Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб дзяржаўных сакрэтах»

Закон Рэспублiкi Беларусь

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 11 снежня 2002 года

Адобраны Саветам Рэспублiкi 20 снежня 2002 года

Артыкул 1. Унесцi ў Закон Рэспублiкi Беларусь ад 29 лiстапада 1994 года «Аб дзяржаўных сакрэтах» (Ведамасцi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, 1995 г., № 3, ст. 5) змяненнi i дапаўненнi, выклаўшы яго ў новай рэдакцыi:

«ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

Аб дзяржаўных сакрэтах

Гэты Закон вызначае прававыя асновы аднясення звестак да дзяржаўных сакрэтаў, iх засакрэчвання, рассакрэчвання i абароны, а таксама рэгулюе адносiны, што ўзнiкаюць пры абыходжаннi з дзяржаўнымi сакрэтамi, у мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 1

АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя паняццi, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Законе

У гэтым Законе выкарыстоўваюцца наступныя асноўныя паняццi:

дзяржаўныя сакрэты — звесткi, якiя абараняюцца дзяржавай у мэтах прадухiлення iх несанкцыянiраванага распаўсюджвання i стварэння пагрозы нацыянальнай бяспецы Рэспублiкi Беларусь, а таксама канстытуцыйным правам i свабодам грамадзян;

грыф сакрэтнасцi — рэквiзiт, якi сведчыць аб ступенi сакрэтнасцi звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, i змяшчаецца на iх носьбiце, прастаўляецца на самiм носьбiце i (або) ў суправаджальнай дакументацыi на яго;

допуск да дзяржаўных сакрэтаў — права на доступ да дзяржаўных сакрэтаў фiзiчнай асобы або на ажыццяўленне дзейнасцi юрыдычнай асобы з выкарыстаннем звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, санкцыянiраванае ў парадку, устаноўленым актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь;

доступ да дзяржаўных сакрэтаў — паўнамоцтва на азнаямленне i (або) работу фiзiчнай асобы са звесткамi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, прадастаўленае ў парадку, устаноўленым актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь;

засакрэчванне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, — прысваенне грыфа сакрэтнасці носьбiтам дзяржаўных сакрэтаў i (або) суправаджальнай дакументацыi на iх i ўстанаўленне правiлаў абыходжання з iмi;

абарона дзяржаўных сакрэтаў — прыняцце прадугледжаных гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь прававых, арганiзацыйных, тэхнiчных, праграмных i iншых мераў па прадухiленню несанкцыянiраванага распаўсюджвання звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты;

носьбiты дзяржаўных сакрэтаў — матэрыяльныя аб’екты, у якiх звесткi, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, знаходзяць сваё адлюстраванне ў выглядзе сiмвалаў, вобразаў, сiгналаў, тэхнiчных рашэнняў i працэсаў, якiя дазваляюць iх распазнаць i iдэнтыфiкаваць;

аднясенне звестак да дзяржаўных сакрэтаў — сукупнасць прававых, арганiзацыйных i iншых мераў па ўключэнню катэгорый звестак у пералiкi звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню;

пералiк звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню, — пералiк, складзены з катэгорый звестак рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання, iншага дзяржаўнага органа або арганiзацыi, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, на падставе Пералiку звестак, што складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь;

Пералiк звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь, — сукупнасць катэгорый звестак у галiне эканомiкi, палiтыкi, экалогii, аператыўна-вышуковай дзейнасцi, ваеннай сферы i iншых жыццёва важных сферах дзейнасцi, несканкцыянiраванае распаўсюджванне якiх стварае або можа стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублiкi Беларусь, а таксама канстытуцыйным правам i свабодам грамадзян;

рассакрэчванне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, — працэдура зняцця абмежаванняў на распаўсюджванне звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, а таксама грыфа сакрэтнасцi з iх носьбiтаў i (або) суправаджальнай дакументацыi на iх;

звесткi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, — iнфармацыя, якая ў адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь аднесена да дзяржаўных сакрэтаў, замацавана на iх носьбiтах i прадстаўлена ў выглядзе, якi дазваляе яе распазнаваць i iндэнтыфiкаваць;

сродкi абароны дзяржаўных сакрэтаў — тэхнiчныя, крыптаграфiчныя, праграмныя i iншыя сродкi, якiя выкарыстоўваюцца для абароны дзяржаўных сакрэтаў, а таксама сродкi кантролю эфектыўнасцi абароны дзяржаўных сакрэтаў;

ступень сакрэтнасцi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, — паказчык важнасцi звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, якi залежыць ад цяжару вынiкаў або памераў шкоды, што могуць наступiць у вынiку iх несанкцыянiраванага распаўсюджвання, i якi ўказвае на характар i аб’ём мераў, неабходных для забеспячэння iх захаванасцi i абароны.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўных сакрэтах

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўных сакрэтах заснавана на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Закона, iншых актаў заканадаўства i мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 3. Асноўныя прынцыпы аднясення звестак да дзяржаўных сакрэтаў

Асноўнымi прынцыпамi аднясення звестак да дзяржаўных сакрэтаў з’яўляюцца:

законнасць;

бяспека асобы, грамадства i дзяржавы;

абгрунтаванасць;

суаднесенасць з мерамi абароны дзяржаўных сакрэтаў замежных дзяржаў.

Захаванне прынцыпу законнасцi аднясення звестак да дзяржаўных сакрэтаў мае на ўвазе аднясенне гэтых звестак да дзяржаўных сакрэтаў у адпаведнасцi з гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Пад забеспячэннем бяспекi асобы, грамадства i дзяржавы пры аднясеннi звестак да дзяржаўных сакрэтаў разумеецца аднясенне гэтых звестак да дзяржаўных сакрэтаў без нанясення шкоды асобе, грамадству i дзяржаве.

Абгрунтаванасць аднясення звестак да дзяржаўных сакрэтаў заключаецца ў прыняццi рашэння аб iх уключэннi ў пералiк звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню, на падставе экспертнай ацэнкi гэтых звестак.

