Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб прафесiйных саюзах»Закон рэспублiкi Беларусь Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 22 красавiка 1992 года «Аб прафесiйных саюзах» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 19, арт. 300) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi: «ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ Аб прафесiйных саюзах ГЛАВА 1. Агульныя палажэннi Артыкул 1. Прафесiйныя саюзы Прафесiйны саюз (далей — прафсаюз) з’яўляецца добраахвотнай грамадскай арганiзацыяй, што аб’ядноўвае грамадзян, у тым лiку тых, якiя навучаюцца ў вышэйшых, сярэднiх спецыяльных i прафесiйна-тэхнiчных навучальных установах, звязаны агульнымi iнтарэсамi па роду дзейнасцi як у вытворчай, так i невытворчай сферах, для абароны працоўных, сацыяльна-эканамiчных правоў i iнтарэсаў, што вынiкаюць з агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i ўстаноўлены Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, Мiжнародным пактам аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах, Мiжнародным пактам аб грамадзянскiх i палiтычных правах, канвенцыямi Мiжнароднай арганiзацыi працы i iншымi ратыфiкаванымi ва ўстаноўленым парадку мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 2. Права грамадзян на аб’яднанне ў прафсаюзы Грамадзяне маюць права добраахвотна ствараць па свайму выбару прафсаюзы, а таксама ўступаць у прафсаюзы пры ўмове выканання iх статутаў (палажэнняў). Прафсаюзы могуць ствараць на добраахвотнай аснове рэспублiканскiя i iншыя аб’яднаннi, якiя валодаюць правамi прафсаюзаў, а таксама ўступаць у iх. Рэспублiканскiя аб’яднаннi прафсаюзаў могуць ствараць у парадку, прадугледжаным статутнымi дакументамi, тэрытарыяльныя (абласныя, гарадскiя, раённыя) i iншыя арганiзацыйныя структуры, якiя валодаюць правамi прафсаюзаў. Прафсаюзы (аб’яднаннi прафсаюзаў) i iх арганiзацыйныя структуры (падраздзяленнi) у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь i iх статутамi (палажэннямi) з’яўляюцца юрыдычнымi асобамi. Артыкул 3. Незалежнасць прафсаюзаў Прафсаюзы сваю дзейнасць ажыццяўляюць у адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь. (Другi сказ не прыводзiцца як не ўступiўшы ў сiлу.)* Прафсаюзы самастойна распрацоўваюць i зацвярджаюць свае статуты (палажэннi), вызначаюць структуру, выбiраюць кiруючыя органы, арганiзуюць сваю дзейнасць, праводзяць сходы, канферэнцыi, пленумы, з’езды. Прафсаюзы (аб’яднаннi прафсаюзаў), iх сiмволiка, змяненнi i дапаўненнi, якiя ўносяцца ў статут, падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Прафсаюзы ў адпаведнасцi са сваiмi статутнымi мэтамi i задачамi маюць права супрацоўнiчаць з прафсаюзамi iншых краiн, па свайму выбару ўступаць у мiжнародныя i iншыя прафсаюзныя аб’яднаннi i арганiзацыi. Артыкул 4. Забарона дыскрымiнацыi грамадзян па прымеце прыналежнасцi да прафсаюзаў Прыналежнасць або непрыналежнасць грамадзян да прафсаюзаў не выклiкае якiх-небудзь абмежаванняў iх працоўных, сацыяльна-эканамiчных, палiтычных, асабiстых правоў i свабод, што гарантуюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 5. Спыненне або прыпыненне дзейнасцi прафсаюзаў Спыненне дзейнасцi прафсаюза ажыццяўляецца па рашэнню яго членаў у парадку, якi вызначаецца статутам (палажэннем) дадзенага прафсаюза. У выпадках, калi дзейнасць прафсаюзаў (аб’яднанняў прафсаюзаў) супярэчыць Канстытуцыi i iншым заканадаўчым актам Рэспублiкi Беларусь, яна можа быць прыпынена