Аб каштоўных металах i каштоўных камянях

Закон Рэспублiкi Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 16 мая 2002 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 6 чэрвеня 2002 года

Гэты Закон устанаўлiвае прававыя асновы рэгулявання адносiнаў у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку вызначае:

вобласць дзеяння дзяржаўнай манаполii ў гэтай сферы;

мэты, спосабы i асаблiвасцi дзяржаўнага рэгулявання дзейнасцi юрыдычных i фiзiчных асоб;

паўнамоцтвы органаў дзяржаўнага кiравання.

Не рэгулюецца гэтым Законам парадак здзяйснення заключаемых памiж фiзiчнымi асобамi здзелак з прадукцыяй (вырабамi) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў, калi такiя здзелкi не звязаны ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь з прадпрымальнiцкай дзейнасцю.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрмiны, паняццi i iх азначэннi, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе

Для мэтаў гэтага Закона выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрмiны, паняццi i iх азначэннi:

каштоўныя металы — золата, серабро, плацiна i металы плацiнавай групы (паладый, iрыдый, родзiй, рутэнiй, осмiй), якiя знаходзяцца ў любым выглядзе i стане, у тым лiку ў ломе i адходах вытворчасцi i спажывання;

каштоўныя камянi — прыродныя алмазы, iзумруды, рубiны, сапфiры, александрыты i прыродны жэмчуг (за выключэннем прэснаводнага) у натуральным i апрацаваным выглядзе, уключаючы адходы, што ўтвараюцца пры вытворчасцi i спажываннi. Да каштоўных камянёў прыраўноўваюцца унiкальныя прыродныя бурштынавыя ўтварэннi ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Урадам Рэспублiкi Беларусь;

каштоўнасцi — каштоўныя металы i (цi) каштоўныя камянi;

банкаўскiя злiткi — злiткi золата, серабра, плацiны i паладыю, якiя адпавядаюць дзяржаўным стандартам на золата, серабро, плацiну i паладый у злiтках, што дзейнiчаюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, цi мiжнародным стандартам;

мерныя злiткi — злiткi золата, плацiны, серабра, якiя адпавядаюць стандартам дзяржавы — вытворцы злiткаў;

афiнаж каштоўных металаў — працэс ачысткi каштоўных металаў ад прымесяў i спадарожных кампанентаў, давядзенне каштоўных металаў да якасцi, якая адпавядае дзяржаўным стандартам i тэхнiчным умовам, што дзейнічаюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, цi мiжнародным стандартам;

лом, якi змяшчае каштоўныя металы, — дэталi, вузлы, вырабы i матэрыялы, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i страцiлi функцыянальнае прыначэнне i (цi) спажывецкiя якасцi i непрыдатныя да далейшага выкарыстання iх па прызначэнню;

адходы, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, — адходы вытворчасцi i спажывання ў любым выглядзе i стане, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi;

выкарыстанне каштоўных металаў i каштоўных камянёў — прымяненне каштоўных металаў i каштоўных камянёў у фiнансавых, вытворчых, навуковых, сацыяльна-культурных i iншых мэтах;

дзяржаўнае прабiрнае кляймо — знак устаноўленага ў Рэспублiцы Беларусь узору, што наносiцца на ювелiрныя i iншыя вырабы з каштоўных металаў i пацвярджае пробу каштоўных металаў;

ювелiрныя вырабы з каштоўных металаў i каштоўных камянёў — вырабы, вырабленыя са сплаваў каштоўных камянёў з выкарыстаннем розных вiдаў мастацкай апрацоўкi, з устаўкамi з каштоўных камянёў i iншых матэрыялаў прыроднага цi штучнага паходжання цi без iх, што прымяняюцца ў якасцi розных упрыгажэнняў, утылiтарных прадметаў быту i (цi) для культавых i дэкаратыўных мэтаў;

клеймаванне — нанясенне дзяржаўнага прабiрнага кляйма на ювелiрныя i iншыя вырабы з каштоўных металаў;

апрабаванне каштоўных металаў — вызначэнне пробы ювелiрных i iншых вырабаў з каштоўных металаў устаноўленымi метадамi;

