Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь

Закон Рэспублiкi Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 18 чэрвеня 2002 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 28 чэрвеня 2002 года

Гэты Закон вызначае прававыя асновы дзяржаўнага рэгулявання ў галiне грамадзянства, рэгламентуе падставы i парадак набыцця, захавання i спынення грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, прыняцця, выканання i абскарджання рашэнняў па пытаннях грамадзянства, вызначае асаблiвыя выпадкi змянення i захавання грамадзянства, устанаўлiвае кампетэнцыю дзяржаўных органаў, а таксама правы i абавязкi грамадзян Рэспублiкi Беларусь у гэтай галiне.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь — гэта ўстойлiвая прававая сувязь чалавека з Рэспублiкай Беларусь, якая выражаецца ў сукупнасцi iх узаемных правоў, абавязкаў i адказнасцi, заснаваная на прызнаннi i павазе годнасцi, асноўных правоў i свабод чалавека.

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца неад’емным атрыбутам дзяржаўнага суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 2. Прававое рэгуляванне пытанняў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Пытаннi грамадзянства ў Рэспублiцы Беларусь рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законам, iншымi актамi заканадаўства i мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Калi мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя ўтрымлiваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правiлы мiжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Прынцыпы грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь грунтуецца на наступных прынцыпах:

кожны мае права на грамадзянства;

грамадзянства Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца роўным для ўсiх грамадзян Рэспублiкi Беларусь незалежна ад падстаў яго набыцця;

грамадзянства Рэспублiкi Беларусь не можа быць прадастаўлена супраць волi асобы;

нiхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублiкi Беларусь цi права змянiць грамадзянства;

Рэспублiка Беларусь iмкнецца пазбягаць выпадкаў безграмадзянства.

Артыкул 4. Абарона i апякунства грамадзян Рэспублiкi Беларусь дзяржавай

Дзяржава гарантуе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь абарону i апякунства як на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, так i за яе межамi.

У выпадку, калi ў дзяржаве знаходжання грамадзян Рэспублiкi Беларусь адсутнiчюць дыпламатычныя прадстаўнiцтвы i консульскiя ўстановы Рэспублiкi Беларусь, абарона правоў i законных iнтарэсаў грамадзян Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь можа ажыццяўляцца адпаведнымi органамi iншых дзяржаў.

Артыкул 5. Недапушчальнасць выдачы грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь замежнай дзяржаве

Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калi iншае не прадугледжана мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 6. Захаванне грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Пражыванне грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь на тэрыторыi замежнай дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 7. Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь пры заключэннi i скасаваннi шлюбу

Заключэнне цi скасаванне шлюбу грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь з грамадзянiнам iншай дзяржавы цi асобай без грамадзянства само па сабе не выклiкае змянення грамадзянства мужа i жонкi.

Асоба, якая заключыла шлюб з грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, набывае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь пры наяўнасцi яго жадання i захаваннi ўмоў, прадугледжаных гэтым Законам.

Артыкул 8. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь

Грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь з’яўляюцца:

асобы, якiя знаходзяцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь на дзень уступлення ў сiлу гэтага Закона;

асобы, якiя набылi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з гэтым Законам.

Грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь пры нараджэннi прызнаюцца асобы, якiя нарадзiлiся ў межах сучаснай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, з’яўлялiся грамадзянамi былога СССР пры нараджэннi i атрымалi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь да ўступлення ў сiлу гэтага Закона.

Артыкул 9. Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства

Замежнымi грамадзянамi ў Рэспублiцы Беларусь прызнаюцца асобы, якiя не з’яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь i маюць доказы сваёй прыналежнасцi да грамадзянства iншай дзяржавы.

Асобамi без грамадзянства ў Рэспублiцы Беларусь прызнаюцца асобы, якiя не з’яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь i не маюць доказаў сваёй прыналежнасцi да грамадзянства iншай дзяржавы.