Пад суаднесенасцю з мерамi абароны дзяржаўных сакрэтаў замежных дзяржаў пры аднясеннi звестак да дзяржаўных сакрэтаў разумеецца ўзгодненасць падыходаў да вызначэння катэгорый звестак, адносiмых да дзяржаўных сакрэтаў, ступенi iх сакрэтнасцi i мераў па iх абароне з заканадаўствам дзяржаў, з якiмi Рэспублiка Беларусь мае дагаворы аб сумесным выкарыстаннi i абароне звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты.

ГЛАВА 2

ПАЎНАМОЦТВЫ ПРЭЗIДЭНТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ, САВЕТА МIНIСТРАЎ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I ОРГАНАЎ АБАРОНЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ САКРЭТАЎ У СФЕРЫ АБАРОНЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ САКРЭТАЎ

Артыкул 4. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь:

выдае дэкрэты, указы, распараджэннi ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

зацвярджае дзяржаўныя праграмы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

зацвярджае па прадстаўленню Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекi Рэспублiкi Беларусь Палажэнне аб Мiжведамаснай камiсii па абароне дзяржаўных сакрэтаў пры Савеце Бяспекi Рэспублiкi Беларусь (далей — Мiжведамасная камiсiя па абароне дзяржаўных сакрэтаў), яе персанальны склад i назначае старшыню камiсii;

стварае, лiквiдуе i рэарганiзуе ўпаўнаважаны дзяржаўны орган па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

зацвярджае Пералiк дзяржаўных органаў i арганiзацый, якiя надзяляюцца паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, i вызначае iх паўнамоцтвы;

зацвярджае Пералiк звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь;

вядзе перагаворы i падпiсвае мiжнародныя дагаворы Рэспублiкi Беларусь аб сумесным выкарыстаннi i абароне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты;

прымае рашэннi аб перадачы звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну, iншым дзяржавам;

устанаўлiвае парадак доступу да дзяржаўных сакрэтаў замежных грамадзян i асоб без грамадзянства, а таксама грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за мяжой;

вызначае паўнамоцтвы кiраўнiкоў Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекi Рэспублiкi Беларусь, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, Кiраўнiцтва справамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь i iншых дзяржаўных органаў i арганiзацый, падпарадкаваных Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь, па забеспячэнню абароны дзяржаўных сакрэтаў;

ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыi iншыя паўнамоцтвы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 5. Паўнамоцтвы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў

Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь:

забяспечвае выкананне гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

арганiзуе распрацоўку i выкананне дзяржаўных праграм у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

арганiзуе распрацоўку праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

праводзiць перагаворы i заключае ў межах сваёй кампетэнцыi мiжнародныя дагаворы Рэспублiкi Беларусь аб сумесным выкарыстаннi i абароне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, прымае меры па iх выкананню;

прымае ў межах сваёй кампетэнцыi нарматыўныя прававыя акты, што вызначаюць парадак абыходжання са звесткамi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты;

прадстаўляе на зацвярджэнне Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь Пералiк дзяржаўных органаў i арганiзацый, якiя надзяляюцца паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне;

фармiруе на падставе прапаноў рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, iншых дзяржаўных органаў i арганiзацый, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, Пералiк звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь, i прадстаўляе яго на зацвярджэнне Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь;

зацвярджае парадак матэрыяльна-тэхнiчнага i фiнансавага забеспячэння дзейнасцi па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

зацвярджае парадак вызначэння цяжару вынiкаў або памераў шкоды, якiя наступiлi або могуць наступiць у вынiку парушэння правiлаў абыходжання са звесткамi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, а таксама шкоды, нанесенай уласнiку звестак у вынiку аднясення iх да дзяржаўных сакрэтаў;

зацвярджае палажэнне аб экспертнай камiсii ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

устанаўлiвае парадак рассакрэчвання звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты;

зацвярджае для юрыдычных асоб, якiя выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасцi дзяржаўныя сакрэты, тыпавую структуру iх падраздзяленняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

устанаўлiвае памеры i парадак прадастаўлення кампенсацый за часовае абмежаванне правоў фiзiчнай асобы, якая мае або мела доступ да дзяржаўных сакрэтаў, у тым лiку работнiкам падраздзяленняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

зацвярджае Пералiк асоба рэжымных i рэжымных аб’ектаў Рэспублiкi Беларусь;

вызначае паўнамоцтвы службовых асоб па забеспячэнню абароны дзяржаўных сакрэтаў у Апараце Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь;

ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыi iншыя паўнамоцтвы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 6. Органы абароны дзяржаўных сакрэтаў

Да органаў абароны дзяржаўных сакрэтаў адносяцца:

Мiжведамасная камiсiя па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

упаўнаважаны дзяржаўны орган па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

органы дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь;

Дзяржаўны цэнтр бяспекi iнфармацыi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь;

рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання;

iншыя дзяржаўныя органы i арганiзацыi, надзеленыя паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне.

Артыкул 7. Паўнамоцтвы Мiжведамаснай камiсii па абароне дзяржаўных сакрэтаў

Мiжведамасная камiсiя па абароне дзяржаўных сакрэтаў з’яўляецца калегiяльным органам па каардынацыi дзейнасцi дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Мiжведамасная камiсiя па абароне дзяржаўных сакрэтаў выконвае наступныя асноўныя задачы:

уносiць Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь i ў Савет Бяспекi Рэспублiкi Беларусь прапановы па асноўных напрамках палiтыкi дзяржавы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

аналiзуе i прагназiруе сiтуацыю ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

разглядае ва ўстаноўленым парадку дзяржаўныя мэтавыя праграмы, накiраваныя на забеспячэнне абароны дзяржаўных сакрэтаў;

арганiзуе распрацоўку праектаў законаў, iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Iншыя задачы, а таксама функцыi i паўнамоцтвы мiжведамаснай камiсii па абароне дзяржаўных сакрэтаў вызначаюцца палажэннем аб гэтай камiсii, якое зацвярджаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 8. Паўнамоцтвы ўпаў-наважанага дзяржаўнага органа па абароне дзяржаўных сакрэтаў

Упаўнаважаны дзяржаўны орган па абароне дзяржаўных сакрэтаў:

выпрацоўвае прапановы па фармiраванню адзiнай дзяржаўнай палiтыкi ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

каардынуе работу дзяржаўных органаў па забеспячэнню iмi абароны дзяржаўных сакрэтаў;

распрацоўвае сiстэму прававых, арганiзацыйных, тэхнiчных, праграмных i iншых мераў па абароне дзяржаўных сакрэтаў, кантралюе iх выкананне на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

каардынуе дзейнасць дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый па распрацоўцы дзяржаўных праграм, праектаў нарматыўных прававых актаў у сферы дзяржаўных сакрэтаў i метадычных дакументаў па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў;

распрацоўвае праекты нарматыўных прававых актаў у сферы дзяржаўных сакрэтаў i метадычныя дакументы па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў;

распрацоўвае парадак сертыфiкацыi тэхнiчных, крыптаграфiчных, праграмных i iншых сродкаў, якiя выкарыстоўваюцца для абароны дзяржаўных сакрэтаў, i каардынуе работу па арганiзацыi iх сертыфiкацыi;

распрацоўвае парадак вызначэння цяжару вынiкаў або памераў шкоды, якiя наступiлi або могуць наступiць у вынiку парушэння правiлаў абыходжання са звесткамi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, а таксама шкоды, нанесенай уласнiку звестак у вынiку iх аднясення да дзяржаўных сакрэтаў;

распрацоўвае дзяржаўныя праграмы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў, парадак матэрыяльна-тэхнiчнага i фiнансавага забеспячэння дзейнасцi па абароне дзяржаўных сакрэтаў;

фармiруе экспертныя камiсii для вынясення заключэнняў аб магчымасцi перадачы дзяржаўных сакрэтаў iншым дзяржавам;

арганiзуе падрыхтоўку i перападрыхтоўку кiраўнiкоў i работнiкаў дзяржаўных органаў у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

аказвае метадычную i практычную дапамогу юрыдычным i фiзiчным асобам па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў;

ажыццяўляе праверку стану рэжыму сакрэтнасцi ў дзяржаўных органах i iншых арганiзацыях, дае iм даручэннi па пытаннях забеспячэння абароны дзяржаўных сакрэтаў;

ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыi iншыя паўнамоцтвы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 9. Паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь

Органы дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў:

арганiзуюць i ажыццяўляюць кантроль за забеспячэннем абароны дзяржаўных сакрэтаў, спецыяльных вiдаў сувязi i шыфравальнай тэхнiкi;

арганiзуюць i ажыццяўляюць абарону дзяржаўных сакрэтаў пры дапамозе крыптаграфiчных сродкаў; ажыццяўляюць лiцэнзаванне дзейнасцi ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў пры дапамозе крыптаграфiчных сродкаў; праводзяць сертыфiкацыю крыптаграфiчных сродкаў, якiя выкарыстоўваюцца для абароны дзяржаўных сакрэтаў;

узгадняюць пералiкi звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню;

ажыццяўляюць праверку забеспячэння абароны дзяржаўных сакрэтаў, уносяць абавязковыя для выканання прадпiсаннi па прыняццю мераў, накiраваных на абарону дзяржаўных сакрэтаў;

выдаюць дазвол юрыдычным асобам на ажыццяўленне дзейнасцi з выкарыстаннем звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты;

узгадняюць наменклатуру пасад работнiкаў юрыдычных асоб, якiя падлягаюць допуску да дзяржаўных сакрэтаў;

узгадняюць допуск фiзiчных асоб да дзяржаўных сакрэтаў;

праводзяць праверачныя мерапрыемствы ў адносiнах да фiзiчных асоб, якiм афармляецца (пераафармляецца) допуск да дзяржаўных сакрэтаў;

ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыi iншыя паўнамоцтвы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 10. Паўнамоцтвы Дзяржаўнага цэнтра бяспекi iнфармацыi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь

Дзяржаўны цэнтр бяспекi iнфармацыi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў:

арганiзуе i ажыццяўляе кантроль за выкарыстаннем тэхнiчных мераў абароны дзяржаўных сакрэтаў у дзяржаўных органах, за выключэннем кантролю за выкарыстаннем спецыяльных вiдаў сувязi i крыптаграфiчных сродкаў; ажыццяўляе лiцэнзаванне дзейнасцi ў сферы тэхнiчнай абароны дзяржаўных сакрэтаў, за выключэннем дзейнасцi, якая ажыццяўляецца пры дапамозе крыптаграфiчных сродкаў; праводзiць сертыфiкацыю сродкаў тэхнiчнай абароны дзяржаўных сакрэтаў, за выключэннем крыптаграфiчных сродкаў, што выкарыстоўваюцца для абароны дзяржаўных сакрэтаў;

арганiзуе i праводзiць атэстацыю работнiкаў, якiя забяспечваюць абарону дзяржаўных сакрэтаў пры эксплуатацыi сродкаў тэхнiчнай абароны iнфармацыi;

ажыццяўляе праверку выпраменьваючых радыёэлектронных сродкаў, што даступныя для тэхнiчных сродкаў разведкi i належаць юрыдычным асобам, якiя выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасцi звесткi, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, у мэтах выяўлення i лiквiдацыi каналаў уцечкi дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 11. Паўнамоцтвы рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання

Рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў:

арганiзуюць забеспячэнне абароны дзяржаўных сакрэтаў у падпарадкаваных iм арганiзацыях, а таксама ажыццяўляюць абарону дзяржаўных сакрэтаў у сваёй дзейнасцi;

уносяць у Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прапановы па фармiраванню Пералiку асоба рэжымных i рэжымных аб’ектаў Рэспублiкi Беларусь i Пералiку звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь;

адносяць у межах сваiх паўнамоцтваў у адпаведнасцi з гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь звесткi да дзяржаўных сакрэтаў;

распрацоўваюць на падставе Пералiку звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь, зацверджанага Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, пералiкi звестак, што падлягаюць засакрэчванню;

забяспечваюць стварэнне i функцыянаванне падраздзяленняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў у падпарадкаваных iм арганiзацыях, прымаюць рашэннi аб рэарганiзацыi або лiквiдацыi ўказаных падраздзяленняў;