проба — вартасць сплаву, якая паказвае колькасць масавых доляў каштоўнага металу ў тысячы масавых доляў сплаву;

экспертыза каштоўных металаў — даследаванне якасных i (цi) колькасных характарыстык каштоўных металаў, вынiкi якога афармляюцца ў выглядзе акта цi заключэння;

дыягностыка каштоўных камянёў — вызначэнне якасцяў (характарыстык) каштоўных камянёў, у тым лiку для iх класiфiкацыi i (цi) вызначэння кошту;

ацэнка каштоўных камнёў — вызначэнне кошту каштоўных камянёў зыходзячы з вынiкаў iх дыягностыкi;

сертыфiкацыя прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў — дзейнасць спецыяльна ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа па пацвярджэнню адпаведнасцi прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў дзяржаўным стандартам i тэхнiчным умовам, якiя дзейнiчаюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, цi мiжнародным стандартам;

вытворчасць каштоўных металаў — атрыманне каштоўных металаў з лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы; афiнаж каштоўных металаў;

рэкуперацыя каштоўных камянёў — атрыманне каштоўных камянёў з апрацаваных цi выведзеных з эксплуатацыi па iншых прычынах iнструментаў i iншых вырабаў тэхнiчнага прызначэння, а таксама з адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя камянi.

Артыкул 2. Дзейнасць з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Дзейнасць з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ўключае:

дзеяннi, звязаныя з пераходам права ўласнасцi i iншых маёмасных правоў на каштоўныя металы i каштоўныя камянi (абарачэнне каштоўных металаў i каштоўных камянёў), уключаючы залог каштоўных металаў i каштоўных камянёў, збор, скупку лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi;

змяненне фiзiчнага стану цi ўтрымання каштоўных металаў i каштоўных камянёў пры iх вытворчасцi, перапрацоўцы, апрацоўцы i выкарыстаннi, уключаючы афiнаж каштоўных металаў, рэкуперацыю i агранку каштоўных камянёў, выраб i рамонт (рэстаўрацыю) вырабаў з каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

перамяшчэнне каштоўных металаў i каштоўных камянёў i прадукцыi (вырабаў) з iх, у тым лiку транспарцiроўку каштоўных металаў i каштоўных камянёў i прадукцыi (вырабаў) з iх у месцы захоўвання, фонды i запасы, а таксама iх захоўванне i экспанаванне;

увоз каштоўных металаў i каштоўных камянёў, а таксама прадукцыi (вырабаў) з iх на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь i вываз iх з тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

экспертызу каштоўных металаў, дыягностыку i ацэнку каштоўных камянёў;

сертыфiкацыю прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў.

Артыкул 3. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 4. Суб’екты праваадносiнаў у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Суб’ектамi праваадносiнаў у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi з’яўляюцца дзяржава ў асобе адпаведных дзяржаўных органаў, воiнскiя фармiраваннi, iншыя юрыдычныя асобы Рэспублiкi Беларусь, фiзiчныя асобы Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, а таксама замежныя юрыдычныя i фiзiчныя асобы, якiя ажыццяўляюць дзейнасць з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 5. Правы ўласнасцi, гаспадарчага ведання i аператыўнага кiравання на каштоўныя металы i каштоўныя камянi

Каштоўныя металы i каштоўныя камянi, набытыя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, могуць знаходзiцца ў дзяржаўнай уласнасцi, а таксама ва ўласнасцi юрыдычных i фiзiчных асоб.

Лом i адходы, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, да здачы (пастаўкi) iх у Дзяржаўны фонд каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь знаходзяцца ва ўласнасцi, гаспадарчым веданнi цi аператыўным кiраваннi юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў, у якiх лом i адходы ўтвараюцца ў вынiку вытворчасцi i (цi) спажывання.

Перадача каштоўных металаў на афiнаж i каштоўных камянёў для рэкуперацыi не цягне за сабой пераходу права ўласнасцi i iншых маёмасных правоў, калi iншае не прадугледжана дагаворам.