Прававое палажэнне замежных грамадзян i асоб без грамадзянства на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь рэгулюецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 10. Дакумент, якi пацвярджае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Дакументам, якi пацвярджае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, з’яўляецца пашпарт грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь цi iншы дакумент, якi змяшчае ўказанне на грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Непрызнанне за грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь прыналежнасцi да грамадзянства замежнай дзяржавы

За асобай, якая з’яўляецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, не прызнаецца прыналежнасць да грамадзянства замежнай дзяржавы, калi iншае не прадугледжана мiжнароднымi дагаворамi.

Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя маюць таксама iншае грамадзянства, не могуць на гэтай падставе быць абмежаваны ў правах, ухiляцца ад выканання абавязкаў цi вызваляцца ад адказнасцi, што вынiкаюць з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 2

НАБЫЦЦЁ ГРАМАДЗЯНСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 12. Падставы набыцця грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь набываецца:

пры нараджэннi;

у вынiку прыёму ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;

у парадку рэгiстрацыi;

на iншых падставах, прадугледжаных гэтым Законам.

Артыкул 13. Набыццё грамадзянства Рэспублiкi Беларусь пры нараджэннi

Дзiця набывае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь пры нараджэннi, калi на дзень нараджэння дзiцяцi:

бацькi (адзiны з бацькоў) дзiцяцi знаходзяцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь, незалежна ад месца нараджэння дзiцяцi;

адзiн з бацькоў дзiцяцi знаходзiцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь, а другi з’яўляецца асобай без грамадзянства, цi прызнаны адсутным без вестак, альбо месца яго знаходжання невядома, незалежна ад месца нараджэння дзiцяцi;

адзiн з бацькоў дзiцяцi знаходзiцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь, а другi з’яўляецца замежным грамадзянiнам, — па сумеснай заяве бацькоў незалежна ад месца нараджэння дзiцяцi. Пры адсутнасцi такой заявы дзiця набывае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, калi iнакш яно стала б асобай без грамадзянства;

бацькi (адзiны з бацькоў) дзiцяцi, якiя пастаянна пражываюць на тэрытоыi Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца асобамi без грамадзянства, пры ўмове, што дзiця нарадзiлася на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

бацькi (адзiны з бацькоў) дзiцяцi, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца замежнымi грамадзянамi, пры ўмове, што дзiця нарадзiлася на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, а дзяржавы. грамадзянамi якiх з’яўляюцца яго бацькi, не прадастаўляюць яму свайго грамадзянства.

Дзiця, што знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, бацькi якога невядомы, становiцца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Прыём у грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

У грамадзянства Рэспублiкi Беларусь на падставе пiсьмовай заявы можа быць прынята любая асоба, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, калi яна:

бярэ на сябе абавязацельства захоўваць i паважаць Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь i iншыя заканадаўствы Рэспублiкi Беларусь;

ведае адну з дзяржаўных моў Рэспублiкi Беларусь у межах, неабходных для зносiнаў;

пастаянна пражывае на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь на працягу апошнiх сямi гадоў;

мае законную крынiцу сродкаў iснавання;

не мае грамадзянства, альбо страчвае грамадзянства замежнай дзяржавы ў выпадку набыцця грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, альбо звярнулася ў паўнамоцны орган замежнай дзяржавы з заявай аб выхадзе з грамадзянства (адмове ад грамадзянства) гэтай дзяржавы, за выключэннем выпадкаў, калi выхад (адмова) немагчыма альбо яго нельга абгрунтавана патрабаваць.

Асобы, прызнаныя бежанцамi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь могуць быць прыняты ў грамадзянства рэспублiкi праз сем гадоў пасля прызнання iх бежанцамi i пры захаваннi iмi ўмоў, прадугледжаных абзацамi другiм, трэцiм, пятым i шостым часткi першай гэтага артыкула.

