адначасова з распрацоўкай праектнай дакументацыi ў мэтах выяўлення i прыняцця неабходных i дастатковых мер па прадухiленню або мiнiмiзацыi магчымага негатыўнага ўздзеяння гэтай дзейнасцi на навакольнае асяроддзе.

Пры зацiкаўленасцi грамадзян i (або ) грамадскiх арганiзацый (аб’яднанняў) у прыняццi ўдзелу ў падрыхтоўцы i абмеркаваннi матэрыялаў ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi заказчык (iнiцыятар плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) прадстаўляе зацiкаўленым грамадзянам i (або) грамадскiм арганiзацыям (аб’яднанням) неабходную iнфармацыю i забяспечвае iх удзел у падрыхтоўцы i абмеркаваннi матэрыялаў ацэнкi ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi.

Артыкул 13. Тэрмiн правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Тэрмiн правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы не павiнен перавышаць двух месяцаў з дня прадстаўлення ўсiх неабходных дакументаў.

У выключных выпадках тэрмiн правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы можа быць прадоўжаны Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь або яго тэрытарыяльнымi органамi, але не больш чым на адзiн месяц.

Артыкул 14. Заключэнне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Па вынiках праведзенай дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы складаецца экспертнае заключэнне, якое змяшчае вывады аб адпаведнасцi праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя i аб мэтазгоднасцi (нямэтазгоднасцi) iх рэалiзацыi, якое падпiсваецца экспертамi i зацвярджаецца Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь або яго тэрытарыяльнымi органамi.

Заключэнне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы з’яўляецца абавязковым для выканання заказчыкам (iнiцыятарам плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi).

Пры адмоўным заключэннi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы заказчык (iнiцыятар плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) абавязаны ўлiчыць прапановы экспертнага заключэння пры дапрацоўцы дакументацыi i прадставiць яе на паўторную экспертызу цi адмовiцца ад рэалiзацыi праектнага рашэння плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi.

Фiнансаванне i рэалiзацыя праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, якiя падлягаюць дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе, без станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы забараняюцца.

Артыкул 15. Тэрмiн дзеяння станоўчага заключэння дзяржаўнай
экалагiчнай экспертызы

Станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы сапраўднае на працягу пяцi гадоў. Для аб’ектаў дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы, на якiх рэалiзацыя праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi пачалася да сканчэння ўказанага тэрмiну, не патрабуецца паўторнага прадстаўлення дакументаў на дзяржаўную экалагiчную экспертызу да заканчэння рэалiзацыi праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi пры ўмове, што тэрмiн iх рэалiзацыi не перавышае нарматыўнага.

Артыкул 16. Спыненне дзеяння станоўчага заключэння дзяржаўнай
экалагiчнай экспертызы

Дзеянне станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы спыняецца ў выпадках:

рэалiзацыi праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi з адступленнямi ад дакументацыi, якая атрымала станоўчае заключэнне, калi дадзенае адступленне звязана з пытаннямi аховы навакольнага асяроддзя i рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў;

унясення змяненняў у праектную i iншую дакументацыю пасля атрымання станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы, калi дадзеныя змяненнi звязаны з пытаннямi аховы навакольнага асяроддзя i рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў;

сканчэння тэрмiну дзеяння станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 15 гэтага Закона.

Артыкул 17. Фiнансаванне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Дзяржаўная экалагiчная экспертыза фiнансуецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту.

Пры правядзеннi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы з прыцягненнем пазаштатных экспертаў аплата працы гэтых экспертаў ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Правы суб’ектаў дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Заказчыкi (iнiцыятары плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) па праектных рашэннях плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, унесеных iмi на дзяржаўную экалагiчную экспертызу, маюць права:

атрымлiваць ад экспертаў (экспертных камiсiй) iнфармацыю аб тэрмiне, парадку i вынiках правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

патрабаваць устаранення парушэнняў устаноўленага парадку правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

прадстаўляць пiсьмовыя або вусныя тлумачэннi i прапановы па праектных рашэннях плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi;

абскарджваць заключэнне дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў вышэйстаячы орган i (або) суд.

Эксперты маюць права:

патрабаваць ад заказчыка (iнiцыятара плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) прадстаўлення дадатковых матэрыялаў, неабходных для правядзення поўнай i аб’ектыўнай дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

прыцягваць да правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў, якiя валодаюць навуковымi i практычнымi ведамi ў пэўнай галiне, па ўзгадненню з iмi;

уносiць прапановы па ўдасканаленню арганiзацыi правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

фармуляваць асобную думку па аб’екту дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў пiсьмовай форме i прыкладаць яе да заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы.