фармiруюць у межах сваiх паўнамоцтваў экспертныя камiсii ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

прымаюць рашэннi аб перадачы iншым дзяржавам звестак, якiя складаюць службовую тайну, у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь;

выдаюць у межах сваiх паўнамоцтваў нарматыўныя прававыя акты ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

забяспечваюць падрыхтоўку i перападрыхтоўку спецыялiстаў у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

ажыццяўляюць у межах сваёй кампетэнцыi iншыя паўнамоцтвы ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 12. Правы i абавязкi iншых дзяржаўных органаў i арганiзацый, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне

Правы i абавязкi iншых дзяржаўных органаў i арганiзацый, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, вызначаюцца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 3

ДЗЯРЖАЎНЫЯ САКРЭТЫ

Артыкул 13. Звесткi, якiя падлягаюць аднясенню да дзяржаўных сакрэтаў

Звесткi, несанкцыянiраванае распаўсюджванне якiх стварае або можа стварыць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублiкi Беларусь, а таксама канстытуцыйным правам i свабодам грамадзян, падлягаюць аднясенню да дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 14. Звесткi, якiя не падлягаюць аднясенню да дзяржаўных сакрэтаў i засакрэчванню

Не падлягаюць аднясенню да дзяржаўных сакрэтаў i засакрэчванню звесткi а (аб):

прагназiруемых i ўзнiкшых надзвычайных сiтуацыях, што пагражаюць бяспецы i здароўю грамадзян, i iх вынiках, а таксама аб радыяцыйнай, хiмiчнай, медыка-бiялагiчнай, выбуховай, пажарнай небяспецы;

стане навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, санiтарыi, дэмаграфii, адукацыi, культуры, сельскай гаспадаркi, а таксама аб стане злачыннасцi;

iльготах i кампенсацыях, якiя прадастаўляюцца дзяржавай, арганiзацыям i фiзiчным асобам;

фактах парушэння правоў i свабод чалавека i грамадзянiна;

памерах залатога запасу;

абагуленых паказчыках па знешняй запазычанасцi;

стане здароўя службовых асоб дзяржавы;

фактах парушэння законнасцi дзяржаўнымi органамi, iншымi арганiзацыямi i iх службовымi асобамi.

Не падлягаюць засакрэчванню звесткi, якiя ў адпаведнасцi з артыкулам 13 гэтага Закона адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў, калi затраты на абарону гэтых звестак перавышаюць памеры шкоды, якая можа быць нанесена ў вынiку парушэння правiлаў абыходжання з iмi як з дзяржаўнымi сакрэтамi.

Рашэнне аб аднясеннi ўказаных у гэтым артыкуле звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх засакрэчваннi можа быць абскарджана ў суд.

Артыкул 15. Аднясенне звестак да дзяржаўных сакрэтаў i вызначэнне ступенi сакрэтнасцi

Рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, iншыя дзяржаўныя органы i арганiзацыi, надзеленыя паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, на падставе Пералiку звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну Рэспублiкi Беларусь, зацверджанага Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, складаюць пералiкi звестак, што падлягаюць засакрэчванню.

Пералiкi звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню, зацвярджаюцца кiраўнiкамi рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, iншых дзяржаўных органаў i арганiзацый, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, па ўзгадненню з органамi дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь i пераглядаюцца па меры неабходнасцi, але не радзей чым праз кожныя пяць гадоў.

Юрыдычныя i фiзiчныя асобы, якiя маюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў i атрымалi ў вынiку ажыццяўлення дзейнасцi звесткi, якiя падлягаюць засакрэчванню, абавязаны ўнесцi ў рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання, iншы дзяржаўны орган або арганiзацыю, надзеленыя паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, прапанову аб неабходнасцi iх аднясення да дзяржаўных сакрэтаў i яе абгрунтаванне.

Пры складаннi пералiку звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню, вызначаецца ступень сакрэтнасцi катэгорый звестак, што ўключаюцца ў гэты пералiк.

Артыкул 16. Засакрэчванне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты

Падставай для засакрэчвання звестак, атрыманых юрыдычнай або фiзiчнай асобай у вынiку ажыццяўлення дзейнасцi, з’яўляецца адпаведнасць гэтых звестак пералiку звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню. Пры засакрэчваннi звестак iх носьбiтам i (або) суправаджальнай дакументацыi на iх прысвойваецца адпаведны грыф сакрэтнасцi.

Пры немагчымасцi iдэнтыфiкацыi атрыманых звестак з пералiкам звестак, што падлягаюць засакрэчванню, юрыдычная або фiзiчная асоба, якая атрымала ў вынiку дзейнасцi гэтыя звесткi, абавязана накiраваць кiраўнiку рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання, iншага дзяржаўнага органа або арганiзацыi, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, зацвердзiўшаму названы пералiк, прапановы аб яго дапаўненнi або змяненнi.

Кiраўнiк рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання, iншага дзяржаўнага органа або арганiзацыi, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, абавязаны арганiзаваць экспертную ацэнку паступiўшых у адпаведнасцi з часткай другой гэтага артыкула прапаноў i прыняць адпаведнае рашэнне аб дапаўненнi або змяненнi пералiку звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню.

Кiраўнiк юрыдычнай асобы, якi атрымаў у вынiку дзейнасцi звесткi, указаныя ў частцы другой гэтага артыкула, да прыняцця рашэння кiраўнiком рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання, iншага дзяржаўнага органа або арганiзацыi, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, абавязаны прыняць меры па нераспаўсюджванню гэтых звестак у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Засакрэчванне атрыманых звестак ажыццяўляецца пасля ўнясення адпаведнага дапаўнення або змянення ў пералiк звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню.

Звесткi лiчацца засакрэчанымi з моманту прастаўлення грыфа сакрэтнасцi на iх носьбiтах i (або) суправаджальнай дакументацыi на iх.

Артыкул 17. Катэгорыi дзяржаўных сакрэтаў. Ступенi сакрэтнасцi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты. Грыфы сакрэтнасцi

Дзяржаўныя сакрэты падраздзяляюцца на дзве катэгорыi: дзяржаўная тайна i службовая тайна.