Тэрмiн пражывання, устаноўлены абзацам чацвёртым часткi першай гэтага артыкула, можа быць скарочаны альбо не прымяняцца ўвогуле для:

беларусаў, а таксама асоб, iдэнтыфiкуючых сябе як беларусы, i iх патомкаў (кроўныя сваякi па прамой лiнii: дзецi, унукi, праўнукi), якiя нарадзiлiся за межамi сучаснай тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

асоб, якiя маюць выдатныя заслугi перад Рэспублiкай Беларусь, высокiя дасягненнi ў галiне навукi, тэхнiкi, культуры i спорту або валодаюць прафесiяй цi квалiфiкацыяй, якая мае дзяржаўную цiкавасць для Рэспублiкi Беларусь;

асоб, якiя маюць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь цi права на грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, бацькi (усынавiцелi) якiх выбралi для iх iншае грамадзянства, у адпаведнасцi з часткай першай артыкула 23, артыкулам 26 i часткай чацвёртай артыкула 27 гэтага Закона;

асоб, якiя з’яўляюцца замежнымi грамадзянамi цi асобамi без грамадзянства, якiя раней знаходзiлiся ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 15. Набыццё грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у парадку рэгiстрацыi

Набыць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у парадку рэгiстрацыi могуць:

асобы, якiя знаходзяцца ў грамадзянстве былога СССР, пры ўмове, што яны нарадзiлiся альбо пастаянна пражывалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да 12 лiстапада 1991 года, а таксама муж i жонка такiх асоб, што знаходзiлiся ў грамадзянстве былога СССР, i iх патомкi;

дзецi — па сумеснай заяве бацькоў, адзiн з якiх знаходзiцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь, альбо па заяве аднаго з бацькоў, што знаходзiцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь, калi месца знаходжання другога з бацькоў, якi з’яўляецца замежным грамадзянiнам, невядома, альбо па заяве аднаго з бацькоў, што знаходзiцца ў грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь;

дзецi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, адзiны вядомы з бацькоў цi яны абодва памерлi, пазбаўлены бацькоўскiх правоў, адмовiлiся ад выхавання дзiцяцi цi далi згоду на яго ўсынаўленне, прызнаны ў судовым парадку недзеяздольнымi, без весткi адсутнымi або памерлымi, а таксама недзеяздольныя асобы, над якiмi ўстаноўлены апека цi папячыцельства, — па заяве апекуна (папячыцеля), узгодненаму з органам апекi i папячыцельства.

Артыкул 16. Падставы для адхiлення заявы аб набыццi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Заява аб набыццi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь адхiляецца, калi заявiўшая аб гэтым асоба:

асуджана за ўчыненне злачынства супраць свету i бяспекi чалавецтва, ваеннага злачынства, злачынства супраць дзяржавы;

мае судзiмасць за ўчыненне цяжкага цi асаблiва цяжкага злачынства на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь альбо за яе межамi, прызнаваемага такiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

з’яўляецца падазраваемым цi абвiнавачваемым i ў адносiнах да яго ажыццяўляецца крымiнальнае праследаванне ў Пэспублiцы Беларусь, а таксама ў замежнай дзяржаве за злачынствы, прызнаваемыя такiмi заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, — да вынясення прыгавора цi iншага вы.нiковага рашэння па справе;

асуджана i адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi, — да заканчэння тэрмiну пакарання;

дэпартавалася з Рэспублiкi Беларусь, — да заканчэння тэрмiну, якi дазваляе ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь паўторна звяртацца з просьбай аб уездзе ў Рэспублiку Беларусь;

прадаставiла лжывыя звесткi цi падложныя дакументы;

знаходзiцца на воiнскай службе, службе ў палiцыi, органах бяспекi, юстыцыi цi iншых дзяржаўных органах замежнай дзяржавы.

ГЛАВА 3

СПЫНЕННЕ ГРАМАДЗЯНСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 17. Падставы для спынення грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь спыняецца ў вынiку:

выхаду з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;

страты грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 18. Выхад з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Выхад з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, i пры адсутнасцi падстаў, ппрадугледжаных артыкулам 20 гэтага Закона.

Артыкул 19. Страта грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь страчваецца ў вынiку паступлення асобы на воiнскую службу, службу ў палiцыi, органы бяспекi, юстыцыi цi iншыя дзяржаўныя органы замежнай дзяржавы пры адсутнасцi падстаў, прадугледжаных артыкулам 20 гэтага Закона.