Пераход права ўласнасцi i iншых маёмасных правоў на каштоўныя металы i каштоўныя камянi афармляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

ГЛАВА 2

ДЗЯРЖАЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ I КАНТРОЛЬ У СФЕРЫ ДЗЕЙНАСЦI З КАШТОЎНЫМI МЕТАЛАМI I КАШТОЎНЫМI КАМЯНЯМI

Артыкул 6. Мэты дзяржаўнага рэгулявання i кантролю ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Дзяржаўнае рэгуляванне i кантроль у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ажыццяўляюцца ў мэтах забеспячэння:

абароны эканамiчных iнтарэсаў Рэспублiкi Беларусь;

стварэння запасаў каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

эфектыўнага выкарыстання прыродных i iншых крынiц каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

стымулявання вытворчасцi, а таксама рацыянальнага выкарыстання каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

стымулявання развiцця навукi i тэхнiкi ў галiне вытворчасцi, перапрацоўкi, апрацоўкi, выкарыстання i абарачэння каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

захавання заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, якое рэгулюе вытворчасць, перапрацоўку, апрацоўку, выкарыстанне i абарачэнне каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

выкарыстання экалагiчна чыстых тэхналогiй вытворчасцi, перапрацоўкi i апрацоўкi каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

захаванасцi каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

паўнаты збору лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, ад усiх крынiц утварэння, своечасовасцi здачы iх у Дзяржаўны фонд каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з дзяржаўным заказам;

выканання дзяржаўнага заказу на пастаўку для дзяржаўных патрэб каштоўных металаў i каштоўных камянёў, у тым лiку ў выглядзе лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi;

абароны правоў спажыўцоў прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў, правоў вытворцаў гэтай прадукцыi (вырабаў), у тым лiку ад нядобрасумленнай канкурэнцыi.

Артыкул 7. Ажыццяўленне дзяржаўнага рэгулявання i кантролю ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Дзяржаўнае рэгуляванне i кантроль у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Урадам Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь, Камiтэтам дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь, а таксама iншымi дзяржаўнымi органамi ў межах iх кампетэнцыi.

Дзяржаўнае рэгуляванне i кантроль у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ажыццяўляюцца пры дапамозе:

лiцэнзавання асобных вiдаў дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi;

дзяржаўнай манаполii на апрабаванне i клеймаванне ювелiрных i iншых вырабаў з каштоўных металаў i каштоўных камянёў, вырабленых на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i (цi) увезеных на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь для рэалiзацыi;

прадастаўлення пераважнага права Мiнiстэрству фiнансаў Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнаму банку Рэспублiкi Беларусь на набыццё каштоўных металаў i каштоўных камянёў для папаўнення Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь;

устанаўлення спецыяльных патрабаванняў да ўлiку i справаздачнасцi пры захоўваннi, транспарцiроўцы, вытворчасцi, апрацоўцы, перапрацоўцы, выкарыстаннi i абарачэннi каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

устанаўлення дзяржаўнага заказу на пастаўку для дзяржаўных патрэб каштоўных металаў i каштоўных камянёў, у тым лiку ў выглядзе лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, i кантролю за яго выкананнем;

нагляду i кантролю за захаваннем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi;

дзяржаўнага прабiрнага нагляду;

устанаўлення парадку перамяшчэння каштоўных металаў i каштоўных камянёў цераз Дзяржаўную гранiцу Рэспублiкi Беларусь;

рэгулявання цэн на каштоўныя металы i каштоўныя камянi i ажыццяўлення дзяржаўнага кантролю за iмi;

увядзення абавязковай сертыфiкацыi прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў, пералiк якой вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 8. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па дзяржаўнаму рэгуляванню i кантролю ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь:

зацвярджае прагнозныя памеры дзяржаўнага рэзервовага фонду i залатога запасу Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь з наступным iх перазацвярджэннем у выпадку змянення Нацыянальным сходам Рэспублiкi Беларусь сумы фiнансавання з рэспублiканскага бюджэту расходаў на папаўненне дзяржаўных запасаў каштоўных металаў i каштоўных камянёў пры зацвярджэннi бюджэту Рэспублiкi Беларусь;

