Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб сходах, мiтынгах, вулiчных шэсцях, дэманстрацыях i пiкетаваннi»

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 5 чэрвеня 2003 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 30 чэрвеня 2003 года

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 30 снежня 1997 года «Аб сходах, мiтынгах, вулiчных шэсцях, дэманстрацыях i пiкетаваннi» (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1998 г., № 2, ст. 6, № 25—26, ст. 428) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:


«Закон Рэспублiкi Беларусь

Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублiцы Беларусь

Гэты Закон устанаўлiвае парадак арганiзацыi i правядзення ў Рэспублiцы Беларусь сходаў, мiтынгаў, вулiчных шэсцяў, дэманстрацый, пiкетавання i iншых масавых мерапрыемстваў i накiраваны на стварэнне ўмоў для рэалiзацыi канстытуцыйных правоў i свабод грамадзян, забеспячэння грамадскай бяспекi i парадку пры правядзеннi гэтых мерапрыемстваў на вулiцах, плошчах i ў iншых грамадскiх месцах.

Свабода масавых мерапрыемстваў, якiя не парушаюць правапарадак i правы iншых грамадзян Рэспублiкi Беларусь, гарантуецца дзяржавай.

Глава 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб масавых мерапрыемствах

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб масавых мерапрыемствах складаецца з Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 2. Асноўныя паняццi, якiя прымяняюцца ў гэтым Законе, i iх азначэннi

Для мэтаў гэтага Закона прымяняюцца наступныя асноўныя паняццi:

масавае мерапрыемства — сход, мiтынг, вулiчнае шэсце, дэманстрацыя, пiкетаванне i iншае масавае мерапрыемства;

iншае масавае мерапрыемства — спартыўнае, культурна-масавае, iншае вiдовiшчнае мерапрыемства, рэлiгiйнае мерапрыемства, што праводзяцца ў спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам або ў памяшканнi;

сход — сумесная прысутнасць грамадзян у загадзя вызначаным месцы пад адкрытым небам або ў памяшканнi ва ўстаноўлены час, якiя сабралiся для калектыўнага абмеркавання i вырашэння пытанняў, што закранаюць iх iнтарэсы;

мiтынг — масавая прысутнасць грамадзян у вызначаным месцы пад адкрытым небам, якiя сабралiся для публiчнага абмеркавання i выказвання сваiх адносiнаў да дзеянняў (бяздзейнасцi) асоб i арганiзацый, падзей грамадска-палiтычнага жыцця, а таксама для вырашэння пытанняў, што закранаюць iх iнтарэсы;

вулiчнае шэсце — арганiзаваны масавы рух групы грамадзян па пешаходнай цi праезнай частцы вулiцы (дарогi), бульвара, праспекта, плошчы ў мэтах прыцягнення ўвагi да якiх-небудзь праблем або публiчнага выказвання сваiх грамадска-палiтычных настрояў цi пратэсту;

дэманстрацыя — арганiзаваны масавы рух групы грамадзян па пешаходнай цi праезнай частцы вулiцы (дарогi), бульвара, праспекта, плошчы, у тым лiку з выкарыстаннем аўтатранспартных сродкаў i iншых сродкаў перамяшчэння, у мэтах прыцягнення ўвагi да якiх-небудзь праблем цi публiчнага выказвання сваiх грамадска-палiтычных настрояў або пратэсту з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў i iншых сродкаў;

пiкетаванне — публiчнае выказванне грамадзянiнам цi групай грамадзян грамадска-палiтычных, групавых, асабiстых i iншых iнтарэсаў або пратэсту (без шэсця), у тым лiку шляхам галадоўкi, па якiх-небудзь праблемах з выкарыстаннем цi без выкарыстання плакатаў, транспарантаў i iншых сродкаў;

iстотны ўрон, нанесены правам i законным iнтарэсам грамадзян, арганiзацый або дзяржаўным цi грамадскiм iнтарэсам, — зрыў масавага мерапрыемства, часовае спыненне дзейнасцi арганiзацый або парушэнне руху транспарту, гiбель людзей, нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання аднаму цi некалькiм пацярпеўшым;

урон у буйным памеры — урон на суму, якая перавышае ў дзесяць тысяч i больш разоў памер базавай велiчынi, устаноўлены на дзень учынення правапарушэння.