Артыкул 20. Падставы для адмовы ў спыненнi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Спыненне грамадзянства Рэспублiкi Беларусь не дапускаецца, калi грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь:

з’яўляецца абвiнавачваемым або ў адносiнах да яго ёсць абвiнаваўчы прыгавор суда, якi ўступiў у законную сiлу i падлягае выкананню.

мае запазычанасць па падатках цi iншыя непагашаныя даўгi i абавязацельствы перад Рэспублiкай Беларусь, яе юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi;

не мае iншага грамадзянства цi гарантый яго набыцця.

ГЛАВА 4

АДМЕНА РАШЭННЯЎ ПА ПЫТАННЯХ ГРАМАДЗЯНСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 21. Адмена рашэння аб набыццi цi спыненнi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Рашэнне аб набыццi цi спыненнi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь адмяняецца, калi яно было прынята на падставе прадстаўленых заведама лжывых звестак цi падложных дакументаў.

Артыкул 22. Парадак адмены рашэння аб набыццi цi спыненнi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Адмена рашэння аб набыццi цi спыненнi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь праводзiцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь цi ўпаўнаважаным iм органам, якi прыняў гэта рашэнне.

Адмена рашэння па пытаннях грамадзянства Рэспублiкi Беларусь магчыма на працягу сямi гадоў з дня яго прыняцця.

Рашэнне аб набыццi цi спыненнi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у выпадку яго адмены лiчыцца несапраўдным з дня яго прыняцця.

ГЛАВА 5

ГРАМАДЗЯНСТВА ДЗЯЦЕЙ ПРЫ ЗМЯНЕННI ГРАМАДЗЯНСТВА БАЦЬКАМI I ЎСЫНАЎЛЕННI

Артыкул 23. Грамадзянства дзiцяцi ў выпадку змянення грамадзянства бацькамi цi ўсынавiцелямi

У выпадку змянення грамадзянства бацькамi (адзiным з бацькоў) адпаведна змяняецца грамадзянства дзiцяцi, калi яно не дасягнула ўзросту 14 гадоў.

Змяненне грамадзянства дзяцей ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў у выпадку змянення грамадзянства iх бацькоў, а таксама усыноўленых дзяцей дапускаецца толькi са згоды дзяцей, выражанай у пiсьмовай форме i натарыяльна заверанай.

Па жаданню бацькоў (адзiнага з бацькоў) у выпадку спынення iмi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь за дзiцем ва ўзросце да 16 гадоў можа захоўвацца грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 24. Захаванне грамадзянства Рэспублiкi Беларусь дзiцем, над якiм устаноўлены апека цi папячыцельства

Калi бацькi, цi адзiн з бацькоў дзiцяцi, якое пражывае на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i над якiм устаноўлены апека цi папячыцельства грамадзян Рэспублiкi Беларусь, выходзяць з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь цi страчваюць яго i пры гэтым не ўдзельнiчаюць у выхаваннi дзiцяцi, дзiця захоўвае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 25. Набыццё дзiцем грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у выпадку набыцця грамадзянства Рэспублiкi Беларусь адным з бацькоў

Калi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь набывае адзiн з бацькоў, а другi застаецца замежным грамадзянiнам цi асобай без грамадзянства, дзiця можа набыць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь па сумеснай заяве бацькоў цi аднаго з iх, якi набывае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, калi месца знаходжання другога з бацькоў невядома.

Калi грамадзянства Рэспублiкi Беларусь набывае адзiн з бацькоў, а другi з iх застаецца асобай без грамадзянства, дзiця, якое пражывае на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, становiцца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, калi iнакш яно стала б асобай без грамадзянства.

