Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях»

Закон Рэспублiкi Беларусь


Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 17 снежня 1992 года «Аб свабодзе веравызнанняў i рэлiгiйных арганiзацыях» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1993 г., № 2, ст. 18; 1995 г., № 13, ст. 125; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 95, 2/102) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi.

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб свабодзе сумлення i рэлiгiйных арганiзацыях

Гэты Закон рэгулюе праваадносiны ў галiне правоў чалавека i грамадзянiна на свабоду сумлення i свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння i дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый зыходзячы з:

права кожнага на свабоду сумлення i свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад адносiнаў да рэлiгii;

роўнасцi рэлiгiй перад законам;

прызнання вызначальнай ролi Праваслаўнай царквы ў гiстарычным стаўналеннi i развiццi духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа;

духоўнай, культурнай i гiстарычнай ролi Каталiцкай царквы на тэрыторыi Беларусi;

неаддзельнасцi ад агульнай гiсторыi народа Беларусi Евангелiчна-лютэранскай царквы, iудаiзму i iсламу;

неабходнасцi садзейнiчання дасягненню ўзаемнага разумення, цярпiмасцi i павагi рэлiгiйных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення i веравызнання.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Задачы гэтага Закона

Задачамi гэтага Закона з’яўляюцца забеспячэнне i гарантаванне права кожнага на свабоду сумлення i свабоду веравызнання, на сацыяльную справядлiвасць, роўнасць, абарону правоў i iнтарэсаў незалежна ад адносiнаў да рэлiгii i рэлiгiйнай прыналежнасцi, на свабоду аб’яднання ў рэлiгiйныя арганiзацыi.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона i iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 3. Асноўныя тэрмiны i паняццi, выкарыстоўваемыя ў гэтым Законе

У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя тэрмiны i паняццi:

рэлiгiя — светапогляд i светаадчуванне, а таксама адпаведныя iм паводзiны i спецыфiчныя дзеяннi (культ), заснаваныя на веры ў звышнатуральнае;

веравызнанне — распрацаванае веравучэнне, якое належыць якой-небудзь рэлiгii з традыцыйнай культавай практыкай;

богаслужэнне — сукупнасць культавых цырымонiй i дзеянняў, якiя ажыццяўляюцца па распрацаванаму рытуалу i вынiкаюць з патрабаванняў веравызнання;

рэлiгiйныя абрады — сукупнасць устаноўленых веравызнаннем дзеянняў, у якiх увасабляюцца рэлiгiйныя ўяўленнi;

рэлiгiйныя рытуалы i цырымонii — устаноўлены веравучэннем парадак ажыццяўлення абрадавых дзеянняў;

рэлiгiйны культ — галоўны вiд рэлiгiйнай дзейнасцi, якi заключаецца ў пэўных паводзiнах i спецыфiчных дзеяннях, што адлюстроўваюць рэлiгiйнае пакланенне звышнатуральнаму;

культавая маёмасць — прадметы, iншыя матэрыяльныя аб’екты (будынкi, царкоўныя рэчы i г. д.), неабходныя для ажыццяўлення рэлiгiйных абрадаў, рытуалаў i цырымонiй;

свяшчэннаслужыцель — асоба, упаўнаважаная адпаведным рэлiгiйным аб’яднаннем на духоўнiцкае, пастырскае, прапаведнiцкае служэнне;

паломнiцтва — наведванне веруючымi гiстарычна значных месцаў для пакланення святыням дадзенай рэлiгii;

рэлiгiйная дзейнасць — дзейнасць, накiраваная на задавальненне рэлiгiйных патрэбнасцяў веруючых, распаўсюджванне рэлiгiй, рэлiгiйнае выхаванне, правядзенне богаслужэнняў, малiтоўных сходаў, чытанне пропаведзяў, навучанне свяшчэннаслужыцеляў, а таксама iншая дзейнасць, накiраваная на арганiзацыйнае i матэрыяльнае забеспячэнне культавай практыкi рэлiгiйнай арганiзацыi (выданне i распаўсюджванне рэлiгiйнай лiтаратуры, выраб i распаўсюджванне прадметаў культу, вытворчасць рызаў для свяшчэннаслужацеляў i iншая дзейнасць);

грамадзяне — грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, а таксама замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна жывуць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не ўстаноўлена гэтым Законам.

Артыкул 4. Права на свабоду сумлення

Кожны мае права на свабоду выбару атэiстычных цi рэлiгiйных перакананняў, а менавiта: самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, аднаасобна цi сумесна з iншымi вызнаваць любую рэлiгiю цi не вызнаваць нiякай.

Артыкул 5. Права на свабоду веравызнання

Кожны мае права свабодна выбiраць, мець, мяняць, выказваць i распаўсюджваць рэлiгiйныя перакананнi i дзейнiчаць у адпаведнасцi з iмi, удзельнiчаць у выкананнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Нiхто не абавязаны паведамляць аб сваiх адносiнах да рэлiгii i не можа падвяргацца якому-небудзь прымушэнню пры вызначэннi сваiх адносiнаў да рэлiгii, да вызнання той цi iншай рэлiгii, да ўдзелу цi няўдзелу ў дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый.

Бацькi цi асобы, якiя iх замяняюць, па ўзаемнай згодзе маюць права выхоўваць сваiх дзяцей у адпаведнасцi са сваiмi ўласнымi адносiнамi да рэлiгii. Дзяржава не можа ўмешвацца ў выхаванне дзiцяцi, заснаванае на пэўным рэлiгiйным светапоглядзе бацькоў цi асоб, якiя iх замяняюць, за выключэннем выпадкаў, калi прымушэнне да рэлiгiйных дзеянняў пагражае непасрэдна жыццю цi здароўю дзiцяцi, парушае яго законныя правы.

Артыкул 6. Роўнасць рэлiгiй

Рэлiгii i веравызнаннi роўныя перад законам.

