Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Выбарчы кодэкс Рэспублiкi Беларусь»

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 22 чэрвеня 2000 года
Адобраны Саветам Рэспублiкi 30 чэрвеня 2000 года

Артыкул 1. Унесцi ў Выбарчы кодэкс Рэспублiкi Беларусь ад 11 лютага 2000 года (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2000 г., № 25, 2/145) наступныя змяненнi i дапаўненнi:


1. Часткi трэцюю, чацвёртую i пятую артыкула 13 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“Пры правядзеннi выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублiкi маюць права прысутнiчаць наглядальнiкi - дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, члены Савета Рэспублiкi, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, давераныя асобы кандыдатаў у Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь, у дэпутаты, прадстаўнiкi палiтычных партый, iншых грамадскiх аб’яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, замежныя (мiжнародныя) наглядальнiкi, а таксама прадстаўнiкi сродкаў масавай iнфармацыi ў парадку, якi ўстанаўлiваецца Цэнтральнай камiсiяй.


Наглядальнiк мае права:


прысутнiчаць на пасяджэннях адпаведных камiсiй;


прысутнiчаць на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублiкi, а таксама па адклiканню члена Савета Рэспублiкi;


прысутнiчаць пры пламбiраваннi або апячатваннi скрынак для галасавання;


знаходзiцца ў дзень галасавання ў памяшканнях для галасавання з моманту пламбiравання або апячатвання скрынак для галасавання да заканчэння падвядзення вынiкаў галасавання;


прысутнiчаць пры датэрмiновым галасаваннi, галасаваннi па месцы знаходжання грамадзян;


наглядаць за выдачай бюлетэняў, ходам галасавання, захаваннем устаноўленага гэтым Кодэксам парадку галасавання;


звяртацца з прапановамi i заўвагамi па пытаннях арганiзацыi галасавання да старшынi ўчастковай, падлiковай камiсii або яго намеснiка;


атрымлiваць iнфармацыю аб вынiках падлiку галасоў i складаннi пратаколаў адпаведных камiсiй аб вынiках выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адклiканнi дэпутата;


знаёмiцца з пратаколамi ўчастковых камiсiй аб вынiках галасавання i пратаколамi адпаведных камiсiй аб вынiках выбараў, рэферэндуму, галасавання аб адклiканнi дэпутата, падпiсаных i накiраваных у вышэйстаячую камiсiю ў адпаведнасцi з гэтым Кодэксам;


зрабiць копiю пратакола ўчастковай камiсii аб вынiках галасавання сваiмi сiламi i сродкамi;


знаёмiцца з рашэннямi пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублiкi, а таксама па адклiканню члена Савета Рэспублiкi.


Наглядальнiк не мае права:


займацца агiтацыяй у любой яе форме;


аказваць кандыдатам у Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь, у дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, у члены Савета Рэспублiкi, у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў якую-небудзь iнфармацыйную, метадычную, фiнансавую або iншую дапамогу;


ствараць перашкоды ў правядзеннi галасавання;


распачынаць дзеяннi, якiя парушаюць тайну галасавання;


весцi апытаннi грамадзян, якiя прыбылi для галасавання i якiя прагаласавалi;


запаўняць за грамадзянiна па яго просьбе бюлетэнь;


ствараць перашкоды для нармальнай работы камiсiй, пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў i правядзення галасавання;


знаходзiцца каля сталоў выдачы бюлетэняў, каля кабiн i скрынак для галасавання;


умешвацца ў работу камiсiй, пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў.


Замежныя (мiжнародныя) наглядальнiкi ад замежных дзяржаў i мiжнародных арганiзацый запрашаюцца ў Рэспублiку Беларусь Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, Палатай прадстаўнiкоў, Саветам Рэспублiкi, Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрствам замежных спраў Рэспублiкi Беларусь, Цэнтральнай камiсiяй.


Замежныя (мiжнародныя) наглядальнiкi акрэдытуюцца Цэнтральнай камiсiяй. Тэрмiн паўнамоцтваў замежнага (мiжнароднага) наглядальнiка пачынаецца з дня яго акрэдытацыi i заканчваецца ў дзень апублiкавання вынiкаў выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублiкi.