Артыкул 3. Сфера дзеяння гэтага Закона

Дзеянне гэтага Закона распаўсюджваецца на грамадзян Рэспублiкi Беларусь, замежных грамадзян i асоб без грамадзянства ў межах iх правоў i свабод, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Парадак арганiзацыi i правядзення масавых мерапрыемстваў, устаноўлены гэтым Законам, не распаўсюджваецца на:

сходы калектываў работнiкаў, палiтычных партый, прафесiйных саюзаў, рэлiгiйных i iншых арганiзацый, якiя праводзяцца ў памяшканнях у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, статутамi ўказаных арганiзацый (палажэннямi аб iх);

сходы, што праводзяцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб рэспублiканскiх i мясцовых сходах;

(Абзац чацвёрты не прыводзiцца як не ўступiўшы ў сiлу.)*

(Абзац пяты не прыводзiцца як не ўступiўшы ў сiлу.)*

Парадак арганiзацыi i правядзення iншых масавых мерапрыемстваў, устаноўлены гэтым Законам, не распаўсюджваецца на масавыя мерапрыемствы, што праводзяцца па рашэнню дзяржаўных органаў у днi дзяржаўных святаў, святочныя днi i памятныя даты, што адзначаюцца ў Рэспублiцы Беларусь.

Глава 2

ПАРАДАК АРГАНIЗАЦЫI I ПРАВЯДЗЕННЯ МАСАВЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

Артыкул 4. Арганiзатары масавага мерапрыемства

Арганiзатарамi сходу, мiтынгу, вулiчнага шэсця, дэманстрацыi, пiкетавання, у якiм мяркуецца ўдзел да 1000 чалавек, i iншага масавага мерапрыемства незалежна ад колькасцi мяркуемых удзельнiкаў могуць выступаць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна жывуць на яе тэрыторыi, дасягнулi васемнаццацiгадовага ўзросту i валодаюць выбарчым правам, названыя ў дадзенай якасцi ў заяве аб правядзеннi масавага мерапрыемства i прынялi абавязацельства ў пiсьмовай форме па яго арганiзацыi i правядзенню ў адпаведнасцi з гэтым Законам, а таксама палiтычныя партыi, прафесiйныя саюзы i iншыя арганiзацыi Рэспублiкi Беларусь, зарэгiстраваныя ва ўстаноўленым парадку.

Арганiзатарамi сходу, мiтынгу, вулiчнага шэсця, дэманстрацыi, пiкетавання, у якiм мяркуецца ўдзел больш чым 1000 чалавек, могуць выступаць толькi палiтычныя партыi, прафесiйныя саюзы i iншыя арганiзацыi Рэспублiкi Беларусь.

Палiтычныя партыi, прафесiйныя саюзы i iншыя арганiзацыi Рэспублiкi Беларусь, якiя з’яўляюцца арганiзатарамi масавага мерапрыемства, вызначаюць асобу (асоб), адказную (адказных) за арганiзацыю i правядзенне масавага мерапрыемства, з лiку членаў кiруючага органа палiтычнай партыi, прафесiйнага саюза цi iншай арганiзацыi Рэспублiкi Беларусь. Асоба (асобы), якая(iя) прадставiла (прадставiлi) дакументы кiруючага органа палiтычнай партыi, прафесiйнага саюза цi iншай арганiзацыi Рэспублiкi Беларусь аб назначэннi яе (iх) адказнай (адказнымi) за арганiзацыю i правядзенне масавага мерапрыемства i ўказанае (указаныя) у гэтай якасцi ў заяве аб правядзеннi масавага мерапрыемства, прымае (прымаюць) абавязацельства ў пiсьмовай форме па яго арганiзацыi i правядзенню ў адпаведнасцi з гэтым Законам.

Арганiзатары масавага мерапрыемства маюць права адмовiцца ад яго правядзення, пiсьмова паведамiўшы кiраўнiку мясцовага выканаўчага i распарадчага органа або яго намеснiку, якiя прынялi рашэнне аб дазволе правядзення масавага мерапрыемства, i апавясцiўшы аб гэтым удзельнiкаў масавага мерапрыемства.

Артыкул 5. Заява аб правядзеннi масавага мерапрыемства

Заява аб правядзеннi масавага мерапрыемства (далей — заява) падаецца яго арганiзатарам (арганiзатарамi) у мясцовы выканаўчы i распарадчы орган, на тэрыторыi якога плануецца правядзенне масавага мерапрыемства, калi iншае не прадугледжана часткамi другой i трэцяй гэтага артыкула.