Iдэалогiя рэлiгiйных арганiзацый не можа ўстанаўлiвацца як абавязковая для грамадзян.

Артыкул 7. Роўнасць грамадзян

Грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад iх адносiнаў да рэлiгii.

У афiцыйных дакументах адносiны грамадзянiна да рэлiгii не ўказваюцца, акрамя выпадкаў, калi гэтага жадае сам грамадзянiн.

Перашкаджанне ажыццяўленню правоў на свабоду сумлення i веравызнання, а таксама ўстанаўленне якiх-небудзь пераваг цi абмежаванняў правоў грамадзян у залежнасцi ад iх адносiнаў да рэлiгii не дапускаюцца i праследуюцца па закону.

Нiхто не можа па матывах сваiх рэлiгiйных перакананняў ухiляцца ад выканання ўстаноўленых законам абавязкаў.

Артыкул 8. Дзяржава i рэлiгiя

Узаемаадносiны дзяржавы i рэлiгiйных арганiзацый рэгулююцца законам з улiкам iх уплыву на фармiраванне духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Дзяржава не ўскладае на рэлiгiйныя арганiзацыi выкананне якiх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый, калi яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь.

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць права ўдзельнiчаць у грамадскiм жыццi, а таксама выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкi масавай iнфармацыi ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Рэлiгiйныя арганiзацыi не ўдзельнiчаюць у дзейнасцi палiтычных партый i iншых грамадскiх аб’яднанняў, якiя маюць палiтычныя мэты, i не аказваюць iм фiнансавай i iншай падтрымкi.

У месцах богаслужэнняў не дапускаюцца выкарыстанне дзяржаўнай сiмволiкi, правядзенне сходаў, мiтынгаў, перадвыбарнай агiтацыi i iншых мерапрыемстваў палiтычнага характару, а таксама выступленнi, заклiкi, якiя абражаюць прадстаўнiкоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб i асобных грамадзян.

Дзяржава садзейнiчае ўстанаўленню адносiнаў цярпiмасцi i павагi памiж веруючымi i няверуючымi грамадзянамi, рэлiгiйнымi арганiзацыямi розных веравызнанняў.

Дзяржава можа будаваць свае ўзаемаадносiны з рэлiгiйнымi аб’яднаннямi шляхам заключэння з iмi пагадненняў у адпаведнасцi з грамадзянскiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 9. Адукацыя i рэлiгiя

Нацыянальная сiстэма адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь мае свецкi характар i не мае на мэце фармiраванне тых цi iншых адносiнаў да рэлiгii.

Грамадзяне маюць права на роўныя магчымасцi доступу да нацыянальнай сiстэмы адукацыi незалежна ад iх адносiнаў да рэлiгii.

Ва ўстановах адукацыi не дапускаюцца стварэнне i ананiмная цi iншая дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый, якая супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыi ў пытаннях выхаваўчай дзейнасцi на падставе пiсьмовых заяў бацькоў цi асоб, якiя iх замяняюць (самiх паўналетнiх навучэнцаў), у пазавучэбны час могуць узаемадзейнiчаць з зарэгiстраванымi рэлiгiйнымi арганiзацыямi з улiкам iх уплыву на фармiраванне духоўных, культурных i дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест i формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь па ўзгадненню з Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Рэлiгiйныя арганiзацыi, зарэгiстраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасцi са сваiмi статутамi ствараць для рэлiгiйнай адукацыi дзяцей i дарослых навучальныя групы i нядзельныя рэлiгiйныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканнi, якiя iм належаць i (цi) прадастаўляюцца iм у карыстанне, акрамя памяшканняў, якiя належаць дзяржаўным установам адукацыi.

Артыкул 10. Орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй

Рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй утвараецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй ажыццяўляе кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях, разглядае i вырашае пытаннi, што ўзнiкаюць у сферы ўзаемаадносiнаў дзяржавы i рэлiгiйных арганiзацый.

Артыкул 11. Паўнамоцтвы органа дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй

Рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй мае наступныя паўнамоцтвы:

рыхтуе прапановы па ўрэгуляванню пытанняў, якiя звязаны з дзейнасцю рэлiгiйных арганiзацый i патрабуюць рашэння Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь цi Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь;

забяспечвае Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь iнфармацыйна-аналiтычнымi матэрыяламi па пытанню ўзаемаадносiнаў дзяржавы i рэлiгiйных арганiзацый;

правярае i кантралюе дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый у частцы выканання iмi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях, а таксама iх статутаў, дае абавязковыя прадпiсаннi аб лiквiдацыi выяўленых парушэнняў;

прымае ўдзел у разглядзе рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання пытанняў, звязаных з выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях;

ажыццяўляе кантакты i каардынацыйныя сувязi з дзяржаўнымi органамi iншых дзяржаў, якiя выконваюць аналагiчныя функцыi;

атрымлiвае ад рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў звесткi аб выкананнi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях;

вядзе Дзяржаўны рэестр рэлiгiйных арганiзацый;

аказвае па просьбе рэлiгiйных арганiзацый садзейнiчанне ў дасягненнi iмi дамоўленасцяў з дзяржаўнымi органамi i садзейнiчае ўмацаванню ўзаемаразумення i цярпiмасцi памiж рэлiгiйнымi арганiзацыямi розных веравызнанняў;

дае мясцовым Саветам дэпутатаў, выканаўчым i распарадчым органам метадычныя рэкамендацыi i кансультацыi па пытаннях выканання i прымянення заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях;

прызначае дзяржаўную рэлiгiя- знаўчую экспертызу ў выпадках, устаноўленых гэтым Законам;

стварае экспертны савет для правядзення дзяржаўнай рэлiгiязнаўчай экспертызы з удзелам адпаведных спецыялiстаў i прыцягненнем у выпадку неабходнасцi прадстаўнiкоў рэлiгiйных арганiзацый;

звяртаецца ў суд з заявай аб лiквiдацыi рэлiгiйнай арганiзацыi (для рэлiгiйных арганiзацый, зарэгiстраваных рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй);

ажыццяўляе дзяржаўную рэгiстрацыю рэлiгiйных аб’яднанняў, манастыроў i манаскiх таварыстваў, рэлiгiйных брацтваў i сястрынстваў, рэлiгiйных мiсiй, духоўных навучальных устаноў;

па запытах рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, iншых юрыдычных асоб дае заключэннi па вiдах i формах рэлiгiйнай дзейнасцi.