Замежныя (мiжнародныя) наглядальнiкi ажыццяўляюць нагляд у парадку, прадугледжаным часткай чацвёртай гэтага артыкула. Замежныя (мiжнародныя) наглядальнiкi маюць права таксама сустракацца з кандыдатамi, даверанымi асобамi кандыдатаў, а пасля дня галасавання - выкладаць сваю думку аб заканадаўстве Рэспублiкi Беларусь аб выбарах, рэферэндуме, адклiканнi дэпутата, члена Савета Рэспублiкi, праводзiць прэс-канферэнцыi i звяртацца ў сродкi масавай iнфармацыi.


Замежныя (мiжнародныя) наглядальнiкi не маюць права выкарыстоўваць свой статус для ажыццяўлення дзейнасцi, не звязанай з наглядам за падрыхтоўкай i правядзеннем выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублiкi.


Цэнтральная камiсiя мае права пазбавiць акрэдытацыi замежнага (мiжнароднага) наглядальнiка ў выпадку парушэння iм заканадаўства Рэспублiкi Беларусь або агульнапрызнаных прынцыпаў i нормаў мiжнароднага права.


Сродкi масавай iнфармацыi асвятляюць падрыхтоўку i правядзенне выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублiкi ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Прадстаўнiкi сродкаў масавай iнфармацыi маюць права прысутнiчаць на пасяджэннях камiсii, у памяшканнях для галасавання, на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў па выбарах членаў Савета Рэспублiкi, а таксама па адклiканню члена Савета Рэспублiкi.


Умяшанне асоб, указаных у частцы трэцяй гэтага артыкула, у работу камiсiй, правядзенне пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў не дапускаецца. Асобы, якiя перашкаджаюць рабоце камiсiй, правядзенню пасяджэнняў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў, а таксама правядзенню галасавання, па распараджэнню старшынь адпаведных камiсiй, старшынствуючых на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню вобласцi, дэпутатаў Мiнскага гарадскога Савета дэпутатаў, выдаляюцца з пасяджэнняў, з памяшканняў для галасавання”.


2. У пункце 2 часткi шостай артыкула 24 словы “садзейнiчаюць арганiзацыi” замянiць словамi “ствараюць умовы для правядзення”.


3. У артыкуле 45:


у першым сказе часткi сёмай словы “садзейнiчаць правядзенню” замянiць словамi “ствараць умовы для правядзення”;


дапоўнiць артыкул пасля часткi восьмай новай часткай наступнага зместу:


“Пры правядзеннi выбараў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, дэпутатаў адпаведная камiсiя вырабляе агульныя плакаты з бiяграфiчнымi данымi кандыдатаў у Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь або кандыдатаў у дэпутаты, якiя балацiруюцца ў адной выбарчай акрузе, для размяшчэння на ўчастках для галасавання i ў iншых устаноўленых месцах. Расходы на гэтыя мэты ажыццяўляюцца за кошт сродкаў, выдзеленых з рэспублiканскага бюджэту на падрыхтоўку i правядзенне выбараў”;


часткi дзевятую, дзесятую, адзiнаццатую i дванаццатую лiчыць адпаведна часткамi дзесятай, адзiнаццатай, дванаццатай i трынаццатай.


4. У частцы шостай артыкула 49 словы “грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, указаныя ў частцы трэцяй артыкула 13 гэтага Кодэкса”, замянiць словам “наглядальнiкi”.


5. У артыкуле 52:


частку пятую выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“Пры галасаваннi на выбарах выбаршчык ставiць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвiшча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калi выбаршчык галасуе супраць усiх кандыдатаў, ён ставiць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка “Супраць усiх кандыдатаў”. Пры галасаваннi на рэферэндуме, калi ўдзельнiк рэферэндуму галасуе за прыняцце вынесенага на рэферэндум пытання (праекта рашэння), ён ставiць любы знак у квадраце пад словам “за”, а калi галасуе супраць вынесенага на рэферэндум пытання (праекта рашэння), то ставiць любы знак у квадраце пад словам “супраць”. Выбаршчык, якi галасуе за адклiканне дэпутата, ставiць любы знак у квадраце пад словамi “за адклiканне”, а якi галасуе супраць адклiкання дэпутата, ставiць любы знак у квадраце пад словамi “супраць адклiкання”;


у частцы шостай:


словы “адно з якiх выбаршчык пры галасаваннi выкрэслiвае” замянiць словамi “пад якiмi змяшчаюцца пустыя квадраты”;


дапоўнiць частку сказам наступнага зместу: “Пры галасаваннi за кандыдата выбаршчык ставiць любы знак у квадраце пад словам “за”, а пры галасаваннi супраць кандыдата ставiць любы знак у квадраце пад словам “супраць”.