на тэрмiн да шасцi месяцаў або спынена ў адносiнах да рэспублiканскiх прафсаюзаў, iх аб’яднанняў рашэннем Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь па прадстаўленню Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, а тэрытарыяльных прафсаюзаў — рашэннем суда па прадстаўленню пракурора дадзенай адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнай адзiнкi. Артыкул 6. Узаемадзеянне органаў дзяржаўнага кiравання i прафсаюзаў Удасканальванне i развiццё сiстэмы сацыяльнага партнёрства, форм i метадаў узаемадзеяння прафсаюзаў (аб’яднанняў прафсаюзаў), наймальнiкаў (iх аб’яднанняў) i органаў дзяржаўнага кiравання з’яўляюцца адной з прыярытэтных задач сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi Рэспублiкi Беларусь. Прафсаюзы ўдзельнiчаюць у распрацоўцы i рэалiзацыi сацыяльна-эканамiчнай палiтыкi дзяржавы. Прафсаюзы маюць права ўносiць ва ўстаноўленым парадку ў органы дзяржаўнага кiравання прапановы аб прыняццi, змяненнi або адмене актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь па працоўных i сацыяльна-эканамiчных пытаннях. Нарматыўныя прававыя акты, якiя закранаюць працоўныя i сацыяльна-эканамiчныя правы грамадзян (за выключэннем нарматыўных прававых актаў, што змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты), прымаюцца органамi дзяржаўнага кiравання з папярэднiм паведамленнем адпаведным прафсаюзам (iх аб’яднанням). Прафсаюзы праз сваiх паўнамоцных прадстаўнiкоў маюць права ўдзельнiчаць у рабоце калегiяльных органаў мiнiстэрстваў i iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, пасяджэннях мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, органаў кiравання прадпрыемстваў, устаноў i арганiзацый у парадку, устаноўленым Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з адпаведнымi прафсаюзамi. У рэспублiканскiм, мясцовых бюджэтах могуць прадугледжвацца сродкi на рэалiзацыю па прапановах адпаведных рэспублiканскiх, абласных аб’яднанняў прафсаюзаў агульнадзяржаўных, мясцовых праграм (адукацыйных, навукова-даследчых, культурна-асветных, фiзкультурна-аздараўленчых, iнфармацыйных i iнш.), накiраваных на рэалiзацыю канстытуцыйных правоў i гарантый грамадзян. Артыкул 7. Прадстаўнiчасць прафсаюзаў Падставамi прадстаўнiчасцi рэспублiканскiх прафсаюзаў, iх аб’яднанняў i арганiзацыйных структур (падраздзяленняў) у органах дзяржаўнага кiравання з’яўляюцца: наяўнасць адпаведных выбарных, кiруючых, выканаўчых органаў i iх правамоцнасць у адпаведнасцi з нормамi статутаў (палажэнняў) i патрабаваннямi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь; наяўнасць устаноўленай штогадовай унутрыпрафсаюзнай статыстычнай справаздачнасцi па структуры i членству, а таксама зводнай фiнансавай справаздачнасцi. Пры наяўнасцi ўказаных падстаў рэспублiканскiя прафсаюзы, iх аб’яднаннi i арганiзацыйныя структуры (падраздзяленнi), уключаючы пярвiчныя арганiзацыi, створаныя на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, валодаюць усiмi паўнамоцтвамi, прадастаўленымi гэтым Законам, i на адпаведных узроўнях забяспечваюць абарону працоўных, сацыяльна-эканамiчных правоў i iнтарэсаў членаў прафсаюзаў. Рэспублiканскiя прафсаюзы, iх аб’яднаннi i арганiзацыйныя структуры (падраздзяленнi), уключаючы пярвiчныя арганiзацыi, створаныя на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, якiя не маюць устаноўленых гэтым Законам падстаў прадстаўнiчасцi, адстойваюць iнтарэсы сваiх членаў у межах прадастаўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь паўнамоцтваў, а таксама шляхам далучэння (са згоды бакоў) да калектыўных дагавораў (пагадненняў), што заключаюцца найбольш прадстаўнiчымi прафсаюзамi або iх аб’яднаннямi. Артыкул 8. Заканадаўства аб прафсаюзах, iх правах i гарантыях iх дзейнасцi Заканадаўства аб прафсаюзах, iх правах i гарантыях iх дзейнасцi грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь. Гэты Закон распаўсюджваецца на ўсе прадпрыемствы, установы, арганiзацыi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, незалежна ад форм уласнасцi. Асаблiвасцi прымянення гэтага Закона ў органах унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекi, а таксама ва Узброеных Сiлах, унутраных i чыгуначных войсках, iншых воiнскiх фармiраваннях Рэспублiкi Беларусь вызначаюцца адпаведным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 9. Суадносiны заканадаўства аб прафсаюзах i норм мiжнароднага права Нормы, якiя рэгулююць дзейнасць прафсаюзаў i змяшчаюцца ў мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь, што ўступiлi ў сiлу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь заканадаўства аб прафсаюзах, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калi з мiжнароднага дагавора вынiкае, што для прымянення такiх норм патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта, i маюць сiлу таго прававога акта, якiм выказана згода Рэспублiкi Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага мiжнароднага дагавора. ГЛАВА 2. Асноўныя правы прафсаюзаў Артыкул 10. Правы прафсаюзаў па абароне працоўных правоў грамадзян Прафсаюзы абараняюць працоўныя правы сваiх членаў, прымаюць удзел у распрацоўцы дзяржаўнай палiтыкi занятасцi, уносяць прапановы па сацыяльнай абароне асоб, якiя вызваляюцца з прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый, у адпаведнасцi з калектыўным дагаворам (пагадненнем) i заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Прафсаюзы абараняюць працоўныя правы грамадзян — членаў прафсаюзаў пры заключэннi або скасаваннi працоўных дагавораў (кантрактаў), знаёмяць новапрынятых на работу са зместам калектыўнага дагавора (пагаднення) i статутам юрыдычнай асобы. У выпадку неадпаведнасцi працоўнага дагавора (кантракта) заканадаўству Рэспублiкi Беларусь, калектыўнаму дагавору (пагадненню) прафсаюзы маюць права патрабаваць ад наймальнiка ў iнтарэсах работнiка — члена прафсаюза змянення ўмоў працоўнага дагавора (кантракта). У выпадках, прадугледжаных заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, скасаванне працоўнага дагавора (кантракта) па iнiцыятыве наймальнiка праводзiцца пасля папярэдняга, але не пазней чым за два тыднi, паведамлення адпаведнаму прафсаюзу. У выпадках, прадугледжаных калектыўнымi дагаворамi (пагадненнямi), скасаванне працоўнага дагавора па iнiцыятыве наймальнiка можа праводзiцца толькi з папярэдняй згоды адпаведнага прафсаюза. Лiквiдацыя або рэарганiзацыя прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый, iх структурных падраздзяленняў, поўнае або частковае прыпыненне вытворчасцi па iнiцыятыве наймальнiка, уласнiка або ўпаўнаважанага iм органа кiравання, якiя цягнуць скарачэнне рабочых месцаў або пагаршэнне ўмоў працы, могуць ажыццяўляцца толькi пры ўмове папярэдняга паведамлення (не пазней чым за тры месяцы) адпаведным прафсаюзам i правядзення з iмi перагавораў па захаванню правоў i iнтарэсаў грамадзян. Артыкул 11. Правы прафсаюзаў па сацыяльнай абароне