Артыкул 12. Дзяржаўны рэестр рэлiгiйных арганiзацый

Рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй вядзе Дзяржаўны рэестр рэлiгiйных арганiзацый.

Абласныя, Мiнскi гарадскi выканаўчыя камiтэты вядуць рэестры рэлiгiйных арганiзацый, зарэгiстраваных на адпаведнай тэрыторыi. Звесткi, уключаемыя ў рэестры рэлiгiйных арганiзацый, у дзесяцiдзённы тэрмiн перадаюцца абласнымi, Мiнскiм гарадскiм выканаўчымi камiтэтамi ў рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

Пералiк звестак, якiя падлягаюць уключэнню ў Дзяржаўны рэестр рэлiгiйных арганiзацый, вызначаецца рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

ГЛАВА 2

РЭЛIГIЙНЫЯ АРГАНIЗАЦЫI Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ

Артыкул 13. Рэлiгiйныя арганiзацыi ў Рэспублiцы Беларусь

Рэлiгiйнымi арганiзацыямi ў Рэспублiцы Беларусь прызнаюцца добраахвотныя аб’яднаннi грамадзян Рэспублiкi Беларусь (рэлiгiйныя суполкi) цi рэлiгiйных суполак (рэлiгiйныя аб’яднаннi), якiя аб’ядналiся на падставе агульнасцi iх iнтарэсаў для задавальнення рэлiгiйных патрэбнасцяў, а таксама манастыры i манаскiя абшчыны, рэлiгiйныя брацтвы i сястрынствы, рэлiгiйныя мiсii, духоўныя навучальныя ўстановы.

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць наступныя прыметы:

веравызнанне;

распрацаваная культавая практыка;

правядзенне набажэнстваў;

рэлiгiйная асвета i выхаванне сваiх паслядоўнiкаў.

Кiраўнiком рэлiгiйнай арганiзацыi можа быць толькi грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Рэлiгiйныя абшчыны

Рэлiгiйнай абшчынай прызнаецца аб’яднанне ў межах тэрыторыi аднаго цi некалькiх населеных пунктаў групы грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя з’яўляюцца прыхiльнiкамi адзiнага веравызнання, для сумеснага спавядання веры i задавальнення iншых рэлiгiйных патрэбнасцяў.

Рэлiгiйныя абшчыны ўтвараюцца па iнiцыятыве не менш чым дваццацi грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя дасягнулi васемнаццацiгадовага ўзросту i пастаянна пражываюць у адным цi некалькiх населеных пунктах, што маюць сумежныя тэрытарыяльныя гранiцы, i дзейнiчаюць толькi на iх тэрыторыi.

Абшчыны дзейнiчаюць на добраахвотных асновах у адпаведнасцi са сваiмi статутамi i падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Артыкул 15. Рэлiгiйныя аб’яднаннi

Рэлiгiйным аб’яднаннем прызнаецца аб’яднанне рэлiгiйных абшчын адзiнага веравызнання для сумеснага задавальнення рэлiгiйных патрэбнасцяў iх удзельнiкаў (членаў).

Рэлiгiйныя аб’яднаннi ўтвараюцца пры наяўнасцi не менш чым дзесяцi рэлiгiйных абшчын адзiнага веравызнання, з якiх хоць бы адна ажыццяўляе сваю дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь не менш чым дваццаць гадоў. Рэлiгiйныя аб’яднаннi дзейнiчаюць праз свае органы кiравання.

Рэспублiканскiм прызнаецца рэлiгiйнае аб’яднанне, утворанае з рэлiгiйных абшчын, якiя дзейнiчаюць у большасцi абласцей Рэспублiкi Беларусь. Дзейнасць рэспублiканскага рэлiгiйнага аб’яднання распаўсюджваецца на тэрыторыю дзейнасцi рэлiгiйных абшчын, якiя ўваходзяць у яго.

Рэспублiканскае рэлiгiйнае аб’яднанне мае права ствараць мясцовыя рэлiгiйныя аб’яднаннi з рэлiгiйных абшчын, якiя дзейнiчаюць у адной цi некалькiх абласцях. Дзейнасць мясцовых рэлiгiйных аб’яднанняў распаўсюджваецца на тэрыторыю дзейнасцi абшчын, якiя ўваходзяць у iх.

Рэспублiканскiя i мясцовыя рэлiгiйныя аб’яднаннi дзейнiчаюць на падставе сваiх статутаў i падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Рэлiгiйныя аб’яднаннi маюць права ствараць манастыры i манаскiя абшчыны, рэлiгiйныя брацтвы i сястрынствы, рэлiгiйныя мiсii, духоўныя навучальныя ўстановы, якiя дзейнiчаюць на падставе сваiх статутаў i падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым гэтым Законам.

Артыкул 16. Дзяржаўная рэгiстрацыя рэлiгiйных арганiзацый

Рэлiгiйныя арганiзацыi падлягаюць абавязковай дзяржаўнай рэгiстрацыi. З моманту дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлiгiйная арганiзацыя набывае статус юрыдычнай асобы.

Рэлiгiйныя арганiзацыi як юрыдычныя асобы карыстаюцца правамi i выконваюць абавязкi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь i сваiмi статутамi.