Дзяржаўная тайна — дзяржаўныя сакрэты, выдаванне або страта якiх могуць пацягнуць цяжкiя вынiкi для нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, а таксама стварыць пагрозу бяспецы грамадзян або iх канстытуцыйным правам i свабодам.

Службовая тайна — дзяржаўныя сакрэты, выдаванне або страта якiх могуць нанесцi iстотную шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублiкi Беларусь, а таксама канстытуцыйным правам i свабодам грамадзян. Звесткi, якiя складаюць службовую тайну, маюць характар асобных даных, што ўваходзяць у састаў звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну i не раскрываюць яе ў цэлым.

У залежнасцi ад катэгорыi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, характару i аб’ёму мераў, неабходных для забеспячэння iх захаванасцi i абароны, устанаўлiваюцца тры ступенi сакрэтнасцi звестак: асобай важнасцi, зусiм сакрэтна, сакрэтна.

У адпаведнасцi са ступенню сакрэтнасцi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, прысвойваюцца адпаведныя грыфы сакрэтнасцi:

для носьбiтаў дзяржаўнай тайны — «Асобай важнасцi», «Зусiм сакрэтна»;

для носьбiтаў службовай тайны — «Сакрэтна».

Прысваенне носьбiтам дзяржаўных сакрэтаў iншых грыфаў, якiя не прадугледжаны часткай пятай гэтага артыкула, забараняецца.

Не дапускаецца выкарыстанне грыфаў сакрэтнасцi, указаных у частцы пятай гэтага артыкула, для засакрэчвання звестак, якiя не аднесены да дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 18. Змяненне ступенi сакрэтнасцi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты. Рассакрэчванне звестак

Неабходнасць змянення ступенi сакрэтнасцi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, або iх рассакрэчвання вызначаецца цяжкасцю мяркуемых вынiкаў або шкоды для нацыянальнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, а таксама стварэннем пагрозы бяспекi грамадзян або iх канстытуцыйным правам i свабодам у выпадку выдавання або страты гэтых звестак.

Тэрмiн дзеяння ступенi сакрэтнасцi звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, вылiчаецца з моманту iх засакрэчвання i пераглядаецца на падставе ўнясення дапаўненняў i змяненняў у пералiкi звестак, якiя падлягаюць засакрэчванню.

Падставамi для рассакрэчвання звестак з’яўляюцца:

прыняцце на сябе Рэспублiкай Беларусь мiжнародных абавязацельстваў па бесперашкоднаму абмену звесткамi, якiя адносяцца ў Рэспублiцы Беларусь да дзяржаўных сакрэтаў;

змяненне абставiнаў, у вынiку якiх далейшае засакрэчванне звестак з’яўляецца немэтазгодным;

неабгрунтаванае засакрэчванне звестак.

Кiраўнiкi дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый, надзеленых паўнамоцтвамi па аднясенню звестак да дзяржаўных сакрэтаў i iх абароне, уносяць службовым асобам падпарадкаваных арганiзацый прадпiсаннi аб рассакрэчваннi неабгрунтавана засакрэчаных звестак.

Кiраўнiкi юрыдычных асоб маюць права на рассакрэчванне звестак, якiя неабгрунтавана засакрэчаны падпарадкаванымi iм службовымi асобамi.

Рассакрэчванне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, ажыццяўляецца ў парадку, што ўстанаўлiваецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 4

АБЫХОДЖАННЕ З ДЗЯРЖАЎНЫМI САКРЭТАМI

Артыкул 19. Валоданне, карыстанне i распараджэнне звесткамi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты

Юрыдычныя асобы могуць карыстацца або распараджацца звесткамi, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, перададзенымi iм дзяржаўнымi органамi — уладальнiкамi дзяржаўных сакрэтаў, у межах прадастаўленых iм паўнамоцтваў.

У выпадку, калi новыя звесткi, атрыманыя ў вынiку выкарыстання звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, падлягаюць засакрэчванню, яны адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў у парадку, прадугледжаным артыкулам 15 гэтага Закона.

Артыкул 20. Перадача звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, юрыдычным i фiзiчным асобам

Перадача звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, юрыдычным асобам, якiя не знаходзяцца ў адносiнах да падпарадкаванасцi i не выконваюць сумесныя работы, ажыццяўляецца з дазволу дзяржаўнага органа, якi з’яўляецца ў адпаведнасцi з гэтым Законам уладальнiкам або распарадчыкам гэтых звестак.

Кiраўнiкi юрыдычных асоб, якiя патрабуюць звесткi, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, абавязаны стварыць умовы, якiя забяспечваюць абарону гэтых звестак.

Юрыдычныя асобы, якiя выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасцi звесткi, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, у выпадках рэарганiзацыi, лiквiдацыi гэтых асоб або спынення выкарыстання iмi ў сваёй дзейнасцi звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, абавязаны прыняць меры па забеспячэнню абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Перадача звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, юрыдычным або фiзiчным асобам у сувязi з выкананнем сумесных i iншых работ ажыццяўляецца заказчыкам работ з дазволу ўладальнiка звестак у аб’ёме, неабходным для выканання гэтых работ. Да перадачы звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, заказчык работ абавязаны ўпэўнiцца ў наяўнасцi ў выканаўцы работ допуску да дзяржаўных сакрэтаў, прадастаўленага ў адпаведнасцi з артыкуламi 23 або 30 гэтага Закона.

Юрыдычная асоба, якая не мае падраздзялення па абароне дзяржаўных сакрэтаў i якой павiнны быць перададзены звесткi, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, абавязана па ўзгадненню з заказчыкам работ для забеспячэння абароны такiх звестак заключыць дагавор з iншай юрыдычнай асобай аб аказаннi паслуг яго падраздзяленнем па абароне дзяржаўных сакрэтаў.

Арганiзацыя кантролю за эфектыўнасцю абароны дзяржаўных сакрэтаў пры выкананнi сумесных i iншых работ ускладаецца на заказчыка гэтых работ.