прымае рашэннi аб выкарыстаннi дзяржаўнага рэзервовага фонду i ўзгадняе рашэннi аб выкарыстаннi каштоўнасцяў залатога запасу, аператыўнага i культурна-гiстарычнага фондаў, фонду перапрацоўкi Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 9. Паўнамоцтвы Урада Рэспублiкi Беларусь па дзяржаўнаму рэгуляванню i кантролю ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Урад Рэспублiкi Беларусь:

забяспечвае правядзенне адзiнай унутранай i знешняй палiтыкi ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi;

зацвярджае разам з Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь Палажэнне аб Дзяржаўным фондзе каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь;

прымае па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь рашэннi аб выкарыстаннi каштоўнасцяў аператыўнага i культурна-гiстарычнага фондаў, фонду перапрацоўкi Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь;

забяспечвае дзяржаўны кантроль за захаваннем юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, якое рэгулюе вытворчасць, перапрацоўку, апрацоўку, выкарыстанне i абарачэнне каштоўных металаў i каштоўных камянёў.

вызначае пералiк вiдаў дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi, для заняцця якiмi патрэбна атрыманне спецыяльнага дазволу (лiцэнзii), а таксама пералiк органаў, якiя выдаюць такiя дазволы (лiцэнзii), акрамя вiдаў дзейнасцi, лiцэнзуемых Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь;

устанаўлiвае парадак ажыццяўлення дзяржаўнага прабiрнага нагляду на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

устанаўлiвае аб’ёмы паставак каштоўных металаў i каштоўных камянёў для дзяржаўных патрэб;

устанаўлiвае парадак ажыццяўлення здзелак з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

устанаўлiвае пералiк прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў, якая падлягае абавязковай сертыфiкацыi;

устанаўлiвае парадак увозу ў Рэспублiку Беларусь i вывазу з Рэспублiкi Беларусь каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 10. Паўнамоцтвы Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь па дзяржаўнаму рэгуляванню i кантролю ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь у межах сваёй кампетэнцыi:

устанаўлiвае парадак ажыццяўлення банкаўскiх аперацый з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi;

зацвярджае разам з Урадам Рэспублiкi Беларусь Палажэнне аб Дзяржаўным фондзе каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь;

фармiруе залаты запас Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь i ажыццяўляе аператыўнае кiраванне iм;

устанаўлiвае цэны на каштоўныя металы i каштоўныя камянi пры ажыццяўленнi банкаўскiх аперацый;

устанаўлiвае правiлы бiржавога гандлю каштоўнымi металамi;

ажыццяўляе лiцэнзаванне дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi, якая праводзiцца банкамi i нябанкаўскiмi крэдытна-фiнансавымi арганiзацыямi;

ажыццяўляе дзяржаўны кантроль за захаваннем банкамi i нябанкаўскiмi крэдытна-фiнансавымi арганiзацыямi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы выкарыстання i абарачэння каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Паўнамоцтвы Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь па дзяржаўнаму рэгуляванню i кантролю ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь у межах сваёй кампетэнцыi:

арганiзуе фармiраванне i папаўненне Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, робiць экспертызу i ацэнку каштоўнасцяў у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

каардынуе на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь дзейнасць па вытворчасцi каштоўных металаў i каштоўных камянёў, збору i перапрацоўцы лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi;

распрацоўвае i прымае нарматыўныя прававыя акты, якiя рэгулююць пытаннi вытворчасцi, перапрацоўкi, апрацоўкi, выкарыстання, захоўвання i ўлiку каштоўных металаў i каштоўных камянёў, а таксама збору i перапрацоўкi лому i адходаў, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi;

вядзе бухгалтарскi ўлiк i забяспечвае захоўванне каштоўных металаў i каштоўных камянёў, што паступаюць на захоўванне ў Дзяржаўнае сховiшча каштоўнасцяў Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь;

вядзе статыстычны ўлiк каштоўных металаў i каштоўных камянёў Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь i прадстаўляе Ураду Рэспублiкi Беларусь справаздачнасць аб яго памеры i стане;

ажыццяўляе перавод каштоўнасцяў аператыўнага фонду Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь у дзяржаўны рэзервовы фонд Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь для яго папаўнення ў адпаведнасцi з зацверджанымi прагнознымi памерамi;