6. У артыкуле 54:


другi сказ часткi першай выкласцi ў наступнай рэдакцыi: “У гэтых мэтах ва ўчастковай камiсii павiнна быць не больш трох пераносных скрынак для галасавання”;


дапоўнiць абзац другi часткi другой сказам наступнага зместу: “Выбаршчыкi, удзельнiкi рэферэндуму могуць звярнуцца з просьбай аб арганiзацыi галасавання па месцы iх знаходжання ў дзень выбараў, рэферэндуму ў любы час пасля ўтварэння ўчастковай камiсii, а ў дзень галасавання не пазней чым за дзве гадзiны да сканчэння часу галасавання”.


7. Частку дзевятую артыкула 55 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“Пры правядзеннi выбараў, рэферэндуму прызнаюцца несапраўднымi бюлетэнi неўстаноўленага ўзору, бюлетэнi, на адваротным баку якiх адсутнiчаюць подпiсы асоб, якiя ўваходзяць у састаў участковай камiсii, а пры правядзеннi выбараў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў - таксама бюлетэнi, у якiх знак пастаўлены больш чым у адным квадраце або не пастаўлены нi ў адным з iх, цi бюлетэнi, у якiя ўнесена прозвiшча толькi аднаго кандыдата i знак пастаўлены ў двух квадратах або не пастаўлены нi ў адным з iх, i пры правядзеннi рэферэндуму - таксама бюлетэнi, у якiх пастаўлены знак у двух квадратах або не пастаўлены нi ў адным з iх. Пры ўзнiкненнi сумненняў у сапраўднасцi бюлетэня пытанне вырашаецца ўчастковай камiсiяй шляхам галасавання”.


8. У артыкуле 61:


частку шостую выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“У падпiсным лiсце ўказваюцца прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, серыя i нумар пашпарта або рэквiзiты замяняючага яго пасведчання асобы выбаршчыка, якi падтрымлiвае асобу, што прапануецца для вылучэння кандыдатам у Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь. Даныя аб выбаршчыку ўносяцца ў падпiсны лiст рукапiсным спосабам. Выбаршчык уласнаручна ставiць у падпiсным лiсце дату подпiсу i распiсваецца. Подпiсы нумаруюцца”;


абзац дзевяты часткi чатырнаццатай выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“подпiсы выбаршчыкаў, калi даныя аб iх унесены ў падпiсны лiст нерукапiсным спосабам або алоўкам, а таксама подпiсы, даты ўнясення якiх выкананы выбаршчыкамi неўласнаручна”.


9. У артыкуле 62:


у частцы першай:


словы “не пазней чым за шэсць месяцаў” выключыць;


словы “пярвiчная арганiзацыя” замянiць словамi “арганiзацыйная структура”;


часткi другую i трэцюю выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты абласных, Мiнскага гарадскога, раённых, гарадскiх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў ад палiтычных партый ажыццяўляецца адпаведна кiруючымi органамi абласных, Мiнскай гарадской, раённых, гарадскiх арганiзацыйных структур, створаных ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў, пры ўмове, што на тэрыторыi адпаведнай выбарчай акругi па выбарах у абласны, Мiнскi гарадскi Савет дэпутатаў, а па выбарах у раённы, гарадскi (горада абласнога падпарадкавання) Савет дэпутатаў на тэрыторыi адпаведнага раёна, горада ёсць створаная ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў арганiзацыйная структура палiтычнай партыi, якая вылучае кандыдата ў дэпутаты.


Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты гарадскiх (гарадоў раённага падпарадкавання), пасялковых i сельскiх Саветаў дэпутатаў ажыццяўляецца раённымi, гарадскiмi кiруючымi органамi палiтычных партый, а таксама на сходах iх нiжэйстаячых арганiзацыйных структур, якiя знаходзяцца на тэрыторыi гэтых мясцовых Саветаў дэпутатаў, пры ўмове, што раённыя, гарадскiя i нiжэйстаячыя арганiзацыйныя структуры створаны ва ўстаноўленым парадку да назначэння выбараў”.


