Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб Узброеных Сiлах Рэспублiкi Беларусь»

Закон Рэспублiкi Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 13 чэрвеня 2002 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 28 чэрвеня 2002 года


Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 3 лiстапада 1992 года «Аб Узброеных Сiлах Рэспублiкi Беларусь» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1992 г., № 28, ст. 495; 1996 г., № 29, ст. 531; Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 89, 2/82) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ АБ УЗБРОЕНЫХ СIЛАХ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Гэты Закон устанаўлiвае прызначэнне, задачы, склад, колькасць, прынцыпы пабудовы i дзейнасцi Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, камплектаванне i дыслакацыю, кiраўнiцтва Узброенымi Сiламi Рэспублiкi Беларусь, узаемадзеянне iх з iншымi войскамi i воiнскiмi фармiраваннямi Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрмiны i паняццi, прымяняемыя ў гэтым Законе

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрмiны i паняццi:

Узброеныя Сiлы Рэспублiкi Беларусь (далей — Узброеныя Сiлы) — структурны элемент ваеннай арганiзацыi дзяржавы, прызначаны для забеспячэння ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi;

iншыя войскi i воiнскiя фармiраваннi Рэспублiкi Беларусь (далей — iншыя войскi i воiнскiя фармiраваннi) — дзяржаўныя ваенныя арганiзацыi, падпарадкаваныя, як правiла, дзяржаўным органам, у якiх прадугледжана ваенная служба. Да iншых войскаў i воiнскiх фармiраванняў адносяцца ўнутраныя войскi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, органы дзяржаўнай бяспекi, пагранiчныя войскi, Служба бяспекi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, iншыя воiнскiя фармiраваннi, ствараемыя ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

дзяржаўныя органы, у якiх прадугледжана ваенная служба, — рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, якiя ажыццяўляюць асобыя функцыi па арганiзацыi абароны суверэнiтэту дзяржавы, яе незалежнасцi, тэрытарыяльнай цэласнасцi i грамадзян. Да дзяржаўных органаў, у якiх прадугледжана ваенная служба, належаць Мiнiстэрства абароны Рэспублiкi Беларусь (далей — Мiнiстэрства абароны), Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь, Камiтэт дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўны камiтэт пагранiчных войскаў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 2. Прававыя асновы дзейнасцi Узброеных Сiл

Дзейнасць Узброеных Сiл грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь, гэтым Законе i iншых нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць дзейнасць Узброеных Сiл.

Калi мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя змяшчаюцца ў гэтым Законе, дык прымяняюцца правiлы мiжнароднага дагавора.

ГЛАВА 2

ЗАДАЧЫ, СКЛАД, КОЛЬКАСЦЬ, ПРЫНЦЫПЫ ПАБУДОВЫ I ДЗЕЙНАСЦI, КАМПЛЕКТАВАННЕ I ДЫСЛАКАЦЫЯ УЗБРОЕНЫХ СIЛ

Артыкул 3. Задачы Узброеных Сiл

Асноўнымi задачамi Узброеных Сiл з’яўляюцца:

у мiрны час:

падтрыманне баявога патэнцыялу, баявой i мабiлiзацыйнай гатоўнасцi войскаў (сiл) на ўзроўнi, якi забяспечвае адбiццё нападу лакальнага маштабу;

забеспячэнне iнфармацыйнай бяспекi сваёй дзейнасцi;

апераджальнае выяўленне любых праяў падрыхтоўкi нападу на Рэспублiку Беларусь;

абарона i ахова Дзяржаўнай гранiцы Рэспублiкi Беларусь у паветранай прасторы;

стварэнне шматфункцыянальных абаронных сiстэм з мэтай комплекснага вырашэння задач забеспячэння ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь;

усебаковая падрыхтоўка да правядзення вайсковай мабiлiзацыi;

гатоўнасць да стратэгiчнага разгортвання ў рамках пераводу краiны на ўмовы ваеннага часу;

выкананне праграм i планаў аператыўнай, баявой i мабiлiзацыйнай падрыхтоўкi, укараненне ў вучэбна-баявую практыку войскаў новых формаў i спосабаў вядзення баявых дзеянняў, новых ваенных тэхналогiй;

утрыманне ўзбраення i ваеннай тэхнiкi ў стане пастаяннай тэхнiчнай гатоўнасцi да баявога прымянення;

удасканаленне процiпаветранай абароны як адзiнай з саюзнымi дзяржавамi баявой абароннай сiстэмы;

падтрыманне на высокiм узроўнi маральна-псiхалагiчнага стану асабовага саставу;

у ваенны час:

узброеная абарона Рэспублiкi Беларусь;

адбiццё нападу ў любых умовах стратэгiчнай абстаноўкi як самастойна, так i разам з узброенымi сiламi саюзнiкаў;

нанясенне паражэння працiўнiку i стварэнне перадумоў для спынення ваенных дзеянняў (заключэння мiру) на ўмовах, якiя не супярэчаць iнтарэсам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 4. Склад Узброеных Сiл

Узброеныя Сiлы складаюць аснову ваеннай арганiзацыi дзяржавы.