кiруе ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь фондам перапрацоўкi Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, арганiзуе i ажыццяўляе перапрацоўку каштоўнасцяў, якiя яго складаюць для атрымання афiнiраваных каштоўных металаў i рэкупераваных каштоўных камянёў;

выконвае функцыi дзяржаўнага заказчыка на пастаўку каштоўных металаў i каштоўных камянёў для дзяржаўных патрэб i выкананне падрадных работ (паслуг) па вытворчасцi каштоўных металаў з каштоўнасцяў фонду перапрацоўкi Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, ажыццяўляе кантроль за выкананнем дзяржаўнага заказу;

ажыццяўляе ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь водпуск каштоўных металаў i каштоўных камянёў з Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, акрамя залатога запасу, i ажыццяўляе кантроль за iх мэтавым i рацыянальным выкарыстаннем;

устанаўлiвае цэны на каштоўныя металы i каштоўныя камянi ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Паўнамоцтвы iншых дзяржаўных органаў у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Iншыя дзяржаўныя органы ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi:

ажыццяўляюць дзяржаўны кантроль за дзейнасцю з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ў межах кампетэнцыi, устаноўленай заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

устанаўлiваюць парадак улiку i справаздачнасцi пры вытворчасцi, перапрацоўцы, апрацоўцы, выкарыстаннi i абарачэннi каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

устанаўлiваюць парадак абавязковай сертыфiкацыi прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў i арганiзуюць яе правядзенне;

устанаўлiваюць парадак гандлю ювелiрнымi i iншымi вырабамi з каштоўных металаў i каштоўных камянёў;

ажыццяўляюць iншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 13. Дзяржаўны прабiрны нагляд

Дзяржаўны прабiрны нагляд у Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляе Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўны прабiрны нагляд уключае:

апрабаванне, аналiз i клеймаванне ювелiрных i iншых вырабаў з каштоўных металаў, вырабленых на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь i (цi) увезеных на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь для рэалiзацыi;

экспертызу адбiткаў дзяржаўных прабiрных клеймаў Рэспублiкi Беларусь;

экспертызу каштоўных металаў i дыягностыку каштоўных камянёў у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

дзяржаўны кантроль за захаваннем юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ў межах кампетэнцыi, устаноўленай заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

iншыя функцыi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Пералiк прабiрных работ i паслуг, за якiя бярэцца плата, а таксама памер i парадак яе спагнання вызначаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Лiцэнзаванне дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi

Юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi могуць займацца асобнымi вiдамi дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi толькi на падставе спецыяльнага дазволу (лiцэнзii), атрыманага ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Лiцэнзаванне дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ажыццяўляецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

ГЛАВА 3

ДЗЯРЖАЎНЫ ФОНД КАШТОЎНЫХ МЕТАЛАЎ I КАШТОЎНЫХ КАМЯНЁЎ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I КРЫНIЦЫ ЯГО ФАРМIРАВАННЯ

Артыкул 15. Дзяржаўны фонд каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь

Дзяржаўны фонд каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь складае частку казны Рэспублiкi Беларусь i прызначаны для забеспячэння фiнансавых, вытворчых, навуковых, сацыяльна-культурных i iншых патрэб Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўны фонд каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь складаецца з дзяржаўнага рэзервовага фонду, залатога запасу, аператыўнага i культурна-гiстарычнага фондаў, а таксама фонду перапрацоўкi.

Дзяржаўны рэзервовы фонд — частка Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, якая фармiруецца з банкаўскiх i мерных злiткаў каштоўных металаў i прызначана для задавальнення экстранных патрэб Рэспублiкi Беларусь.

Залаты запас — частка Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, якая фармiруецца з банкаўскiх злiткаў каштоўных металаў i прызначана для ажыццяўлення фiнансавай i знешнеэканамiчнай палiтыкi дзяржавы, арганiзацыi грашова-крэдытнага рэгулявання i iншых мэтаў у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Аператыўны фонд — частка Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, якая фармiруецца са злiткаў каштоўных металаў, прадукцыi (вырабаў) з каштоўных металаў i каштоўных камянёў i прызначана для забеспячэння фiнансавых, вытворчых, навуковых i сацыяльна-культурных патрэб Рэспублiкi Беларусь.