грамадзян Прафсаюзы маюць права ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь удзельнiчаць у распрацоўцы сацыяльных праграм, накiраваных на стварэнне ўмоў, якiя забяспечваюць дастойны ўзровень жыцця i свабоднае развiццё асобы, а таксама мер па сацыяльнай абароне грамадзян, у вызначэннi асноўных крытэрыяў жыццёвага ўзроўню, памераў iндэксацыi заработнай платы, пенсiй, стыпендый, дапамог i кампенсацый у залежнасцi ад змянення iндэкса цэн, у вырашэннi пытанняў, звязаных з аздараўленнем i медыцынскiм абслугоўваннем грамадзян, i ажыццяўляць грамадскi кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай абароне грамадзян. Прафсаюзы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, удзельнiчаюць у размеркаваннi жылля, а таксама сродкаў, прызначаных для жыллёвага будаўнiцтва, ажыццяўляюць на прадпрыемствах, ва ўстановах i ў арганiзацыях грамадскi кантроль за станам улiку грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, выкарыстаннем ведамаснага i службовага жылля, iнтэрнатаў, iншых жылых памяшканняў. Артыкул 12. Удзел прафсаюзаў у вырашэннi пытанняў раздзяржаўлення i прыватызацыi дзяржаўнай уласнасцi Прафсаюзы ажыццяўляюць грамадскi кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь па пытаннях раздзяржаўлення i прыватызацыi дзяржаўнай уласнасцi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. У выпадках, калi прафсаюзы з’яўляюцца паўнамоцнымi прадстаўнiкамi працоўнага калектыву, яны маюць права ўдзельнiчаць у перагаворах па раздзяржаўленню i прыватызацыi прадпрыемстваў, мець сваiх прадстаўнiкоў у ствараемых на прадпрыемствах камiсiях па прыватызацыi дзяржаўнай уласнасцi. Артыкул 13. Правы прафсаюзаў у галiне аховы працы i навакольнага асяроддзя Прафсаюзы ажыццяўляюць грамадскi кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб ахове працы i навакольнага асяроддзя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Прафсаюзы маюць права ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, удзельнiчаць у экспертызе бяспекi ўмоў працы праектуемых, будуемых i эксплуатуемых вытворчых аб’ектаў, а таксама праектуемых i эксплуатуемых механiзмаў i iнструментаў, у атэстацыi рабочых месцаў па ўмовах працы. Прафсаюзы маюць права ўдзельнiчаць у распрацоўцы дзяржаўных праграм па пытаннях аховы працы i навакольнага асяроддзя, а таксама нарматыўных прававых актаў, якiя рэгламентуюць пытаннi аховы працы, прафiлактыкi прафесiйных захворванняў i экалагiчнай бяспекi. У выпадках выяўлення парушэнняў, якiя пагражаюць жыццю i здароўю работнiкаў, прафсаюзы, грамадскiя iнспектары прафсаюзаў па ахове працы маюць права патрабаваць ад наймальнiка неадкладнага ўстаранення гэтых парушэнняў i адначасова звярнуцца ў дзяржаўныя органы па iнспекцыi працы для прыняцця неабходных мер. Пры невыкананнi патрабаванняў па ўстараненню парушэнняў, асаблiва ў выпадках непасрэднай пагрозы жыццю i здароўю работнiкаў, прафсаюзы, iх грамадскiя iнспектары па ахове працы маюць права патрабаваць ад наймальнiка прыпынення работ да прыняцця рашэння адпаведнымi органамi. Артыкул 14. Права прафсаюзаў на вядзенне калектыўных перагавораў, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) Прафсаюзы (аб’яднаннi прафсаюзаў), iх арганiзацыйныя структуры (падраздзяленнi) маюць права на вядзенне калектыўных перагавораў, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Перагаворы i справаздачы па выкананню заключаных калектыўных дагавораў (пагадненняў) з прафсаюзамi