Калi масавае мерапрыемства намячаецца праводзiць на тэрыторыi некалькiх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак або мяркуемая колькасць удзельнiкаў у iм будзе перавышаць 1000 чалавек (для сходаў, мiтынгаў, вулiчных шэсцяў, дэманстрацый i пiкетавання) цi 1500 чалавек (для iншых масавых мерапрыемстваў), заява падаецца ў адпаведны абласны выканаўчы камiтэт.

У горадзе Мiнску заява падаецца ў Мiнскi гарадскi выканаўчы камiтэт.

Заява падаецца ў пiсьмовай форме не пазней чым за 15 дзён да мяркуемай даты правядзення масавага мерапрыемства.

(Частка пятая не прыводзiцца як не ўступiўшая ў сiлу.)*

У заяве ўказваюцца:

мэта, вiд, месца правядзення масавага мерапрыемства;

дата правядзення, час яго пачатку i заканчэння;

маршруты руху;

мяркуемая колькасць удзельнiкаў;

прозвiшча, iмя, iмя па бацьку арганiзатара (арганiзатараў), яго (iх) месца жыхарства i працы (вучобы);

меры па забеспячэнню грамадскага парадку i бяспекi пры правядзеннi масавага мерапрыемства;

меры, звязаныя з медыцынскiм абслугоўваннем, уборкай тэрыторыi пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства;

дата падачы заявы.

Да заявы прыкладаецца абавязацельства ў пiсьмовай форме арганiзатара (арганiзатараў) цi асобы (асобаў), адказнай (адказных) за арганiзацыю i правядзенне масавага мерапрыемства, па арганiзацыi i правядзенню масавага мерапрыемства.

Заява, аформленая ў адпаведнасцi з часткай шостай гэтага артыкула, рэгiструецца мясцовым выканаўчым i распарадчым органам у дзень яе падачы.

Тэрмiн падачы заявы вылiчваецца з дня яго рэгiстрацыi ў мясцовым выканаўчым i распарадчым органе.

(Частка дзесятая не прыводзiцца як не ўступiўшая ў сiлу.)*

Артыкул 6. Парадак разгляду заявы i вынясення па ёй рашэння

Кiраўнiк мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi яго намеснiк абавязаны разгледзець заяву i не пазней чым за пяць дзён да даты правядзення масавага мерапрыемства ў пiсьмовай форме паведамiць яго арганiзатару (арганiзатарам) аб прынятым рашэннi.

У рашэннi павiнна быць указана аб дазволе цi забароне правядзення масавага мерапрыемства, а таксама матывы, па якiх яго правядзенне забаронена.

Рашэнне кiраўнiка мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi яго намеснiка аб дазволе цi забароне правядзення масавага мерапрыемства прымаецца з улiкам даты, месца, часу яго правядзення, колькасцi ўдзельнiкаў, умоў надвор’я, аплаты расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскiм абслугоўваннем, уборкай тэрыторыi пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, i iншых акалiчнасцяў, якiя ўплываюць на забеспячэнне грамадскай бяспекi, па ўзгадненню з рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання (iх тэрытарыяльнымi падраздзяленнямi), адказнымi за забеспячэнне грамадскага парадку i бяспекi.

Парадак аплаты расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскiм абслугоўваннем, уборкай тэрыторыi пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, вызначаецца рашэннем мясцовага выканаўчага i распарадчага органа, на тэрыторыi якога плануецца правядзенне масавага мерапрыемства.

Кiраўнiк мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi яго намеснiк пры разглядзе заявы ў мэтах забеспячэння правоў i свабод грамадзян, грамадскай бяспекi, а таксама нармальнага функцыянавання транспарту i арганiзацый мае права па ўзгадненню з арганiзатарам (арганiзатарамi) масавага мерапрыемства змянiць дату, месца i час яго правядзення.

Артыкул 7. Абскарджанне рашэння аб забароне правядзення масавага мерапрыемства цi аб змяненнi даты, месца i часу яго правядзення

Рашэнне кiраўнiка мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi яго намеснiка аб забароне правядзення масавага мерапрыемства або аб змяненнi даты, месца i часу яго правядзення можа быць абскарджана ў судовым парадку.

(Частка другая не прыводзiцца як не ўступiўшая ў сiлу.)*

Артыкул 8. Падрыхтоўка масавага мерапрыемства

Падрыхтоўка масавага мерапрыемства ажыццяўляецца яго арганiзатарам (арганiзатарамi) i iншымi ўпаўнаважанымi iм (iмi) грамадзянамi.