Культурна-гiстарычны фонд — частка Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь, якая фармiруецца з каштоўных камянёў, самародкаў каштоўных металаў, ювелiрных i iншых вырабаў, вырабленых з выкарыстаннем каштоўных металаў i каштоўных камянёў, што маюць гiстарычную, мастацкую, навуковую цi iншую каштоўнасць i з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы. Парадак залiчэння каштоўнасцяў у гэты фонд вызначаецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Фонд перапрацоўкi — частка Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь у выглядзе прадукцыi (вырабаў), лому i адходаў, што змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi i падлягаюць перапрацоўцы, здадзеных у кошт выканання дзяржаўнага заказу i (цi) перайшоўшых у дзяржаўную ўласнасць.

Фармiраванне дзяржаўнага рэзервовага, аператыўнага i культурна-гiстарычнага фондаў, а таксама фонду перапрацоўкi робiцца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту.

Фармiраванне залатога запасу робiцца за кошт сродкаў Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь.

Рашэннi аб выкарыстаннi каштоўнасцяў дзяржаўнага рэзервовага фонду прымаюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, залатога запасу — Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь, а пры пераходзе права ўласнасцi на каштоўнасцi залатога запасу i вывазе iх за межы Рэспублiкi Беларусь — Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь. Рашэннi аб выкарыстаннi каштоўнасцяў аператыўнага i культурна-гiстарычнага фондаў, фонду перапрацоўкi прымаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Урад Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальны банк Рэспублiкi Беларусь штогод адначасова са справаздачай аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту, якая ўносiцца ў Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь, прадстаўляюць справадачу аб выкарыстаннi Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 16. Крынiцы фармiравання Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь

Крынiцамi фармiравання Дзяржаўнага фонду каштоўных металаў i каштоўных камянёў Рэспублiкi Беларусь могуць з’яўляцца:

лом i адходы, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, здадзеныя ў кошт выканання дзяржаўнага заказу i перайшоўшыя ў дзяржаўную ўласнасць;

каштоўныя металы i каштоўныя камянi, набытыя на ўнутраным i мiжнародным рынках за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту;

каштоўныя металы i каштоўныя камянi, вырабы з iх i лом такiх вырабаў, не запатрабаваныя з ламбардаў;

каштоўныя металы i каштоўныя камянi, вырабы з iх i лом такiх вырабаў, перайшоўшыя ва ўласнасць дзяржавы на падставах, прадугледжаных заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь, а таксама згодна з пастановай суда;

безгаспадарныя каштоўныя металы i каштоўныя камянi, вырабы з iх i лом такiх вырабаў, клады, знаходкi, а таксама каштоўныя металы i каштоўныя камянi, вырабы з iх i лом такiх вырабаў, залiчаныя i (цi) перайшоўшыя ў дзяржаўную ўласнасць па праву спадчыны;

каштоўныя металы, набытыя Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь у вынiку правядзення банкаўскiх аперацый на ўнутраным i мiжнародным рынках;

каштоўныя металы i каштоўныя камянi, вырабленыя на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, а таксама за яе межамi з удзелам юрыдычных асоб i iндывiдуальных прадпрымальнiкаў Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку з удзелам iнвестыцыйных сродкаў Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь;

каштоўнасцi, перададзеныя юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi ў дар дзяржаве;

iншыя крынiцы, якiя не супярэчаць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 4

ВЫТВОРЧАСЦЬ, ПЕРАПРАЦОЎКА, АПРАЦОЎКА, ВЫКАРЫСТАННЕ I АБАРАЧЭННЕ КАШТОЎНЫХ МЕТАЛАЎ I КАШТОЎНЫХ КАМЯНЁЎ

Артыкул 17. Вытворчасць, перапрацоўка i афiнаж каштоўных металаў, апрацоўка i рэкуперацыя каштоўных камянёў

Вытворчасць i перапрацоўку каштоўных металаў, апрацоўку каштоўных камянёў могуць ажыццяўляць юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя атрымалi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку спецыяльныя дазволы (лiцэнзii) на гэтыя вiды дзейнасцi.