Дзяржаўную рэгiстрацыю рэлiгiйных арганiзацый ажыццяўляюць:

рэлiгiйных абшчын — абласныя, Мiнскi гарадскi выканаўчыя камiтэты;

рэлiгiйных аб’яднанняў, а таксама манастыроў i манаскiх абшчын, рэлiгiйных брацтваў i сястрынстваў, рэлiгiйных мiсiй, духоўных навучальных устаноў, ствараемых па рашэнню органаў кiравання рэлiгiйнага аб’яднання, — рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

Пасля прыняцця рашэння аб рэгiстрацыi рэлiгiйнай арганiзацыi рэгiструючы орган выдае пасведчанне ўстаноўленага ўзору аб дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлiгiйнай арганiзацыi.

Змяненнi i дапаўненнi, унесеныя ў статуты рэлiгiйных арганiзацый, падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым для рэгiстрацыi рэлiгiйных арганiзацый, i ўступаюць у сiлу з дня iх дзяржаўнай рэгiстрацыi.

У выпадку змянення даных, змешчаных у Дзяржаўным рэестры рэлiгiйных арганiзацый, рэлiгiйная арганiзацыя ў месячны тэрмiн з дня ўнясення такога змянення паведамляе аб гэтым у рэгiстрыруючы орган.

Артыкул 17. Дзяржаўная рэгiстрацыя рэлiгiйных абшчын

Для рэгiстрацыi рэлiгiйнай абшчыны заснавальнiкi падаюць у гарадскi, раённы выканаўчыя камiтэты, мясцовую адмiнiстрацыю па месцы мяркуемай дзейнасцi абшчыны заяву аб яе рэгiстрацыi, падпiсаную ўсiмi ўдзельнiкамi (членамi) гэтай абшчыны.

Да заявы прыкладаюцца:

спiс грамадзян, якiя ўтварылi рэлiгiйную абшчыну, з указаннем прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, даты нараджэння, грамадзянства, месца жыхарства, а таксама з асабiстым подпiсам;

статут рэлiгiйнай абшчыны ў трох экземплярах;

пратакол сходу ўдзельнiкаў (членаў);

дакумент, якi пацвярджае права размяшчэння рэлiгiйнай абшчыны па месцы знаходжання, указаным у статуце.

Рэлiгiйная абшчына, якая вызнае веравучэнне, раней невядомае ў Рэспублiцы Беларусь, да заявы прыкладае таксама звесткi аб асновах гэтага веравучэння i адпаведнай яму культавай практыкi, у тым лiку аб гiсторыi ўзнiкнення рэлiгii, якую вызнае гэта абшчына, аб формах i метадах яе дзейнасцi, аб адносiнах да шлюбу i сям’i, адукацыi, выканання дзяржаўных абавязкаў, атрымання медыцынскай дапамогi паслядоўнiкамi гэтай рэлiгii, а таксама iншыя значныя звесткi па запыту рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

Гарадскi, раённы выканаўчыя камiтэты, мясцовая адмiнiстрацыя ў месячны тэрмiн разглядаюць прадстаўленыя матэрыялы аб рэгiстрацыi рэлiгiйнай абшчыны i накiроўваюць iх са сваiм заключэннем у адпаведныя абласныя, Мiнскi гарадскi выканаўчыя камiтэты.

У выпадку непрадстаўлення дакументаў, прадугледжаных часткай другой гэтага артыкула, гарадскi, раённы выканаўчыя камiтэты, мясцовая адмiнiстрацыя мае права пакiнуць заяву без разгляду з паведамленнем аб гэтым заяўнiкам на працягу дзесяцi дзён.

Абласныя, Мiнскi гарадскi выканаўчыя камiтэты, атрымаўшы матэрыялы, прадстаўленыя на рэгiстрацыю, у месячны тэрмiн разглядаюць iх i прымаюць рашэнне аб рэгiстрацыi цi аб адмове ў рэгiстрацыi рэлiгiйнай абшчыны i паведамляюць аб гэтым заяўнiкам.

Матэрыялы аб рэгiстрацыi рэлiгiйнай абшчыны, якая вызнае веравучэнне, раней невядомае ў Рэспублiцы Беларусь, абласныя, Мiнскi гарадскi выканаўчыя камiтэты накiроўваюць у рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй для правядзення дзяржаўнай рэлiгiязнаўчай экспертызы. У гэтым выпадку тэрмiн разгляду дакументаў падаўжаецца да шасцi месяцаў.

Артыкул 18. Дзяржаўная рэгiстрацыя рэлiгiйных аб’яднанняў

Для рэгiстрацыi рэлiгiйнага аб’яднання яго заснавальнiкi падаюць заяву аб рэгiстрацыi ў рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй, якi прымае рашэнне ў месячны тэрмiн.

Да заявы прыкладаюцца:

статут у трох экземплярах;

выпiска з пратакола з’езда (канферэнцыi, агульнага сходу, пасяджэння органа кiравання) аб утварэннi рэлiгiйнага аб’яднання;

спiс членаў органа кiравання рэлiгiйнага аб’яднання з указаннем прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, даты нараджэння, грамадзянства, месца жыхарства;

дакумент, якi пацвярджае права размяшчэння рэлiгiйнага аб’яднання па месцы знаходжання, указаным у статуце.

У выпадку непрадстаўлення дакументаў, прадугледжаных часткай другой гэтага артыкула, рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй мае права пакiнуць заяву без разгляду з паведамленнем аб гэтым заяўнiкам на працягу дзесяцi дзён.

Артыкул 19. Дзяржаўная рэгiстрацыя манастыроў i манаскiх абшчын, рэлiгiйных брацтваў i сястрынстваў, рэлiгiйных мiсiй, духоўных навучальных устаноў

Манастыры i манаскiя абшчыны, рэлiгiйныя брацтвы i сястрынствы, рэлiгiйныя мiсii, духоўныя навучальныя ўстановы, ствараемыя па рашэнню органаў кiравання рэлiгiйнага аб’яднання, падлягаюць дзяржаўнай рэгiстрацыi ў парадку, устаноўленым для рэгiстрацыi рэлiгiйных аб’яднанняў, з улiкам асаблiвасцяў, прадугледжаных часткамi другой i трэцяй гэтага артыкула.