Да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганiзатар (арганiзатары), а таксама iншыя асобы не маюць права аб’яўляць у сродках масавай iнфармацыi аб даце, месцы i часе яго правядзення, вырабляць i распаўсюджваць з гэтай мэтай лiстоўкi, плакаты i iншыя матэрыялы.

Артыкул 9. Месца i час правядзення масавага мерапрыемства

Масавае мерапрыемства можа праводзiцца ў любых прыдатных для гэтай мэты месцах, за выключэннем месцаў, названых у частцы трэцяй гэтага артыкула.

Мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi могуць быць вызначаны пастаянныя месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама месцы, дзе iх правядзенне не дапускаецца, з паведамленнем аб гэтым у сродках масавай iнфармацыi.

Правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца:

у месцах, выкарыстанне якiх для гэтых мэтаў забаронена рашэннямi адпаведных мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў;

на аб’ектах метрапалiтэна, чыгуначнага, воднага i паветранага транспарту;

на адлегласцi менш чым 200 метраў ад будынкаў рэзiдэнцыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, тэлерадыёцэнтра, падземных пешаходных пераходаў, станцый метрапалiтэна;

на адлегласцi менш чым 50 метраў ад будынкаў рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, мясцовых прадстаўнiчых, выканаўчых i распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўнiцтваў i консульскiх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганiзацый, якiя забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы i жыццядзейнасць насельнiцтва (грамадскi транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- i энергазабеспячэння, бальнiцы, палiклiнiкi, дзiцячыя дашкольныя ўстановы, школы).

Правядзенне масавых мерапрыемстваў за пяць i менш дзён да выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата дазваляецца толькi ў спецыяльна прызначаных для правядзення масавых мерапрыемстваў месцах пад адкрытым небам i ў памяшканнях, за выключэннем масавых мерапрыемстваў, праводзiмых па рашэнню дзяржаўных органаў.

Сходы, мiтынгi, вулiчныя шэсцi, дэманстрацыi i пiкетаванне могуць праводзiцца з 8 да 22 гадзiн.

Iншыя масавыя мерапрыемствы могуць праводзiцца ва ўказаны ў заяве час, а калi час iх правядзення рашэннем кiраўнiцтва мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi яго намеснiка зменены, — у час, вызначаны ў дадзеным рашэннi.

Артыкул 10. Парадак правядзення масавых мерапрыемстваў

Масавыя мерапрыемствы, а таксама выступленнi iх удзельнiкаў праводзяцца ў вызначаны час i ў абумоўленым месцы ў адпаведнасцi з мэтамi, указанымi ў заяве.

Забараняецца правядзенне масавых мерапрыемстваў, калi мэтай iх правядзення з’яўляецца гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага строю або прапаганда вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлiгiйнай цi расавай варожасцi.

Арганiзатар (арганiзатары) масавага мерапрыемства цi асоба (асобы), адказная (адказныя) за арганiзацыю i правядзенне масавага мерапрыемства, абавязана (абавязаны):

пастаянна прысутнiчаць на праводзiмым масавым мерапрыемстве;

забяспечваць выкананне ўмоў i парадку правядзення масавага мерапрыемства, бяспеку грамадзян, захаванасць будынкаў, транспартных сродкаў i iншай маёмасцi, а таксама зялёных насаджэнняў;

выконваць усе законныя патрабаваннi работнiкаў органаў унутраных спраў i прадстаўнiкоў грамадскасцi, якiя выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку, i садзейнiчаць iм у забеспячэннi грамадскага парадку;

у выпадку спынення праводзiмага мерапрыемства рашэнне аб гэтым давесцi да ведама яго ўдзельнiкаў;

мець распазнавальны знак арганiзатара праводзiмага масавага мерапрыемства (нарукаўная павязка, бэйдж i да т. п.);

з’яўляцца па запрашэнню кiраўнiка (яго намеснiка) адпаведнага мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi органа ўнутраных спраў для ўдакладнення пытанняў, звязаных з правядзеннем масавага мерапрыемства;

правесцi не пазней чым за 10 дзён пасля правядзення масавага мерапрыемства аплату расходаў, звязаных з аховай грамадскага парадку, медыцынскiм абслугоўваннем i ўборкай тэрыторыi, у адпаведнасцi з рашэннем мясцовага выканаўчага i распарадчага органа, на тэрыторыi якога праводзiлася масавае мерапрыемства.

Мясцовы выканаўчы i распарадчы орган можа дадаткова рэгламентаваць парадак правядзення масавага мерапрыемства з улiкам мясцовых умоў i патрабаванняў гэтага Закона.