Пры парушэннi выканаўцам сумесных i iншых работ узятых на сябе абавязацельстваў па абароне дзяржаўных сакрэтаў заказчык работ мае права прыпынiць iх выкананне да ўхiлення парушэння або скасаваць дагавор i хадайнiчаць аб анулiраваннi дазволу на допуск да дзяржаўных сакрэтаў, а таксама аб прыцягненнi вiнаватых асоб да адказнасцi.

Шкода, нанесеная выканаўцам сумесных i iншых работ у вынiку выдавання дзяржаўных сакрэтаў, падлягае кампенсацыi ў адпаведнасцi з актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 21. Перадача звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, iншым дзяржавам

Рашэнне аб перадачы iншым дзяржавам звестак, якiя складаюць дзяржаўную тайну, прымаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь з улiкам заключэння аб магчымасцi перадачы гэтых звестак, вынесенага экспертнай камiсiяй, сфармiраванай упаўнаважаным дзяржаўным органам па абароне дзяржаўных сакрэтаў.

Рашэнне аб перадачы iншым дзяржавам звестак, якiя складаюць службовую тайну, прымаецца дзяржаўнымi органамi — уладальнiкамi гэтых звестак пры наяўнасцi мiжнароднага дагавора аб сумесным выкарыстаннi i абароне дзяржаўных сакрэтаў.

ГЛАВА 5.

АБАРОНА ДЗЯРЖАЎНЫХ САКРЭТАЎ

Артыкул 22. Арганiзацыя абароны дзяржаўных сакрэтаў

Юрыдычныя i фiзiчныя асобы, якiя маюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў, ажыццяўляюць iх абарону ў адпаведнасцi з гэтым Законам i iншымi актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Кiраўнiкi юрыдычных асоб, якiя маюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў, абавязаны арганiзаваць абарону дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 23. Допуск фiзiчных асоб да дзяржаўных сакрэтаў

Допуск фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў ажыццяўляецца пасля заключэння з iм дагавора аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў.

Тыпавая форма дагавора аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў i парадак яго заключэння вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Для атрымання фiзiчнай асобай допуску да дзяржаўных сакрэтаў неабходна:

пiсьмовая згода на правядзенне ў адносiнах да яе органамi дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь праверачных мерапрыемстваў, якiя пацвярджаюць адсутнасць падстаў, прадугледжаных артыкулам 24 гэтага Закона. Пры гэтым тэрмiн правядзення праверачных мерапрыемстваў не павiнен перавышаць аднаго месяца;

пiсьмовая згода на частковыя часовыя абмежаваннi яе правоў у адпаведнасцi з артыкулам 29 гэтага Закона i прыняцце на сябе ў сувязi з гэтым адпаведных абавязацельстваў перад дзяржавай;

азнаямленне з актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўных сакрэтах, а таксама з нарматыўнымi прававымi актамi Рэспублiкi Беларусь, якiя прадугледжваюць адказнасць за парушэнне заканадаўства аб дзяржаўных сакрэтах;

прыняцце абавязацельства перад дзяржавай па выкананню ўстаноўленых актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь патрабаванняў у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

вызначэнне вiдаў i памераў кампенсацый за абмежаванне яе правоў, устанаўленне парадку прадастаўлення кампенсацый;

прыняцце кiраўнiком юрыдычнай асобы рашэння аб допуску фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў.

Неабходнасць заключэння з фiзiчнай асобай дагавора аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў вызначаецца перад назначэннем яе на пасаду.

У залежнасцi ад ступенi сакрэтнасцi звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, устанаўлiваюцца тры формы допуску да дзяржаўных сакрэтаў, якiя адпавядаюць ступенi сакрэтнасцi гэтых звестак:

форма № 1 — форма допуску да звестак асобай важнасцi i iх носьбiтаў;

форма № 2 — форма допуску да зусiм сакрэтных звестак i iх носьбiтаў;

форма № 3 — форма допуску да сакрэтных звестак i iх носьбiтаў.

Наяўнасць допуску формы № 1 з’яўляецца падставай для доступу да звестак допуску формы № 2 i допуску формы № 3, а наяўнасць допуску формы № 2 з’яўляецца падставай для доступу да звестак допуску формы № 3.

Абставiны, парадак i тэрмiны перарэгiстрацыi або змянення формы допуску фiзiчных асоб да дзяржаўных сакрэтаў устанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Парадак атрымання фiзiчнымi асобамi допуску да дзяржаўных сакрэтаў ва ўмовах ваеннага або надзвычайнага становiшча можа быць зменены Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Фiзiчныя асобы, якiя не дасягнулi васемнаццацiгадовага ўзросту, не маюць права на доступ да дзяржаўных сакрэтаў са ступенямi сакрэтнасцi асобай важнасцi i зусiм сакрэтна, за выключэннем асоб, якiя дасягнулi семнаццацiгадовага ўзросту i паступiлi ў навучальныя ўстановы, дзе для вучобы неабходны доступ да дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 24. Падставы для адмовы фiзiчнай асобе ў допуску да дзяржаўных сакрэтаў

Падставамi для адмовы фiзiчнай асобе ў допуску да дзяржаўных сакрэтаў з’яўляюцца:

прызнанне яе судом недзеяздольнай, абмежавана дзеяздольнай;

узбуджэнне ў адносiнах да яе крымiнальнай справы па абвiнавачванню ў выдаваннi дзяржаўнай тайны;

наяўнасць у яе захворвання, якое перашкаджае рабоце з дзяржаўнымi сакрэтамi, згодна з пералiкам, зацверджаным Мiнiстэрствам аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь;

ухiленне яе ад праверачных мерапрыемстваў;

паведамленне ёю заведама лжывых анкетных даных;

выяўленне ў вынiку праверачных мерапрыемстваў, якiя праводзяцца ў адносiнах да правяраемага, дзеянняў, дзе ёсць прыметы цяжкага i (або) асоба цяжкага злачынства.