вядуцца галосна. Артыкул 15. Права прафсаюзаў на заключэнне пагадненняў у сацыяльна-працоўнай сферы Прафсаюзы могуць заключаць з адпаведнымi наймальнiкамi, iх аб’яднаннямi, органамi дзяржаўнага кiравання пагадненнi па пытаннях абароны працоўных i сацыяльна-эканамiчных правоў сваiх членаў, вызначэння асноўных крытэрыяў жыццёвага ўзроўню, памераў кампенсацый у залежнасцi ад росту цэн, устанаўлення пражытачнага мiнiмуму i своечасовага перагляду памераў пенсiй, стыпендый, дапамог у залежнасцi ад iндэкса цэн, па кантролю за ажыццяўленнем гэтых мерапрыемстваў, а таксама па iншых пытаннях у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 16. Права прафсаюзаў на ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем калектыўнага дагавора (пагаднення) Прафсаюзы маюць права ажыццяўляць грамадскi кантроль за выкананнем калектыўнага дагавора (пагаднення). У выпадку парушэння ўмоў калектыўнага дагавора (пагаднення) прафсаюзы маюць права накiроўваць боку калектыўнага дагавора (пагаднення) прадстаўленне аб устараненнi гэтых парушэнняў, якое разглядаецца ў двухтыднёвы тэрмiн. Аб прынятым рашэннi бок, якi атрымаў прадстаўленне, абавязаны пiсьмова iнфармаваць ва ўказаны тэрмiн адпаведны прафсаюз. У выпадку адмовы боку, якi атрымаў прадстаўленне, задаволiць гэтыя патрабаваннi прафсаюзаў або недасягнення пагаднення памiж iмi ва ўказаны тэрмiн рознагалоссi разглядаюцца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб вырашэннi калектыўных працоўных спрэчак. Артыкул 17. Паўнамоцтвы прафсаюзаў у галiне сацыяльнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання Прафсаюзы маюць права прадстаўляць i абараняць правы i iнтарэсы грамадзян у дзяржаўных органах па пытаннях сацыяльнага забеспячэння i сацыяльнага страхавання, ажыццяўляць грамадскi кантроль за iх дзейнасцю ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 18. Паўнамоцтвы прафсаюзаў у галiне аховы здароўя Прафсаюзы ажыццяўляюць грамадскi кантроль за работай устаноў аховы здароўя. Прафсаюзы кiруюць санаторна-курортнымi ўстановамi i ўстановамi адпачынку, якiя знаходзяцца ў iх уласнасцi (веданнi), дапамагаюць сваiмi грашовымi i iншымi матэрыяльнымi сродкамi ў стварэннi i арганiзацыi работы прыналежных прадпрыемствам санаторыяў-прафiлакторыяў, баз адпачынку, аздараўленчых лагераў, удзельнiчаюць у развiццi масавай фiзiчнай культуры, спорту, турызму. Прафсаюзы на падставе пагадненняў, якiя заключаюцца з Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, органамi дзяржаўнага кiравання, рэспублiканскiмi аб’яднаннямi наймальнiкаў, арганiзуюць за кошт дзяржаўных i прафсаюзных сродкаў, прыбытку наймальнiкаў работу па паляпшэнню санаторна-курортнага лячэння i развiццю ўстаноў адпачынку, турызму, масавай фiзiчнай культуры i спорту з выкарыстаннем матэрыяльна-тэхнiчнай базы, якая знаходзiцца ў iх уласнасцi (веданнi). Артыкул 19. Права прафсаюзаў на ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы i прафсаюзах Прафсаюзы маюць права на ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем наймальнiкам, уласнiкам або ўпаўнаважаным iм органам кiравання заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы i прафсаюзах i маюць права патрабаваць устаранення выяўленых парушэнняў. Наймальнiк, уласнiк або ўпаўнаважаны iм орган кiравання разглядаюць прадстаўленнi прафсаюзаў аб устараненнi парушэнняў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы i прафсаюзах i на працягу месячнага тэрмiну паведамляюць