10. У першым сказе часткi першай артыкула 65 словы “якiя пражываюць на тэрыторыi адпаведнай выбарчай акругi” выключыць.


11. У артыкуле 66:


у частцы першай словы “пярвiчныя арганiзацыi”, “пярвiчнай арганiзацыi” замянiць адпаведна словамi “арганiзацыйныя структуры”, “арганiзацыйнай структуры”;


у частцы другой:


словы “пярвiчнай арганiзацыi” замянiць словамi “арганiзацыйнай структуры”;


дапоўнiць частку пасля слоў “даты ўтварэння” словамi “дзяржаўнай рэгiстрацыi або пастаноўкi на ўлiк”;


дапоўнiць частку пасля слоў “прадугледжаных Цэнтральнай камiсiяй” словамi “дэкларацыя аб даходах i маёмасцi па форме, зацверджанай Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь”;


у частцы трэцяй словы “даведка аб пастаноўцы на ўлiк арганiзацыйнай структуры палiтычнай партыi, якая вылучыла кандыдата ў дэпутаты, i аб тым, што ён з’яўляецца членам гэтай партыi, з указаннем даты ўтварэння i дакладнага адраса пярвiчнай арганiзацыi палiтычнай партыi, якая вылучыла кандыдата ў дэпутаты; бiяграфiчныя даныя асобы, вылучанай кандыдатам у дэпутаты, з указаннем звестак, прадугледжаных Цэнтральнай камiсiяй” замянiць словамi “даведка аб наяўнасцi ў выбарчай акрузе або на тэрыторыi раёна, горада арганiзацыйнай структуры палiтычнай партыi з указаннем даты яе ўтварэння, дзяржаўнай рэгiстрацыi або пастаноўкi на ўлiк i дакладнага адраса; даведка аб тым, што кандыдат у дэпутаты з’яўляецца членам палiтычнай партыi, якая яго вылучала; бiяграфiчныя даныя асобы, вылучанай кандыдатам у дэпутаты, з указаннем звестак, прадугледжаных Цэнтральнай камiсiяй; дэкларацыя аб даходах i маёмасцi асоб, вылучаных кандыдатамi ў дэпутаты абласных, Мiнскага гарадскога, раённых, гарадскiх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў, па форме, зацверджанай Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь”;


частку чацвёртую пасля слоў “Цэнтральнай камiсiяй” дапоўнiць словамi “i дэкларацыя аб даходах i маёмасцi асоб, вылучаных кандыдатамi ў дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, кандыдатамi ў дэпутаты абласных, Мiнскага гарадскога, раённых, гарадскiх (гарадоў абласнога падпарадкавання) Саветаў дэпутатаў, па форме, зацверджанай Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь”.


12. У артыкуле 68:


частку чацвёртую пасля слоў “прадугледжаных Цэнтральнай камiсiяй” дапоўнiць словамi “i дэкларацыi аб даходах i маёмасцi па форме, зацверджанай Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь”;


у частцы пятай словы “пярвiчных арганiзацый” замянiць словамi “нiжэйстаячых арганiзацыйных структур”;


частку шостую пасля слоў “у тым лiку бiяграфiчных” дапоўнiць словамi “i звестак аб даходах i маёмасцi”.


13. У артыкуле 70 словы “пярвiчнай арганiзацыi”, “пярвiчная арганiзацыя” замянiць адпаведна словамi “нiжэйстаячай арганiзацыйнай структуры”, “нiжэйстаячая арганiзацыйная структура”.


14. У артыкуле 71 словы “пярвiчным арганiзацыям” замянiць словамi “нiжэйстаячым арганiзацыйным структурам”.


15. Частку другую артыкула 72 дапоўнiць сказамi наступнага зместу: “Справа ад даных аб кожным кандыдаце змяшчаецца пусты квадрат. У канцы пералiку кандыдатаў змяшчаецца радок “Супраць усiх кандыдатаў” з размешчаным справа ад яго пустым квадратам”.


16. Частку шостую артыкула 100 пасля слоў “прадугледжаных Цэнтральнай камiсiяй” дапоўнiць словамi “а таксама дэкларацыяй аб даходах i маёмасцi па форме, зацверджанай Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь”.