Да заявы аб рэгiстрацыi манастыры i манаскiя абшчыны, рэлiгiйныя брацтвы i сястрынствы, рэлiгiйныя мiсii дадаткова прыкладаюць спiс удзельнiкаў (не менш чым дзесяцi чалавек) з указаннем прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, даты нараджэння, грамадзянства, месца пражывання i з асабiстым подпiсам.

Да заявы аб рэгiстрацыi духоўныя навучальныя ўстановы дадаткова прыкладаюць даведку рэлiгiйнага аб’яднання аб наяўнасцi неабходных вучэбных памяшканняў, а таксама аб забяспечанасцi выкладчыцкiмi кадрамi, якiя маюць адпаведную адукацыю i валодаюць дзяржаўнымi мовамi.

Артыкул 20. Статут рэлiгiйнай арганiзацыi

Рэлiгiйная арганiзацыя ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе статута.

Статуты рэлiгiйнай абшчыны i рэлiгiйнага аб’яднання зацвярджаюцца iх заснавальнiкамi.

Статут рэлiгiйнай арганiзацыi, ствараемай рэлiгiйным аб’яднаннем, зацвярджаецца органам кiравання рэлiгiйнага аб’яднання.

У статуце рэлiгiйнай арганiзацыi ўказваюцца:

поўная назва, якая ўключае ўказанне на канфесiянальную прыналежнасць гэтай рэлiгiйнай арганiзацыi;

месца знаходжання;

мэты, задачы i асноўныя формы дзейнасцi;

прыналежнасць да рэлiгiйнага аб’яднання (для рэлiгiйных абшчын, якiя ўваходзяць у рэлiгiйнае аб’яднанне, i рэлiгiйных арганiзацый, якiя ўтвараюць рэлiгiйныя аб’яднаннi);

тэрыторыя дзейнасцi;

структура арганiзацыi, органы яе кiравання, парадак iх фармiравання, кампетэнцыя, склад i тэрмiны паўнамоцтваў;

крынiцы i парадак фармiравання грашовых сродкаў i iншай маёмасцi арганiзацыi;

орган, правамоцны прымаць рашэннi аб набыццi маёмасцi i распараджэннi маёмасцю рэлiгiйнай арганiзацыi;

парадак лiквiдацыi i рэарганiзацыi рэлiгiйнай арганiзацыi;

парадак распараджэння маёмасцю, якая засталася пасля разлiкаў з крэдыторамi, у выпадку лiквiдацыi рэлiгiйнай арганiзацыi;

парадак унясення змяненняў i дапаўненняў у статут;

iншыя звесткi, якiя адносяцца да асаблiвасцяў дзейнасцi гэтай рэлiгiйнай арганiзацыi.

Артыкул 21. Адмова ў дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлiгiйнай арганiзацыi

У дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлiгiйнай арганiзацыi можа быць адмоўлена на наступных падставах:

ствараемая рэлiгiйная арганiзацыя не адпавядае патрабаванням, змешчаным у артыкуле 13 гэтага Закона;

статут i iншыя прадстаўленыя дакументы не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства Рэспублiкi Беларусь цi звесткi, змешчаныя ў iх, недакладныя;

па вынiках правядзення дзяржаўнай рэлiгiязнаўчай экспертызы, ажыццяўляемай у выпадках, устаноўленых гэтым Законам;

парушаны парадак стварэння рэлiгiйнай арганiзацыi, устаноўлены гэтым Законам.

Паведамленне аб адмове ў дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлiгiйнай арганiзацыi накiроўваецца заяўнiкам у пiсьмовай форме з указаннем падстаў адмовы. Адмова, а таксама ўхiленне рэгiструючага органа ад дзяржаўнай рэгiстрацыi рэлiгiйнай арганiзацыi могуць быць абскарджаны ў суд у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 22. Дзяржаўная рэлiгiязнаўчая экспертыза

Дзяржаўная рэлiгiязнаўчая экспертыза назначаецца рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй ва ўстаноўленых гэтым Законам выпадках пры стварэннi, а таксама пры ажыццяўленнi дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый.

Парадак назначэння i правядзення дзяржаўнай рэлiгiязнаўчай экспертызы вызначаецца рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

Артыкул 23. Лiквiдацыя рэлiгiйнай арганiзацыi

Рэлiгiйная арганiзацыя можа быць лiквiдавана:

па рашэнню яе заснавальнiкаў цi органа, упаўнаважанага статутам рэлiгiйнай арганiзацыi;

па рашэнню суда ў выпадках:

паўторнага на працягу года парушэння гэтага Закона, iншага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь цi ажыццяўлення рэлiгiйнай арганiзацыяй дзейнасцi, якая супярэчыць яе стутуту;

ажыццяўлення дзейнасцi, накiраванай супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу i грамадзянскай згоды; прапаганды вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлiгiйнай, расавай варожасцi цi няроўнасцi, прынiжэння нацыянальнага гонару i годнасцi;

ажыццяўлення дзейнасцi, якая звязана з парушэннем правоў, свабод i законных iнтарэсаў грамадзян, а таксама якая перашкаджае выкананню грамадзянамi iх дзяржаўных, грамадскiх, сямейных абавязкаў цi наносiць шкоду iх здароўю i маралi;

у iншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымi актамi.

Звяртацца ў суд з заявай аб лiквiдацыi рэлiгiйнай арганiзацыi мае права орган, якi ажыццявiў яе рэгiстрацыю.