прафсаюзам аб вынiках разгляду. Прафсаюзы маюць права па просьбе сваiх членаў i iншых грамадзян звяртацца ў суд з iскавай заявай у абарону iх працоўных i сацыяльна-эканамiчных правоў. У гэтых мэтах прафсаюзы могуць мець службы прававой дапамогi i iншыя неабходныя органы, кампетэнцыя якiх вызначаецца статутамi (палажэннямi) прафсаюзаў i актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь. Для ажыццяўлення грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы, абароны сацыяльных i працоўных правоў i iнтарэсаў сваiх членаў прафсаюзы маюць права ствараць тэхнiчныя i прававыя iнспекцыi працы, прафсаюзныя юрыдычныя службы i кансультацыi, службы давераных урачоў, паўнамоцтвы якiх вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Прафсаюзы, iх тэхнiчныя i прававыя iнспекцыi працы пры ажыццяўленнi сваiх паўнамоцтваў узаемадзейнiчаюць з дзяржаўнымi органамi нагляду i кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы. Прадстаўнiкi прафсаюза пры наяўнасцi аформленых ва ўстаноўленым парадку паўнамоцтваў прафсаюзнага органа маюць права бесперашкодна наведваць прадпрыемствы, установы, арганiзацыi незалежна ад форм уласнасцi i падпарадкаванасцi, у якiх працуюць члены дадзенага прафсаюза, для правядзення праверак выканання заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы i прафсаюзах, а таксама выканання наймальнiкамi, iх службовымi асобамi ўмоў калектыўнага дагавора (пагаднення). Парадак ажыццяўлення прафсаюзамi грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы ўстанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Артыкул 20. Права прафсаюзаў на iнфармацыю Прафсаюзы маюць права ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь атрымлiваць ад наймальнiкаў (iх аб’яднанняў), суб’ектаў гаспадарання, а таксама ад органаў дзяржаўнага кiравання iнфармацыю па пытаннях, звязаных з працай i сацыяльна-эканамiчным развiццём, у межах устаноўленай статыстычнай справаздачнасцi. Прафсаюзы нараўне з iншымi грамадскiмi аб’яднаннямi маюць права карыстацца дзяржаўнымi сродкамi масавай iнфармацыi. Прафсаюзы маюць права на асвятленне сваёй дзейнасцi ў сродках масавай iнфармацыi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, могуць быць заснавальнiкамi сродкаў масавай iнфармацыi, праводзiць сацыялагiчныя даследаваннi, мець навуковыя, iнфармацыйныя i навучальна-даследчыя цэнтры. Права прафсаюзаў на iнфармацыю ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Артыкул 21. Права прафсаюзаў на ўдзел у падрыхтоўцы i павышэннi квалiфiкацыi прафсаюзных i iншых кадраў Прафсаюзы маюць права ствараць у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, сярэднiя спецыяльныя i вышэйшыя навучальныя ўстановы, навучальныя цэнтры, навукова-даследчыя ўстановы, ажыццяўляць падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне квалiфiкацыi i навучанне прафсаюзных работнiкаў i членаў прафсаюза, кiраўнiкоў i спецыялiстаў прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i iншых грамадзян. Указаныя ўстановы прафсаюзаў могуць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь i заключанымi дагаворамi (пагадненнямi) фiнансавацца за кошт сродкаў, якiя перадаюцца наймальнiкамi. Артыкул 22. Права прафсаюзаў на аб’яўленне забастовак Прафсаюзы маюць права на арганiзацыю i правядзенне забастовак у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Пры правядзеннi забастовак па iнiцыятыве прафсаюзаў забараняецца вылучэнне палiтычных патрабаванняў. ГЛАВА 