Фiзiчнай асобе можа быць адмоўлена ў допуску да дзяржаўных сакрэтаў на падставе:

наяўнасцi ў яе нязнятай або непагашанай судзiмасцi за ўчыненне наўмыснага злачынства або ў выпадку, калi ў адносiнах да яе ўзбуджана крымiнальная справа па абвiнавачванню ва ўчыненнi такога злачынства;

пастаяннага пражывання яе за мяжой або афармлення ёю дакументаў для выезду на пастаяннае месца жыхарства ў iншую дзяржаву, за выключэннем тых дзяржаў, з якiмi Рэспублiка Беларусь мае дагавор аб сумесным выкарыстаннi i абароне дзяржаўных сакрэтаў.

Кiраўнiк адпаведнай юрыдычнай асобы з улiкам вынiкаў праверачных мерапрыемстваў прымае ў пiсьмовай форме рашэнне аб адмове фiзiчнай асобе ў допуску да дзяржаўных сакрэтаў з указаннем падстаў для адмовы. Фiзiчная асоба, якая атрымала адмову ў допуску да дзяржаўных сакрэтаў, мае права азнаёмiцца з падставамi для адмовы i пры нязгодзе абскардзiць рашэнне аб адмове ў вышэйшую арганiзацыю або суд.

Артыкул 25. Падставы для спынення допуску фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў

Допуск фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў можа быць спынены па рашэнню кiраўнiка юрыдычнай асобы ў выпадку:

парушэння фiзiчнай асобай узятых на сябе абавязацельстваў, якiя прадугледжаны дагаворам аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў i звязаных з абаронай дзяржаўных сакрэтаў;

узнiкнення абставiнаў, прадугледжаных артыкулам 24 гэтага Закона.

Спыненне допуску фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў на падставах, не прадугледжаных часткай першай гэтага артыкула, не дапускаецца.

Допуск фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў у выпадку яго спынення можа быць адноўлены па рашэнню кiраўнiка вышэйшай арганiзацыi або судом.

Спыненне допуску фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў не вызваляе яе ад узятых абавязацельстваў па невыдаванню звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты.

Артыкул 26. Доступ фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў

Фiзiчная асоба атрымлiвае паўнамоцтва на доступ да дзяржаўных сакрэтаў на падставе атрыманага допуску да дзяржаўных сакрэтаў адпаведнай формы i рашэння кiраўнiка юрыдычнай асобы аб прадастаўленнi ёй доступу да канкрэтных звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты.

Парадак доступу фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў устанаўлiваецца актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Кiраўнiк юрыдычнай асобы нясе адказнасць за стварэнне ўмоў, пры якiх фiзiчная асоба будзе мець доступ толькi да тых звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, i ў такiх аб’ёмах, якiя неабходны ёй для выканання службовых абавязкаў.

Работнiкi дзяржаўных органаў, якiя ажыццяўляюць кантроль або нагляд за забеспячэннем абароны дзяржаўных сакрэтаў, атрымлiваюць доступ да звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, у парадку, устаноўленым актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Парадак доступу да дзяржаўных сакрэтаў замежных грамадзян i асоб без грамадзянства, а таксама грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя пастаянна пражываюць за мяжой, устанаўлiваецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 27. Парадак спынення доступу фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў

Доступ фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў спыняецца на падставе рашэння кiраўнiка юрыдычнай асобы, якi дазволiў доступ да дзяржаўных сакрэтаў, калi ў яе адпала неабходнасць або ўзнiклi абставiны, якiя цягнуць за сабой неабходнасць спынення доступу фiзiчнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў.

Артыкул 28. Асобы парадак допуску i доступу да дзяржаўных сакрэтаў

Доступ да дзяржаўных сакрэтаў без афармлення допуску прадастаўляецца:

Прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь — з моманту ўступлення яго на пасаду;

Прэм’ер-мiнiстру Рэспублiкi Беларусь — з моманту назначэння яго на пасаду;

дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, дэпутатам мясцовых Саветаў дэпутатаў, членам Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь — з моманту прызнання iх паўнамоцтваў;

суддзям — з моманту назначэння iх на пасаду.

Па сканчэннi паўнамоцтваў асоб, указаных у частцы першай гэтага артыкула, iх доступ да дзяржаўных сакрэтаў спыняецца.

Удзельнiкi крымiнальнага, грамадзянскага i (або) адмiнiстрацыйнага працэсаў, акрамя суддзяў, атрымлiваюць без афармлення допуску доступ да матэрыялаў спраў, якiя змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты, на перыяд удзелу ў гэтых справах у парадку i аб’ёме, прадугледжаных працэсуальным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 29. Абмежаванне правоў фiзiчнай асобы, якая мае або мела доступ да дзяржаўных сакрэтаў, прадастаўленне ёй кампенсацый за абмежаванне яе правоў

Абмежаванне правоў фiзiчнай асобы, якая мае або мела доступ да дзяржаўных сакрэтаў, у адпаведнасцi з гэтым Законам можа датычыць правоў на:

выезд за мяжу, калi фiзiчная асоба мае звесткi, якiя складаюць дзяржаўную тайну, — да сканчэння тэрмiну, указанага ў дагаворы аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў;

распаўсюджванне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, i (або) выкарыстанне адкрыццяў i вынаходстваў, якiя змяшчаюць такiя звесткi, — да рассакрэчвання гэтых звестак;

недатыкальнасць асабiстага жыцця — да сканчэння правядзення праверачных мерапрыемстваў.

Рашэнне аб магчымасцi выезду за мяжу фiзiчных асоб, якiя маюць звесткi са ступенямi сакрэтнасцi асобай важнасцi або зусiм сакрэтна, прымае кiраўнiк юрыдычнай асобы, якi прыняў рашэнне аб допуску гэтых асоб да такiх звестак.

Калi фiзiчная асоба лiчыць неабгрунтаваным абмежаванне яе правоў, яна можа абскардзiць гэта ў вышэйшую арганiзацыю або суд.