Афiнаж каштоўных металаў i рэкуперацыю каштоўных камянёў ажыццяўляюць юрыдычныя асобы, якiя атрымалi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку спецыяльныя дазволы (лiцэнзii) на гэтыя вiды дзейнасцi.

Артыкул 18. Выкарыстанне i абарачэнне каштоўных металаў i каштоўных камянёў

Выкарыстанне i абарачэнне каштоўных металаў i каштоўных камянёў ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Лом i адходы, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, падлягаюць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку абавязковаму ўлiку i збору юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi, у якiх пры вытворчасцi i (цi) спажываннi ўтвараюцца лом i адходы.

Сабраныя лом i адходы, якiя змяшчаюць каштоўныя металы i каштоўныя камянi, могуць апрацоўвацца iх уласнiкам цi асобай, якая валодае iмi на iншай законнай падставе, для другаснага выкарыстання цi рэалiзоўвацца юрыдычным асобам i iндывiдуальным прадпрымальнiкам, што маюць спецыяльны дазвол (лiцэнзiю) на адпаведны вiд дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi.

Каштоўныя камянi, непрыдатныя для вырабу ювелiрных вырабаў, выкарыстоўваюцца як прадукцыя вытворча-тэхнiчнага прызначэння без абмежаванняў, устаноўленых гэтым Законам. Крытэрыi i парадак аднясення каштоўных камянёў да непрыдатных для вырабу ювелiрных вырабаў устанаўлiваюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь.

Банкаўскiя аперацыi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi ажыццяўляюцца банкамi i нябанкаўскiмi крэдытна-фiнансавымi арганiзацыямi на падставе спецыяльных дазволаў (лiцэнзiй), выдадзеных Нацыянальным банкам Рэспублiкi Беларусь ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Рэзiдэнты i нерэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь могуць адкрываць рахункi ў каштоўных металах, размяшчаць каштоўныя металы i каштоўныя камянi ва ўклады (дэпазiты) у банках i нябанкаўскiх крэдытна-фiнансавых арганiзацыях, якiя маюць спецыяльныя дазволы (лiцэнзii) на ажыццяўленне ўказаных банкаўскiх аперацый.

Абарачэнне каштоўных металаў можа ажыццяўляцца шляхам выпуску каштоўных папер, намiнаваных у масе каштоўных металаў цi забяспечаных каштоўнымi металамi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Гандаль ювелiрнымi i iншымi вырабамi з каштоўных металаў i каштоўных камянёў на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляецца юрыдычнымi асобамi i iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Пры ажыццяўленнi дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi юрыдычныя асобы i iндывiдуальныя прадпрымальнiкi абавязаны весцi iх улiк па масе i якасцi. Парадак абавязковага ўлiку ўстанаўлiваецца ўласнiкам каштоўных металаў i каштоўных камянёў на падставе адпаведных нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 19. Адказнасць за невыкананне цi неналежнае выкананне гэтага Закона

Асобы, вiнаватыя ў невыкананнi цi неналежным выкананнi гэтага Закона, а таксама iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 5

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 20. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу праз 30 дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 21. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Да прывядзення заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам нарматыўныя прававыя акты ў сферы дзейнасцi з каштоўнымi металамi i каштоўнымi камянямi прымяняюцца ў той частцы, у якой яны не супярэчаць гэтаму Закону, калi iншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнаму банку Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

унесцi ва ўстаноўленым парадку прапановы аб прывядзеннi заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi ў адпаведнасць з гэтым Законам раней прынятыя рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь i Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь;

распрацаваць i зацвердзiць нарматыўныя прававыя акты, неабходныя для рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь забяспечыць перагляд i адмену мiнiстэрствамi i iншымi рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання iх нарматыўных прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону.

Мясцовым выканаўчым i распарадчым органам у шасцiмесячны тэрмiн прывесцi свае рашэннi ў адпаведнасць з гэтым Законам.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

21 чэрвеня 2002 г., г. Мiнск.

№ 110-3


<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Белорусский каталог BelRus
Hosted by uCoz