3. Гарантыi правоў прафсаюзаў Артыкул 23. Абавязкi наймальнiкаў (iх аб’яднанняў), дзяржаўных органаў, суб’ектаў гаспадарання, грамадскiх аб’яднанняў i службовых асоб у адносiнах да прафсаюзаў Наймальнiкi (iх аб’яднаннi), дзяржаўныя органы, суб’екты гаспадарання, грамадскiя аб’яднаннi i службовыя асобы абавязаны захоўваць правы прафсаюзаў. Указаныя органы i асобы за парушэнне правоў прафсаюзаў або перашкоджанне iх законнай дзейнасцi нясуць адказнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Наймальнiкi (iх аб’яднаннi), дзяржаўныя органы, суб’екты гаспадарання, грамадскiя аб’яднаннi i службовыя асобы не маюць права перашкаджаць прадстаўнiкам прафсаюзаў наведваць прадпрыемствы i арганiзацыi, на якiх працуюць члены гэтых прафсаюзаў. Артыкул 24. Гарантыi правоў прафсаюзных работнiкаў У выпадку калi прафсаюз з’яўляецца ўдзельнiкам заключанага калектыўнага дагавора (пагаднення), то прафсаюзным работнiкам гэтага прафсаюза прадастаўляюцца наступныя гарантыi (калi iншае не прадугледжана гэтым дагаворам (пагадненнем: скасаванне працоўнага дагавора па iнiцыятыве наймальнiка (за выключэннем выпадкаў, выклiканых вiнаватымi дзеяннямi работнiка) з работнiкамi, выбранымi ў склад прафсаюзных органаў i не вызваленымi ад работы, дапускаецца толькi з пiсьмовага папярэдняга паведамлення (не пазней чым за два месяцы) прафсаюзнаму органу, членам якога яны выбраны; скасаванне працоўнага дагавора па iнiцыятыве наймальнiка (за выключэннем выпадкаў, выклiканых вiнаватымi дзеяннямi работнiка) з работнiкамi, выбранымi кiраўнiкамi прафсаюзных органаў i не вызваленымi ад работы, дапускаецца толькi з папярэдняй згоды вышэйстаячага прафсаюзнага органа; асобам, выбраным у склад прафсаюзных органаў, прадастаўляецца пераважнае права пакiдання на рабоце пры скарачэннi колькасцi або штата работнiкаў пры iншых роўных умовах; работнiкам, вызваленым ад работы з прычыны выбрання на выбарныя пасады ў прафсаюзных органах, пасля заканчэння iх паўнамоцтваў прадастаўляецца ранейшая работа (пасада), а пры яе адсутнасцi са згоды работнiка — iншая раўнацэнная работа (пасада) на тым жа прадпрыемстве, ва ўстанове, у арганiзацыi; прыцягненне да дысцыплiнарнай адказнасцi грамадскiх iнспектараў па ахове працы i кантролю за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працы, работнiкаў, упаўнаважаных прафсаюзам на ўдзел у ствараемых на прадпрыемстве, ва ўстанове, у арганiзацыi камiсiях па калектыўных перагаворах, разгляду працоўных спрэчак, прымiрыцельных камiсiях, дапускаецца толькi з папярэдняй згоды прафсаюзнага органа; калектыўным дагаворам (пагадненнем) могуць прадугледжвацца дадатковыя гарантыi работнiкам, выбраным у прафсаюзныя органы. Вызваленыя прафсаюзныя работнiкi валодаюць такiмi ж сацыяльнымi i працоўнымi правамi i льготамi, як i iншыя работнiкi прадпрыемства, установы, арганiзацыi ў адпаведнасцi з калектыўным дагаворам (пагадненнем). Артыкул 25. Правядзенне прафсаюзамi масавых мерапрыемстваў Прафсаюзы ў мэтах ажыццяўлення сваiх статутных задач маюць права арганiзоўваць i праводзiць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь мiтынгi, вулiчныя шэсцi, дэманстрацыi i iншыя калектыўныя дзеяннi па абароне iнтарэсаў сваiх членаў. Артыкул 26. Абарона правоў прафсаюзаў Абарона правоў прафсаюзаў ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Незаконнае абмежаванне правоў прафсаюзаў i стварэнне перашкод у рэалiзацыi iмi сваiх паўнамоцтваў не дапускаюцца. Артыкул 