Узброеныя Сiлы складаюцца з:

цэнтральных органаў ваеннага кiравання;

вiдаў Узброеных Сiл;

родаў войскаў;

спецыяльных войскаў;

ваенных навучальных устаноў i арганiзацый Мiнiстэрства абароны.

Да цэнтральных органаў ваеннага кiравання належаць Мiнiстэрства абароны i Генеральны штаб Узброеных Сiл (далей — Генеральны штаб). Генеральны штаб арганiзацыйна ўваходзiць у склад Мiнiстэрства абароны.

Вiдамi Узброеных Сiл з’яўляюцца:

сухапутныя войскi;

ваенна-паветраныя сiлы i войскi процiпаветранай абароны.

Артыкул 5. Колькасць Узброеных Сiл

Колькасць Узброеных Сiл вызначаецца Саветам Бяспекi Рэспублiкi Беларусь i зацвярджаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

У лiк Узброеных Сiл уваходзяць ваеннаслужачыя i цывiльны персанал.

Артыкул 6. Прынцыпы пабудовы i дзейнасцi Узброеных Сiл

Асноўнымi прынцыпамi пабудовы i дзейнасцi Узброеных Сiл з’яўляюцца:

цэнтралiзацыя кiравання;

адзiнаначалле;

пастаянная баявая i мабiлiзацыйная гатоўнасць;

адпаведнасць арганiзацыйна-штатнай структуры, баявога складу i колькасцi войскаў (сiл) вырашаемым iмi задачам, мiжнародным абавязацельствам i эканамiчным магчымасцям Рэспублiкi Беларусь;

прававая i сацыяльная абарона ваеннаслужачых, членаў iх сем’яў;

роўнасць усiх ваеннаслужачых перад законам;

публiчнасць;

адкрытасць для грамадзянскага кантролю, якая забяспечвае ўдзел усiх грамадзян ва ўмацаваннi абараназдольнасцi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 7. Камплектаванне Узброеных Сiл

Узброеныя Сiлы камплектуюцца на аснове спалучэння воiнскага абавязку з добраахвотным паступленнем на ваенную службу па кантракту.

Камплектаванне Узброеных Сiл ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 8. Дыслакацыя Узброеных Сiл

Дыслакацыя Узброеных Сiл вызначаецца Мiнiстэрствам абароны ў межах тэрыторый, перададзеных у яго карыстанне, а за межамi гэтых тэрыторый — па ўзгадненню з адпаведнымi дзяржаўнымi органамi i зацвярджаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 3

КIРАВАННЕ УЗБРОЕНЫМI СIЛАМI. УЗАЕМАДЗЕЯННЕ УЗБРОЕНЫХ СIЛ З IНШЫМI ВОЙСКАМI I ВОIНСКIМI ФАРМIРАВАННЯМI

Артыкул 9. Кiраванне Узброенымi Сiламi

Агульнае кiраванне Узброенымi Сiламi ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь — Галоўнакамандуючым Узброенымi Сiламi i Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у межах паўнамоцтваў, дэлегаваных яму Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Мiнiстр абароны Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляе непасрэднае кiраванне Узброенымi Сiламi, нясе персанальную адказнасць за баявую i мабiлiзацыйную гатоўнасць, падрыхтоўку войскаў i штабоў да выканання задач па забеспячэнню ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi.

Мiнiстэрства абароны нясе адказнасць за развiццё Узброеных Сiл i iх падрыхтоўку да выканання задач па забеспячэнню ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi.

Мiнiстэрства абароны ажыццяўляе матэрыяльна-тэхнiчнае i рэсурснае забеспячэнне штодзённай i баявой дзейнасцi войскаў (сiл), распрацоўвае канцэптуальныя дакументы (дактрыны, праграмы, планы) i нарматыўныя прававыя акты па будаўнiцтву i развiццю Узброеных Сiл, праграму ўзбраенняў, а таксама выпрацоўвае абгрунтаваныя прапановы па дзяржаўнаму абароннаму заказу i фiнансаванню Узброеных Сiл.

Генеральны штаб рэалiзуе аператыўныя функцыi па кiраванню Узброенымi Сiламi, арганiзуе ўзаемадзеянне i ажыццяўляе каардынацыю дзейнасцi Узброеных Сiл, iншых войскаў i воiнскiх фармiраванняў па выкананню задач у сферы абароны.