Справы аб лiквiдацыi рэлiгiйных абшчын, зарэгiстраваных абласнымi, Мiнскiм гарадскiм выканаўчымi камiтэтамi, разглядаюцца адпаведнымi абласнымi, Мiнскiм гарадскiм судамi, а аб лiквiдацыi рэлiгiйных арганiзацый, зарэгiстраваных рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй, — Вярхоўным Судом Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 3

ПРАВЫ I ЎМОВЫ ДЗЕЙНАСЦI РЭЛIГIЙНЫХ АРГАНIЗАЦЫЙ

Артыкул 24. Прававая аснова дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый

Рэлiгiйныя арганiзацыi ў сваёй дзейнасцi павiнны кiравацца сваiмi статутамi i абавязаны выконваць патрабаваннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 25. Набажэнствы, рэлiгiйныя абрады, рытуалы i цырымонii

Набажэнствы, рэлiгiйныя абрады, рытуалы i цырымонii бесперашкодна праводзяцца ў культавых будынках, збудаваннях i на тэрыторыях, якiя адносяцца да iх, у iншых месцах, прадастаўленых рэлiгiйным арганiзацыям для гэтых мэтаў, у месцах паломнiцтва, на могiлках i ў крэматорыях.

Рэлiгiйныя абрады, рытуалы i цырымонii пры неабходнасцi могуць праводзiцца па месцы жыхарства грамадзян па iх просьбе пры ўмове захавання правiлаў супольнага жыцця i грамадскага парадку, калi яны не носяць масавага i сiстэматычнага характару.

Рэлiгiйныя абрады, рытуалы i цырымонii ў арганiзацыях аховы здароўя, месцах папярэдняга зняволення i адбывання пакарання праводзяцца па просьбах грамадзян, якiя знаходзяцца ў iх, у памяшканнях, што спецыяльна выдзяляюцца адмiнiстрацыяй для такiх мэтаў. Асобы, якiя знаходзяцца ў гэтых установах, могуць мець, атрымлiваць, набываць i карыстацца рэлiгiйнай лiтаратурай i прадметамi культу, калi гэта не наносiць шкоды iх здароўю, не ўшчамляе правы i законныя iнтарэсы iншых асоб.

Парадак правядзення набажэнстваў, рэлiгiйных абрадаў, рытуалаў i цырымонiй ваеннаслужачымi ўстанаўлiваецца заканадаўствам аб воiнскай службе.

Набажэнствы, рэлiгiйныя абрады, рытуалы i цырымонii, а таксама iншыя масавыя мерапрыемствы, якiя маюць сваёй галоўнай мэтай задавальненне рэлiгiйных патрэбнасцяў, у спецыяльна не прызначаных для гэтых мэтаў месцах пад адкрытым небам i ў памяшканнях могуць праводзiцца толькi пасля прыняцця адпаведнага рашэння кiраўнiком мясцовага выканаўчага i распарадчага органа цi яго намеснiкам у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 26. Рэлiгiйная лiтаратура i прадметы рэлiгiйнага прызначэння

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць права вырабляць, набываць, вывозiць з Рэспублiкi Беларусь, увозiць у Рэспублiку Беларусь i распаўсюджваць рэлiгiйную лiтарутуру, iншыя друкаваныя, аўдыё- i вiдэаматэрыялы, а таксама iншыя прадметы рэлiгiйнага прызначэння ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Увозiць у Рэспублiку Беларусь рэлiгiйную лiтаратуру, iншыя друкаваныя, аўдыё- i вiдэаматэрыялы рэлiгiйныя арганiзацыi могуць толькi пасля правядзення дзяржаўнай рэлiгiязнаўчай экспертызы.

Пры распаўсюджваннi рэлiгiйнай лiтаратуры, iншых друкаваных, аўдыё- i вiдэаматэрыялаў можа праводзiцца дзяржаўная рэлiгiязнаўчая экспертыза па рашэнню рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

Пры паступленнi рэлiгiйнай лiтаратуры ў бiблiятэчныя фонды правядзенне дзяржаўнай i рэлiгiязнаўчай экспертызы з’яўляецца абавязковым.

Камерцыйныя арганiзацыi па выпуску рэлiгiйнай лiтаратуры i вытворчасцi прадметаў культавага прызначэння могуць стварацца толькi рэлiгiйнымi арганiзацыямi.

Пры ажыццяўленнi сваёй дзейнасцi рэлiгiйныя арганiзацыi абавязаны ўказваць сваю поўную назву i канфесiянальную прыналежнасць.

Лiтаратура, iншыя друкаваныя, аўдыё- i вiдэаматэрыялы, выпускаемыя рэлiгiйнымi арганiзацыямi, павiнны мець маркiроўку з указаннем поўнай назвы рэлiгiйных арганiзацый i iх канфесiянальнай прыналежнасцi.

Распаўсюджванне рэлiгiйнай лiтаратуры, аўдыё-, вiдэа- i iншых матэрыялаў рэлiгiйнага зместу можа ажыццяўляцца рэлiгiйнымi арганiзацыямi ў прыналежных iм на праве ўласнасцi цi iншых законных падставах памяшканнях, а таксама месцах, ва ўстаноўленым парадку выдзяляемых для гэтых мэтаў мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi.

Артыкул 27. Дабрачынная i iнфармацыйная дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць права ажыццяўляць дабрачынную дзейнасць у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Рэлiгiйныя аб’яднаннi ў адпаведнасцi са сваiмi статутамi маюць права ствараць сродкi масавай iнфармацыi ў парадку i на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 28. Духоўныя навучальныя ўстановы

Рэлiгiйныя аб’яднаннi ў адпаведнасцi са сваiмi статутамi маюць права ствараць духоўныя навучальныя ўстановы для прафесiйнай падрыхтоўкi свяшчэннаслужыцеляў, тэолагаў i царкоўнага персаналу.