Артыкул 26. Захаванне дзiцем грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у выпадку выхаду аднаго з бацькоў з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь цi яго страты

Калi адзiн з бацькоў выходзiць з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь цi страчвае яго, а другi застаецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, дзiця захоўвае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь. Па сумеснай заяве бацькоў такому дзiцяцi можа быць дазволены выхад з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 27. Грамадзянства дзiцяцi пры ўсынаўленнi

Дзiця, якое з’яўляецца замежным грамадзянiнам цi асобай без грамадзянства, пры ўсынаўленнi грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь цi мужам i жонкай, што з’яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, або мужам i жонкай, адзiн з якiх з’яўляецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, а другi — асобай без грамадзянства, становiцца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь з дня ўсынаўлення.

Дзiця, якое з’яўляецца замежным грамадзянiнам цi асобай без грамадзянства, пры ўсынаўленнi мужам i жонкай, адзiн з якiх з’яўляецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, а другi — замежным грамадзянiнам, можа набыць грамадзянства Рэспублiкi Беларусь па сумеснай заяве ўсынавiцеляў.

За дзiцем, якое з’яўляецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, захоўваецца грамадзянства Рэспублiкi Беларусь пры яго ўсынаўленнi:

мужам i жонкай, якiя з’яўляюцца замежнымi грамадзянамi, цi замежным грамадзянiнам;

мужам i жонкай, якiя з’яўляюцца асобамi без грамадзянства, або асобай без грамадзянства;

мужам i жонкай, адзiн з якiх з’яўляецца грамадзянiнам Рэспублiкi Беларусь, а другi — замежным грамадзянiнам цi асобай без грамадзянства.

У дзiцяцi, усыноўленага мужам i жонкай, якiя з’яўляюцца замежнымi грамадзянамi, цi замежным грамадзянiнам, грамадзянства Рэспублiкi Беларусь можа быць спынена пасля дасягнення iм 16-гадовага ўзросту ў парадку выхаду з грамадзянства на падставе заявы ўсынавiцеляў (усынавiцеля).

ГЛАВА 6

ПАЎНАМОЦТВЫ ОРГАНАЎ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННI I АФАРМЛЯЮЦЬ ДАКУМЕНТЫ ПА ПЫТАННЯХ ГРАМАДЗЯНСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 28. Рашэнне пытанняў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Рашэннi аб прыёме ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь i яго спыненнi прымаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь цi ва ўстаноўленым iм парадку.

Артыкул 29. Дзяржаўныя органы, якiя прымаюць удзел у вырашэннi пытанняў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Дзяржаўнымi органамi, якiя прымаюць удзел у вырашэннi пытанняў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца:

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь;

органы ўнутраных спраў;

органы дыпламатычнай службы Рэспублiкi Беларусь за мяжой.

Артыкул 30. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь:

вызначае парадак набыцця грамадзянства Рэспублiкi Беларусь i яго спынення;

выдае ўказы аб прыёме ў грамадзянства i выхадзе з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;

выдае распараджэннi ў выпадках адхiлення заяў аб прыёме ў грамадзянства i выхадзе з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 31. Паўнамоцтвы органаў унутраных спраў Рэспублiкi Беларусь

Органы ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь:

прымаюць ад асоб, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, заявы па пытаннях грамадзянства, правяраюць факты i дакументы, прадстаўленыя ў абгрунтаванне такiх заяў;

накiроўваюць матэрыялы па заявах аб прыёме ў грамадзянства i выхадзе з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь на разгляд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

вызначаюць прыналежнасць асоб, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, да грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;

вырашаюць пытаннi набыцця грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у парадку рэгiстрацыi асобамi, якiя пастаянна жывуць у Рэспублiцы Беларусь;

вырашаюць у адпаведнасцi з заканадаўстам Рэспублiкi Беларусь iншыя пытаннi, звязаныя з грамадзянствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 32. Паўнамоцтвы органаў дыпламатычнай службы Рэспублiкi Беларусь

Органы дыпламатычнай службы Рэспублiкi Беларусь:

прымаюць ад асоб, якiя пастаянна пражываюць за мяжой, заявы па пытаннях грамадзянства, правяраюць факты i дакументы, прадстаўленыя ў абгрунтаванне такiх заяў;