Фiзiчнай асобе, якая мае або мела доступ да дзяржаўных сакрэтаў, за абмежаванне яе правоў устанаўлiваюцца кампенсацыi да тарыфных ставак (акладаў) у залежнасцi ад ступенi сакрэтнасцi звестак на перыяд доступу да гэтых звестак, а таксама ў сувязi з iнфармаванасцю аб гэтых звестках на перыяд дзеяння часовага абмежавання яе права на выезд за мяжу ў памерах, якiя ўстанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Работнiкам падраздзяленняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў дадаткова да ўстаноўленых гэтым Законам кампенсацый устанаўлiваюцца надбаўкi да тарыфных ставак (акладаў) за стаж работы ва ўказаных падраздзяленнях у памерах, якiя ўстанаўлiваюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 30. Допуск юрыдычных асоб да дзяржаўных сакрэтаў

Допуск юрыдычнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў ажыццяўляецца на падставе дазволу на ажыццяўленне дзейнасцi з выкарыстаннем звестак, што складаюць дзяржаўныя сакрэты, якi выдаецца органамi дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь.

Дазвол юрыдычнай асобе на ажыццяўленне дзейнасцi з выкарыстаннем звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, выдаецца на падставе вынiкаў праверачных мерапрыемстваў у адносiнах да гэтай юрыдычнай асобы, праведзеных органамi дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь, i атэстацыi яе кiраўнiкоў, адказных за забеспячэнне абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Допуск юрыдычнай асобы да дзяржаўных сакрэтаў ажыццяўляецца пры захаваннi ёю наступных умоў:

выканання патрабаванняў гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў;

наяўнасцi ў яе структуры падраздзялення па абароне дзяржаўных сакрэтаў, якое складаецца з работнiкаў, колькасць i ўзровень квалiфiкацыi якiх дастатковы для забеспячэння абароны дзяржаўных сакрэтаў у неабходным аб’ёме, за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай пятай артыкула 20 гэтага Закона;

наяўнасцi неабходных сертыфiкаваных сродкаў тэхнiчнай абароны дзяржаўных сакрэтаў i падрыхтаваных работнiкаў, якiя здольны забяспечыць абарону дзяржаўных сакрэтаў пры эксплуатацыi гэтых сродкаў абароны.

Праверка захавання ўмоў, указаных у частцы трэцяй гэтага артыкула, праводзiцца органамi дзяржаўнай бяспекi Рэспублiкi Беларусь у парадку, прадугледжаным актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 31. Сертыфiкацыя сродкаў тэхнiчнай абароны дзяржаўных сакрэтаў

Сродкi тэхнiчнай абароны дзяржаўных сакрэтаў павiнны мець сертыфiкат, якi пацвярджае iх адпаведнасць патрабаванням па абароне звестак, якiя складаюць дзяржаўныя сакрэты, адпаведных ступеняў сакрэтнасцi.

Правядзенне сертыфiкацыi сродкаў тэхнiчнай абароны дзяржаўных сакрэтаў ажыццяўляецца дзяржаўнымi органамi, якiя вызначаны гэтым Законам.

Артыкул 32. Абарона правоў i законных iнтарэсаў юрыдычных i фiзiчных асоб

Абарона правоў i законных iнтарэсаў юрыдычных i фiзiчных асоб у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным актамi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 33. Абарона дзяржаўных сакрэтаў iншых дзяржаў, iх аб’яднанняў i мiжнародных арганiзацый

Абарона дзяржаўных сакрэтаў iншых дзяржаў, iх аб’яднанняў i мiжнародных арганiзацый, перададзеных Рэспублiцы Беларусь на падставе мiжнародных дагавораў або ў сувязi з яе членствам у гэтых аб’яднаннях цi арганiзацыях, ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з гэтым Законам з улiкам патрабаванняў боку, якi перадаў дзяржаўныя сакрэты.

Аднясенне звестак, атрыманых у працэсе сумесных работ з iншымi дзяржавамi, iх аб’яднаннямi i мiжнароднымi арганiзацыямi, да дзяржаўных сакрэтаў i iх абарона ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з гэтым Законам i мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь аб сумесным выкарыстаннi i абароне дзяржаўных сакрэтаў.

ГЛАВА 6

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 34. Фiнансаванне мерапрыемстваў у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў

Фiнансаванне мерапрыемстваў у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў, якiя праводзяцца дзяржаўнымi органамi, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў у межах зацверджанага каштарысу на ўтрыманне гэтых дзяржаўных органаў, а праводзiмых iншымi юрыдычнымi асобамi, — за кошт уласных сродкаў гэтых юрыдычных асоб.

Са сродкаў рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў праводзiцца ў адпаведнасцi з патрабаваннямi заканадаўства Рэспублiкi Беларусь кампенсацыя шкоды, нанесенай уласнiкам звестак, аднесеных да дзяржаўных сакрэтаў.

Сродкi на фiнансаванне дзяржаўных праграм у сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў прадугледжваюцца ў рэспублiканскiм бюджэце асобным радком.

Артыкул 35. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўных сакрэтах

За парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўных сакрэтах вiнаватыя асобы нясуць адказнасць у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 36. Нагляд за забеспячэннем абароны дзяржаўных сакрэтаў

Нагляд за дакладным i аднолькавым выкананнем заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўных сакрэтах ажыццяўляюць Генеральны пракурор Рэспублiкi Беларусь i падначаленыя яму пракуроры ў межах iх кампетэнцыi.».

Артыкул 2. Гэты Закон уступае ў сiлу праз дзесяць дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 3. Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у трохмесячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу гэтага Закона:

унесцi ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь прапановы па прывядзенню заканадаўчых актаў Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

прывесцi рашэннi Урада Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам;

забяспечыць перагляд i адмену рэспублiканскiмi органамi дзяржаўнага кiравання, падпарадкаванымi Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iх нарматыўных прававых актаў, якiя супярэчаць гэтаму Закону;

прыняць iншыя меры, накiраваныя на рэалiзацыю палажэнняў гэтага Закона.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь

А. ЛУКАШЭНКА.

4 студзеня 2003 г., г. Мiнск.

№ 172—3.

<<< вярнуцца да каталогу паглядзець каментарый >>>



Rating All.BY Rambler's Top100 Белорусский рейтинг Belorussian directory BelRus
Hosted by uCoz