17. Другi сказ часткi першай артыкула 101 пасля слоў “бiяграфiчных даных гэтай асобы” дапоўнiць словамi “дэкларацыi аб даходах i маёмасцi”.


18. Частку чацвёртую артыкула 104 дапоўнiць сказамi наступнага зместу: “Справа ад даных аб кожным кандыдаце змяшчаецца пусты квадрат. У канцы пералiку кандыдатаў змяшчаецца радок “Супраць усiх кандыдатаў” з размешчаным справа ад яго пустым квадратам”.


19. Частку другую артыкула 105 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“Запаўненне бюлетэняў праводзiцца ў кабiне або пакоi для тайнага галасавання. Пры галасаваннi ўдзельнiк пасяджэння ставiць любы знак у пустых квадратах, размешчаных справа ад прозвiшчаў тых кандыдатаў, за якiх ён галасуе, але не больш чым у васьмi цi ў квадраце, размешчаным справа ад радка “Супраць усiх кандыдатаў”.


20. У частцы трэцяй артыкула 106 словы “пакiнута больш кандыдатаў у члены Савета Рэспублiкi, чым павiнна быць выбрана ад вобласцi, горада Мiнска” замянiць словамi “пастаўлены знакi ў большай колькасцi квадратаў, чым павiнна быць выбрана членаў Савета Рэспублiкi ад вобласцi, горада Мiнска, цi не пастаўлены знак нi ў адным з iх”.


21. Частку чацвёртую артыкула 115 выкласцi ў наступнай рэдакцыi: “У падпiсным лiсце ўказваюцца прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, серыя i нумар пашпарта або рэквiзiты замяняючага яго пасведчання асобы грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь, якi валодае выбарчым правам i падтрымлiвае прапанову аб правядзеннi рэферэндуму. Даныя аб грамадзянiне ўносяцца ў падпiсны лiст рукапiсным спосабам. Грамадзянiн уласнаручна ставiць у падпiсным лiсце дату подпiсу i распiсваецца. Подпiсы нумаруюцца”.


22. Частку першую артыкула 118 дапоўнiць словамi “пад якiмi змяшчаюцца пустыя квадраты”.


23. Частку другую артыкула 136 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


“У падпiсным лiсце ўказваюцца прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства, серыя i нумар пашпарта або рэквiзiты замяняючага яго пасведчання асобы выбаршчыка, якi падтрымлiвае прапанову аб узбуджэннi пытання аб адклiканнi дэпутата. Даныя аб выбаршчыку ўносяцца ў падпiсны лiст рукапiсным спосабам. Выбаршчык уласнаручна ставiць у падпiсным лiсце дату подпiсу i распiсваецца. Подпiсы нумаруюцца”.


24. Частку першую артыкула 139 дапоўнiць словамi “пад якiмi змяшчаюцца пустыя квадраты”.


25. Абзацы трынаццаты i чатырнаццаты артыкула 155 выкласцi ў наступнай рэдакцыi:


наглядальнiк - дэпутат Палаты прадстаўнiкоў, член Савета Рэспублiкi, дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў, давераная асоба кандыдата ў Прэзiдэнты Рэспублiкi Беларусь, у дэпутаты, а таксама асоба, упаўнаважаная палiтычнай партыяй, iншым грамадскiм аб’яднаннем, працоўным калектывам, грамадзянамi, якiя ажыццяўляюць нагляд за падрыхтоўкай i правядзеннем выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублiкi ў адпаведнасцi з устаноўленым гэтым Кодэксам парадкам;


замежны (мiжнародны) наглядальнiк - асоба, якая прадстаўляе замежную дзяржаву або мiжнародную арганiзацыю i набывае права на ажыццяўленне нагляду за падрыхтоўкай i правядзеннем выбараў, рэферэндуму, адклiкання дэпутата, члена Савета Рэспублiкi ў адпаведнасцi з устаноўленым гэтым Кодэксам парадкам”.


Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу з дня яго афiцыйнага апублiкавання.


Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь

А. ЛУКАШЭНКА


4 ліпеня 2000 г., г. Мінск.


№ 406-З

<<< вярнуцца да каталогу <<< вярнуцца да Выбарчага кодэкса паглядзець каментарый>>>

Rambler's Top100 Rating All.BY

Hosted by uCoz