Грамадзяне, якiя навучаюцца ў вышэйшых i сярэднiх духоўных навучальных установах, карыстаюцца правамi i льготамi, устаноўленымi для студэнтаў дзяржаўных навучальных устаноў.

Артыкул 29. Мiжнародныя сувязi i кантакты

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць права ўстанаўлiваць i падтрымлiваць мiжнародныя сувязi i кантакты, у тым лiку ў мэтах паломнiцтва, удзелу ў сходах i iншых мерапрыемствах, для атрымання рэлiгiйнай адукацыi, а таксама запрашаць для гэтых мэтаў замежных грамадзян i асоб без грамадзянства.

Рэлiгiйныя аб’яднаннi маюць права ў парадку, устаноўленым Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, запрашаць замежных грамадзян i асоб без грамадзянства з мэтай заняцця рэлiгiйнай дзейнасцю ў адпаведных рэлiгiйных аб’яднаннях.

Замежны грамадзянiн, асоба без грамадзянства маюць права займацца рэлiгiйнай дзейнасцю ў Рэспублiцы Беларусь на працягу аднаго года. Гэты тэрмiн пры неабходнасцi можа прадаўжацца цi скарачацца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 30. Права ўласнасцi рэлiгiйных арганiзацый

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць права ўласнасцi на маёмасць, набытую цi створаную iмi за кошт уласных сродкаў, ахвяраваную фiзiчнымi цi юрыдычнымi асобамi альбо перададзеную рэлiгiйным арганiзацыям ва ўласнасць дзяржавай або набытую iншым спосабам, якi не супярэчыць заканадаўству Рэспублiкi Беларусь.

Перадача ва ўласнасць рэлiгiйным арганiзацыям для выкарыстання ў рэлiгiйных мэтах культавых будынкаў i збудаванняў з зямельнымi ўчасткамi, што адносяцца да iх, i iншай маёмасцi рэлiгiйнага прызначэння, якая знаходзiцца ў рэспублiканскай цi камунальнай уласнасцi, ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Рэлiгiйныя арганiзацыi маюць пераважнае права на перадачу iм дзяржавай культавых будынкаў з прылеглай тэрыторыяй, за выключэннем тых, якiя выкарыстоўваюцца як аб’екты культуры, фiзiчнай культуры i спорту.

Маёмасць, якая перадаецца рэлiгiйнымi аб’яднаннямi рэлiгiйным абшчынам, што ўваходзяць у рэлiгiйнае аб’яднанне, а таксама манастырам i манаскiм абшчынам, рэлiгiйным брацтвам i сястрынствам, рэлiгiйным мiсiям, духоўным навучальным установам, замацоўваецца за ўказанымi рэлiгiйнымi арганiзацыямi на праве аператыўнага кiравання.

Рэлiгiйныя абшчыны, якiя ўваходзяць у рэлiгiйнае аб’яднанне, манастыры i манаскiя абшчыны, рэлiгiйныя брацтвы i сястрынствы, рэлiгiйныя мiсii, духоўныя навучальныя ўстановы могуць перадаваць свае культавыя будынкi i iншую маёмасць у карыстанне iншым рэлiгiйным арганiзацыям толькi са згоды органа кiравання рэлiгiйнага аб’яднання, у падпарадкаваннi якога яны знаходзяцца.

У парадку, устаноўленым заканадаўствам, дзяржава аказвае рэлiгiйным арганiзацыям дапамогу ў рэстаўрацыi культавых будынкаў, iншых прадметаў, якiя маюць гiсторыка-культурную каштоўнасць.

Дзяржава можа прадастаўляць рэлiгiйным арганiзацыям падатковыя i iншыя льготы ў адпаведнасцi з заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 31. Карыстанне маёмасцю, якая знаходзiцца ва ўласнасцi юрыдычных i фiзiчных асоб

Рэлiгiйныя арганiзацыi могуць выкарыстоўваць для сваiх патрэб будынкi i iншую маёмасць, якiя прадастаўляюцца iм на ўмовах дагавораў, заключаемых з юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi.

Спрэчкi па пытаннях, якiя датычаць валодання i карыстання культавымi будынкамi i маёмасцю, вырашаюцца ў судовым парадку, калi iншае не ўстаноўлена заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 32. Прадпрымальнiцкая дзейнасць рэлiгiйных арганiзацый

Рэлiгiйныя арганiзацыi з’яўляюцца некамерцыйнымi арганiзацыямi. Яны маюць права ажыццяўляць прадпрымальнiцкую дзейнасць толькi для дасягнення мэтаў, дзеля якiх яны створаны, а таксама тую, што адпавядае гэтым мэтам.

Артыкул 33. Распараджэнне маёмасцю лiквiдаваных рэлiгiйных арганiзацый

Пасля лiквiдацыi рэлiгiйных арганiзацый маёмасць, прадастаўленая iм у карыстанне юрыдычнымi i фiзiчнымi асобамi, вяртаецца асобам, якiя прадаставiлi маёмасць.

Пры лiквiдацыi рэлiгiйных арганiзацый распараджэнне маёмасцю, якая знаходзiлася ў iх уласнасцi, ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з iх статутамi i заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

На маёмасць культавага прызначэння, якая знаходзiцца ва ўласнасцi рэлiгiйных арганiзацый, не можа быць накiравана спагнанне па прэтэнзiях крэдытораў. Пералiк вiдаў маёмасцi культавага прызначэння, на якiя не можа быць накiравана спагнанне па прэтэнзiях крэдытораў, зацвярджаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 4

РЭГУЛЯВАННЕ ПРАЦОЎНЫХ I ЗВЯЗАНЫХ З IМI АДНОСIНАЎ У РЭЛIГIЙНЫХ АРГАНIЗАЦЫЯХ

Артыкул 34. Рэгуляванне працоўных адносiнаў у рэлiгiйных арганiзацыях

Працоўныя адносiны ў рэлiгiйных арганiзацыях рэгулююцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аб працы.