Артыкул 19. Абавязкi суб’ектаў дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Заказчыкi (iнiцыятары плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) абавязаны:

прадстаўляць дакументацыю, уключаючы справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, у адпаведнасцi з патрабаваннямi гэтага Закона i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць адносiны ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

прадстаўляць бязвыплатна па патрабаванню экспертаў дадатковыя матэрыялы для правядзення поўнай i аб’ектыўнай дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

ажыццяўляць рэалiзацыю праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, якiя падлягаюць дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе, толькi пры наяўнасцi станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

арганiзоўваць ва ўстаноўленым парадку правядзенне грамадскiх слуханняў па праектных рашэннях плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi;

прадстаўляць копiю заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ў банкi для адкрыцця фiнансавання праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, якiя падлягаюць дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе.

Эксперты абавязаны:

ажыццяўляць поўны, аб’ектыўны i комплексны аналiз прадстаўляемай на дзяржаўную экалагiчную экспертызу дакументацыi на аснове перадавых дасягненняў навукi i тэхнiкi, вызначаць яе адпаведнасць патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя;

выконваць пры правядзеннi дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы патрабаваннi гэтага Закона i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць адносiны ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

захоўваць устаноўленыя парадак i тэрмiны правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

забяспечваць навуковую абгрунтаванасць заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

забяспечваць захаванасць дакументацыi, прадстаўленай заказчыкам (iнiцыятарам плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi) на дзяржаўную экалагiчную экспертызу.

ГЛАВА 4.

АДКАЗНАСЦЬ І ВЫРАШЭННЕ СПРЭЧАК У ГАЛІНЕ ПРАВЯДЗЕННЯ ДЗЯРЖАЎНАЙ ЭКАЛАГІЧНАЙ ЭКСПЕРТЫЗЫ

Артыкул 20. Правапарушэннi ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Правапарушэннямi ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы з’яўляюцца:

рэалiзацыя праектных рашэнняў плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi, якiя падлягаюць дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе, без станоўчага заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

невыкананне заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы;

наўмыснае прадстаўленне на дзяржаўную экалагiчную экспертызу няпоўнай i недакладнай iнфармацыi;

невыкананне або няякаснае выкананне неабходных навукова-даследчых i праектна-пошукавых работ для ацэнкi ўздзеяння плануемай гаспадарчай i iншай дзейнасцi на стан навакольнага асяроддзя;

неаб’ектыўнасць ацэнкi дакументаў, прадстаўленых на дзяржаўную экалагiчную экспертызу;

неадпаведнасць заключэння дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове навакольнага асяроддзя;

незахаванне тэрмiнаў правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы.

Заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь могуць быць прадугледжаны i iншыя правапарушэннi ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы.

Артыкул 21. Адказнасць за правапарушэннi ў галiне правядзення
дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Асобы, вiнаватыя ва ўчыненнi правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 20 гэтага Закона, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 22. Вырашэнне спрэчак у галiне правядзення
дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Спрэчкi ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы вырашаюцца Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Рэспублiкi Беларусь i яго тэрытарыяльнымi органамi, а таксама судамi ў адпаведнасцi з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 5.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў ГАЛІНЕ ПРАВЯДЗЕННЯ
ДЗЯРЖАЎНАЙ ЭКАЛАГІЧНАЙ ЭКСПЕРТЫЗЫ

Артыкул 23. Мiжнароднае супрацоўнiцтва ў галiне правядзення
дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы

Мiжнароднае супрацоўнiцтва Рэспублiкi Беларусь у галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы ажыццяўляецца з мэтай каардынацыi намаганняў дзяржаў i мiжнародных арганiзацый для стабiлiзацыi i паляпшэння экалагiчнай сiтуацыi.

Артыкул 24. Мiжнародныя дагаворы

Нормы права ў галiне правядзення дзяржаўнай экалагiчнай экспертызы, што змяшчаюцца ў мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь, якiя ўступiлi ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь заканадаўства аб дзяржаўнай экалагiчнай экспертызе, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калi з мiжнароднага дагавора вынiкае, што для прымянення такiх норм патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта, i маюць сiлу таго правовага акта, якiм выказана згода Рэспублiкi Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага мiжнароднага дагавора».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.]

Артыкул 3. Да прывядзення заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам яно прымяняецца ў той частцы, у якой не супярэчыць гэтаму Закону, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.

Ураду Рэспублiкi Беларусь на працягу аднаго года з дня афiцыйнага ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Ураду Рэспублiкi Беларусь, iх прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

14 лiпеня 2000 года, г. Мiнск

№ 419-З
<<< вярнуцца да каталогу <<< вярнуцца да пачатку Закона паглядзець каментарый>>>


Rambler's Top100 Rating All.BY Каталог TUT.BY
Hosted by uCoz