накiроўваюць матэрыялы па заявах аб прыёме ў грамадзянства i выхадзе з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь на разгляд Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь;

вызначаюць прыналежнасць асоб, якiя знаходзяцца за мяжой, да грамадзянства Рэспублiкi Беларусь;

вырашаюць пытаннi набыцця грамадзянства Рэспублiкi Беларусь у парадку рэгiстрацыi асобамi, якiя пастаянна пражываюць за мяжой;

вырашаюць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь iншыя пытаннi, звязаныя з грамадзянствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 7

ПАРАДАК ПАДАЧЫ I РАЗГЛЯДУ ЗАЯЎ ПА ПЫТАННЯХ ГРАМАДЗЯНСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Артыкул 33. Падача i афармленне заяў па пытаннях грамадзянтсва

Заявы па пытаннях грамадзянства Рэспублiкi Беларусь падаюцца ў органы ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь па месцы пастаяннага жыхарства заяўнiка, а асобамi, якiя пастаянна пражываюць за мяжой, — у адпаведны орган дыпламатычнай службы Рэспублiкi Беларусь.

Заявы па пытаннях грамадзянства падаюцца заяўнiкам асабiста ў пiсьмовай форме. Патрабаваннi да формы заявы i пералiк прыкладаемых да яе дакументаў у адносiнах да канкрэтных падстаў набыцця цi спынення грамадзянства Рэспублiкi Беларусь вызначаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Заявы па пытаннях грамадзянства дзяцей i недзеяздольных асоб падаюцца iх бацькамi цi iншымi законнымi прадстаўнiкамi.

Пры немагчымасцi асабiстага звароту заяўнiка заява i прыкладаемыя да яе дакументы могуць быць перададзены для разгляду праз iншую асобу цi накiраваны па пошце.

Артыкул 34. Тэрмiны разгляду заяў па пытаннях грамадзянства

Тэрмiн разгляду заяў аб прыёме ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь не павiнен перавышаць аднаго года.

Тэрмiн разгляду заяў аб выхадзе з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь не павiнен перавышаць шасцi месяцаў.

Тэрмiн разгляду заяў аб набыццi грамадзянства ў парадку рэгiстрацыi не павiнен перавышаць двух месяцаў.

Артыкул 35. Дата набыцця цi спынення грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Асоба набывае грамадзянства Рэспублiкi Беларусь:

у адпаведнасцi з артыкулам 13 гэтага Закона — з дня нараджэння дзiцяцi;

у адпаведнасцi з часткай першай артыкула 27 гэтага Закона — з дня ўсынаўлення дзiцяцi;

у астатнiх выпадках — з дня ўступлення ў сiлу ўказа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь цi з дня прыняцця рашэння ўпаўнаважаным iм органам.

Грамадзянства Рэспублiкi Беларусь спыняецца з дня ўступлення ў сiлу ўказа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь цi прыняцця рашэння ўпаўнаважаным iм органам.

Артыкул 36. Паўторны разгляд заяў па пытаннях грамадзянства Рэспублiкi Беларусь

Паўторныя заявы асобы аб прыёме ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь цi выхадзе з грамадзянства Рэспублiкi Беларусь прымаюцца не раней чым праз год пасля прыняцця папярэдняга рашэння. У выпадку ўзнiкнення iстотных для справы абставiнаў, якiя не былi i не маглi быць вядомыя заяўнiку, паўторная заява можа быць разгледжана i раней.

ГЛАВА 8

ВЫКАНАННЕ РАШЭННЯЎ ПА ПЫТАННЯХ ГРАМАДЗЯНСТВА. АБСКАРДЖАНННЕ РАШЭННЯЎ ДЗЯРЖАЎНЫХ ОРГАНАЎ I ДЗЕЯННЯЎ СЛУЖБОВЫХ АСОБ ПА ПЫТАННЯХ ГРАМАДЗЯНСТВА

Артыкул 37. Органы, якiя выконваюць рашэннi па пытаннях грамадзянства

Рашэннi па пытаннях грамадзянства ў адносiнах да асоб, якiя жывуць у Рэспублiцы Беларусь, выконваюцца органамi ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, а ў адносiнах да асоб, якiя жывуць за мяжой, — органамi дыпламатычнай службы Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 38. Абскарджанне рашэнняў дзяржаўных органаў i дзеянняў службовых асоб па пытаннях грамадзянства

Рашэннi па пытаннях грамадзянства, прынятыя Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, могуць быць абскарджаны ў Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь, якi разглядае такiя справы ў якасцi суда першай iнстанцыi.