27. Уласнасць прафсаюзаў Прафсаюзы валодаюць, карыстаюцца i распараджаюцца маёмасцю i грашовымi сродкамi, якiя належаць iм на праве ўласнасцi, у адпаведнасцi з грамадзянскiм заканадаўствам. Ва ўласнасцi прафсаюзаў могуць знаходзiцца будынкi, пабудовы, збудаваннi, санаторна-курортныя, турыстычныя, спартыўныя, аздараўленчыя ўстановы, культурна-асветныя, вышэйшыя i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы, навучальныя цэнтры, навукова-даследчыя ўстановы, прадпрыемствы, жыллёвы фонд, выдавецтвы, друкарнi, а таксама каштоўныя паперы i iншая маёмасць, неабходныя для забеспячэння статутнай дзейнасцi прафсаюзаў. Прафсаюзы не адказваюць па абавязацельствах iншых грамадскiх аб’яднанняў, дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый, якiя ў сваю чаргу не адказваюць па абавязацельствах прафсаюзаў. Крынiцы, парадак фармiравання i выкарыстання сродкаў прафсаюзнага бюджэту вызначаюцца статутамi (палажэннямi) прафсаюзаў. Крынiцы даходаў прадпрыемстваў i арганiзацый, якiя належаць прафсаюзам, памеры атрыманых iмi сродкаў i выплата падаткаў кантралююцца дзяржаўнымi фiнансавымi органамi i падатковымi iнспекцыямi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Прафсаюзы ў адпаведнасцi з iх статутнымi мэтамi i задачамi маюць права ва ўстаноўленым парадку ажыццяўляць знешнеэканамiчную дзейнасць, ствараць прафсаюзныя банкi, страхавыя i акцыянерныя таварыствы, сумесныя камерцыйныя прадпрыемствы, займацца выдавецкай дзейнасцю, фармiраваць неабходныя фонды салiдарнасцi, культурна-асветныя i iншыя фонды. Артыкул 28. Стварэнне наймальнiкам умоў для ажыццяўлення дзейнасцi прафсаюзаў Наймальнiк прадастаўляе прафсаюзам, якiя дзейнiчаюць на прадпрыемстве, ва ўстанове, у арганiзацыi, у карыстанне неабходныя для iх дзейнасцi абсталяванне, памяшканнi, транспартныя сродкi i сродкi сувязi ў адпаведнасцi з дагаворам (пагадненнем). Наймальнiк мае права перадаваць у карыстанне прафсаюзам будынкi, збудаваннi, памяшканнi i iншыя аб’екты, а таксама базы адпачынку, спартыўныя i аздараўленчыя цэнтры, якiя знаходзяцца на балансе прадпрыемства, установы, арганiзацыi цi арандуюцца iмi, неабходныя для арганiзацыi адпачынку, вядзення культурна-асветнай i фiзкультурна-аздараўленчай работы з работнiкамi i членамi iх сем’яў. Утрыманне, рамонт, ацяпленне, асвятленне, прыбiранне, ахова, а таксама iншае абслугоўванне i абсталяванне ўказаных аб’ектаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з дагаворам (пагадненнем). Пералiк аб’ектаў i памеры адлiчэнняў прафсаюзам сродкаў на правядзенне iмi сацыяльна-культурнай i iншай работы на прадпрыемстве, ва ўстанове, у арганiзацыi вызначаюцца ў парадку i на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, калектыўным дагаворам (пагадненнем). Артыкул 29. Адказнасць прафсаюзаў Прафсаюз, якi нанёс сваiмi незаконнымi дзеяннямi ўрон дзяржаве, фiзiчным або юрыдычным асобам, абавязаны пакрыць яго ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь». Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго апублiкавання. Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона: падрыхтаваць i ўнесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам; прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам; прыняць неабходныя рашэннi па рэалiзацыi гэтага Закона; забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А.ЛУКАШЭНКА 14 студзеня 2000 г., г. Мiнск. № 371 — З. |
<<< вярнуцца да каталогу | паглядзець каментарый>>> |