Камандаваннi вiдамi Узброеных Сiл з’яўляюцца органамi аператыўнага кiравання падначаленымi войскамi (сiламi), распрацоўваюць i рэалiзуюць планы развiцця i прымянення вiдаў Узброеных Сiл, арганiзуюць мабiлiзацыйную i аператыўную падрыхтоўку, тэхнiчнае i матэрыяльнае забеспячэнне штодзённай i баявой дзейнасцi падначаленых войскаў (сiл).

Артыкул 10. Узаемадзеянне Узброеных Сiл з iншымi войскамi i воiнскiмi фармiраваннямi

У мiрны час Узброеныя Сiлы выконваюць задачы па забеспячэнню ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi разам з iншымi войскамi i воiнскiмi фармiраваннямi.

У ваенны час у мэтах забеспячэння ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi на аснове адзiнага стратэгiчнага планавання ажыццяўляецца цэнтралiзаванае прымяненне Узброеных Сiл разам з iншымi войскамi i воiнскiмi фармiраваннямi ў адпаведнасцi з iх функцыямi, вызначанымi заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 4

IНШЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 11. Прыцягненне Узброеных Сiл для выканання задач, не звязаных з забеспячэннем ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi

Прыцягненне Узброеных Сiл для выканання задач, не звязаных з забеспячэннем ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублiкi Беларусь, яе суверэнiтэту, незалежнасцi i тэрытарыяльнай цэласнасцi, не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў неабходнасцi абароны насельнiцтва i аказання яму дапамогi пры ўзнiкненнi надзвычайных сiтуацый у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 12. Удзел Узброеных Сiл у баявых дзеяннях i мiратворчых аперацыях за межамi Рэспублiкi Беларусь

Накiраванне ваеннаслужачых за межы Рэспублiкi Беларусь для выканання мiжнародных абавязацельстваў дзяржавы, удзелу ў баявых дзеяннях i мiратворчых аперацыях ажыццяўляецца ў парадку, якi ўстанаўлiваецца заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь i мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 13. Прававая i сацыяльная абарона ваеннаслужачых i членаў iх сем’яў

Дзяржава забяспечвае прававую i сацыяльную абарону ваеннаслужачых, членаў iх сем’яў, асоб, звольненых у запас цi адстаўку, членаў iх сем’яў, а таксама членаў сем’яў ваеннаслужачых, якiя загiнулi, прапалi без вестак, атрымалi iнвалiднасць у час праходжання воiнскай службы, у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 14. Дзейнасць палiтычных партый, грамадскiх i рэлiгiйных аб’яднанняў ва Узброеных Сiлах

Дзейнасць палiтычных партый i iншых грамадскiх аб’яднанняў, якiя праследуюць палiтычныя мэты, ва Узброеных Сiлах забараняецца.

Стварэнне рэлiгiйных аб’яднанняў ва Узброеных Сiлах не дапускаецца. Дзейнасць указаных аб’яднанняў ва Узброеных Сiлах ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 15. Фiнансаванне Узброеных Сiл

Для забеспячэння дзейнасцi Узброеных Сiл, падтрымання на высокiм узроўнi iх баявой гатоўнасцi i баявых магчымасцяў, а таксма прававой i сацыяльнай абароны ваеннаслужачых i членаў iх сем’яў фiнансаванне Узброеных Сiл ажыццяўляецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту.

Кантроль за фiнансаваннем Узброеных Сiл i расходаваннем сродкаў ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 16. Мiжнароднае ваеннае супрацоўнiцтва Мiнiстэрства абароны

Мiжнароднае ваеннае супрацоўнiцтва Мiнiстэрства абароны ўяўляе сабой комплекс мерапрыемстваў двухбаковага i шматбаковага характару, праводзiмых Мiнiстэрствам абароны ў сферы абароннага будаўнiцтва i планавання, падрыхтоўкi Узброеных Сiл, кантролю над узбраеннямi, ваеннай адукацыi, навукi, культуры i спорту, а таксама ў ваенна-тэхнiчнай сферы.

Артыкул 17. Кантроль за дзейнасцю Узброеных Сiл

Кантроль за дзейнасцю Узброеных Сiл ажыццяўляецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, а таксама iншымi дзяржаўнымi органамi ў межах iх паўнамоцтваў.

(Пасля слоў «Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь» словы «, Парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублiкi Беларусь» не прыводзяцца.)*

Артыкул 18. Нагляд за выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь ва Узброеных Сiлах

Нагляд за дакладным i аднастайным выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь ва Узброеных Сiлах ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь i падначаленыя яму пракуроры.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прыняць iншыя меры, неабходныя для рэалiзацыi палажэнняў гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

24 лiпеня 2002 г., г. Мiнск.

№ 135-З

* Словы «, Парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублiкi Беларусь» артыкула 17 новай рэдакцыi Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб Узброеных Сiлах Рэспублiкi Беларусь» у адпаведнасцi з часткай восьмай артыкула 100 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь не прыводзяцца.

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Белорусский каталог BelRus
Hosted by uCoz