Рашэннi па пытаннях грамадзянства, прынятыя дзяржаўнымi органамi, упаўнаважанымi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, могуць быць абскарджаны ў абласныя, Мiнскi гарадскi суды.

Неабгрунтаваная адмова ў прыёме заяў па пытаннях грамадзянства, парушэнне тэрмiнаў разгляду заяў, а таксама iншыя неправамерныя дзеяннi службовых асоб па пытаннях грамадзянства могуць быць абскарджаны ў суд.

ГЛАВА 9

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 39. Сапраўднасць дакументаў, выдадзеных у адпаведнасцi з раней дзеючым заканадаўствам аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь

Дакументы, выдадзеныя ў адпаведнасцi з раней дзеючым заканадаўствам аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь, захоўваюць сваю юрыдычную сiлу, калi яны належным чынам аформлены i лiчацца сапраўднымi на дзень уступлення ў сiлу гэтага Закона.

Артыкул 40. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу праз дзесяць дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Гэты Закон прымяняецца да праваадносiнаў, узнiкшым пасля ўступлення яго ў сiлу.

Да прывядзення заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам яно прымяняецца ў той частцы, у якой не супярэчыць гэтаму Закону.

Да 1 студзеня 2004 года пры вызначэннi прыналежнасцi да грамадзянства Рэспублiкi Беларусь па праваадносiнах, узнiкшых да ўступлення ў сiлу гэтага Закона, прымяняюцца палажэннi Закона Рэспублiкi Беларусь ад 18 кастрычнiка 1991 года «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1991 г., № 32, ст. 581) i Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 18 кастрычнiка 1991 года «Аб увядзеннi ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1991 г., № 32, ст. 582).

Артыкул 41. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi акты Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.

Артыкул 42. Прызнанне страцiўшымi сiлу некаторых актаў заканадаўства

У сувязi з прыняццем гэтага Закона прызнаць страцiўшымi сiлу:

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 18 кастрычнiка 1991 года «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1991 г., № 32, ст. 581);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 года «Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у дзеючыя заканадаўчыя акты аб грамадзянстве» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1993 г., № 26, ст. 320);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 8 верасня 1995 года «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у дзеючыя заканадаўчыя акты аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1995 г., № 32, ст. 421);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 3 сакавiка 1997 года «Аб унясеннi дапаўнення ў Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1997 г., № 9, ст. 194);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 13 лiстапада 1997 года «Аб унясеннi змянення ў Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь «Аб увядзеннi ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1997 г., № 34, ст. 694);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 22 чэрвеня 1998 года «Аб унясеннi змяненняў i дапаўнення ў Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. 1998 г., № 25-26, ст. 432);

артыкул 1 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 9 лiстапада 1999 года «Аб унясеннi змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 89, 2/82);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 30 снежня 1999 года «Аб унясеннi дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» i змяненнi ў Пастанову Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь «Аб увядзеннi ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2000 г., № 4, 2/121);

Закон Рэспублiкi Беларусь ад 18 чэрвеня 2001 года «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2001 г., № 61, 2/776);

Пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 18 кастрычнiка 1991 года «Аб увядзеннi ў дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадзянстве Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1991 г., № 32, ст. 582);

Указ Прэзiдыума Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 19 чэрвеня 1992 г. «Аб зацвярджэннi Палажэння аб парадку разгляду пытаняў, звязаных з грамадзянствам Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 21, ст. 377).

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

1 жнiўня 2002 г., г. Мiнск.

№ 136-З


<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Belorussian directory BelRus
Hosted by uCoz