Абмежаваннi на правядзенне масавых мерапрыемстваў i ўдзел у iх могуць устанаўлiвацца заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 11. Захаванне грамадскага парадку пры правядзеннi масавых мерапрыемстваў

Пры правядзеннi масавага мерапрыемства яго ўдзельнiкi абавязаны захоўваць грамадскi парадак i выконваць усе законныя патрабаваннi арганiзатараў праводзiмага масавага мерапрыемства, работнiкаў органаў унутраных спраў i прадстаўнiкоў грамадскасцi, якiя выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку.

У час правядзення сходу, мiтынгу, вулiчнага шэсця, дэманстрацыi цi пiкетавання iх арганiзатарам i ўдзельнiкам забараняецца:

перашкаджаць руху транспарту i пешаходаў;

ствараць перашкоды для бесперабойнага функцыянавання арганiзацый;

устанаўлiваць палаткi, iншыя часовыя збудаваннi;

уздзейнiчаць у якой бы там нi было форме на работнiкаў мiлiцыi з мэтай перашкодзiць iм выконваць службовыя абавязкi, а таксама на прадстаўнiкоў грамадскасцi, якiя выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку;

мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую цi iншую зброю, выбуховыя рэчывы i боепрыпасы, iх iмiтатары i муляжы, а таксама спецыяльна вырабленыя цi прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якiх можа ўяўляць пагрозу жыццю i здароўю людзей або прычынiць матэрыяльны ўрон грамадзянам i арганiзацыям;

выкарыстоўваць плакаты, транспаранты i iншыя сродкi, якiя змяшчаюць заклiкi да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага строю або прапагандуюць вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлiгiйную цi расавую варожасць, прынiжаюць гонар i годнасць асобы;

дзейнiчаць метадамi, якiя ствараюць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю i здароўю ўдзельнiкаў названых мерапрыемстваў цi iншых асоб, або хаваць свае твары пад маскамi;

карыстацца сцягамi, вымпеламi, не зарэгiстраванымi ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамi, сiмваламi, плакатамi i транспарантамi, змест якiх накiраваны на нанясенне ўрону канстытуцыйнаму строю i грамадскаму парадку, правам i законным iнтарэсам грамадзян.

У час правядзення iншых масавых мерапрыемстваў iх арганiзатарам i ўдзельнiкам забараняецца:

перашкаджаць руху транспарту i пешаходаў;

ствараць перашкоды для бесперабойнага функцыянавання арганiзацый;

уздзейнiчаць у якой бы там нi было форме на работнiкаў мiлiцыi з мэтай перашкодзiць iм выконваць службовыя абавязкi, а таксама на прадстаўнiкоў грамадскасцi, якiя выконваюць абавязкi па ахове грамадскага парадку;

мець пры сабе халодную, агнястрэльную, газавую цi iншую зброю, выбуховыя рэчывы i боепрыпасы, а таксама спецыяльна вырабленыя цi прыстасаваныя прадметы, выкарыстанне якiх можа ўяўляць пагрозу жыццю i здароўю людзей або нанесцi матэрыяльны ўрон грамадзянам i арганiзацыям;

мець пры сабе iмiтатары i муляжы халоднай, агнястрэльнай, газавай цi iншай зброi, выбуховых рэчываў i боепрыпасаў (за выключэннем тэатральных i iншых творчых калектываў у час правядзення iмi прадстаўленняў);

выкарыстоўваць плакаты, транспаранты i iншыя сродкi, якiя змяшчаюць заклiкi да гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага строю або прапагандуюць вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлiгiйную цi расавую варожасць, прынiжаюць гонар i годнасць асобы;

дзейнiчаць метадамi, якiя ствараюць пагрозу грамадскай бяспецы, жыццю i здароўю ўдзельнiкаў названых мерапрыемстваў цi iншых асоб;

карыстацца эмблемамi, сiмваламi, плакатамi, транспарантамi i iншымi сродкамi, змест якiх накiраваны на нанясенне ўрону канстытуцыйнаму строю i грамадскаму парадку, правам i законным iнтарэсам грамадзян;

карыстацца сцягамi, вымпеламi, не зарэгiстраванымi ва ўстаноўленым парадку (за выключэннем тэатральных i iншых творчых калектываў у час правядзення iмi прадстаўленняў);

ажыццяўляць рэалiзацыю алкагольных напояў i пiва ў месцах правядзення названых мерапрыемстваў i ў радыусе 500 метраў прылеглых да iх тэрыторый.