Умовы працы, формы, сiстэма i памеры яе аплаты ўстанаўлiваюцца на падставе калектыўнага дагавора, пагаднення i працоўнага дагавора ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 35. Сацыяльнае забеспячэнне i сацыяльнае страхаванне грамадзян, якiя працуюць у рэлiгiйных арганiзацыях

Грамадзяне, якiя працуюць у рэлiгiйных арганiзацыях, а таксама свяшчэннаслужыцелi падлягаюць сацыяльнаму забеспячэнню i абавязковаму дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Рэлiгiйныя арганiзацыi праводзяць адлiчэннi ў адпаведныя фонды ў парадку i памерах, устаноўленых заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 5

КАНТРОЛЬ ЗА ВЫКАНАННЕМ ЗАКАНАДАЎСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ АБ СВАБОДЗЕ СУМЛЕННЯ, ВЕРАВЫЗНАННЯ I РЭЛIГIЙНЫХ АРГАНIЗАЦЫЯХ

Артыкул 36. Кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях

Кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях на адпаведных тэрыторыях ажыццяўляюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы.

Абласныя, Мiнскi гарадскi выканаўчыя камiтэты ствараюць свае падраздзяленнi па справах рэлiгiй, падпарадкаваныя iм i рэспублiканскаму органу дзяржаўнага кiравання па справах рэлiгiй.

Артыкул 37. Пiсьмовае папярэджанне

У выпадку парушэння рэлiгiйнай арганiзацыяй заканадаўства Рэспублiкi Беларусь альбо ажыццяўлення дзейнасцi, што супярэчыць статуту рэлiгiйнай арганiзацыi, рэгiструючы орган выносiць пiсьмовае папярэджанне, якое ў трохдзённы тэрмiн накiроўваецца кiруючаму органу рэлiгiйнай арганiзацыi.

Калi парушэннi, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула, на працягу шасцi месяцаў не былi лiквiдаваны цi мелi месца паўторна на працягу года, рэгiструючы орган мае права звярнуцца ў суд з заявай аб лiквiдацыi рэлiгiйнай арганiзацыi. Пры гэтым рэгiструючы орган мае права прыняць рашэнне аб прыпыненнi дзейнасцi рэлiгiйнай арганiзацыi да вынясення судовага рашэння.

Артыкул 38. Вынiкi прыпынення дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый

У выпадку прыпынення дзейнасцi рэлiгiйная арганiзацыя не мае права ажыццяўляць рэлiгiйную, прадпрымальнiцкую i iншую дзейнасць, выступаць у якасцi заснавальнiка сродкаў масавай iнфармацыi i iншых юрыдычных асоб, пералiчваць з бягучага банкаўскага (разлiковага) рахунку грашовыя сродкi iншым асобам, за выключэннем выпадкаў уплаты плацяжоў у бюджэт, дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды i iншых абавязковых плацяжоў, разлiкаў па раней заключаных грамадзянскiх i працоўных дагаворах, кампенсацыi шкоды, нанесенай дзеяннямi рэлiгiйнай арганiзацыi.

У выпадку прыняцця судом рашэння аб адмове ў лiквiдацыi рэлiгiйнай арганiзацыi рэлiгiйная арганiзацыя аднаўляе сваю дзейнасць, прыпыненую ў адпаведнасцi з гэтым Законам, з моманту ўступлення ў законную сiлу рашэння суда.

Артыкул 39. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях

Парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях, якое праявiлася, у прыватнасцi, у:

стварэннi i дзейнасцi рэлiгiйных арганiзацый, iх органаў i прадстаўнiкоў, якая накiравана супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу i грамадзянскай згоды або звязанай з парушэннем правоў i свабод грамадзян, а таксама якая перашкаджае выкананню грамадзянамi iх дзяржаўных, грамадскiх, сямейных абавязкаў цi наносiць шкоду iх здароўю i маралi;

стварэннi рэлiгiйных арганiзацый у дзяржаўных органах i ўстановах, воiнскiх часцях, а таксама ў адукацыйных установах;

уцягненнi непаўналетнiх у рэлiгiйныя арганiзацыi, навучаннi непаўналетнiх рэлiгii насуперак iх волi i без згоды iх бацькоў цi асоб, якiя iх замяняюць;

зневажаннi ўшаноўваемых у рэлiгii прадметаў, культавых збудаванняў, месцаў паломнiцтва i пахаванняў;

парушэннi тайны споведзi;

узбуджэннi рэлiгiйнай варожасцi цi няроўнасцi альбо зневажаннi грамадзян у сувязi з iх рэлiгiйнымi перакананнямi,

— цягне адказнасць, устаноўленую законам.

Службовыя асобы i грамадзяне, вiнаватыя ў парушэннi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання i рэлiгiйных арганiзацыях, нясуць адказнасць, устаноўленую заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 40. Мiжнародныя дагаворы

Калi мiжнародным дагаворам, заключаным Рэспублiкай Беларусь, устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя змяшчаюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правiлы мiжнароднага дагавора.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу праз дзесяць дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Статуты рэлiгiйных арганiзацый, зарэгiстраваныя да ўступлення ў сiлу гэтага Закона, падлягаюць прывядзенню ў адпаведнасць з гэтым Законам. Статуты рэлiгiйных арганiзацый да iх прывядзення ў адпаведнасць з гэтым Законам дзейнiчаюць толькi ў той частцы, у якой яны не супярэчаць гэтаму Закону.

Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь:

у трохмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

на працягу двух гадоў з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона прыняць неабходныя меры па дзяржаўнай перарэгiстрацыi рэлiгiйных арганiзацый, статуты якiх зарэгiстраваны да ўступлення ў сiлу гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА

31 кастрычнiка 2002 г., г. Мiнск.

№ 137-З

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Белорусский каталог BelRus
Hosted by uCoz