Рэалiзацыя алкагольных напояў i пiва ў месцах правядзення iншых масавых мерапрыемстваў i ў радыусе 500 метраў прылеглых да iх тэрыторый забараняецца на час правядзення гэтых мерапрыемстваў таксама арганiзацыям i асобам, якiя не з’яўляюцца iх арганiзатарамi i ўдзельнiкамi, за выключэннем выпадкаў рэалiзацыi алкагольных напояў i пiва ў арганiзацыях (рэстараны, кафэ i да т. п.), якiя маюць права на гандаль iмi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, для запланаваных раней урачыстых i рытуальных мерапрыемстваў.

Артыкул 12. Спыненне масавага мерапрыемства

Масавае мерапрыемства, а таксама падрыхтоўка да яго павiнны быць спынены па патрабаванню кiраўнiка (яго намеснiка) адпаведнага мясцовага выканаўчага i распарадчага органа, органа ўнутраных спраў, арганiзатара (арганiзатараў) указанага мерапрыемства цi асобы (асоб), адказнай (адказных) за арганiзацыю i правядзенне масавага мерапрыемства, у выпадках:

калi не была пададзена заява цi прынята рашэнне аб забароне правядзення масавага мерапрыемства;

калi парушаны палажэннi артыкулаў 9—11 гэтага Закона;

узнiкнення небяспекi для жыцця i здароўя грамадзян.

У выпадку адмовы ўдзельнiкаў масавага мерапрыемства ад выканання патрабаванняў кiраўнiка (яго намеснiка) адпаведнага мясцовага выканаўчага i распарадчага органа, органа ўнутраных спраў, арганiзатара (арганiзатараў) цi асобы (асоб), адказнай (адказных) за арганiзацыю i правядзенне масавага мерапрыемства, аб спыненнi масавага мерапрыемства органамi ўнутраных спраў у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь прымаюцца неабходныя меры па спыненню масавага мерапрыемства.

Артыкул 13. Неўмяшанне дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый, а таксама грамадзян у правядзенне масавых мерапрыемстваў

Дзяржаўныя органы, палiтычныя партыi, прафесiйныя саюзы i iншыя арганiзацыi, а таксама грамадзяне не маюць права ўмешвацца i перашкаджаць правядзенню масавых мерапрыемстваў, праводзiмых з выкананнем патрабаванняў гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Заявы ўдзельнiкаў масавых мерапрыемстваў

Падача i разгляд заяў, прынятых удзельнiкамi масавых мерапрыемстваў, ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь ад 6 чэрвеня 1996 года «Аб зваротах грамадзян» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1996 г., № 21, ст. 376).

Глава 3

АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ АБ МАСАВЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАХ

Артыкул 15. Адказнасць за парушэнне ўстаноўленага парадку арганiзацыi i (цi) правядзення масавых мерапрыемстваў

Асобы, якiя парушылi ўстаноўлены гэтым Законам парадак арганiзацыi i (цi) правядзення масавых мерапрыемстваў, нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Палiтычныя партыi, прафесiйныя саюзы i iншыя арганiзацыi, адказныя асобы якiх не забяспечылi належнага парадку арганiзацыi i (цi) правядзення сходу, мiтынгу, вулiчнага шэсця, дэманстрацыi i пiкетавання, што пацягнула нанясенне ўрону ў буйным памеры цi значнага ўрону правам i законным iнтарэсам грамадзян, арганiзацый або дзяржаўным цi грамадскiм iнтарэсам, могуць быць лiквiдаваны ва ўстаноўленым парадку за аднаразовае парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб масавых мерапрыемствах.

Артыкул 16. Кампенсацыя шкоды

Шкода, нанесеная арганiзатарамi i ўдзельнiкамi масавага мерапрыемства дзяржаве, грамадзянам i арганiзацыям у час правядзення масавага мерапрыемства, падлягае кампенсацыi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.».


Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу праз 10 дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у трохмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць iншыя меры, накiраваныя на рэалiзацыю палажэнняў гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

7 жнiўня 2003 г., г. Мiнск.

№ 233-З

____________________________

*Абзацы чацвёрты i пяты часткi другой артыкула 3, часткi пятая i дзесятая артыкула 5, частка другая артыкула 7 новай рэдакцыi Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сходах, мiтынгах, вулiчных шэсцях, дэманстрацыях i пiкетаваннi» не ўступiлi ў сiлу ў адпаведнасцi з часткай восьмай артыкула 100 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.


<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый>>>
Rating All.BY

Hosted by uCoz